epub
 
падключыць
слоўнікі

Тодар Кляшторны

«Задыміўся імжою сыр-бор...»

 

Задыміўся імжою сыр-бор,

Дробны дожджык - туман заімжыўся...

Мне прысніўся квяцісты прастор,

Мне наш край беларускі прысніўся.

 

Бачу сон:

Дзе у цемры вякоў

Смуткавалі рачныя затоны,

Зняты палкія душы з крыжоў,

І няма ні жальбы, ні праклёнаў.

 

І вось тут прыдняпроўскую Русь

Прадавала панам Кацярына,

Прамяняў селянін-беларус

Сашнікі і саху на машыну.

 

У вячэрнюю цемру і стынь

Не палае лучына у хаце,

Прамяняў беларус-селянін

Сінявую страху на палацы.

 

І пад новай жалезнай страхой,

Дзе спляліся світальныя цені,

Нарадзіўся Шэкспір і Талстой,

Заспяваў беларускі Ясенін...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Мы ідзём не плятні апяваць,

Мы складаем паэмы машынам...

О краіна - азёрная гладзь,

О мая дарагая краіна...

 

1927

 


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая