epub
Мінск, 1994
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Арлоў

Далёка да вясны

Аляксандар павінен памерці. Ён памрэ, а разам з ім памрэм і мы, яго ворагі і забойцы.

Чалавек адклаў вечнае пяро і задумаўся.

За вакном яшчэ быў змрок, але дзесьці ўжо нараджаўся новы дзень. Першы дзень вясны, падумаў чалавек.

У гэтую ноч ён крыху нечакана для сябе самога спаў моцна і нічога не сніў, хоць прахапіўся вельмі рана. Сёння ён меў шмат клопатаў, куды болей, чым у звычайны чалавечы дзень, і першы з іх быў вось гэты - пяро і аркуш паперы, на якім застануцца ягоныя думкі.

У пакоі, увесь абсталюнак якога складаўся з вузкага, як труна, ложка, незасланага стала пры вакне і крэсла, было зімна, але чалавек не адчуваў холаду. Ягоны позірк адарваўся ад вакна і слізгануў па стале. Побач з газавай лямпай стаяла вялікая талерка з грубай парцаляны, на ёй чарнела горка попелу ад спаленых увечары папераў. Чалавек адчыніў фортку, вытрас попел у досвітную цямрэчу і паставіў талерку на падвоканне. Парадак на стальніцы спадабаўся яму, але, каб зноў узяцца за пяро, чалавеку яшчэ нечага не хапала.

Ён узяў лямпу і падышоў да невялікага авальнага партрэта, што вісеў на голай сцяне над ложкам. З пажоўклай фатаграфіі глядзела маладая жанчына ў белай сукні. Яны былі надзіва падобныя: чалавек, што стаяў перад партрэтам, таксама меў не больш за дваццаць пяць гадоў, у яго быў такі самы высокі чысты лоб і ўважлівы пагляд з-пад тонкіх броваў, такі самы ўпэўнены і прыгожы малюнак вуснаў...

Ён зняў фатаграфію, і ягоны твар перасмыкнула: ад святла па сцяне разбягаліся прусакі. Узяўшы з падвокання кнігу, ён на хвілю затрымаў яе ў руках - гэта быў інстытуцкі падручнік фізікі, потым паставіў кнігу «хаткай» і прыладзіў партрэт так, каб сустракаць матчын позірк.

Было чуваць, як наверсе ўжо затупала, ставячы самавар, прыслуга. Ён яшчэ некалькі імгненняў памарудзіў, а потым схіліўся над сталом. Пяро лёгка, нібы чалавек пісаў звычайны ліст, забегала па паперы.

Не перачытваючы, ён паклаў ліст у кішэню сурдута і адразу пачаў апранацца.

Рэзка ляпнулі дзверы параднага. Чалавек, праводзячы вачыма лёгкі вазок з бесклапотным, яшчэ начным жаночым смехам, з насалодаю ўдыхнуў марознае паветра, наставіў каўнер падношанага зімовага паліто і рушыў па пустэльнай вуліцы.

У конусах святла пад ліхтарнямі вецер круціў рэдкія сухія сняжынкі. Цераз вуліцу паўзлі белыя вужакі дуйкі. Чалавек здзівіўся, што яму цёпла ў сваёй не надта ўгрэўнай апратцы. Першы дзень вясны, зноў падумаў ён і сам сабе ўсміхнуўся.

Жаночы смех з санак, што схаваліся за павароткаю, яшчэ звінеў у вушах, і яму згадаўся іншы, грудны і ціхі, як галубінае буркаванне, смех Юлі, а на памяць усплыла ўся нядаўняя паездка дахаты. Бадай, толькі цяпер, на прадзьмутай вятрыскам вуліцы, ён па-сапраўднаму даў веры, што тыя тры дні не прымроіліся яму, а папраўдзе былі.

Усё гэта было. І перамеценая завеяй вечаровая дарога з густымі ценямі ад сумётаў, і пырханне акрытага гунькаю дэраша, і прыхільнае маўчанне знаёмага мужыка, што няраз падвозіў яго, яшчэ гімназіста, ад станцыі. А потым - сонная, занесеная снегам да самых стрэх вёска, і маёнтак, і дзверы, што дыхнулі прытульным цяплом, і ўсцешана-недаверны ўскрык Юлі.

Пакуль падносілі чарку возніку і хапатліва збіралі на стол у гасцёўні, ён адчыніў валізку з пецярбургскімі гасцінцамі: памаранчамі і рахат-лукумам для ласухі Юлі і скрыначкай гаванскіх цыгар - бацьку. Сястра няўзнак падкралася ззаду і, паклаўшы падбародак яму на плячо, з пералівамі ў голасе спытала:

- Ой, Ігнась, і хто табе так хораша склаў валізку? Напэўна, нейкая панна?

- Так, панна. У мяне шмат добрых паненак ёсць, - жартам адказаў ён.

- Не веру! - тупнула ножкай Юля. - Толькі адна.

Яшчэ перад адыходам цягніка, на сталічным вакзале, няўважліва слухаючы ў купэ суседа, які, задыхаючыся ад патрыятызму, чытаў газетнае паведамленне, што генерал Скобелеў узяў апошні форт тэкінцаў у Закаспійскім стэпе, Ігнат наважыў забыць, што яго чакае, і жыць гэтыя тры дні бестурботна і шчасліва, як тады, калі прыязджаў дахаты з гімназіі. Ён не надта верыў, што з ягонае задумы нешта атрымаецца, але, як ні дзіўна, часам яму сапраўды ўдавалася забыцца на ўсё і пачуць сябе бесклапотным. Відаць, сама душа ведала, што гэтыя тры дні патрэбны яму менавіта такімі, каб потым ён быў даастатку моцны і не зрабіў аніводнае памылкі.

Гэтая шчасная бесклапотнасць агортвала яго ўранні, калі ён прачынаўся на старой, знаёмай з маленства пярыне і сцішана глядзеў на марозныя візэрункі на шыбах. У тыя хвіліны згадвалася нешта светлае і неацэннае - дзяўчынка-падлетак, з якой яны на куццю няўмела і, відаць, абое ўпершыню ў жыцці цалаваліся ў халодных сенцах, вандроўны катрыншчык-паляк, якога бацька прытуліў у маёнтку на цэлы месяц, і ледзь не штовечар яны ўдвух - катрынка і скрыпка - давалі хатнія канцэрты для ўсёй ваколіцы. Ён перагортваў у ложку «Шляхціца Завальню»*, і схаваныя ў гэтым томіку задаўненыя дзіцячыя страхі, цмок з пеўневага яйка і вядзьмарка Белая Сарока, здаваліся яму больш рэальнымі, чым назіранні за царскімі выездамі або лекцыі аб дынамітных прыладах.

* «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» - кніга аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага.

Перад полуднем, паглядаючы на старую кухарку Тэклю, якая слугавала і за сталом, ён весела дэкламаваў на памяць:

 

І з пастаялкай жур сцюдзёны,

А з кашы сала аж цякло,

Ды і гусяціны смажонай

Уволю ўсім багом было.

Як унясла ж на стол каўбасы,

Бліны аўсяны ў рашаце,

Аж слінкі пацяклі ў Тараса

І забурчала ў жываце...

 

Побач з самотнай постаццю ранняга прахожага спыніўся рамізнік. Але чалавек адмоўна махнуў рукой. Ён яшчэ меў часу пабыць сам-насам са сваімі прыгадамі, з самым, можа, дарагім, што ў яго цяпер заставалася.

Юля, улюбёная сястра. Яна так і не здагадалася... Яна раскладвала пасля вячэры пасьянс, а ён маленькімі глыткамі піў завараную на баркуне гарбату.

- Што кажуць карты? - знешне бестурботна, але з нейкай лёгкаю трывогай спытаў ён.

- Што хутка тваё вянчанне, - пачырванеўшы, адказала сястра. - Я ўяўляю, як ты цяпер жывеш там, у Пецярбурзе, - мройліва працягвала яна. - Увесь дзень займаешся навукай, а ўвечары... Увечары вы з ёю едзеце ў тэатр. Напэўна, вы бываеце на балях. Уяўляю, як ты вядзеш яе пад руку цераз залу, абое такія маладыя, прыгожыя...

- Паваражы сабе, - мякка спыніў ён сястру, пазіраючы на тонкія чорныя абадкі сваіх пазногцяў, так і не адмытыя сляды доўгай работы са шрыфтамі. Яна даведаецца пра ўсё, але няхай гэта будзе не цяпер, думаў ён. Ігнат не хацеў, проста не мог разбурыць створаны яе фантазіяй свет, у якім ён нібыта жыў. У гэтым свеце не было месца нелегальнай друкарні, арыштам, пакаранням смерцю на досвітку.

- Паваражы сабе, - паўтарыў ён.

У тыя тры дні ён чуў сябе добра і з бацькам, хоць яны ніколі не былі блізкія. Ігнат змеціў, што пасля матчынай смерці гэты цяжкі, часам нават дэспатычны чалавек хутка ссівеў і страціў усю сваю нядаўнюю ўпэўненасць. Седзячы за сталом, бацька часта кідаў патайны позірк на такі самы, як і ва ўбогім сынавым жытле, авальны партрэт і потым доўга праціраў насоўкаю пенснэ. Гэта кранала Ігната і прымушала дараваць бацьку яго неразуменне, ягоныя былыя папрокі, што сын, найлепшы вучань Беластоцкай рэальнай гімназіі, забіў сабе галаву хімерамі і можа наклікаць бяду на ўсю радзіну Грынявіцкіх. Ігнату хацелася, каб бацька не ведаў, што сын паўгода таму выключаны з інстытута, і ён старанна пераводзіў усе рызыкоўныя размовы на падзеі ў Грынявічах і наваколлі. Бацька нічога не заўважаў, ахвотна і неяк мітусліва адказваў на нішчымныя пытанні і нараджаў у сынавай душы яшчэ большае шкадаванне.

Але ўсё было, відаць, не так проста.

У апошні вечар ён папрасіў бацьку сыграць на скрыпцы, і той знячэўку зайграў паланез, прысвечаны Касцюшку. Ужо назаўтра, у цягніку, калі за вакном купэ праносіліся аблітыя нежывым месяцавым святлом аснежаныя беларускія лясы і ў ім зноў загучала, паланіўшы душу, урачыстая і журботная мелодыя паланеза, Ігната апякла раптоўная думка: «Няўжо бацька здагадаўся?..»

Тае начы ў яго быў прыступ паняверкі, яму ўявілася, што край ужо немагчыма абудзіць, што ўсе надзеі згарэлі ў полымі апошняга паўстання і застаўся толькі халодны попел. «Ці не паспяшаліся мы назваць гэты люд нацыяй? - думаў ён. - Хочам заявіць аб ягоных правах, назвалі будучы часопіс «Гоманам»*, але ці загамоніць беларускі люд, ці паўстане? А мо зноў, як пачнецца паўстанне, будзе выдаваць змагароў, вязаць інсургентаў?..»

* «Гоман» - нелегальны гектаграфічны часопіс, орган беларускай фракцыі таварыства «Народная воля», які пачаў выходзіць праз тры гады пасля апісаных падзей.

Ачуўшыся ад успамінаў, Грынявіцкі зразумеў, што ўжо некалькі хвілін стаіць перад патрэбным яму будынкам на Цялежнай. Як і дамоўлена, у вакне быў відзён вазон з геранню. Кішанёвы гадзіннік паказваў без пяці восем.

Ён прыйшоў першы і, хоць раней не верыў у прыкметы, падумаў, што гэта добры знак. Добры не ў звычайным, а ў ягоным, толькі ягоным разуменні.

Услед за Ігнатам па адным з'явіліся і трое астатніх. Павітаўшыся, яны замаўчалі, і, бадай, маўчанне гэтае было больш шчырым, чым нейкая магчымая размова.

Двое засталіся ў вітальні, уладкаваўшыся каля дзвярэй на засланай зялёным аксамітам кушэтцы. Трэці, высокі бландзін з поўным тварам і даўгімі, зачасанымі назад валасамі, якому не набегла яшчэ і дваццаці, прайшоў у другі пакой, да Грынявіцкага, і на Ігнатаву душу адразу лёг ужо звыклы цень. Ён пераконваў сябе, што мусіць насамперш паважаць гэтага хлопца, самага маладога між імі, за згоду ахвяраваць жыццём, пераконваў, што сваімі думкамі абражае яго, аднак быў пэўны, што на месцы Выканаўчага камітэта ён выбраў бы чацвёртым іншага. У паводзінах маладзёна яго штосьці насцярожвала. Нават зараз Ігнат убачыў знарочыстасць у тым, што хлопец гартаў узятую з этажэркі «Ниву». Але гэта была ўсё-ткі не непрыязнасць, а трывога. Кінуць бомбу не так ужо і цяжка, думаў Ігнат. Неймаверна цяжэй да канца застацца чалавекам. Як ён будзе паводзіць сябе, калі трапіць у рукі жандараў? Ці не возьме верх над усім інстынкт самазахавання, ці не захлісне душу жаданне жыць, выжыць любой цаной? А там умеюць зламаць слабага, там умеюць правесці душу праз усе кругі здрады і потым, пакінуўшы ад чалавека адну абалонку, выкінуць яго на сметнік.

Намаганнем волі Грынявіцкі абарваў свае думкі.

Дзесьці, яшчэ схаванае камяніцамі вялізнага горада, узышло сонца. Дзесьці спяшалася сюды Соф'я. Дзесьці чакалі сённяшняга выбуху таварышы. Яны пачуюць яго, пачуюць і ў сталіцы, і ў самых аддаленых кутах імперыі. Выбух будзе напамінкам усім тыранам, будзе помстаю за ягоны абылганы, зняважаны народ.

З нейкай пільнаю ўвагай разглядаючы герань, якая зацвітала на вакне ружовымі кветкамі, Грынявіцкі злавіў сябе на тым, што ў ягонай свядомасці гучаць радкі з ранішняга ліста. Было такое адчуванне, быццам нехта дастаў запавет з кішэні і чытае яго ўголас, і ён, Ігнат, прагна слухае.

«Што будзе далей?.. Я баюся... мяне палохае думка, што наперадзе яшчэ шмат дарагіх ахвяр. Апошняя смяротная бітва, я веру, ужо недалёка. Яна залье палі і нівы крывёю, але гісторыя сведчыць, што раскошнае дрэва свабоды патрабуе чалавечых жыццяў. Я не буду жыць ніводнага дня, ніводнае гадзіны ў светлы час перамогі, калі народы імперыі стануць вольныя... Лёс асудзіў мяне, але гэта неабходна. Гэта неабходна дзеля тых, хто прыйдзе пасля нас...»

Ён баяўся пачуць хоць водцень фальшу ці няшчырасці, ды не пачуў іх, і з гэтае хвіліны запавет належаў ужо не яму, а тым, хто застанецца.

Соф'я з'явілася каля дзевяці, калі яны пачалі хвалявацца; ён пазнаў хуткі стукат яе абцасаў у калідоры. Пры сустрэчы ён зазвычай цалаваў ёй руку. Соф'і гэта ніколі не падабалася, але яна кожны раз з грымаскаю незадавальнення ўсё ж цярпела ягоную цырымоннасць і дазваляла крануць вуснамі свае пальцы. Грынявіцкі не збіраўся адступаць ад завядзёнкі і сёння, аднак выгляд Соф'і спыніў яго. Бледная і змарнелая, з хваравітым бляскам у вачах і плямамі нездаровага румянцу на шчоках, яна паставіла важкі клунак на стол і задыхана села.

- Андрэя*... арыштавалі... - выдыхнула яна і закрыла далонямі твар.

* Андрэй Жалябаў разам з Соф'яй Пяроўскай уваходзіў у склад кіраўніцтва «Народнай волі» і непасрэдна ўзначальваў падрыхтоўку да пакарання смерцю Аляксандра II, якое адбылося 1 сакавіка 1881 г.

Ігнат змусіў сябе застацца на месцы. Спакойна, загадаў ён сабе. Спакойна.

Праз хвіліну Соф'я паднялася і, знаёмым рухам скінуўшы з галавы хустку, загаварыла сваім звычайным нягучным голасам:

- Нашы тэхнікі зрабілі толькі палову бомбаў, па адной на кожнага. На большае не хапіла часу.

Яе на момант перапыніў прыход рослага мужчыны з чорнаю барадой. Побач з клункам Пяроўскай ён асцярожна апусціў свой і аднымі вачыма сумнавата ўсміхнуўся Ігнату. Гэта быў кіраўнік групы тэхнікаў Кібальчыч.

- У вас не будзе бомбаў для абароны, - гаварыла Соф'я. - І запасных на выпадак няўдачы таксама не будзе.

Яна абвяла мужчын вачыма. Кібальчыч вінавата ўтупіўся ў падлогу, аднак Грынявіцкі ведаў, што і Кібальчыч, і зямляк-магілевец Рыгор Ісаеў, усе тэхнікі зрабілі што маглі, і нават болей.

Соф'я затрымала спакойны пагляд на Ігнаце, і ён уразіўся, як гэтая маленькая жанчына валодае сабой пасля арышту каханага. Толькі хвіліну слабасці, адну хвіліну дазволіла яна сабе, каб зноў стаць такой, якою ён яе ведаў. Ён ніколі, мо таму, што яшчэ ніколі не кахаў, не прызнаваў вяршэнства жанчыны, а ёй гатовы быў падпарадкоўвацца з радасцю.

- Памятайце, што мы павінны лічыць гэта не толькі абавязкам, але і гонарам партыі, - сказала Соф'я, не адводзячы позірку, нібыта знайшла ў вачах у Грынявіцкага падтрымку свайму спакою і мужнасці.

- Мы гатовы, - трохі паспешліва адказаў ён. Паспешліва - бо баяўся, што першы загаворыць маладзён і яны пачуюць нейкія непатрэбныя і напышлівыя словы.

Соф'я ўзяла аловак і ўпэўнена накідала план. Усе абступілі стол.

- Што на Малой Садовай? - злёгку картавячы «л» і нават зараз саромеючыся гэтага, запытаў Грынявіцкі.

- Там ужо чакаюць, - адказала Соф'я, але яе паведамленне не змагло пахіснуць ягонага ранейшага прадчування, нават не прадчування, а амаль упэўненасці, невытлумачальнае ўпэўненасці, што ўсё вырашыць не міна ў падкопе на Садовай, а яны чацвёра, праўдзівей, не чацвёра, а толькі адзін з іх.

- Калі выбух будзе няўдалы, цар, найверагодней, накіруецца вось сюды, - Соф'я паказала алоўкам, - на Манежную плошчу. Тут самае небяспечнае і адказнае месца. Міхаіл Іванавіч*, - падняла яна вочы на Ігната, - кіраўніцтва партыі лічыць...

* Канспірацыйная мянушка Грынявіцкага.

- Можаце не працягваць, - сказаў ён. - Ваш выбар супадае з маім.

Перад адыходам, калі ўсё ўжо было дамоўлена і ён трымаў пад пахаю загорнутую ў белую сурвэтку бомбу, падобную нечым на невялікі камяк снегу, Ігнатаў позірк зноў спыніўся на вазоне з ружовай геранню. Абапал вазона стаялі на падваконцы дзве абвязаныя паркалёвымі хусткамі бляшанкі з дынамітам. Невыразная думка, што мільганула ў яго раней, раптам набыла бязлітасную акрэсленасць. Ён зразумеў, што гэта яго апошнія кветкі, і падумаў: як, напэўна, здзівілася б Соф'я, даведаўшыся, што ў гэтую хвіліну ён шкадуе, што больш не ўбачыць ні сціплых здрыжнічак, якіх так багата на поплаве за Грынявічамі, ні сваіх улюбёных канвалій. Шкадаванне па канваліях было такое моцнае, што на імгненне ён адчуў іхні тонкі лесавы водар.

Цяпер, на плошчы, гэтая шкадоба і ўся размова на Цялежнай ужо былі далёкія і адлучаныя ад яго. Яны засталіся за нейкаю крэскаю, тамсама, дзе перад гэтым ён пакінуў запавет і прыгады пра дом.

Ігнат выняў з кішэні гадзіннік. Вялікая стрэлка набліжалася да малой, каб сустрэцца з ёю на лічбе 12. Надыходзіў час, калі цар меў звычай выязджаць у манеж на агляд гвардыі. Занятак, варты такога дзяржаўнага дзеяча, як імператар. Чаго яшчэ чакаць ад чалавека, з малых гадоў прывучанага да пляц-парадаў, ад салдафона, які бачыць у падданых полк, а ў Айчыне - казарму?

У дні, калі Ігнат з таварышамі сачыў за царскімі выездамі, ён шмат разоў спрабаваў пранікнуць сваёй думкаю ў свядомасць імператара, пад гэты лоб з залысінамі, што часам мільгаў у прыцемненым вакне карэты. Ён ніколі не мог знайсці там нічога больш істотнага, чым боязь бунту і багавейлівасць перад дзядзькам, германскім імператарам. Грынявіцкі часта шукаў у сабе нянавісць да цара і не знаходзіў яе. Ён ненавідзеў не Аляксандра, а ўсё тое, што стаяла за ягоным абліччам. Ды зрэдчас Ігнат адчуваў, што насуперак сваёй волі ў далёкім цёмным кутку свядомасці ён на нейкае каліва яшчэ застаецца падданым гасудара імператара. Ведаў: гэта не стрымае яго, аднак канчаткова пазбыцца рэшткаў гэтага пачуцця ён здолее толькі тады, у тую самую хвіліну.

Першасакавіцкае сонца марна намагалася сагрэць зямлю, але ранішні віскуцень угамаваўся, і на плошчы было даволі людна, можна было не хвалявацца.

Непадалёк маладая дама ў сабаліным футэрку карміла галубоў. Каля зграбных санак пачціва стаяў фурман з гаспадынінай муфтаю і пульхным пірагом на срэбным сподзе.

Далей мераючы плошчу няспешнымі крокамі дробнага сталічнага службоўца, які выйшаў на свой нядзельны шпацыр, Ігнат зрабіў выснову, што думаць у гэтыя хвіліны пра цара - раскоша, якую ён ужо не можа сабе дазволіць.

Яму ўзбегла на памяць, як даўно, у гімназічныя гады, яго ўразіла смерць іхняга выкладчыка славеснасці. Той застрэліўся праз няшчаснае каханне, і Ігнату некалькі дзён не давала спакою пытанне: што думае і адчувае чалавек перад смерцю і што такое сама смерць?

Вось ты і маеш магчымасць даць сабе самы поўны адказ, падумаў ён.

Успомнілася, што яшчэ не развітаўся з сябрамі. Праўдзівей, ён увесь час памятаў пра гэта, але ўсё адкладваў і адкладваў, каб быць з імі ў апошнія хвіліны, і цяпер, яшчэ раз зірнуўшы на гадзіннік, зразумеў, што пара.

Першы быў Жалябаў, і ўся Ігнатава істота абурылася супроць думкі, што ён больш не ўбачыць шырокай барады і зусім дзіцячай Андрэевай усмешкі, не пачуе ягонага голасу. Ён з пяшчотай падумаў, што нават цяпер, арыштаваны, Андрэй дапамагае ім. Міністр унутраных спраў ужо, несумненна, далажыў цару, што галоўны змоўшчык схоплены, а значыць, самая вялікая небяспека для яго вялікасці мінулася...

