epub
 
падключыць
слоўнікі

Тодар Кляшторны

Успамін

 

Вячэрнія сцені апалі...

Над рэчкаю дрэмле сасна,

А там,

У бярозавых далях,

Блакіт асыпае вясна.

Я першую песню калісьці

Складаў а такой жа пары...

Шапталася соннае лісце

Ў вячэрніх агарках зары.

Дрыжалі зыбучыя хвалі,

Каціліся ў сінь туманоў...

Гуслярылі звонкія далі

На струнах лясных салаўёў...

Мінаюць і дні і нядзелі

(Мінулага зноў не сустрэць),

Агаркі зары дагарэлі,

А песні ў душы не згарэць...

Я першую песню калісьці

Чароўнай вясне падарыў,

Тады залацістае лісце

Цвіло ў пералівах зары.

Вячэрнія сцені апалі,

Над рэчкай драмала сасна.

А там,

У бярозавых далях,

Блакіт асыпала вясна.

 

1927

 


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая