epub
Менск, 1944
 
падключыць
слоўнікі

Тодар Лебяда

Песьні выгнаньня

 

Лісты да сябра

 

Ліст першы

 

З усходу дзікага -

Людзкое дамавіны,

Пішу мой ліст,

Бо гэтыя сьнягі

Трывожаць часта

Доўгія ўспаміны

Аб вельмі блізкім,

Вельмі дарагім.

 

Успомніш Беларусь,

І кроў у жылах стыне...

Куды ні йдзеш -

З табой адна туга.

О, дружа, любы мой,

Як горка апастыліў

Мне край чужы

І дзікая тайга.

 

О, родны край!..

Каго ён не галубіў,

Каго у роспачы

І горы ня ўцішаў!..

Куды ні йдзеш -

Усё так сэрцу люба,

Куды ні глянеш -

Цешыцца душа.

 

Ідзеш загонамі,

А там на ніве - жнеі,

І льлюцца песьні

Жніўныя здалёк...

Вакол сядзібаў

Вішні ружавеюць,

Прыветна кланяецца

Кажны васілёк.

 

«Ты - наш і мы - твае» -

Шасьцяць калосьсем нівы.

«І мы - твае» -

Гамоняць гушчары.

Усё так хораша,

І дзіўным пералівам

Сьпяваюць птушкі

Рана на зары.

 

Я ўсёй душой

Любіў загонаў мову.

Я ўсёй душой

Любіў мой родны край...

І вось мяне,

Як злодзея, сурова

Зладзейскі суд

Бяз жалю пакараў.

 

Зладзейскі суд!..

То-ж ён чырвонай зграі

Душу сваю

За медзякі прадаў!..

...Мой дружа, любы мой,

Цяпер ты ў родным краі...

Дык вось паклон мой

Нівам перадай.

 

Ліст другі

 

Ізноў пішу,

Бо сум ізноў бяз меры;

Пішу табе

З сібірскае глушы.

Часамі горач

Выльлеш на паперы,

І ўсё лягчэй

Здаецца на душы.

 

...Шырокі бэз

Цьвіце над родным домам,

Цьвітуць сады над рэчкаю...

А тут!..

Табе, мой дружа,

Многа невядома

Пра гэты край

Няшчасьця і пакут.

 

Тут кажны дзень

Нам новы сум прыносіць,

Тут кажны дзень

Прыносіць новы жах.

Мы так жывем,

Што кажны пазайздросьціць

Жыцьцю ранейшаму

Ранейшых катаржан.

 

Ты чуў няраз

Чыгунку за Байкалам,

Ды мо', ня чуў

Пра зьдзекі і прымус:

Бо тут цяпер,

Амаль, пад кажнай шпалай

Ляжыць замучаны

У выгнаньні беларус.

 

Ліхія злодзеі!..

Яны ілгуць нямала

Пра Беламор,

Сібір і пра Байкал.

Павер-жа мне,

Што ні адзінай шпалы

Не дакраналася

Падлючая рука!

 

Іх колькі тут

Забітых, безгалосых,

Касьцьмі ня раз

Угнойвалі ральлю!..

Іх колькі тут,

Часамі нават босых,

Капаць зганялі

Мёрзлую зямлю!

 

...Шырокі бэз

Цьвіце над родным домам...

Цьвітуць сады над рэчкаю...

А тут!..

Табе, мой дружа,

Многа невядома

Пра гэты край

Няшчасьця і пакут.

 

Ой, пралягла

Чыгунка за Байкалам

Паміж узгор'яў

Роўна, бы абрус!

Цяпер на ёй

Амаль пад кажнай шпалай

Ляжыць замучаны

У выгнаньні беларус.

 

 

Уладзіміру Хадыку

 

Дружа, любы, яшчэ толькі ўчора

Па сваёй радзіме ты хварэў душой;

А сягоньня ў гэтых дзікіх горах

У нябыт далёкі адыйшоў.

 

Гусьляра з душою набалелай

Не пачуем дзіўнае струны!..

Пахавалі зморанае цела,

Пахавалі, нават бяз труны.

 

Пагубляла маці свае дзеці, -

Іх цяпер, гаротнай, не сабраць.

Цяжка, дружа, дзесьці ў белым сьвеце,

Не пазнаўшы жыцьця, паміраць!..

 

Многа нас, адбітых ад радзімы,

Пахавае гэты дзікі яр.

