Паглянь - самотная на полі
Гаранка-маладзіца
Жне і пяе.
Міжволі
Мне хочацца спыніцца.
На хвілю стане ля капы...
А сумны спеў гучыць вакол
І атуляе сумам дол.
І салавей так не спяваў,
Дальбог, не чуў я гэткіх слоў,
Калі ў цяньку адпачываў
Сярод Аравіі пяскоў.
Такіх трымценняў не адчуў,
Калі я першы раз пачуў
Зязюлькін голас раз вясною
Над ціхаю марской вадою.
Хто скажа, што яна пяе?
Няйнакш, той жаласлівы спеў -
Пра гора, радасці яе,
Пра войны, бітвы, боль і гнеў.
А мо пра нашыя часы,
Ў якіх няма былой красы;
Ці пра пачуцці, што прайшлі.
А мо і вернуцца калі?
І доўга той самотны спеў
У сэрцы адгукаўся.
На зграбны стан я ўсё глядзеў,
Што над сярпом згінаўся.
Перш, як укопаны стаяў,
Пасля, як крыху ачуняў,
На ўзгорачак падняўся...
Матыў успамінаўся...