epub
 
падключыць
слоўнікі

Уільям Шэкспір

Як вам спадабаецца

Урывак - акт II, дзея 7

Джэйквіз:

...Увесь свет - тэатр,

А ўсе мужчыны і жанчыны - там акторы,

Што маюць час для выхаду на сцэну;

І кожны грае за сваё жыццё шмат роляў,

У п'есе той сем дзеяў. Спачатку - немаўля,

Слінявец і плаксун у нянькі на руках.

Пасля - хныклівы школьнік з вялікім ранцам,

З ружовым тварам, паўзе, як слімачок,

Ляніва ў школу. Пасля - каханак.

Як горан, уздыхае і шле сваёй каханцы

Журботныя балады. Пасля - салдат.

Ён клятвамі клянецца і барадой аброс, як дзікі звер,

Да славы прагны і забіяка ў сварках,

Гатовы славу тленную шукаць

Нат у ствале гарматы. Пасля - суддзя

З жывоцікам, дзе качка прыхавана,

З суровым выглядам і стрыжанай бародкай -

Скарбонка мудрасці і знаўца спраў судовых -

Выконвае такую ролю ён. А шосты ўзрост -

Ушчэнт схудалы й знямоглы Панталоне*:

На носе акуляры, а збаку - гаманец,

У шырокіх нагавіцах, што змоладу збярог,

Абвіслых на худых нагах, а мужны голас

Змяніўся на дыскант дзіцячы -

То запішчыць, то завішчыць.

І напаследак дзея -

Канец ўсёй гэтай дзіўнай п'есы -

Дзяцінства зноў і варты жалю выгляд -

Без зроку, без зубоў, без апетыту - без анічога.

 

* Панталоне - персанаж італійскай камедыі.



Пераклад: Алена Таболіч