Было паўгадзіны на першую. «Ну давай абдымемся і з табой, дарагі ты наш вынаходнік і філосаф». Ігнат убачыў меланхалічныя вочы Кібальчыча і падумаў, што заўсёдны спакой гэтага маўклівага летуценнага хахла - вынік не толькі ягонай сілы волі, але найперш - сілы думкі. Ён ніколі не пасміхаўся з сябравай мары аб паветранай лодцы. Узгадалася, як Кібальчыч нешта крэсліў дубчыкам на снезе, нават тады, калі яны ездзілі за Смольны манастыр выпрабоўваць бомбы. «Няхай лёс бароніць цябе дзеля навукі...»

Ігнату падумалася, што цяпер ён ведае, што такое смерць: глухая чорная сцяна, якая назаўсёды аддзяляе ад сяброў.

Ён убачыў сябе ў сырнай лаўцы, адкуль вялі падкоп пад Малую Садовую. Яны, зняможаныя так, што рукі і ногі, усё цела рабіліся чужымі і ўжо амаль не падпарадкоўваліся розуму, выпаўзлі з падкопу і паваліліся на скрынкі са свежай зямлёй. Гэта тады адзін з іх, фарсісты флоцкі афіцэр, улюбёнец жанчын, на якога некаторыя з арганізацыі глядзелі з насцярогаю, гаварыў ім: «Я не тэарэтык, я не займаюся разважаннямі. Але я адчуваю, што жыць без барацьбы цяпер проста няварта, занадта брыдка. У Расеі няма чым дыхаць, паветра няма...»

Ужо было каля гадзіны дня. Царскі экіпаж мусіў з'явіцца з хвіліны на хвіліну. Ігнат напята глядзеў усцяж вуліцы, але замест карэты з казацкім эскортам заўважыў Соф'ю. Яна ўзмахнула белай насоўкаю, і гэта быў знак, што іхняе чаканне марнае: цар паехаў па іншых вуліцах і два пуды дынаміту ў падкопе сталі непатрэбныя.

Ігнат быў рады і ўадначас крыху разгублены, што лёс падараваў яму яшчэ нейкую гадзіну, бо не чакаў адтэрміноўкі і не ведаў, чым гэты час запоўніць. Таму ён усцешыўся, калі Соф'я загадала сабрацца ў кандытарскай насупраць Гасцінага двара і чакаць, пакуль скончыцца развод гвардыі. Ён ужо даўно забыўся, што магчымасць заняцца такой простай і звычайнай чалавечаю справай, як яда, можа прынесці такую радасць. Адчуваючы на каленях важкасць бомбы, Ігнат з'еў усю порцыю гарачых піражкоў з гарбатаю і здзівіўся, што таварышы пакінулі свае талеркі некранутымі і пазіраюць на яго з захапленнем. Мусіць, яны, нават Соф'я, зайздросцяць ягонай вытрымцы. «Каб жа вы ведалі, што я проста галодны з учарашняга вечара».

Кандытарская месцілася ў падвальным памяшканні, і, падняўшы вочы ўгору, можна было назіраць у невялікіх запыленых вокнах бясконцую чараду чалавечых ног, што спяшаліся па Неўскім.

На Кацярынінскім канале, куды яны пойдуць цяпер, і ў нядзелю зазвычай пустэльна. Значыць, непатрэбных ахвяр не будзе. Памруць толькі тыя, хто павінен памерці.

Яны выйшлі з кандытарскай па адным і сышліся ўжо на канале. Набліжаючыся да свайго месца, Ігнат сустрэўся з Соф'яй і ўсміхнуўся ёй ледзь прыкметнаю ўсмешкай. «Яна так ніколі і не даведаецца, што я...»

Ён не памыліўся: на набярэжнай было бязлюдна, адно вартаўнікі падмяталі панель каля саду і водбліз Тэатральнага моста маячыла пара постацяў, яўна агенты паліцыі. Пакунак з бомбай быў невялікі і няцяжкі, не болей пяці фунтаў, але яго нельга было схаваць у кішэню, і пільнаму воку шпегаў ён мог здацца падазроным. Таму Грынявіцкі вырашыў не шпацыраваць па набярэжнай і, прыхінуўшыся спінаю да парапета, застаўся на месцы.

Уся ягоная разважнасць паступова некуды знікала, і душу браў у ледзяныя рукі страх. Яму здалося, што бомба, гэтыя шкляныя трубачкі з сернай кіслатой, кнаты, выбуховы жэлацін, ужо сталі часткаю ягонага цела, што кроў па яго жылах гоніць ужо не чалавечае сэрца, а бляшанка са смяротным змесцівам. Розум на момант ператварыўся ў лядачы човен сярод хваляў страху. Але адно на момант.

Ігнат ачуўся, і з гэтае хвіліны ўсе ягоныя пачуцці абвастрыліся. Свет зрабіўся больш відочны, больш чутны і адчувальны. Грынявіцкі з прагнаю цікавасцю ўбачыў чыстае і халоднае, але нечым няўлоўным ужо вясновае неба над горадам, пачуў, як унізе, на лёдзе, сварацца вароны, пачуў дзесяткі іншых гукаў. Ён узяў з парэнчаў жменю свежага снегу і стаў есці яго, як некалі ў маленстве. Свет здаўся яму суладным і дасканалым, і тае ж хвілі да яго даляцела цоканне капытоў.

Спярша Ігнат пачуў яго нейкім таемным нутраным слыхам, бо сапраўды чуць царскі экіпаж яшчэ не мог. Але цоканне набліжалася. Вось яно стала цішэйшае - гэта на павароце ад Міхайлаўскага тэатра на канал фурман прытрымаў коней, і яны ішлі ступою. І зноў, ужо гучна капыты ўдарылі па аледзянелым бруку.

На набярэжнай коні імператарскага экіпажа пайшлі буйной рыссю, і казакі з эскорту ўзялі наўскач. Карэта абагнала ўзвод юнкераў. Цару аддалі чэсць два сустрэчныя праабражэнцы. Экіпаж быў зусім блізка і даганяў самага малодшага з чатырох бомбакідальнікаў. У Грынявіцкага яшчэ паспела мільгануць трывога, як карэта зраўнялася з маладзёнам.

Тое, што адбывалася далей, было Ігнату такое знаёмае, быццам усё гэта ён неаднойчы бачыў у сне. Маладзён павярнуўся тварам да экіпажа і кінуў пад ногі рысакам бомбу. Паветра скалануў выбух, як ад залпу дзесятка гарматаў. Трое казакоў зваліліся з коней, угору паднялося густое воблака снегу. Зазвінелі разбітыя шыбы будынкаў на тым баку канала.

Праз некалькі імгненняў чалавека, які кінуў бомбу, ужо трымалі паліцэйскія і казакі, да іх беглі праабражэнцы з юнкерамі.

З пашчапанага экіпажа выйшаў цар.

- Схвачен ли преступник? - данёсся гучны голас Аляксандра.

Ігнат адчуў, што і яму, і цару ратунку ўжо няма.

Сэрца адлічвала секунды. Ён знайшоў вачыма Соф'ю на тым беразе канала і, адарваўшыся ад парапета, паволі рушыў наперад.

Чорная сцяна была побач, але ён не баяўся. Грынявіцкі адчуваў Соф'ін позірк, адчуваў яе думкі і думкі тых, што чакалі на канспірацыйных кватэрах ці ў хваляванні хадзілі па вуліцах; ад кожнага з іх цягнуліся да яго невідочныя нітачкі, якія не дазвалялі яму спыніцца і якія ён павінен быў абарваць другім выбухам.

Заставалася крокаў дзесяць. Усё засланіў цароў твар з густымі бакенбардамі. Грынявіцкі яшчэ раз з палёгкаю пераканаўся, што не адчувае да гэтага чалавека нічога, акрамя абыякавасці. Цар быў бы для яго пустым месцам, каб за гэтым позіркам трохі пукатых вачэй не было крыві, не было сотняў павешаных і забітых у турмах, не было здратаванай, укрыжаванай Радзімы.

Ён стаяў ужо амаль поруч з царом.

Грынявіцкі адчуў, як нешта здарылася з часам. Час нібыта спыніўся, а можа, паплыў у адваротны бок, ператварыўшы гаману натоўпу ў гулкую цішыню, і ў ёй загучаў паланез.

Грынявіцкі са спакойнай рашучасцю зрабіў апошні крок і ўскінуў рукі з бомбай над галавой...

 

«Схвачен ли преступник? Схвачен ли преступник?» Над ім схіліўся твар з бакенбардамі. Але бакенбарды ўвачавідкі знікалі, вусы і валасы імператара сівелі, а пукатыя вочы ператвараліся ў шкельцы пенснэ, і ён чуў бацькаў голас:

«Памятай, ты - гонар гімназіі. Твае здольнасці забяспечаць табе выдатную кар'еру і праславяць наш род». Бацькава аблічча пачынала зыбацца, як адбітак у вадзяным люстэрку, якое крануў вецер, і раставала ў прасторы, саступаючы месца даме, што карміла на Манежнай галубоў. Пільней прыгледзеўшыся да яе, ён змеціў, што гэта не жанчына, а самы малады з іхняе чацвёркі, і вусаты фурман са сподам - у сапраўднасці не фурман, а жандарскі палкоўнік, і на сподзе ў яго ляжыць не пірог, а дынамітны снарад. Бледныя пульхныя вусны маладзёна крывіліся і шапталі: «Я хачу жыць... Жыць хачу...», палкоўнік усміхаўся, а ён, Ігнат, у роспачы крычаў маладзёну: «Не смей! Не смей!»

Новыя і новыя малюнкі нараджаліся ў ягонай свядомасці і знікалі: адны паступова, нібыта іх развейваў вецер, другія гаслі, як гасне ад подзьмуху агеньчык свечкі, і ў бязладдзі гэтых малюнкаў, скрозь гармідар гукаў і слоў чыстым струмком праточваўся аднекуль, то мацнеючы, то амаль прападаючы, журлівы голас бацькавай скрыпкі...

У гэты самы час у прапахлай карболкаю палаце прыдворнага шпіталя немалады прафесар чытаў медыцынскі акт:

- Дастаўлены ў непрытомным стане... На лбе шмат кроватачывых ранак. Правае вока неадчувальнае да святла...

- Прабачце, пане прафесар, я не медык, - спыніў чытанне следчы ў цывільным, які неадлучна сядзеў пры ложку. - Мяне цікавіць іншае. Скажыце, яго можна хоць на хвіліну вярнуць да прытомнасці?

- Гэта можа цяпер толькі Бог.

- Я чую ў вашых словах спагаду, пане прафесар, - бескалёрным голасам прамовіў следчы, вывучаючы мыскі сваіх чаравікаў.

- Толькі як медыка да пацыента, - крыху паспешліва сказаў прафесар і пасля кароткага маўчання дадаў: - Для мяне ён найперш безнадзейны хворы.

- Для ўсіх нас ён найперш царазабойца, чалавек, які падняў руку на свяшчэнную асобу гасудара. - Следчы гаварыў з тым самым, што і раней, застылым выразам на чыста голеным твары, але ў голасе прарэзаліся металёвыя інтанацыі.

Сівы прафесар, адвёўшы вочы, глядзеў на схаванага пад бінтамі незварушнага чалавека.

Грынявіцкі быў у падкопе пад Малой Садовай. У задушлівым сутарэнні, ледзь асветленым мігатліваю лямпаю, было цесна і сыра, як у магільным склепе. На нейкі міг яму прымроілася, што гэта сапраўды склеп, і ён спалохаўся, але адразу згледзеў у прыцемку сяброў, усю іхнюю змену, і супакоіўся. Прамоклая, перапэцканая зямлёю сарочка ліпнула да цела, пот выядаў вочы, мучыла страшэнная смага, але ён капаў і капаў, не дазваляючы сабе перапынку. Гэта быў ужо не падкоп пад вуліцу: шляху назад не было, іх заваліла, прыціснула зямлёй, і яны адчайна прабіваліся з завалу наверх, да святла, да паветра і вады. Ён ведаў, што засталося зусім мала, можа, некалькі ўзмахаў рыдлёўкі, і прыйдзе вызваленне. З астатніх сіл Ігнат сек непадатную зямлю над галавой, і вось зверху пасыпалася каменне, глыжы і жвір, і ён убачыў атвор.

Але замест сонечнага святла ў атворы быў нечы чыста выгалены твар.

- Імя... Скажыце мне ваша імя... - ласкава, амаль пяшчотна прасіў голас, які належаў гэтаму твару.

Ён памятаў сваё імя і, узрадаваны, што помніць, хацеў выгукнуць: «Грынявіцкі», ды за ласкавасцю голасу хавалася нешта іншае, і ён паспеў утаймаваць крык, што быў гатовы ўжо сарвацца з вуснаў.

- Імя... Мне трэба толькі імя... Імя! - паўтараў голас, і ўніклівая ласкавасць пераходзіла ў стылую зласлівасць.

Грынявіцкі нарэшце зразумеў, дзе ён і хто з ім гаворыць. Але разам з вяртаннем свядомасці ў яго зраненае цела, у кожную клетку безліччу гострых кіпцюроў упіўся звер нечалавечага болю.

- Імя! Імя! - ускочыўшы на ногі, крычаў следчы.

Боль раздзіраў на тысячу кавалкаў, і адзіным збавеннем было новае забыццё, але да Ігната яшчэ цягнуліся нітачкі, якія ён адчуваў перад выбухам на канале, і, перш чым абарвацца ў бездань, ён паспеў пачуць свой голас:

- Не... ведаю...

Боль адразу выпусціў са сваіх лапаў, ды голены твар у атворы не знікаў, і Грынявіцкі замахнуўся на яго рыдлёўкаю, што зноў апынулася ў руках.

Атвор засыпала зямлёю, і ён разграбаў яе - спачатку рыдлёўкай, а потым, дарэшты змогшыся, рукамі, і апошнія кроплі моцы падтрымлівала ў ім веданне, што ён не самотны, што недзе побач прабіваюцца да святла іншыя.

У той момант, калі сонечныя промні пырснулі Грынявіцкаму ў вочы, следчы страпянуўся і запытальна паглядзеў на прафесара. Доктар моўчкі нахіліў сівую галаву.

 

1985


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Арлоў У. Пяць мужчын у леснічоўцы: Аповесці, апавяданні, эсэ. - Мінск: Мастацкая літаратура, 1994