Прыйдзе час і хтосьці, мо' адзіны,

Застанецца ўсётакі гусьляр!

 

Ён тады у сонечным прадвесьні

Пойдзе ў край вясёлкавых дарог, -

Ён тады з выгнаньня нашы песьні

Разьнясе па родных берагох.

 

 

Сібірскія стэпы

 

Па Сібіру сумным,

Ад Уральскіх гораў,

Разьлягліся стэпы

Роўным дываном.

Ой, чаму вы, стэпы,

Дзікія прасторы,

Зарасьлі так густа

Горкім палыном?

 

Вось іду па стэпу

Я павольным крокам -

Палыновым пахам

Аддаюць палі...

І куды ні глянеш,

Не акінеш вокам -

Па шырокім стэпу

Толькі ўсё - палын.

 

Эх, людзей нямала

У ліхую замяць

Палягло па стэпе.

Хто тут ня стрываў?!

Гэты стэп шырокі

Змочаны сьлязамі...

Мо' таму й расьце тут

Горкая трава?

 

Мо' таму і стэпы,

Дзікія прасторы,

Зарасьлі так густа

Горкім палыном.

Па Сібіру сумным,

Ад Уральскіх гораў

Разьлягліся стэпы

Роўным дываном.

 

 

Надпіс на сьцяне 95-ай камары

 

Мне лёсам вызначаны

Гэтакі прымус.

Аб шчасьці сяньня

Можна сьніць і марыць

За тое,

Што я толькі - беларус -

Мне гэтакая кара!

Я кару іхную

З пагардаю прыняў,

Бо я - сын верны

Маці - Беларусі.

І я сьвятога,

Гордага імя

Не адракуся!!!

 

 

* * *

 

Выйду ў чыста поле,

Выйду раным-рана,

Калі шэпчуць шэптам

Жыта каласы,

Векавыя ліпы

Плачуць на кургане,

Плачуць на кургане

Кроплямі расы.

 

Выйду ў чыста поле,

Выйду раным-рана,

Покуль па-над кручай

Ня ўзыйшла зара.

...Пад шырокай ліпай

Часта вечарамі

Я чакаў каханую -

Ды ня раз.

 

Ой, ня раз прыходзіла

З русаю касою,

І сядзелі доўга

Аж да самых зор...

Па траве зялёнай

Чыстаю расою

Ткаў цудоўны вечар

Залаты узор.

 

І калі парою

Ліпы векавыя

Зашумяць наўкола

Сэрцамі - ліствой,

Мне тады здаецца,

Што я чую голас

Дарагой каханай

З русаю касой.

 

Выйду ў чыста поле,

Выйду раным-рана,

Покуль па-над кручай

Ня ўзыйшла зара.

Прыпаду да ліпы,

Дзе сядзеў з каханай,

Разьвітаўся з ёю

У вапошні раз.

 

Тураханск

 

 

* * *

 

Ляці, мая думка, ляці, мая радасьць,

На родны, далёкі курган;

Дзе ліпы шапочуць у стройных прысадах, -

Дзе родны, знаёмы мне гай.

 

Ляці па-над кленам шырокім, плакучым,

Ляці ў родны край, гушчары;

На момант спыніся над соннаю кручай,

Дзе з любай сядзеў да зары.

 

Цябе, мая думка, радзіма прытуліць,

Сагрэе, бы хмельным віном,

Дзе ў горы-журбоце старая матуля

Чакае, сядзіць пад вакном.

 

Ой, думкі чароўныя, лёгкія мары!..

Няма вам дарогі-пуці;

Няма вам Сібіру, суровае кары...

Ляці-ж, маё сэрца, ляці!

 

...Мядовыя ліпы у стройных прысадах,

І родны, знаёмы мне гай...

Ляці-ж, мая думка, ляці, мая радасьць,

На родны, далёкі курган!

 

Сібір

 

 

У выгнаньне

 

Бывайце, любыя

Загоны Беларусі!

Ў выгнаньне еду я,

Мой любы, родны край...

Апошні раз

На нівы падзіўлюся,

Скажу апошняе -

«Радзімыя, бывай!..»

Травой пажоўклаю

Сухія сенажаці

Ад ветру восенскага

Сумна шалясьцяць,

Бы адзінокая

Заплаканая маці

Хавае роднае

Апошняе дзіця.

 

Ці сьніў, ці ведаў хто,

Што ў гэтакую восень

Пакіну вас...

