epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Адамчык

Лёс хоку

Хоку - паэтычная тэлеграма

Рамон Гомес дэ ла Серна

 

Існуе безьліч паэтычных формаў, і кожным разам паэт выбірае адну-адзіную, каб менавіта ў яе пераліць уласныя пачуцьці. І можна ўявіць, як нячаста некалькі розных паэтаў абіраюць падобную форму і працуюць у ёй. Для эўрапейцаў традыцыйна абранымі былі трыялеты, актавы, санэты, але ў дадзеным выпадку мы прадстаўляем зборнік хоку.

Хоку - трохрадкоўе, якое бярэ выток у японскім вершаскладаньні. Разам з рубаі і танка хоку - гэта прыклад усходняй вершаванай мініятуры. Хоку пісалі вялікія старажытныя японскія паэты Басё, Бусон, Іса. У ХХ ст. гэтай мініятураю захапляліся Сікі, Кёсі, Дакоцу... Папулярнасьць хоку выйшла за межы Японіі, трохрадкоўі пішуцца ва ўсім сьвеце. Да прыкладу, выдатныя хоку па-гішпанску складаў знакаміты аргентынец Хорхе Луіс Борхес:

 

Вось мая рука,

Што некалі кранала

Твае валасы.

 

Зборнікі хоку выдавалі паэты ў Францыі і ў Эстоніі. Што тычыцца тутэйшых умоваў, дык кніга хоку беларускіх паэтаў была падрыхтаваная яшчэ ў 1986 годзе, але не знайшла выдаўца, бо ў БССР нават нязвыклая форма ўспрымалася як дысыдэнцтва.

Кожная кветка красуе ў свой час. Праца над зборнікам паціху працягвалася. У пэрыядычным друку зьяўляліся публікацыі хоку. Побач друкавалася шмат іншых трохрадкоўяў і мініятур, але яны або не вытрымлівалі кананічную колькасьць складоў (5-7-5), або ігнаравалі абавязковыя для хоку эстэтычныя патрабаваньні. А тэкст хоку мусіць адпавядаць шматлікім характарыстыкам. Некаторыя зь іх былі кананізаваныя яшчэ да ХVІІ ст. ... ЮГЭН - запаветная прыгажосьць, глыбіня, неспазнанасьць да канца, існасьць, нязьменнасьць... МАКОТО - ісьціна, праўда, сапраўдная справа, сапраўднае слова... АВАРЭ - зачараваньне, чароўнасьць... МОНО-НО АВАРЭ - чароўнасьць рэчаў...

Пазьней Мацуа Басё распрацаваў дадатковыя эстэтычныя каноны складаньня хоку. На яго думку, верш мусіў увасабляць наступнае: САТОРЫ - азарэньне, прасьветленасьць, духоўнае абуджэньне, раптоўнае адкрыцьцё ісьціны, яднаньне душы чалавека і прыроды, адсутнасьць рацыянальнага элемэнту ў творчым працэсе... САБІ - паціна, сьлед мінулага, заміраньне, пацямненьне, згасаньне, адзінота, самота, прасьветленая адзінотнасьць, адчужанасьць ад штодзённай мітусьні, затуханьне сьвядомасьці... КАРУМІ - лёгкасьць... ХОСОМІ - тонкасьць, ломкасьць, крохкасьць, суперажываньне, зьліцьцё са сьветам, расплываньне ў сьвеце... СІОРЫ - гнуткасьць, маркота, сум, спачуваньне... ФУЭКІ-РЮКО - нязьменная зьменлівасьць, адзінства руху і спакою, хамэлеоннасьць... ФУГА-НО МАКОТО - сапраўднасьць прыгажосьці...

У часы Басё, калі складалася кананічная форма хоку, існавала нязьменная зьмена прыроды, паступовае й непераадольнае кола пораў году, за вясною прыходзіла лета, і пазначэньне сэзонаў было гэтаксама абавязковым. Цяпер, напрыканцы ХХ ст. з вынаходніцтвам хуткасных апаратаў для перамяшчэньня можна зьмяняць асабіста для сябе чаргаваньне пораў года, памяняць марозную зіму на сьпякотнае лета і сустрэць Новы год не ў засьнежаным Менску, а ў сьпякотным Бангкоку. Іншы час, новая нязьменная зьменлівасьць - ФУЭКІ-РЮКО - чакае сваіх паэтаў і сваіх канонаў хоку.

А зборнік з хоку беларускіх паэтаў - невялікі востраў у плыні сучасных нязьменных зьменаў.

 

Зьмест:

Андрэй Антонаў

Уладзімір Арлоў

Адам Глёбус

Максім Клімковіч

Уладзімір Сіўчыкаў

Уладзімір Сьцяпан

Максім Танк

Міраслаў Шайбак

Віктар Шніп


1996

Тэкст падаецца паводле выдання: Круглы год: Хоку бел. паэтаў: [Зборнік] / Падрыхт. тэкстаў, прадм. і мал. У. Адамчыка. -- Мінск: Літаратура, 1996. -- 139 с.
Крыніца: скан