Бо я - ваш верны сын;

Здаецца мне,

Што жоўтае калосьсе

Паціху плача

Кроплямі расы.

 

А так цудоўна

Ў гэтакую пору

Саткала восень

На палі абрус!..

Цягнік імчыць

Апошнім касагорам,

І прамільгнула

Маці - Беларусь.

 

1937 г.

 

 

* * *

 

Цяжка, цяжка беларусу

У чужым краі,

Ой, на сэрцы

Непрасьветная туга!..

Толькі тут яму

Ніхто не спагадае,

Не пачуе яго дзікая

Тайга.

 

Ой, ляцеце, шэры гусі,

Быстрым лётам,

Вы ляцеце на радзіму,

Ды хутчэй!

Бесканцовыя

Сібірскія сумёты

Дух апошні адыймаюць

Ад грудзей.

 

Не ляцелі на радзіму

Шэры гусі...

«Плачаш, бедны беларус,

Але дарма!

Мы былі ўжо на тваёй,

На Беларусі -

У цябе твае радзіны

Ўжо няма!

 

Гэтым годам ля прыгорку,

На узьлесьсі

Твой гусьляр, здаўна каханы,

Даканаў.

Змоўклі родныя

Чаруючыя песьні...

Там гуляе адмысловы

Сатана.

 

Мову родную спаганіў,

Перайначыў,

Гусьлі звонкія

Да шчэнту ўсё разьбіў,

А братоў тваіх,

Жывых людзей астачу,

Пераправіў канчаткова

У Сібір».

 

Ігарка, 1940 г.

 

 

Сон

 

Лучоса ціхая,

У ёй закату чырвань

Даўно схавалася,

Нямая ціш над лесам...

І вось са мной -

Знаёмая дзяўчына -

Даўным-даўно

Каханая Алеся.

 

Вось - клёны любыя,

Ой, клёны дарагія!..

Я добра памятаю

Дзіўнае «калісьці»,

Як падарыў ёй

Лепшую юргіню

Пад ціхі шэпт

Сухога жоўталісьця.

 

Няўжо яна?

Хачу абняць Алесю,

І не магу...

Яна-ж заве рукою.

Па небе плыў

Такі цудоўны месяц,

А ў гэты час

Спыніўся над ракою.

 

Алеся любая,

Калісьці гэтым лугам

З табой ня раз

Мы разам прахадзілі...

Я быў табе,

Як ты казала, другам,

І ты, здавалася,

Была ў мяне адзінай.

 

Гамоняць ціха

Клёны дарагія,

І я успомніў

Дзіўнае «калісьці»,

Калі дарыў ёй

Лепшую юргіню

Пад ціхі шэпт

Сухога жоўталісьця.

 

Ўсё па-ранейшаму.

Ранейшыя прыметы...

Вунь ліпы рослыя

Схіліліся над домам...

«Скажы мне, Тодар,

Ты яшчэ - паэтам?

І па-ранейшаму

Нікому невядомы?

 

Ха-ха-ха, па-а-эт!..»

І з гэтым колкім сьмехам

Яна пайшла...

Павеяў лёгкі вецер.

На покліч мой -

Пачуў я толькі рэха,

І рэха потым

Плакала, здаецца.

 

Краснаярск, 1940 г.

 

 

Акрастых

 

Алесі Ш.

 

Тут я - адзін, са мною толькі вечар;

А за вакном вярба; яна мне сум прыносіць.

Мо' таксама думае аб нечым,

У жыцьці, як я, згубіўшы штосьці?

Што-ж, жыцьцё... У жыцьці бывае з кажным...

Толькі я ў палоне суму першы?

О, вярба!.. Няўжо заўсёды можна,

Як і я, мяняць жыцьцё на вершы?

Лепшае прайшло, скажу і зараз -

Юнасьць адыйшла занадта рана.

Буду я старыя вершы правіць -

Лёгкім птахам будзе па бульварах

Юнасьць лётаць позна вечарамі.

Ціха, ціха у маім пакоі.

Я ўспомню ўсё - агорне сум...

Бо «сучаснае» паверне на «былое»,

Енкам песьні ў годы панясу.

 

 

Вечарам

 

Замоўкла ўсё ў прасторы цёмнасінім,

Туман асеў пелёгку на кусты;

Вакол так ціха, нават на асінах

Не зварухнуцца кволыя лісты.

 

Ні гуку лішняга, ні лішняга усплёску,

Застыгла ўсё ў пілоне моцных дум.

І чую я, як лёгкія пялёсткі

Раняе часта ружа на ваду.

 

Часамі толькі лёгка і нясьмела -

Здалёк, зделёк з-за вёскі, з-за гары,

Плылі далёка гукі пасьвірэлу

І тонкім рэхам ніклі у бары.

 

1942 г.

 

 

* * *

 

Калі стомленае сонца па-над дахам

Шпарка хіліцца за горныя вярхі,

Я выходжу на ружовы захад

Паглядзець, на дзіўны небасхіл.

 

І дзіўлюся доўга сумным вокам

Ў пурпурова-дзіўны пераліў;

Там дзе захад сонечны - далёка

Засталіся родныя палі.

 

І ў ваччу мне мружацца прасторы

Любых ніў над ціхаю ракой,

Над прысадамі пакінуты прыгорак

У блокітным моры васількоў.

 

Між загонамі квітнеюць сенажаці,

Над ракой - крутыя берагі,

Пад вакном - заплаканая маці

Па адзіным сыне дарагім.

 

Пакідай, матуля, горка плакаць,

Ня губляй пакутлівых надзей!

Веру я, што прыйдзе сьмерць сабакам,

Іх яна чакае кажны дзень.

 

Я тады ізноў к табе здаровым

Заяўлюся ў хату, ў родны кут.

За сталом за ўласным, за дубовым

Адпачнем ад гора і пакут.

 

Сонца стомленае села ўжо за дахам,

Зьніклі ў цемень горныя вярхі,

А я ўсё дзіўлюся шчэ на захад,

На далёкі, дзіўны небасхіл.

 

Сібір

 

 

* * *

 

Ой, ня раз матуля варажыла,

Пад вакном сядзела уначы.

Ой, ня раз, гаротніца, тужыла,

Прыглядалася часамі ў далячынь.

 

Прыглядалася, аж вочы праглядзела,

Але сын каханы ня ішоў;

Толькі ў хату месяц жоўта-белы

Пасылаў праменьняў дзіўны шоўк.

 

Пад вакном за выцьвілай, за брамай

Расьцьвітаў ізноў прыгожы май.

Трэйці год, як сына ўжо забралі,

Трэйці год, як роднага няма.

 

Як забралі - весьці не пачула...

І на твары роспач і адчай.

Трэйці год, як бедная матуля

Перастала спаці па начах.

 

Поўнач. Стукнуў хтосьці. Хто там?

Гэта сон... Але-ж пасьля сама

Выбягае хутка за вароты, -

Прыглядаецца... глядзіць вакол... няма.

 

Той-жа ночы дзесьці на чужыне

Родны сын яе навек спачыў.

І дарма матуля варажыла.

Пад акном сядзела уначы.

 

 

Адцьвітаюць ружы...

 

Адцьвітаюць ружы,

І з вялікім болем

Падаюць пялёсткі

Долу ды на рунь.

Да чаго-ж вы, ружы,

Вырасталі ў полі,

Калі вось завялі

Гэтак не ў пару?!.

 

Ружы дарагія,

Надыходзіць ростань, -

Я сягоньня з вамі

Толькі званы госьць.

Адцьвітаюць ружы,

Падаюць пялёсткі,

Адцьвітае разам

З імі маладосьць.

 

Я любіў вас, ружы,

Ліпы на кургане,

Але вось прыходзіць

Ростані пара...

Хутка выйду ў поле,

Выйду раным-рана

Падзівіцца вамі

У вапошні раз.

 

Адцьвітаюць ружы,

І з вялікім болем

Падаюць пялёсткі

Долу ды на рунь.

Хто згадае - скажа,

Ці пабачу болей

Вас я... але, можа

Сэрцам дагару.

 

Дагару душою

Нават на прадвесьні,

Бо укралі сэрца

Цесныя муры.

Дагару - завяну

Не прапеўшы песьні,

Разгубляўшы песьні

Рана на зары.

 

Тураханск, 1940 г.

 

 

Разьвітаньне з маленькай дачкою

 

Алеся любая,

Дачушка дарагая,

Што так боязна

Глядзіш ты на мяне?

Сягоньня я

Надоўга ад'яжджаю,

А там, - магчыма, стрэнемся...

Мо' не...

 

Я ручкі кволыя

Бяру сваёй рукою...

Сягоньня я... Ты плачаш?

Перастань!..

Пайду па вуліцы

Пад моцным пад канвоем,

Твой бацька,

Любы твой,

А сяньня - арыштант.

 

Гляджу я з роспаччу

У вочы дарагія, -

Шкада мне іх -

Маленства праміне.

...Алеся, любая,

Надыйдзе час - другія

Табе няраз раскажуць

Пра мяне.

 

Цябе, магчыма,

Больш не прыласкаю,

Але ня плач!

Вялікаю расьці!

Пасьля, як вырасьцеш

Вялікая такая, -

Ты ўчуеш шмат

Аб згубленым жыцьці.

 

Я еду ў край

Такі, што ты й ня сьніла,

Дзе многа, многа

Страшных мерцьвякоў,

Дзе кажны дзень

Капаюцца магілы

Дзеля замучаных,

Зьняволеных бацькоў.

 

Тады вось там,

Магчыма, на чужыне

З другімі разам

Упаду і я...

Ну што-ж... бывай,

Ды толькі ня тужы мне!..

Ну, дай руку мне,

Родная мая,

 

Менск, 1937 г.

 

 

* * *

 

Гляджу наперад - дзіўнай пазалотай

Заве цудоўны, сьвежы небасхіл,

Тудою мне пад жвірам і асотам

Ляжаць спавітыя туманамі шляхі.

 

Іду па іх, а жвір балючы - гостры...

Але ня мне пужацца раніць ног!

І я іду шляхамі тымі проста,

Інакшых ня шукаючы дарог.

 

Праз ямы розныя, праз поле і балоты

Ляжаць спавітыя туманамі шляхі;

Іду па іх, бо дзіўнай пазалотай

Заве цудоўны, сьвежы небасхіл.

 

14.07.1942 г.

 

 

Восень

 

Прыйшла яна, панурая такая,

Прыбрала ўсё з рунеючых палёў;

Сваімі золкімі халоднымі рукамі

Зрывае лісьце дзіўных тапалёў.

 

Апошні раз над нівай пракрычалі,

І паляцелі ў вырай журавы.

І толькі бор задумна-вялічава

Стаіць над рэчкаю, як верны вартавы.

 

Да долу хіліцца панурая рабіна,

Бо надакучыла ёй восенская стынь;

І падаюць з галінкі на галіну

Апошнія пажоўклыя лісты.

 

 

Вячорныя мроі

 

Хутка - ноч... і я чакаю ночы,

Я чакаю змрочаную цень;

Хутка - ноч... і сэрца так і хоча

Да каханай, любай паляцець.

 

І калі павісьне ноч глухая

Па-над кратамі маленькага вакна, -

Я далёка ў думках залятаю,

Залятаю хутка, дзе яна

 

Гэтаксама познаю парою

Ў вадзіноцтве тужыць па начах,

І часамі горкаю сьлязою

Запівае смутак і адчай.

 

Я душой паэты залятаю

У блакітную, глухую далячынь...

Хто мне скажа?.. скажа, ці згадае, -

Дзе яна, каб з ёю адпачыць?..

 

Сэрца рвецца, бо імкменьняў поўна,

Сэрца прагне, - стрэчаю гарыць!..

...Эх, як хораша у гэтакую поўнач

Прасядзець з каханай да зары!..

 

Хутка - ноч... і я чакаю ночы,

Я чакаю змрочаную цень...

Хутка - ноч... і сэрца так і хоча

Да каханай, любай заляцець.

 

Менская турма, 1937 г.

 

 

Песьня маладосьці

 

Выйду зноў у раньняе прадвесьне

Сустракаць цудоўную зару...

Для цябе сягоньня мая песьня,

Дарагая сэрцу Беларусь!..

 

На твае на бацькаўскія гоні,

На палёў нязьведаную шыр

Песьню гордую Крывіцкае «Пагоні»

Я нясу ад шчырае душы.

 

Нудных песьняў нам ужо даволі,

Кіньма сум на белыя бары!

Сяньня сэрца б'ецца, як ніколі,

Трэба жыць, змагацца і тварыць!

 

Шмат мы крыўды зьведалі вякамі,

Але мы зьбіралі й нашу злосьць!

Веру я - краіна прычакае

Нашу сілу, нашу маладосьць!

 

Выйду зноў у раньняе прадвесьне

Сустракаць цудоўную зару.

Для цябе сягоньня мая песьня,

Дарагая сэрцу Беларусь!

 

Віцебск, 1943 г.

 

 


1937-1943

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая