epub
Мінск, 1994
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Арлоў

Дзень, калі ўпала страла

1
2
3
4
5
6
7
8


1

 

Па высокай дзвінскай вадзе плылі ў мора апошнія крохкія крыгі. Сівы ў яблыках конь, спынены на самай строме, пудка пераступіў нагамі, але вершнік злёгку сціснуў яму бакі, і сівы супакоіўся. Застыўшы ў сядле, князь Валодша глядзеў на горад за ракой. Над нізкімі пасадамі, насупроць амаль схаванай паводкаю выспы, што ляжала леваруч князя, падымаліся ўжо кранутыя зелянінаю валы дзядзінца, а яшчэ вышэй плылі па небе ў лазуркавую далячынь сем вярхоў Сафіі. Зазванілі да палудніцы. Першы ўдарыў па сонечнай цішы сафійскі званар. Яму адразу адказалі Спас-Еўфрасіння і Бельчыцы, а трохі счакаўшы, уступілі ў перазовы астатнія манастыры і цэрквы. Нейкі званар весела зачасціў, але, як быццам узгадаўшы, што не такія цяпер часіны, каб бесклапотна тузаць за вужоўкі, асадзіў сябе, і ягоны звон таксама загучаў няспешна і разважліва.

Шматгалосая размова званоў нараджала ў душы ў князя дзіўнае пачуццё, у якім спакойная вера, што гэты крывіцкі горад будзе стаяць над Дзвіною давеку, спляталася з адчуваннем незвычайнай дужасці, з юначым жаданнем зліцца з канём і мчаць па далёкіх дарогах, чуць вецер у вушах, спаць адным вокам каля лясных вогнішчаў... Пачуццё было такое моцнае, што князь радасна разгубіўся. Яшчэ колькі імгненняў ён глядзеў на магутную рачную плынь, на тры стругі пад белымі вятрыламі, што падыходзілі да дзядзінца, і раптам рэзка павярнуў сівага і наўскапыт паляцеў па разложыстай лугавіне.

Толькі ва ўмывальні, скінуўшы кальчугу і на хвілю прысеўшы на шырокі ўслон, ён адчуў, як гудуць ад стомы рукі, як ные левая нага, зачэпленая некалі ў сечы літоўскім кап'ём-суліцай. Але стома была не прыкрая, а ўсцешлівая. Князь ведаў, што заўтра ўранні зноў, поўны спрыту і маладой моцы, у кароткай кальчузе і шаломе з барміцай, выйдзе на ганак з разьблёнымі балясамі, і дружына так выгукне «Слава князю Валодшу!», што ва ўсім наваколлі на момант здзіўлёна замоўкнуць жаўрукі.

Другі месяц князь не дае спачыну ні сабе, ні дружыннікам. Нават ваявода Віславус і той дзіву даецца, як улёг ён у ратныя забавы. «Не маладзён ты ўжо, князь, - сказаў неяк ваявода, - не дваццаць табе летаў. Дай удам* перадых». Валодша адно засмяяўся і па-ранейшаму дзень пры дні выводзіў дружыну на падсохлую галявіну за сцяною княжага двара, што стаяў на левым беразе Дзвіны, у Бельчыцах. Як і ўсе, браў князь у рукі адмысловы тупы меч, страляў з лука, кідаў у дубовага, глыбока ўкапанага ў зямлю балвана цяжкую дзіду, цэлячы то ў голаў, то ў грудзі, і не бачыў, але адчуваў ухвальныя позіркі Віславуса і ваяроў.

* Целу, рукам і нагам.

Па паглядным князевым твары ў аздобе густых кучаравых валасоў знячэўку прабег цень. Валодшу ўспомнілася, як учора пасля вячэрні гутарыў з ігуменам Лукой. Трасучы ад злосці сівой казлінаю бародкай, шчупленькі Лука выгаворваў князю, што не ў адных святых Барыса ды Глеба з бельчыцкага храма просяць ягоныя кметы ратнай удачы. Манахі высачылі, што ўначы людзі з дружыны таемна пераплываюць на чоўне раку і прабіраюцца на старое капішча каля Валовай азярыны, дзе яшчэ Рагвалодаў унук князь Ізяслаў паліў паганскіх ідалаў. Ён, Валодша, пераказаў ігуменавы словы ваярам. Гаварыў сувора, углядаючыся ў вочы, але шукаць вінаватых не стаў. Не той час, каб сварыцца з дружынаю. Відаць, сёй-той здагадваецца, што не просты паход збірае ён цяпер. Можа, таму і ходзяць на паклон да даўнейшых багоў. Дый сам грэшны, таксама таптаў сцежку да заклятае азярыны. Хоць і даўно тое было, ды, пэўна, ведае ігумен пра грэх. Але не толькі таму чарнарызец так барадою трос. Князь сам сабе ўсміхнуўся. «Рысь стракатая ізвону, а чалавецы лукавыя знутры». Гэта нагадвае яму Лука, што дакляраваў адпісаць манастыру запалоцкі поплаў, а спраўдзіць не спяшаецца. Мала ім трох весяў са смердамі. Цяпер не выкруцішся, трэба на ігуменаў гнеў, як на хвалі, алею выліць. З ім вадзіцца таксама не след, дасць Бог, будзе лепшая пара.

Князь пазваніў у званец, і ў два мігі на парозе вырас халоп з рукамыем заморскае работы. Скінуўшы апратку, Валодша залез у вялізную ліповую балею і з насалодаю падставіў крутыя рамёны і ўсё вялікае, гарачае яшчэ цела пад сцюдзёны струмень з меднай ваўчынае пашчы. Ён радаваўся вадзе і пялёхаўся, як малое дзіця.

- Глядзі, куды льеш! - нязлосна, але зычна крыкнуў на халопа, і той з перапуду бухнуўся валадару ў ногі.

- Хрэсціцца раб Божы Мікола, - гундоса і нараспеў, удаючы ігуменаў голас, прамовіў Валодша і выплюхнуў на саламяную халопаву галаву рэшту вады з рукамыя.

- Не гневайся, княжа... - цягнуў, лежачы ў лужыне, халоп.

- Калі гневаюся, не ваду лью, - памяркоўна сказаў князь. - Давай ручнік і накажы, каб шукалі Барыску. Няхай да мяне ў святліцу ідзе.

Хутка русявы прычасаны Барыска ўжо стаяў у дзвярах і церабіў крысо чырвонага каптанчыка. Было відаць, што і твар і рукі малому вымылі кагадзе. Не вытрымаўшы дапытнага позірку шэрых бацькавых вачэй, хлопчык утупіўся ў маснічыну.

«Падрос Барыска, у плячах пачаў гэтай вясною шырэць. Воін расце», - падумаў князь. Падумаў з цеплынёй, што заўсёды агортвала душу, калі быў з сынам, але ўголас сказаў строга:

- Нягожа, князь Барыс, вочы долу апускаць. Полацкія князі не ў зямлю, а ў неба глядзець мусяць. І не ў парозе іх месца. Хадзі бліжэй!

Барыска нясмела падышоў.

- Дзяк казаў, да навукі ты дужа здатны. Даўно паглядзець збіраюся, чаму ён цябе навучыць паспеў.

Княжыч заліўся чырванню, але пазіраў ужо без боязі.

- Ну-тку скажы, якое цяпер лета ад стварэння свету?

- Лета шэсць тысяч семсот дваццаць чацвёртае*, - як па пісанаму адмалаціў Барыска.

* Паводле сучаснага летазлічэння - 1216.

«Славаю ці ганьбаю маёй застанецца яно ў летапісах?» - укалола князя раптоўная думка, але ён не даў ёй волі.

- А лічыць ці добра ўмееш? - працягваўся іспыт. - Ёсць у мяне пяць крэчатаў, а як выпушчу я іх, саб'е кожны па дзве белыя лебедзі. Колькі будзе лебедзяў?

- Два разы па пяць, а разам дзесяць, як пальцаў на руках, - не задумваючыся, адказаў Барыска.

- Гожа.

Князь узяў з падваконца кнігу ў багатых абкладах, адплікнуў залачоную засцежку і прывычна знайшоў «Сказанне аб Індыйскім царстве», якое любіла першая жонка-нябожчыца.

- Чытай!

- «Царства маё такаво, - бойка пачаў Барыска. - Ісці на адну старану дзесяць месяцаў, а на другую няможна дайсці, бо саткнуліся там неба з зямлёю. Ёсць у мяне ў адной зямлі людзі немы, а ў другой зямлі людзі рагаты, а ў іной людзі трохногі, а іныя людзі дзевяці сажняў, іжэ суць валатове...»

- Лепа, - пахваліў князь. - А можа, на памяць зацвердзіў, як малітвы, га? - Ён успомніў, як некалі, на пачатку вучэння, сам рабіў гэтак, каб байчэй атрымлівалася, калі бацька скажа пачытаць гасцям.

Княжыч закруціў галавой, і Валодша пашкадаваў, што скрыўдзіў сына, але, нахмарыўшы бровы, перагарнуў старонку і паказаў:

- Вось тут чытай.

- «Ёсць у маёй зямлі пеўні, на іх людзі ездзяць, - упэўнена разбіраючы цітлы, чытаў Барыска. - Ёсць у мяне птушка нагой, уе сабе гняздо на пятнаццаць дубоў. Ёсць у маім царстве птушка фінікс, звівае сабе гняздо на ноў месяц і прыносіць агню нябеснага і сама паліць гняздо сваё і сама тут згарае, і ў тым попеле зараджаецца зноў і пер'ем абрастае, а плоду няма ад той птушкі, а жыве яна пяцьсот лет. - Ад старання на носе ў хлопчыка выступілі расінкі поту. - А пасярод майго царства плыве рака Эдэм з раю, у той рацэ емлюць дарагія камні акінф і самфір, і памфір, і ізмарагд, сардзік і аспід, цвёрд жэ і, які вугаль, гарыць...»

Барыска перавёў дых і, пэўна, таму, што ніводнага разу не збіўся, насмеліўся запытаць:

- Няўжо гэта праўда ўсё, тата?

- Багата дзіўнага, сыне, ёсць на божым свеце. А каторыя дзівосы і самі людзі вымыслілі, каб пацеху з таго мець. Склалі гэтую кнігу ў Грэках, а тлумачаная яна і перапісаная вучонымі мніхамі па ўказе нашай князёўны Прадславы Святаслаўны, у манастве найпадобнейшай Еўфрасінні. Казаў табе дзяк пра яе?

- Казаў. Помніць, як у святы град Ерусалім яе праводзілі. Чытаць далей?

- Чытай, чытай... - няўважліва адгукнуўся спахмурнелы раптам князь.

Хутка і яго Полацак правядзе. Ці паслухае ён пераможную ютрань у Сафіі? Еўфрасіння дадому не вярнулася. Можа, і ў ягонай кнізе лёсу тое ж запісана? А калі не вернецца, хто на полацкі пасад сядзе? За душу ўзяла крыўда невядома на каго. З першаю жонкай не было дзяцей, а сыны, што Бог даў са Звеніславаю, яшчэ ў такіх летах, што наперад не загадаеш. Барыску нядаўна толькі грамаце вучыць аддалі, а Глеб зусім малы, ад зямлі меч не адарве.

- «Ёсць у мяне палата злата, а ў ёй ёсць зярцала праведнае, стаіць на чатырох слупах златых. Хто зрыць у зярцала, той бачыць свае грахі, якія сатварыў ад маладосці. Блізка таго і другое зярцала, скляное...» - чытаў Барыска.

- Досыць, сыне, - адарваўся ад нялёгкіх думак князь. - Бачу, недарма дзяк мой хлеб есць. А скажы, у ваярскай справе як паспеў? З лука ці гожа б'еш?

- За дваццаць сажняў у маладую бярэзінку пацэлю. А меч Ратмір не дае. Чаму?

- Кажа, - збянтэжыўся Барыска, - пуп развяжацца.

- А што, не развяжацца? - засмяяўся князь, трасянуўшы шорсткімі русымі кудзерамі.

- Не! - цвёрда сказаў хлопчык.

- Ладна, загадаю, каб даваў табе меч.

- Тата, - зусім асмялеў Барыска, - а ці хутка мяне на вайну возьмеш?

У князя зашчымела сэрца. Усплыло на памяць, як самога бацька ўпершыню ўзяў у набег, як першы раз пачуў посвіст чужынскай стралы... Ён прыгарнуў малога да грудзей, правёў калянай далоняй па ядвабных сынавых валасах. Дзве макаўкі ў Барыскі на галаве, як і ў яго самога. Кажуць, шчаслівы знак.

- Хутка, сыне. Чатыры леты засталося. Такі ўжо ў князёў крывіцкіх няпісаны закон: у тры гады сына на каня садзіць, у сем аддаваць у навучанне грамаце, а як міне дванаццаць - можна княжыча і на вайну браць.

- Чатыры леты... - расчаравана працягнуў хлопчык. - Тады хоць у пацешную вайну навучы, што з Віславусам гуляеш.

- Ну, на такую вайну табе ўжо можна. Калі хочаш, зараз і паваюем.

- Хачу! - успыхнулі ў княжыча вочы.

Валодша ўзяў з паліцы куфэрак са слановай косці і высыпаў на сталец дзве жмені жаўтлявых касцяных фігурак. Стальніца была не простая - папераменна выкладзеная кавалачкамі светлага і цёмнага дрэва.

- Вось гэта ратнік. - Князь паставіў на светлае поле першую прысадзістую фігурку ў шаломе і з барабанам у руках. - Ідзе ратнік на бітву адно ўперад, назад яму дарогі няма. - «Назад яму дарогі няма», - міжволі паўтарылася ў князевых думках. - А гэта ладдзя, мяно ёй таксама насада...

У святліцу зайшоў ваявода Віславус. Быў ён круглатвары, з кароткай барадой і сінімі вачыма, яшчэ малады, але трымаўся паважна, не раўнуючы, як пажылы баярын. З хвіліну ён чакаў, але князь так улёг у гульню, што не чуў ваяводавых крокаў. Тады Віславус керхануў у кулак і, пакланіўшыся, загаварыў:

- Новыя паслы ад чудзі прыйшлі, княжа...

 

2

 

Тры вялікія стругі пад белымі ветразямі прысталі побач з дзядзінцам, акурат там, дзе Дзвіна прымае ў свае берагі павольную Палату. Наладаваныя футрам і воскам караблі прывялі віцебскія купцы, што ўпершыню пасля зімы кіраваліся водным шляхам у Рыгу. Разам з імі сышоў на бераг рослы падхорцісты чалавек у свіце з грубага сукна. Два дні таму ён, не таргуючыся, заплаціў купцам паўгрыўні, каб давезлі да стольнага Полацка. Назваўся аршанскім майстрам-лучніком Богушам. Едзе па навуку да полацкіх майстроў, бо чуў: іхнія самастрэлы за сотню крокаў прабіваюць нямецкую браню, нібы тую кляновую дошчачку.

Богуш прыгладзіў узбунтаваныя ветрам бялявыя валасы, тройчы перахрысціўся на сафійскія крыжы і рушыў па гразкім пасля ўчарашняга дажджу ўзвозе да торжышча. Гадоў аршанскі майстра меў за тры дзесяткі, ногі ў новых пасталах ступалі лёгка, а на плечуку на выслізганай да бляску кульбе вісела радняная кайстра.

На таргу ён купіў падрумянены пірог з заечынай і, памалу адкусваючы, прайшоўся паміж паўпустых у будны дзень прылаўкаў. Спыніўся каля дзеда, што гандляваў рыбаю, прыцмокнуў языком, кінуўшы вока на ляшча, які не ўтаптаўся ў драўлянае вядро. Падзівіўся на двухгаловых хвастатых звяроў, што шчэрыліся з калчанаў. Прыслухаўся да размовы двух дружыннікаў у дашчатых бронях* і адразу неяк наструніўся. Ваяры гаманілі, як учора на княжых борцях злавілі пчаладзёра.

* Даспех накшталт кальчугі, але зроблены з металёвых пластачак.

- Прывялі таця ў церам, - апавядаў старэйшы векам дружыннік, - дык на калені заваліўся і якоча: «Памілуй, княжа, не ведаў я, што твой мёд краў!» А князь рачэ: «А хіба не ведаў ты, што мёд гэты не твой?»

Воі засмяяліся.

- І піўцом князь пачастуе, і слаўцом.

- А ці ведаеш, рачэ князь, - працягваў старэйшы, - што над табой немцы ўчынілі б? Галавой - у лазьбень з мёдам і пі, пакуль душа не адляціць.

Богуш на крок адступіў, але слухаць стаў яшчэ ўважней.

- Ага, - згадзіўся малодшы. - Чалавек з леціголы баяў. Рытары* ў іх борці адабралі, а пчаляроў у мёдзе патапілі.

* Рыцары.

Неспадзеўкі на торжышчы ўсчаўся крык. Усе, хто мог, рынулі да ракі. Прылаўкі ўмомант апусцелі, каля свайго тавару засталіся адно ганчар з бондарам.

На беразе вірыўся вялікі збой гараджанаў. Тут былі і купцы, і рукамеслыя людзі ў магерках, і манахі ў даўгіх чорных рызах. Наперадзе тырчалі чырвоныя баярскія шапкі з сабалінаю ірхой. Богуш, націскаючы плячом, прабраўся наперад. Пры самай вадзе ляжалі двое мужчын з туга скручанымі скуранымі паскамі рукамі і нагамі: адзін - таўсматы і вірлавокі, другі - драбнаваты і вастраносы, з ускудлачанай галавой. Апранахі на абодвух былі разадраныя і прыпаленыя.

Поруч з Богушам апынуўся той самы дзед, што прадаваў ляшча, - прыклыпаў са сваім вядром, з якога вытыркаў рыбін хвост.

- Што за людзі? - напаўголаса запытаўся аршанскі майстра.

Сусед аказаўся гаваркі.

- Нямчыны-выведнікі, у нядзелю злоўленыя. Таўсты на Ганчарным канцы ў студню зелле сыпаў. Хацелі яго з той студні напаіць, дык так зубы сцяў, што мячом не расціснеш. Тады сабачку валачашчаму тае вады далі. Сабачка і пажыў, як Дзвіну на чоўне пераплысці. А гэтага, - кіўнуў дзед на ўскудлачанага, - Няжыла з Запалоцкага пасада злавіў. На пастой да Няжылы папрасіўся, а ў сне па-свойму гергетаць пачаў. Пад жаркім жалезам абое прызналіся.

Богуш упіўся вачыма ў звязаных выведнікаў.

- А кажуць жа, у князя Валодшы вечны мір з Рыгай, - зноў загаварыў ён да дзеда.

- Мір, - пацвердзіў той. - Купцоў нямецкіх князь у крыўду не дае. Дружына іхні тавар вартуе. А выведнікаў наказана не літаваць.

- Пасаднік! Пасаднік!.. - пранеслася па натоўпе, і людзі расступіліся, даючы дарогу чатыром цівунам і пасадніку ў вавёркавым футры.

Вастраносы кудлач, што дагэтуль ляжаў ціха, перакаціўся са спіны на бок, тварам да натоўпу, і тонкім пакутным голасам закрычаў:

- Людзюхны, ратуйце! Не нямчын я, людзюхны! Пятром мяне завуць. І бацька быў Пятро. Купец я з Друцка. Адстаў ад сваіх, хацеў на Вялікдзень у святую Сафію схадзіць. Жонцы і дзеткам хацеў пасвячонае ў Полацку яечка прывезці. Няжыла мяне апаіў і грошы забраў, а пасля нямчынам абвясціў!

Збой прыслухаўся і пацішэў.

- Пятро я. Хрыстом-Богам прашу, не губіце бязвінную душу! - маліў вастраносы.

Богуш глядзеў на яго, і на твары ў аршанскага лучніка не было шкадобы.

Але знайшліся ў грамадзе і жаласныя сэрцы.

- Можа, і праўда Пятро ён? - прамовіў нехта.

- На агнёвым роспыце прызнаў сябе нямчынам! - гучна сказаў да людзей пасаднік.

- Грэшны, не сцярпеў пакуты, - зноў падаў голас кудлач. - Сам на сябе нагаварыў.

- Да князя паслаць! Няхай князь судзіць! - закрычалі ў натоўпе.

- Другі ў князя клопат. Перавозчык паслоў у Бельчыцы павёз. Можа, і нашай ён крыві, - пасаднік паказаў нагой у зялёным боце на вастраносага, - ды ўсё адно пераветнік. А пераветнікаў князь Валодша загадаў судзіць скора.

Збой незадаволена загудзеў.

- Пятро я! - адчайдушна заекатаў кудлач. - Крыж буду цалаваць, што Пятро!

У гэты момант нечакана загаварыў таўсматы выведнік. Ён сказаў толькі тры словы:

- Яго імя Готфрыд.

- Не верце яму, людзі! - у смяротным жаху заверашчаў кудлач. - Бога ў цябе няма, лацінец пракляты!

- У Дзвіну іх! - выгукнуў Богуш, і вакол таксама закрычалі: - У Дзвіну!

Пасаднік махнуў рукой. Цівуны забілі раты выведнікаў анучамі і пацягнулі абодвух да чаўноў. У вострых вачах аршанскага лучніка было змрочнае здаваленне. Грамада зноў загула, але ў гэтым гудзе ўжо не было шкадавання. Людзі пабеглі па беразе вышэй, каб лепей бачыць.

- Далей адвозьце! - загадаў пасаднік. - А то вада спадзе, дык с...кі тырчаць будуць.

Чаўны хутка выйшлі на самую строму. Цівуны, надзеўшы выведнікам на шыі пудовыя камяні, асцярожна, каб не выкуліцца самім, спіхнулі іх у каламутную імклівую ваду.

- Ні воўк ваўка, ні змяя змяю не губіць, а чалавек чалавека губіць і радасць з гэтага мае, - пачаў аршанскі майстра. Гаварыў, хрысцячыся дрыготкай рукой, падстаркаваты манах.

- Нядобра кажаш, мніх. Не да такога чыну словы, - сурова азваўся нехта. - Самі яны свае душы загубілі.

Збой ужо рассыпаўся, як па-над берагам разлёгся ўсцешаны жаночы крык:

- Глядзіце! Глядзіце!

На ўзвозе зарагаталі. Богушавы вусны таксама расцягнуліся ў міжвольнай усмешцы.

Хтосьці, відаць, нейкі весялун з княжых вотчын, што стаялі вышэй горада, пасадзіў на крыгу жарага, як агонь, пеўня. Крыгу несла па самым быстраку, а небарака-певень на пацеху разявакам мітусіўся на сваім хісткім прыстанку і раз-пораз пачынаў махаць крыламі, нібы збіраўся пераляцець на трывалае месца. Але да зямлі было не меней траціны палёту стралы. Жарага гарапашніка згледзелі і на чаўнах. Пад радаснае галёканне берага весляры павярнулі і ўзялі напярэймы крызе. Людзі не разыходзіліся, пакуль уратаванага пеўня не выпусцілі на траву.

Пасля гэтых прыгодаў Богушавы пасталы адмералі яшчэ не адно попрышча па драўляным насціле вузкіх вулак дзядзінцы, па Вялікім пасадзе і вакольным горадзе, дзе дамы стаялі трохі вальней, а ў блізкіх гародах ужо прабілі зямлю першыя стрэлкі цыбулі. Адвячоркам лучнік маліўся ў царкве за Чорным ручаём і паставіў свечку перад абразом Багародзіцы. А калі на горад апусцілася знобкае красавіцкае сутонне, Богуш, распытаўшы перад тым, дзе жыве кастапраў Даніла, пераехаў у ціхае Запалоцце і пастукаў у дзверы моцнай хаты над Палатой. Пастукаў адмыслова: два разы гучна і тры - прыцішана.

 

3

 

Валодша адкінуў мяккую лісіную коўдру і сеў на краі шырокага ложа. Княгіня Звеніслава спала, звыкла падклаўшы пад шчаку далонь. Заснула залагоджаная, усцешаная, што сёння муж рана прыйшоў ад застоліцы.

Князю не спіцца, і, відаць, сон ягоны заблукаў недзе надоўга. Думна ў князевай галаве, неспакойна на сэрцы. Уваччу яшчэ стаіць гаворка з пасламі, у зацішнай пачывальні гучаць іхнія галасы: адрывісты і хрыпаты - чудскага старэйшыны і малады, звонкі - тлумача, маці якога была крывічанкаю.

- Наша неба не сіняе, як мора і азёры, а чорнае ад хаўтурных вогнішчаў. Крыжакі забілі столькі воінаў, што я ўжо не памятаю, хто жывы, а хто склаў галаву. Нашы жанчыны выплакалі вочы, а мужчынам ад частых трызнаў мёд здаецца горкім, а піва салодкім.

Старэйшына гаворыць ціха, вялікія рукі супакойна ляжаць на каленях, але зялёныя вочы на парослым сівым шчаціннем твары гараць такою лютасцю, што нават ён, Валодша, які забраў сваім мячом жыццё не ў аднаго дзесятка ворагаў, не хацеў бы сустрэцца з гэтым чалавекам у сечы.

Першыя паслы з Чудскай зямлі прыйшлі ў Полацак на Вадохрышча, у самыя лютыя маразы, калі мядзведзь пераварочваецца ў берлагу на другі бок. На мірныя паселішчы эстаў наляцелі немцы з атрадамі перавернутых у новую веру ліваў. Мужчын забівалі на месцы, а жанчын, дзяцей і гавяду гналі ў Лівонію. Дзесяць дзён эсты адбіваліся ў замку, а на адзінаццаты, калі з абложнае вежы нямецкія латнікі з лукаў і прашчаў перабілі палову абаронцаў, мусілі скарыцца: пусцілі ў замак лацінскага святара і аддалі немцам у заложнікі сыноў сваіх старэйшын. Паслы прасілі полацкага князя ісці на Рыгу, а самі абяцалі паўстаць і цясніць вайной ліваў і летаў.

Новыя паслы скардзіліся, што суддзі, якіх шлюць немцы ў скораныя землі, дбаюць не пра справядлівасць, а пра сваё багацце. Эсты не хочуць плаціць дзесяціну, не хочуць карміць святароў і хадзіць з немцамі на вайну, каб потым цярпець помсту ад суседзяў. Чудзіны зноў прасілі ў Полацка падмогі. Ён, Валодша, прыняў іх ласкава, ад сваіх ранейшых слоў не адмаўляўся, але не гэтых паслоў ён чакаў, не гэтых.

На поўню наплыла хмара, і ў акне князь бачыў толькі вогнішча з чорнымі постацямі ваяроў са зменнай начной варты. Але ён ведаў, што вунь там, праваруч, падняты на ноч мост цераз роў, там і там - вялізныя, укапаныя ў зямлю медныя катлы дзеля вару, які пальецца на галовы тым, хто адважыцца напасці на Бельчыцы. Харчу і вайсковых запасаў у складах хопіць хоць на два гады аблогі. Ды ўсё гэта не магло развеяць нялёгкіх князевых дум.

Валодша прачыніў вакно, і ў пачывальню пацёк волкі начны халадок з лёгкім пахам дыму.

Трыццаць год носіць ён гэтыя думы ў сабе, трыццаць год яны падпільноўваюць яго, каб у адну з начэй зноў прыціснуць сэрца каменем-жарнавіком, і з кожным годам камень гэты робіцца цяжэйшы і цяжэйшы. Але мудра пісана ў кнігах: «Хто, рабуючы чужое, будуе на тым дом свой, той складае яго на лёдзе. Прыйдзе вясна, і сплыве дом за мора».

Неразумна ўсё жыццё вінаваціць сябе, але хіба забудзеш, што калісьці як дарагіх гасцей прымаў людзей з чорнымі душамі, якія ў сэрцы сваім хацелі пагібелі і яму, і ўсёй Полацкай зямлі.

У тое ж лета, як ён сеў на полацкі пасад, у горад прыйшоў па Дзвіне разам з брэменскімі купцамі першы лацінскі манах. Быў ён у падшытай ветрам лапленай сутане, і выгляд меў такі, быццам ніколі не еў уволю хлеба. У княжым хораме заморскі госць трымаўся цішэй за халопа, толькі бесперастанку маліўся і праз тлумача прасіў аднаго: дазволу прапаведаваць слова Божае ў падуладнай полацкаму князю зямлі ліваў.

Полацку здавён не надта рупіла, што яго даннікі моляцца не ў цэрквах, а ў святых гаях і дубровах; іхнія багі любілі мяса аленяў і тураў, а найлепшым пачастункам была ім кроў палонных чужынцаў. Але ён, Валодша, даў манаху згоду, бо полацкія купцы нашэптвалі, што маюць добры гандаль у Брэмене і Любеку. Мала таго, на адвітанне ён адарыў ціхмянага госця кунамі і вавёрыцамі са сваіх кладовак.

Там, дзе Дзвіна сканчвае шлях да мора, манах паставіў царкву і пачаў хрысціць ліваў паводле лацінскага абраду. Увёўшы лівам у вушы, што хоча абараніць іх ад набегаў, ён прывёз нямецкіх муралёў і збудаваў замак. Хутка замак стаяў ужо і ў суседнім Гольме, а ціхмяны манах стаў біскупам Даніна ў тую пару ішла ў Полацак яшчэ па-ранейшаму спраўна, як і дзвесце гадоў дагэтуль, аднак ён, князь, разумеў, што замкі бароняць не ліваў, а немцаў. Усё часцей ён думаў, што памыліўся і за памылку гэтую давядзецца плаціць вялікай крывёй.

Яго пабойванні спраўдзіліся скора. Стары біскуп памёр, а новы да полацкага князя ўжо не паехаў. Прыкрываючыся Божым словам, немцы сталі адбіраць у ліваў зямлю. Папа ў Рыме ўжо абвясціў адпушчэнне грахоў усім, хто нашые крыж і пойдзе служыць у біскупава войска на беразе Варажскага мора. Полацкія купцы прывезлі навіну, што папа і нямецкі кесар прыраўнялі паход у Лівонію да крыжовых паходаў у палесцінскую зямлю. Праўда, новаму біскупу сонца свяціла тут нядоўга. У бітве спалоханы конь занёс яго ў гушчу ліваў; двое схапілі ненавіднага крыжака за рукі, а трэці працяў яго дзідай. Ён, Валодша, дагэтуль памятае імя гэтага трэцяга - Імаўт. Выведнікі данеслі, што пасля смерці біскупа лівы доўга мыліся ў лазнях, змываючы там, а потым у дзвійскіх водах лацінскае хрышчэнне. Яны пілі хмельны мёд, зрывалі з дрэў укрыжаванні і пускалі іх на плытах у мора. Але ён прыняў гэтыя навіны без вялікай радасці, бо ведаў, што рыцары вернуцца.

І яны вярнуліся, і з году ў год іхнія караблі падымаліся па Дзвіне ўсё вышэй і вышэй і ўжо даходзілі да падуладных яму, Валодшу, гарадоў Куканоса і Герцыкі, дзе сядзелі крывіцкія князі...

Знадворку, недзе за блізкай сцяной цёмнага бору, завухаў пугач. Князь перахрысціўся на абраз з кволым агеньчыкам лампадкі. Пугач падаў голас акурат тады, калі ён падумаў пра біскупа Альберта. Валодша раптам зразумеў, што яны падобныя: рыжскі валадар і гэтая вушастая птушка з такой самаю, як у Альберта, круглай галавой і вялікімі слепаватымі вачыма. Князю зрабілася ніякавата, яму здалося, што загадкавае начное стварэнне можа невідочна заляцець у пачывальню і падслухаць яго пакрыёмыя думкі. Ён мімаволі ўспомніў аб кметах, што гэтаю парой за пяць пералётаў стралы адсюль стаяць варту пад старым дубам у лесе і ў прыдзвінскіх зарасніках алешніку. Там выходзяць наверх лёхі, што пачынаюцца з княжага двара: адна - якраз пад ягонаю пачывальняй, другая - у малой мядушы.

Пугач зарагатаў зноў, і князь зачыніў акно на зашчапку, адразу адчуўшы на душы палёгку.

Не, ён не баяўся Альберта. Зараз ён хацеў засцерагчыся ад тых таемных сіл, што ўладараць у глухую начную часіну і могуць умяшацца ў любую чалавечую справу. Што да рыжскага біскупа, дык Валодша ведаў: далей ім двум на берагах Дзвіны не жыць. Застанецца нехта адзін: або ён, вялікі князь полацкі, або гэты пугач з чалавечым абліччам.

Валодша думае пра біскупа так даўно і так шмат, што часта ў яго з'яўляецца дзіўнае і, відаць, грахоўнае жаданне хоць на дзень, на гадзіну самому стаць Альбертам, атрымаць ягоныя розум і сэрца. Тады ён здолеў бы вызнаць гэтую душу, уведаў бы, што біскуп мысліць пра яго, полацкага караля Вальдэмара*.

* Так называе князя Валодшу сярэднявечная «Кроніка Лівоніі».

Няўжо рыжскі пугач смяецца з яго? Так, смяяцца ёсць з чаго. Дагэтуль амаль заўсёды выйграваў ён, Альберт. Але біскуп ніколі не мог лічыць сябе поўным пераможцам. Нават тады, пад Гольмам, у дзень ганьбы полацкага войска.

І цяпер, праз дзесяць гадоў, князь не можа прыгадаць той паход спакойна. Аднекуль з глыбіні падымаецца і туманіць розум цёмнае воблака лютасці, ад якой самі сабой сціскаюцца кулакі.

Ён ізноў бачыць непрыступныя шэрыя вежы Гольма. Лучнікі з полацкага войска не даюць немцам і носа выткнуць з-за каменных зубцоў. Першая страла яшчэ не сустрэлася з зямлёй ці варожым панцырам, а наўздагон кожны лучнік паспявае паслаць яшчэ тры. Але немцы паставілі балісты і пачалі кідаць на табар абложнікаў камяні і цяжкія бёрны. Тады ён загадаў таксама збудаваць каменямёты. Палоннаму рыцару абяцалі жыццё, калі навучыць рабіць балісту.

Як абложнікі выцягнулі з лесу свае каменямёты, у Гольме стала так ціха, нібы ўсім немцам заняло мову. Аднак палачане радаваліся рана. Здаецца, усё было як належыць - і даўгія асверы, і цяжкія супрацьвагі, і трывалыя кашы, куды кладуць камяні, - але, калі ратнікі напялі вяроўкі і разам стрэлілі з усіх пяці балістаў, двухпудовыя камлыгі паляцелі не цераз замкавыя сцены, а ў другі бок, акурат туды, дзе стаяла гатовае да прыступу полацкае войска. Пятнаццаць вояў былі забітыя на месцы, а тут яшчэ каменны град пасыпаўся з замка, брама расчынілася, і немцы пайшлі на вылаз. Ён, князь, даў знак адысці, і тае ж хвілі з неба гахнуў камень і забіў пад ім каня. Раць кінулася да выратавальнага лесу. Рыцары несліся на яго з думкаю, што кароль Вальдэмар ужо ў іх у руках, а ён стаяў з аголеным мячом і рыхтаваўся як найдаражэй аддаць жыццё. Але малады дружыннік Віславус на скаку павярнуў сваю буланую кабылу і, падляцеўшы да яго, цяжкой дзідаю выбіў з сядла пярэдняга рыцара. Буланка вынесла іх абодвух з-пад стрэл, і невядома, ці зрабіўся б Віславус ваяводам, каб не тая ягоная адвага.

Назаўтра ганцы ад ліваў паведамілі, што на моры паказаліся караблі, і ён зняў аблогу. Так закончыўся той паход, аднак і тады рыжскі біскуп не перамог.

І ён не пераможа ніколі.

Хай, прыйшоўшы на падмогу Куканосу, ён застаў на месцы горада адны галавешкі, бо князь Вячка пасля лютай сечы з крыжакамі мусіў падпаліць сваю дзедзіну і ісці з дружынаю ў свет. Хай ездзіў на паклон у Рыгу Ўсевалад з Герцыкі. Хай ужо не ідзе ў Полацак даніна ад ліваў і летаў. Ён загадаў сваім вірнікам і мечнікам, радовічам і пад'язным не мець літасці да смердаў. Хто бунтуе - або галаву з плячэй, або ланцуг у вязніцы на княжым двары. Ад восеньскага Юр'я сядзяць там сем смердаў з Чорнай Лужы, што хавалі ў лесе хлеб. Баярын Міхайла зачыніў перад вірнікамі вароты, думаў адседзецца за дубовымі вотчыннымі сценамі. Цяпер грыміць ланцугом у порубе. І так будзе з кожным, хто пойдзе супраць ягонай волі, таму што не павінны пусцець збройні, свірны і мядушы ў Бельчыцах.

Ён, князь Валодша, з роду Рагвалодавічаў, не пусціў і не пусціць немцаў на крывіцкія землі. Не пусціць, пакуль за ягонымі плячыма веча, а яно стаіць за яго ўжо трыццаць летаў і будзе стаяць, пакуль жывы. І баяры, і полацкі епіскап не пойдуць супраць, бо цяпер гораду і княству трэба моцны абаронца.

Неспадзявана яму прыгадаліся дзвінскія парогі вышэй Віцебска, што цягнуцца на некалькі попрышчаў. Раку перагарадзілі там вялізныя каменныя валы, але яна, не могучы перапілаваць іх, не здаецца, паволі падымаецца на вал, абрываецца ўніз, творачы вадаспад, і зноў б'е ў камень, зацята точыць яго і ўсё ж праразае сабе вузкі ды глыбокі ход скрозь парог і ляціць з шалёнай хуткасцю, неўтаймоўна і пераможна. Гэтае змаганне ракі і парогаў, што назаўсёды запала яму ў памяць, цяпер, у бяссонную ноч, прынесла нейкую палёгку.

За біскупам - кесар, папа, нямецкія гарады, але за ім, князем Валодшам, зямля яго прадзедаў. За ім - купцы і рукамеслы люд, за ім - цёмныя смерды з вотчын і глухіх весяў. За ім - пастаўленая вялікім князем Усяславам Сафія і кніжная мудрасць, сабраная ў манастырах і цэрквах. Калі б чужынцы прыйшлі ў полацкія храмы, калі б яны пачалі паліць кнігі і на свой капыл выпраўляць летапісы, продкі ўсталі б са сваіх магіл і ўзбунтавалася б сама зямля. Праўда - за ім, князем, а не за крыжакамі.

Рогат пугача пачуўся ўжо зусім блізка, але гэтым разам Валодша не перахрысціўся.

Хутка паплывуць уніз па рацэ полацкія стругі. У ягонай вотчыне за Барысавым каменем стаяць дзесяць балістаў, таемна зробленых на ўзор тых, што князь Вячка некалі адбіў у крыжакоў і прыслаў у Полацак. Цяпер камяні не паляцяць у сваіх. І войска ў яго будзе не такое, як калісьці.

Яшчэ ў студзені, пасля першых чудскіх паслоў, ён на радзе з Віславусам і трыма самымі вернымі баярамі наважыў збіраць сілу. Па езджых дарогах і звярыных сцежках ён адправіў пасланцоў у літоўскія лясы, дзе гараць знічы на капішчах Пяркуна, да земіголы і ў балотную краіну кураў, якія ідуць на бітву, закрыўшыся белымі шчытамі, і адсякаюць сваім параненым галовы, каб пазбавіць іх ад пакутаў. Ён паслаў людзей да дручанаў і лагажан, у Менск і Віцебск...

У Смаленск паслы не паехалі. Смаленскі князь сам глядзіць, каб адарваць кавалак ад Полацкай зямлі, ад сваіх братоў-крывічоў. Добра, калі ў спіну не ўдарыць. Затое ён, князь Валодша, моцна спадзяваўся на паўночных суседзяў. У Ноўгарад і Пскоў павёз пісаныя ім граматы сам Віславус. Ваяводзе было наказана, калі прычыніцца ў дарозе якое ліха, памерці, а лісты ў чужыя рукі не аддаць.

Не з лёгкай душой, а заціснуўшы гонар у кулак, пісаў ён тыя граматы. Ноўгарадцам і пскавічам нямецкія замкі на Дзвіне выгадныя: больш купцоў едзе да мора сухаземным шляхам цераз іхнія княствы. Пскоўскія ратнікі нават хадзілі купна з немцамі вайной на эстаў. Праўда, калі пскоўскі князь Уладзімір Мсціславіч апаганіў свой род, выдаўшы дачку за брата рыжскага біскупа, веча выгнала яго з горада разам з дружынай. Чатыры леты таму біскуп узяў швагра на перамовы з палачанамі і пачаў змушаць яго, вялікага князя полацкага, адмовіцца ад ліўскай даніны. І тады, калі ён павёў свае палкі на крыжакоў, Уладзімір Мсціславіч пскоўскі стаў з дружынаю ў нямецкі строй. Адзінае, што ён вытаргаваў тады для Полацка, - вольны праезд купцам па Дзвіне.

І ўсё ж склаў ён тыя граматы, а апроч пісанага загадаў Віславусу перадаць суседзям, што нядоўга будуць багацець ад сваіх выгодаў. Рыцары паставяць на калені чудзь і пойдуць на рускія землі. Прыспеў час забыць старыя крыўды і стаяць за свае рубяжы плячо ў плячо. Іначай палягуць паасобку, як дружына князя Ігара ў палавецкім стэпе. А выступаць трэба цяпер, пакуль рыжскі біскуп Альберт паехаў да папы і кесара разбіраць спрэчкі з мечаносцамі.

Валодша ўсміхнуўся, павесялеў. Ён разумны, біскуп. Кожны раз, як едзе ў Нямеччыну, ён набірае сабе не толькі рыцараў, але і майстроў, каб глыбей пусціць карані ў чужую зямлю. Нядаўна ён дазволіў лівам замест дзесяціны плаціць меру збожжа з аднаго каня. Цяпер лівы не паўстануць. Біскуп вельмі разумны, ды здаралася аступацца і рыжскаму пугачу. Відаць, не раз гатовы быў кусаць сябе за локці, што заснаваў ордэн. Войска Альберта служыла яму толькі ад лета да лета, а потым, заробіўшы адпушчэнне грахоў і ў жадобу парабаваўшы, крыжакі вярталіся на караблях дадому. Ён думаў, ордэн памножыць ягоную моц. Але браты-рыцары, увабраўшыся ў дужасць, зрабіліся не памагатымі, а заклятымі ворагамі. Не першы год біскуп і ордэн грызуцца, як злыя сабакі за смачную костку. Некалі Альберт даваў ім траціну заваяванай зямлі, а цяпер ужо мечаносцы дакляруюць яму гэтую траціну, дый то на словах. Пакуль не замірыліся, пакуль няміласцівы да біскупа папа ў Рыме, і трэба біць псоў.

І аб тым загадаў ён Віславусу сказаць у Ноўгарадзе і Пскове, што не сёння, дык заўтра можа прыйсці на берагі Варажскага мора новы вораг. Угорскі кароль пусціў на свае землі рыцараў-тэўтонаў, што дагэтуль ваявалі з сарацынамі. Полацкія князі здавён маюць сярод купцоў верных людзей, якім наказана ў падарожжах дбаць не толькі аб добрым гандлі, але мець вушы і вочы дзеля сілы і прышласці роднага гнязда. Летась купец Васіль прывёз вестку, што ляшскія князі просяць ў тэўтонаў падмогі супроць прусаў...

Поўня скацілася з неба, дзесьці далёка за лесам пачынала разгарацца вогнішча дзянніцы. Каб адпрэчыць бяссонне, князь паклаў у галовах вялікі, з Барыскаў кулачок, кавалак бурштыну і зноў прылёг. Але сну па-ранейшаму не было ні ў адным воку.

Нібы роднага сына чакаў ён тады Віславуса з адказам, цешыўся надзеяю, што адыдзе ў мінулае задаўненая варажнеча. У смелых думках бачыў, як будзе сватаць за Барыску дачку ноўгарадскага князя. Тады Полацак і Ноўгарад стаялі б на сваіх межах непарушна.

Ваявода вярнуўся праз месяц. Прыехаў сярод ночы, схуднелы, цёмны тварам, з памарожанымі шчокамі. «Невясёлыя весткі, княжа». - «Кажы! - загадаў ён. - Лепей злое чуці, чым злое мовіці».

Ноўгарадцы, распавёў Віславус, крычалі на вечы, што пойдуць ваяваць немцаў, калі Полацак прышле назад званы, што Ўсяслаў Чарадзей з іхняй Сафіі зняў і на сваю павесіў. Пскавічы таксама ўспомнілі, як іх Усяслававы палкі палілі. Як быццам Полацку няма чаго згадаць! Хіба пскоўская дружына не пускала дымам полацкую воласць? Хіба не прыходзіў Уладзімір ноўгарадскі з хаўруснікамі сілай браць за сябе Рагнеду? Не мяды на іхнім вяселлі ліліся, а Рагвалодава кроў. Пасля таго і разгарэлася варажнеча на дзвесце з лішнім летаў. Можа, і папусціўся б ён, адаслаў назад званы, але ж нічога добрага з гэтага не выйдзе. Адно што пасмяюцца ў Ноўгарадзе, маўляў, дазвання растрос Полацак славу сваю і гонар.

Давідна сядзелі яны з Віславусам у тую зімовую ноч за сталом і цяжка маўчалі. Ён піў чару за чарай, і здавалася, п'е не віно, а чорную лютасць. Не стрымаўся - выхапіў меч і, секануўшы па карчазе, распалавініў стол. Віславус спалатнеў, але не зварухнуўся, толькі ціха прамовіў: «Паберажы, княжа, дужасць на лацінцаў...»

Ён, Валодша, ужо даўно зразумеў: каб адолець біскупа, мала адной сілы. Ён стаў асцярожны. Калі маеш справу з Рыгаю, хітрасць - не загана. Ён добра памятае, як колькі гадоў таму нямецкія паслы выведалі ягоныя задумы і таемна паслалі біскупу вестку аб зборах полацкага князя ў паход. Рыцары, што меліся адплываць за мора, зноў прынялі крыж і засталіся ў Рызе. Ён так і не дазнаўся, каго з полацкіх моцных мужоў падкупілі немцы. Часта думаў пра баярына Іллю, прыкмячаў, як той адводзіць вочы, тоячы нешта сваё. І хоць ніхто не бачыў немцаў на баярскім двары, неяк на паляванні князеў лоўчы спудлаваў, і булатная страла ўпілася не ў закрывак ваўку, а ў Іллёў гарляк.

Пра новы паход ведаюць пяць чалавек, а ўвесь Полацак гаворыць, што князь пойдзе ў набег на бязбожных літоўцаў. Хай мянцяць языкі - літоўскім князям-кунігасам не горай, чым яму, вядома, што гэта будзе за набег. Літоўцы ўмеюць трымаць язык за зубамі. А да немцаў ён цяпер зычлівы. Летась біскуп не выпусціў з Рыгі палачанаў за тое, што ў Полацку купец Міна прадаў нямчыну тры беркаўцы паганага воску. Быў той воск са смалою ды яшчэ, дзеля большае вагі, стоплены з камянямі. Ён, князь, як і належала па мірнай дамове, судзіў Міну і змусіў вярнуць усю выручку. Строга пакараў і купца Алексу, што падфарбоўваў ды падстрыгаў футра. Пра ўсё гэта напісаў біскупу і ўадначас прасіў судзіць рыжаніна, які ў Полацку гандляваў соллю напалам з пяском, і рыцара, што набраў у крывіцкіх купцоў тавару на трыццаць залатых, а заплаціў пятнаццаць, нахабна сказаўшы, што замест астатніх грошай пакідае купцам іхнія жыцці. Біскуп адказ прыслаў скора, дзякаваў за суд, аднак пра свайго купца-шылахвоста і пра рыцара маўчаў, нібы тых і на свеце ніколі не было.

Чатыры гады, як у іх вечны мір. Не, рыжскі пугач не верыць, што ён, Валодша, скарыўся. Альберт, пэўна ж, разумее, што ён проста хоча выйграць час, і таму адкладваць паход далей не выпадае. Вечны мір... Учора ў Дзвіне ўтапілі двух выведнікаў-нямчынаў. Адзін труціў ваду, якую п'юць палачане. Калі б біскуп мог, ён бы атруціў, відаць, усю Дзвіну каля Полацка. А пра другога нямчына казалі, што той, можа, і не нямчын зусім, бо перад смерцю называў сябе Пятром з Друцка і бажыўся, што невінаваты. Калі так, няхай прыме яго бязвінную душу неба.

Гаслі апошнія, самыя яркія зоркі.

Не па сваёй волі нараджаецца чалавек, лежачы без сну, думаў князь. Але, калі прыйшоў ужо на свет, мусіць зразумець свой лёс і заўжды трымацца той невідочнай стралы, што ляціць праз дні і гады, пазначаючы кожнаму ягоны шлях. Ляціць, пакуль не ўпадзе долу. Тады застанецца толькі памяць аб чалавеку. Аб адным - на год, аб другім - на векі вечныя. Але ён згодны адмовіцца ад гэтае памяці, толькі б спраўдзілася задуманае.

Смерду трэба карміць гаспадара. Еўфрасіння жыла, каб сеяць зерне кніжнае навукі. А ён прыйшоў абараніць Полацкую зямлю. Настане пара, і крыжакі зломяць свой хрыбет.

Неўпрыкмет для сябе князь прамовіў астатнія словы ўголас.

Над борам падымаўся пунсовы сонечны шчыт.

 

4

 

Нізкія дзверы з рыпеннем павярнуліся на «пятцы» і зачыніліся. Немалады, каратканогі і шырокі ў целе кастапраў Даніла адступіў на два крокі і ў цьмяным святле каганца глядзеў на госця. На шырокім насатым твары была насцярожанасць.

Богуш абвёў позіркам хату. Справа ад дзвярэй стаяла гліняная печ і было заторкнутае валаковае акенца. За печчу - палаці і нары. Уздоўж другой сцяны цягнулася лава, з якой свяціў зялёнымі вачыма кот. У хаце было цёпла і чыста. Па-ранейшаму нішкам Богуш выцягнуў з запазухі і падаў Данілу нешта загорнутае ў анучку. Гаспадар падышоў да каганца на прыпеку. У анучцы была каменная плітка з выяваю аленя і няроўна адбітым краем.

Таксама моўчкі Даніла скінуў на лаву чорны кажух і пацягнуў за цвік, на якім вісела апранаха. Са сцяны лёгка выйшаў урэзак бервяна. Памацаўшы ў схоўцы рукой, кастапраў зноў наблізіўся да святла. На Данілавай далоні побач з пліткаю ляжаў адбіты вугалок. Ён прысунуў яго ўсутыч, і да аленевай галавы прыраслі галінастыя рогі.

- Gоtt mіt uns!* - ціха загаварыў Богуш.

* З намі Бог! (ням.)

- Gоtt mіt uns! - як рэха азваўся гаспадар.

- Наш айцец біскуп Альберт шле табе сваё блаславенне, Дзітрых. У Рызе памятаюць пра цябе. Калі мы прывядзём схізматаў да праўдзівай веры... - На дварэ забрахаў сабака, і госць асекся.

- Я не ведаю твайго імя... -сказаў лекар, калі сабака суняўся.

- Ты не зробіш вялікай памылкі, калі будзеш называць мяне братам Тэадорыхам.

- Я думаю, ты прыйшоў не з пустымі рукамі, брат Тэадорых? - унікліва запытаўся кастапраў.

Госць павесіў на канявы слуп кайстру і зняў світку. Паверх палатнянай кашулі на ім была кальчужная безрукаўка.

- Пагаворым пра гэта пасля, - сказаў ён. - Я галодны.

Лекар паставіў на стол ёмісты збан і спод з вэнджаным вепручыным кумпяком. Госць памаліўся, асушыў вялікую шкляніцу і стаў прагна есці, адкройваючы нажом і адпраўляючы ў рот ніштаватыя кусы вяндліны. Кастапраў не еў, але піў упоравень з госцем, пакідаючы на густой барадзе кроплі піва. Здаволіўшыся, Тэадорых адсунуў спод і павёў гамонку далей.

- Перад ад'ездам у Рым айцец біскуп маліўся за здароўе полацкага караля Вальдэмара. Мы чулі, ты добра лекаваў яго...

Кастапраў закруціўся, нібы сеў на гарачае.

- Увосень кароль быў на ловах, і на яго выскачыў паранены дзік. Кароль пашкодзіў руку. Я ўправіў костку і зашыў рану ядвабнымі ніткамі. Да Калядаў кароль забыўся, што ў яго была рана. Ён шчодра заплаціў. Скажы, брат Тэадорых, я кепска зрабіў, што хутка вылечыў караля?

- Табою кіраваў сам Бог. Цяпер цябе часта клічуць у Бельчыцы?

Супакоены лекар падліў у шкляніцы піва.

- Бельчыцкі зялейнік добра лечыць травамі, але ніхто ў Полацку не ўмее так, як Дзітрых, упраўляць косці, - з гонарам сказаў ён.

- Не забывай, што сваё ўменне ты атрымаў ад Госпада. - Тэадорых крыху памарудзіў і, глянуўшы кастаправу проста ў вочы, дадаў:

- І Гасподзь жадае, каб ты лячыў караля зноў.

- Цяпер ён здаровы, як тур. Бог... - лекар папярхнуўся, - д'ябал даў яму сілы столькі, што хопіць на нас дваіх.

Госць засмяяўся.

- Біскуп казаў мне, што ты тугадум. Цяпер ты павінен вылечыць караля назаўсёды.

У цёмных вачах гаспадара мільгануўся спалох.

- Ужо трыццаць год полацкі кароль як бяльмо на нашым воку. - Тэадорых нахіліўся над сталом да лекара. - Ён не толькі неблагі воін. Ён стаў неблагім палітыкам. Сёння на рынку і на вуліцах я чуў, як пра яго гаварылі з бояззю і павагай. Але самае страшнае не гэта. Айцу біскупу ў дзень святога Пятра быў сон. Апостал з'явіўся перад ім і мовіў. «Я адкрыю табе вочы, і ты ўбачыш тое, што ўжо даўно мусіў убачыць». Апостал правёў далоняй па ягоным твары, і святы айцец убачыў, як Вельзевул у абліччы Сына чалавечага кладзе ў руку каралю Вальдэмару меч, і пачуў, як ён грамавым голасам гаворыць: «Я выбраў цябе, каб ты пазбавіў гэтую зямлю ад Хрыстовых слуг». Тады Вальдэмар укленчыў перад ім і сказаў: «Верую ў сілу тваю, Божа».

Госць і гаспадар перажагнуліся, адпрэчваючы служак д'ябла, якія маглі быць недзе побач.

- Нашы перамогі не павінны туманіць нам галаву. Вальдэмар паверыў, што яму наканавана не пусціць у Полацкую краіну праўдзівае слова Божае. Ён сам асудзіў сябе на смерць. Я прыйшоў, каб абарваць чорную нітку ягонага жыцця.

З гэтымі словамі Тэадорых узяў сваю кульбу, крутануў яе пасярэдзіне, і кульба разышлася надвое. У руцэ ў госця апынуўся маленькі бутлік з крупчастым белым парашком.

- Адно каліва гэтых лекаў, - ён страсянуў бутлік, - вылечыць караля ад усіх былых і будучых хваробаў.

Лекар загаварыў пасля цяглага маўчання.

- Дзітрых просты чалавек, але ён бачыць, што Бог сапраўды хоча гэтага. У каралеўскай вязніцы сядзіць баярын Міхайла. Міхайлаў сын выракся бацькі і служыць у Вальдэмара чашнікам. У ягоных руках усе вінныя скляпы і мядушы. У душы Міхайлаў сын ненавідзіць караля і хоча вярнуць бацькаву вотчыну...

Твар госця асвятліла змрочная радасць.

- Вось гэта ўмацуе ягоную нянавісць. - Ён дастаў з кайстры важкую торбачку і высыпаў на стол залатыя манеты.

- Я сказаў не ўсё. Баярскі сын не асмеліцца падняць руку на князя. Але калі б...

- Калі б што? - нецярпліва выгукнуў Тэадорых.

- Калі б ягоны бацька памёр... Дзітрых думае, тады баярскі сын адважыцца.

- Няхай баярын памрэ, - сказаў госць.

- Дзітрых будзе гаварыць з чалавекам, які носіць Міхайлу хлеб і ваду...

- Не шкадуй золата. Ты атрымаеш удвая больш. - Госць кіўнуў на рассыпаныя на стальніцы манеты.

- Я і цяпер сказаў не ўсё.

Тэадорых здзіўлена і зласліва падняў бровы.

- Дзітрых не такі вучоны чалавек, як ты, і не ўмее гаварыць так складна. Але ён думае, што трэба пачакаць. Кароль Вальдэмар збіраецца ваяваць з літоўскімі паганцамі. Мы вылечым караля, калі ён вернецца. Літоўцы таксама ворагі Рыгі.

Вусны ў Тэадорыха скрывіла пагардлівая ўсмешка.

- І ты паверыў у гэтую казку для немаўлятаў. Кароль Вальдэмар таемна пасылаў да літоўцаў сваіх ганцоў. Мо твая галава думае, ён хацеў папярэдзіць, каб чакалі ў госці? Га-га-га... Кароль даўно прагне ісці на Рыгу. Ледзь не кожны дзень ён прымае нейкіх паслоў. Богу дагодна адправіць яго ў пекла цяпер. Адно скажы баярскаму сыну, што атруту трэба даць у дзень выхаду ў паход. Не раней.

Лекар глядзеў на госця прысаромлена, але непаразумела.

- Ты ўпраўляеш косці лепей, чым варушыш сваімі старымі мазгамі. Калі кароль памрэ ў гэты дзень, мы зможам абвясціць усяму свету, што сам Усявышні пакараў яго за злачынства, задуманае супраць царквы. І гэта будзе праўда, бо ўсе мы ў руцэ Гасподняй. Храніст біскупа Генрых пакіне памяць пра гэта людзям, што будуць жыць тут праз стагоддзі, калі ўвесь гэты край даўно будзе нашым.

Вочы ў начнога госця апантана гарэлі.

- А зараз памолімся, каб не забывала нас у нашых пачынаннях Дзева Марыя.

Тэадорых апусціўся на калені. З апаскаю паглядаючы на госця, лекар укленчыў побач. Абодва сталі маліцца.

 

5

 

А трэцяй гадзіне ад усходу сонца Валодша і ваявода Віславус прымалі ў княжай палаце паслоў з Герцыкі.

Колькі гадоў таму, здабыўшы бліжэйшы ад Рыгі Куканос, біскуп Альберт на чале вялікага войска падступіў да Герцыкі, дзе сядзеў Усевалад з роду Рагвалодавічаў. Крыжакі прыйшлі помсціць за вернасць Полацку, за тое, што Ўсеваладава дружына няраз шкуматала Лівонію. У набегі князь хадзіў зазвычай разам з аўкштайтамі, бо іхні магутны кунігас Даўгерут даводзіўся яму цесцем. У Рызе ваяўнічага памежнага князя пабойваліся, а Герцыка ды Полацак любілі яго - не толькі за адвагу ў бітве, але і за часты шанцунак, за тое, што свяціла яму з неба шчаслівая зорка.

То ягоныя ваяры знянацку з'явяцца пад самымі рыжскімі мурамі, захопяць гарадскі статак і двух лацінскіх святароў у прыдачу і беспакарана вернуцца ў свой удзел. То, надзеўшы нямецкія панцыры, без бою ўвойдуць у замак і палоняць тузін рыцараў і самога комтура. То як быццам ні з чога ні з якага загарацца сярод ночы нямецкія караблі ў завані...

Відаць, і тады Ўсевалад верыў у сваю шчаслівую зорку, бо не зачыніўся ў замку, каб трываць аблогу, а вырашыў біцца ў полі. Аднак людзей у Альберта было болей, а паміж Усеваладавых вояў не кожны нават меў кальчугу. Разы са два герцыкскія ратнікі наляцелі на немцаў, ды адпалі, як выжлы ад мядзведзя, і кінуліся бегчы назад да брамы. Услед за імі крыжакі ўварваліся ў горад і пачалі сеяць смерць. Праўда, князь з дружынаю і многімі мужамі прабіўся да стругаў і ўратаваўся за Дзвіной, але жанкі і дзеці трапілі ў палон. Два дні крыжакі рабавалі Герцыку, выганялі з хлявоў худобу, зносілі да княжага хорама золата, срэбра і пурпур. На трэці дзень, утапіўшы царкоўныя званы і пасекшы мячамі абразы, немцы падпалілі горад і берагам пагналі палон у Рыгу. Прывязаная да калёсаў са скарбам, басанож ішла разам з усімі і проставалосая Ўсеваладава жонка Альдона з дачкою на руках.

У чоўне-аднадрэўцы пераплыў раку адпушчаны палонны. Усевалад, ашчаперыўшы голаў, сядзеў на краі берагавога ўрвішча і моўчкі гайдаўся з боку ў бок. Пушчанік перадаў словы біскупа Альберта. Калі князь хоча вярнуць жонку з дзіцем і палон, няхай адзін едзе ў Рыгу. Усевалад кінуўся на вестуна з мячом, ледзьве не ўчыніўшы смертазабойства.

Але лютага каня вуздэчка стрымае, а хуткі гнеў розумам утаймуецца. Праз сядміцу князь паехаў у варожае кубло. Перад рыцарамі, клірыкамі і купцамі ён назваў Альберта бацькам і перадаў яму Герцыку з зямлёй і вотчынамі, паабяцаўшы быць верным лацінскай царкве і не хадзіць з літоўцамі ў набегі. Зняважаны Ўсевалад ішоў адбудоўваць горад з палонам і трыма прынятымі ад біскупа чужынскімі сцягамі.

Князь Валодша будзе гэта памятаць давеку. Таму і гаворку з людзьмі з Герцыкі пачаў сувора, хоць у душы і хаваў радасць. Яго цешыла, што не памыліўся, калі не адправіў сваіх паслоў да Ўсевалада. Валодша быў пэўны, што герцыкскі ўладар дачуецца пра паход ад літоўцаў і рана ці позна, наступіўшы на горла ўласнай гордасці, адзавецца сам. Князь ведаў: хай сабе і схіліў Усевалад шыю перад рыжскім пугачом, але ніколі ён не паставіць дружыну ў варожы строй, не ўчыніць крывіцкім мячам такой нязбыўнай ганьбы.

У княжую палату, дзе ў вясёлыя вечары збіралася бяседа на сто чараў, зазірала сонца. Яно запальвала жаркім агнём медныя бляхі на каваных шчытах, што віселі па сценах, чаргуючыся з раскідзістымі рагамі аленяў і ласёў. Адсюль, з другога паверха, была відаць мураваная царква пад свінцовым крыццём і выцягнутыя ўсцяж частаколу дахі жылых клецяў, на якіх пад час аблогі стаялі абаронцы. Сям-там на дахах зелянеў мох, а на ўгрэве паспела распусціцца залацістая багатка. І ад прыходу паслоў, і ад такой яснай раніцы князь чуў сябе надзіва ўпэўненым і дужым.

- Ну, распавядайце, ці добра жывецца пад нагой у біскупа, - пачаў Валодша. На ім ладна сядзела сіняя світа з чырвонаю аблямоўкай і залатымі закаўрашамі, на нагах былі расшытыя срэбрам боты з чырвонага юхту.

Людзей ад Усевалада прыйшло двое: кульгавы ваявода Збыслаў - невысокі, увесь жылаваты і моцны, як смаловы корч, і старэйшы Ўсеваладаў сын Васілька, яшчэ падлетак, з дзіцячым румянцам на бязвусым і безбародым твары, але ўжо з шырокімі па-мужчынску плячамі, якім было цеснавата ў зялёным аксамітавым каптане. Разам з імі быў руды вяснушкаваты волат - літоўскі воін Рудзіс.

Князь чакаў адказу і міжволі параўноўваў свайго старэйшага сына з Васількам. «Такі, калі давядзецца, можа з бацькавых рук меч прыняць», - зайздросцячы Ўсеваладу, думаў ён.

У палаце павісла ціша. Было чуваць, як недзе далёка на прыдзвінскім поплаве клякоча бусел.

- Дык чаму не хваліцеся, як вас новы гаспадар шануе? - парушыў гэтае маўчанне Валодша. - Ці смачнейшы стаў ваш хлеб, ці саладзейшы мёд?

Васілька ад пякучай крыўды закусіў губу. На скроні ў ваяводы Збыслава набракла крывёю жыла.

- Не такія мы словы чуць хацелі, - глуха сказаў стары ваяка.

- Не льюць міру духмяную ў паганы посуд. - Сярод кніг, а іх у цераме было шмат, Валодша найбольш гарнуўся да «Пчалы» і «Ізборнікаў», любіў уплесці ў гаворку чытаныя там словы святых айцоў і свецкіх філосафаў. - Можа, гэта не ваш князь рыжскага біскупа за роднага бацьку прызнаў? Можа, не ваш Усевалад прысягаў адкрываць Рызе ўсе намеры і палачан і літоўцаў? Ёсць таму самавідцы.

- Ты, князь, не сядзеў на тым рубяжы. Твая жонка і дзіця не паміралі ад голаду, і немцы не кідалі ім, акі псам, скарынкі на зямлю. Але і ты падпісаў з біскупам вечны мір.

- Які гэта мір, ты, кульгач, ведаеш, - сказаў Віславус, стараючыся патрапіць у лад князю. - На той сядміцы двух нямчынаў-выведнікаў на гасціны да вадзяніка выправілі...

- Дай мне мовіць, - спыніў яго Валодша і падняўся. - Мір мірам, а лацінцаў братамі не зваў і, пакуль жывы, не назаву! - Ён секануў рукою паветра.

Пасланы біскупам клірык і яго схіляў некалі прыняць новую веру. «Асвяці душу і розум ісціным законам Божым, - пранікнёна казаў красамоўны рыжанін, - і Бог прыспорыць табе і твайму каралеўству велічы і моцы». Пасля новага хрышчэння, абяцаў клірык, вучоны святар Генрых, што піша лівонскі летапіс, праславіць імя полацкага караля на ўвесь хрысціянскі свет. Валодша ўспомніў, як адказаў тады. Адказаў гожа: «Ад Адама і Евы да патопу, ад царства Саламонава да Аўгуста, ад страсці да ўваскрэсення - пра ўсё я знаю і вучэння ад вас не прыму. Дасць Бог, здабуду славу ад іншага чыну».

Усё тое мільганула цяпер у памяці, як пошуг бліскавіцы.

- Не лацінец мой бацька! - усхапіўся з лавы Васілька. - Па-старому моліцца! Рымская царква ўпусце стаіць! Вокны каменнем пабілі, а лацінскі поп у Рыгу ўцёк.

- Любіш бацьку, - пахваліў Валодша. - Толькі, княжыч, вокны ў пустой царкве біць - подзвіг невялікі.

- Дазволь слова сказаць, княжа, - устаў кульгавы Збыслаў.

Валодша ў згодзе нахіліў голаў. Ён ведаў, пра што скажа стары ваяка і чакаў ягоных слоў, бо час ужо быў пакідаць папрокі і кпіны і прыступацца да галоўнага.

- Як князь Усевалад біскупа слухае, ты чуў. - Кульгач абапёрся на стол звітымі з жыл рукамі. На дзясніцы не ставала сярэдняга пальца. - Ад той самай пары ў Альберта не быў і на граматкі ягоныя не адпісваў. Ты пра вялікі пажар у Рызе знаеш. Нашы людзі з літоўцамі чырвонага пеўня пусцілі. Згарэла царква лацінскае Багародзіцы, згарэў дом біскупаў, згарэла царква братоў-рытараў...

- Агню пад вугал пакласці - няхітры чын, - бадай, ужо супраць волі, аднак сарваліся яшчэ з Валодшавых вуснаў насмешлівыя словы. Але разумны Збыслаў, адчуўшы ў князю перамену, пусціў іх міма вушэй.

- І летась добра паслужыла Герцыка біскупу, калі пабілі рытараў з Куканоса.

Валодша і Віславус заківалі. Сапраўды, летась герцыкскія кметы няблага адмыліся ад ганьбы ў чужынскай крыві, а за дзесяць знаных нямчынаў Рыга пасылала на караблях багаты выкуп.

- Кажы, што табе князь Усевалад перадаць вялеў! - загадаў Валодша старому ваяводу.

- Вялеў сказаць: жадалі і жадаем быці з Полацкам. А другі раз у Рыгу хочам з табой схадзіць. Ад Герцыкі пойдуць твае стругі купна з нашымі.

- Добра мовіў. - Валодша, зусім адтаяўшы, гладзіў далоняй мякчэйшую і святлейшую, чым валасы на галаве, бараду.

- А пад якімі сцягамі ў паход пойдзеце? - са смехам у сініх вачах запытаўся Віславус. - Пад тымі, што біскуп даў?

- Пад полацкімі! - апярэдзіў кульгавага ваяводу Васілька. На круглявым твары падлетка з'явілася першая, трохі вінаватая ўсмешка.

Літоўскі воін Рудзіс за ўсю размову не вымавіў ані слова. Але слухаў ён з чуйнаю ўвагай, і, хоць крыўдныя князевы словы абміналі яго, як абмінаюць стрэлы загавораны панцыр, відаць было, што руды волат спагадае сваім спадарожнікам.

- Затчэна* каргача ды маўклівы чалавек - невядома, што ў іх ёсць, - павярнуўся князь да аўкштайта. - Якія весці прынёс?

* Заторкнутая.

- Тры леты мінула, як крыжакі схапілі кунігаса Даўгерута. - Рудзіс някепска гаварыў па-крыўску. - Мы будзем помсціць, пакуль помнім яго імя.

І Усеваладавы паслы, і полацкі князь з ваяводаю добра ведалі, як Даўгерут паехаў на перамовы з ноўгарадцамі і на зваротным шляху трапіў у палон да мечаносцаў. Звыклага да лясных разлогаў кунігаса пасадзілі ў каменную цэлю з кратамі заместа столі. Яму днямі не давалі вады, а калі ён засынаў, вартавы калоў яго зверху дзідай. Сам ордэнскі магістр Волквін падпальваў Даўгеруту ў розных месцах валасы і бараду. Вольналюбівы Ўсеваладаў цесць не стрываў здзекаў і забіў сябе.

- Мы аддаём нябожчыкаў агню, а немцы закапалі нашага князя, як сабаку. - Голас аўкштайта зазвінеў. - Даўгерут не трапіў на неба і нябачна блукае па нашай зямлі. Ён дае слабым сілу, а моцных робіць яшчэ мацнейшымі. Яны, - Рудзіс выцягнуў перад сабою даўгія рабаціністыя рукі, - летась забралі жывот у сямі рытараў.

- Летась было, па Дзвіне сплыло. Што ты скажаш цяпер?

- Нашы воіны прыйдуць да нямецкіх замкаў. Мы кінулі дзіду ў раку. Гэта - вайна. Мы дамо столькі сотняў воінаў, колькі пальцаў на руках у цябе з тваім ваяводам і ў мяне.

- Які знак паслаць вам, калі я пайду ў паход? - таймуючы радаснае хваляванне, спытаўся Валодша.

- Будзем сачыць твае караблі на Дзвіне.

Князь абняў літоўца і, удыхнуўшы кіслявы пах ягонай аўчыннай безрукаўкі, краем вока перахапіў раўнівыя позіркі кульгавага Збыслава і Васількі. Выпусціўшы з абдымкаў Рудзіса, ён гэтаксама моцна абняў Усеваладавых паслоў. Падлетак ажно па-дзіцячаму войкнуў.

- Стольніка з чашнікам сюды! - загрымеў князь. - Грэх сёння бочку трайняку не разбіць!

 

6

 

Лекар вярнуўся ў Запалоцце, калі вадзянік ужо расклаў сваё халоднае вогнішча і над ракою папоўз туман. Дзітрых насвістваў крывіцкую песеньку.

Пастаялец чакаў на старым бервяне пад тынам, там, дзе падворак апускаўся да Палаты. Чалавека, што сядзеў тут, нельга было згледзець з вуліцы. Убачыўшы лекара, Тэадорых, не тоячы нецярплівасці, ускочыў на ногі.

- Gоtt mіt uns! - прывітаўся кастапраў. Ад яго пахла брагай.

Яны зайшлі ў хату, і Тэадорых зачыніў дзверы.

- Бачу, ты вясёлы. Напэўна, не толькі ад віна?

Лекар, муркаючы пад нос сваю песню, адсунуў засаўку і прыцягнуў з клеці збан хмельнага мёду.

- Калі Міхайла памёр, кароль Вальдэмар раззлаваўся і шукаў вінаватых, - сказаў ён, наліваючы ў шкляніцы цёмна-бурштынавы трунак. - Але баярскі сын паверыў, што бацьку звялі са свету па каралеўскай волі. Га-га-га... Цяпер ён зробіць тое, чаго мы хочам.

- Ты навучыў яго, калі трэба даць нашы лекі?

Гаспадар кіўнуў.

- Праўда, баярскі сын казаў, што кароль стаў падазроным. Ён часта здымае з пальца і кідае ў чару пярсцёнак, што прывезлі яму купцы. Камень з таго пярсцёнка забівае атруту*.

* Гаворка ідзе пра так званы безаарны камень, які ўтвараецца ў страўніку некаторых жывёл. Прадстаўнікі вышэйшых слаёў грамадства сярэднявечнай Эўропы, баючыся, што іх атруцяць, пад час застоліцы нярэдка кідалі ў келіх пярсцёнак з безаарным каменем або высыпалі туды загадзя натоўчаны парашок. Лічылася, што ад гэтага любая атрута, асабліва найбольш пашыраны тады мыш'як, траціць сваю сілу. Доследы сучасных біяхімікаў пацвердзілі, што безаарны камень у выніку хімічнай рэакцыі сапраўды робіць няшкоднымі мыш'як і арсеніды.

- Мае лекі з краіны жаўтатварых людзей, якая ляжыць за гарамі і пустэльнямі. Дапасці той краіны можа адзін падарожнік з пяці, а вярнуліся толькі двое ці трое. Ад гэтых лекаў не паможа ніякі пярсцёнак, нават калі яго даў каралю сам Вельзевул.

- З намі Бог. - Кастапраў зноў напоўніў шкляніцы. - Выпі, брат Тэадорых, і даставай сваё золата. Не, яно ўжо маё. Га-га-га... Дзе маё золата, брат Тэадорых?

На стол з глухім стукам упаў цяжкі палатняны мяшэчак. Перакуліўшы шкляніцу ў разяўлены рот, лекар выцягнуў з мяшэчка залаты і праверыў яго на зуб. Ужо не надта ўпэўнена трымаючыся на нагах, ён схаваў золата недзе за печчу.

- Адну манету Дзітрых дасць удаве Агафіі з Млынавага завулка. Не, ён дасць ёй дзве манеты. За тое, што яна любіць старога кастаправа Данілу. І за тое, што цела ў яе белае, як пшанічная мука. А трэці залаты ён дасць ёй за тое, што... Га-га-га... Брат Тэадорых, ты любіш... га-га-га... - Ён зрабіў непрыстойны жэст.

Альбертаў пасланец глядзеў на лекара рысінымі вачыма. Ён падышоў да дзвярэй і зноў зачыніў іх на засаўку.

- Ты шмат п'еш, Дзітрых, а калі чалавек вып'е, ён робіцца балбатлівы, як жанчына.

Рухі ў лекара запаволіліся. Ён важка апусціўся на лаву і паківаў перад носам у Тэадорыха кароткім мясістым пальцам.

- Скажы біскупу, што Дзітрых ведае, што робіць. У яго не развяжацца язык нават пад агнём. Дзітрых не будзе карміць рыбу ў Дзвіне, як недарэка Зігфрыд, хоць ён і прыхапіў з сабой на той свет аднаго з гэтых схізматаў. Га-га-га...

У гожым твары Тэадорыха нешта зыначылася.

- Табе я веру, як самому сабе. Ты не выдасі.

- Вось гэта праўда, - цяжка варочаючы языком, азваўся лекар. Збан не слухаўся ягоных рук, і мёд ліўся на стол, расплываючыся цёмнымі плямамі.

Неўзабаве лекар апусціў голаў на рукі і, здавалася, заснуў. Тэадорых уважліва паглядзеў на яго. Але раптам кастапраў прахапіўся, павёў вакол асавелымі вачыма і, аберуч прыціскаючы да жывата парожні збан, пабрыў да дзвярэй. Каля печы ён пахіснуўся і, выпусціўшы пасудзіну з рук, ухапіўся за канявы слуп. Дзітрых паспрабаваў ускараскацца на палаткі, ды не змог, дагары забурыўся проста на чарапкі і імгненна захроп.

Даволі доўга ў хаце быў чуваць адно густы храп з прысвістам.

- Кароль Вальдэмар памрэ, - напаўголаса загаварыў пасланец біскупа. - Бог выбраў мяне, свайго слабога слугу, і даў мне сілы, каб я ўчыніў суд. - У ягоных вачах загарэўся ліхаманкавы бляск. - Кароль памрэ, і яго забудуць, бо тут будуць наша вера і наша ўлада. А слава пра нас, Божых слуг, дойдзе да нашчадкаў. Дзеля гэтага я пакінуў сваю радзіму, дзеля гэтага жыў сярод ворагаў і гаварыў на іхняй мове.

Перахрысціўшыся, ён наблізіўся да лекара і некалькі імгненняў глядзеў на насаты твар з адкрытым ротам. Па шчацэ ў Дзітрыха паўзла муха. Недзе паблізу вылі сабакі.

 

7

 

У першую нядзелю, па Вялікадні на полацкім кірмашы ўдава рыбака Агафія, кінуўшы на прылаўку рашоты з пячыстамі, як каршун наляцела на рослага сухарлявага чалавека з дарожнаю кайстраю на плячы. Той спрабаваў бараніцца кульбай, ды раз'ятраная баба прыціснула яго да зямлі сваім мажным целам і не адпусціла, пакуль не падбеглі пасаднікавы цівуны. Спярша людзі рагаталі з неспадзяванае пацехі і пад'юджвалі ўдаву, але яна на паў-Полацка ўсчала лямант, што гэты чалавек зарэзаў запалоцкага кастаправа Данілу. Удава бажылася, што праз шчыліну ў плоце бачыла ліхадзея на Данілавым падворку перад той самай ноччу, калі душа лекара адляцела ў рай.

Сёй-той з кірмашнікаў пазнаў у злоўленым чалавеку аршанскага майстра Богуша. На роспыце аршанец лаяўся і крычаў, што ў Агафію ўсяліўся чорт. Калі ў роспытнай хаце на дзядзінцы кат прыпаліў Богушу ступакі, той усё роўна стаяў на сваім. Раззлаваны кат адцяў аршанцу мезенік на левай руцэ. Богуш адно стаў яшчэ страшней лаяцца, праклінаючы ўдаву самымі вусцішнымі праклёнамі. Тады пасаднік загадаў распаліць і прыкласці Богушу да лоба каменную плітку з выразаным на ёй аленем, якую знайшлі ў аршанца ў кайстры. Пачуўшы гэта, Богуш увесь закалаціўся і, не стрываўшы няўцямнага страху, прызнаў сябе нямчынам з Рыгі.

Каб не смярдзела паленым, нямчына абкурылі на двары сухой душыцаю і мятай, і цяпер ён, прываліўшыся да сцяны, сядзеў на падлозе ў шырокіх і светлых княжых сенях. У дзвярах застылі два лучнікі, гатовыя па першым знаку выпусціць стралу.

Валодша кагадзе вярнуўся з ратнае забавы і быў у кальчузе і з мячом на поясе. Апроч нязменнага Віславуса ў сенях сядзелі таксама пасаднік і пяць старэйшых баяраў. Тырчала тут і казліная ігуменава барада. Лука прыладзіўся з краю, як найдалей ад немца.

Князь сабраўся загаварыць, але Тэадорых апярэдзіў яго.

- Калі хочаш насыціць злосць свайго сэрца, забі мяне! - выгукнуў ён.

- Не спяшайся памерці, нямчын, - спакойна азваўся Валодша. - Не забіваць жадаю, а гутарыць з табой. Скажы нам, як здароўе нашага сябра біскупа Альберта.

- Я адкажу табе, хоць ты і гаворыш, як Юда, - вуснамі, а не сэрцам. - Тэадорых, чапляючыся за сцяну, намогся падняцца на ногі, аднак не патрапіў. - Святы айцец на страх шматлікім ворагам нашай царквы ў добрым здароўі.

- Хто многім страшны, той будзе многіх баяцца, - прамовіў князь, і па сенях праляцеў ухвальны шум.

- Хай скажа, ці паладзіў біскуп з братамі-рытарамі, - падаў голас Віславус.

- Сяброўства ордэна з Альбертам стала яшчэ мацнейшае, - гучна адказаў немец.

Ягоныя словы патанулі ў рогаце. Дробненька смяяўся, закідваючы галаву ў клабуку, нават ігумен Лука.

- Палюбіў воўк кабылу... - скрозь смех вымавіў пасаднік.

Твар Тэадорыха пабялеў, вочы наліваліся шалам.

- Якія яшчэ навіны пачуем мы з тваіх праўдзівых вуснаў? - адсмяяўшыся, запытаў князь. - Можа, раскажаш, як любяць біскупа і крыжакоў тыя, у каго вы адабралі зямлю?

- Гэта зямля святой Дзевы Марыі. Яна апякуецца над усімі, хто нясе сюды слова сапраўднай веры. Нядаўна ў няроўнай бітве з эстамі загінуў пілігрым Іардан. Браты, што спяшаліся на падмогу, за сем міляў убачылі, як яго душу неслі анёлы.

- Ці не чорныя былі тыя анёлы? - спытаў Віславус.

Немец адказаў яму позіркам, поўным бяссілай злосці і пагарды.

- У Полацак уцякло шмат людзей з земіголы. - Князь Валодша ўсміхнуўся ў бараду. - Яны расказваюць, што іхні біскуп Бернард на радзіме быў не святым чалавекам, а ўчыняў тацьбу, паліў і забіваў сваіх суседзяў. Калі ваша Дзева Марыя абараняе яго, мы не верым, што гэта сапраўдная Маці Божая.

- Ты блюзнерыш, кароль, а табе трэба маліцца. Уладарка свету карае ўсіх, хто ідзе супраць славы яе сына. - Жыццё яшчэ моцна сядзела ў Тэадорыху, і, перасмыкнуўшыся ад болю, ён здолеў узграбціся на ногі. - Хіба яна не скарыла караля Герцыкі? Хіба нямецкі меч не адсек галаву падступнаму князю гольмскіх ліваў? Хіба не загінуў у сваім замку мяцежны старэйшына летаў Русін? Бойся міласэрнай Дзевы Марыі, кароль!

- Не мне трэба баяцца, а табе, бо прыснадзевая Багародзіца аддала твой жывот у мае рукі, - сказаў Валодша, але ягоную душу на імгненне крануў нейкі цень, як быццам над ім праляцела вялікая злая птушка.

На памяць яму ўзбегла ўчарашняя размова з княгіняй. Увечары ён прынёс у пачывальню купленыя ў Полацку перлавыя каралі. Каб лепей разгледзець дарунак, Звеніслава падышла да акна і раптам ускрыкнула і выпусціла каралі з рук. «Ой, княжа, самая буйная перліна пацямнела, - шаптала яна, тулячыся да мужавых грудзей. - Благі то знак. Пільнуе цябе хвароба, а можа...» Звеніслава не дагаварыла. «Не трэба мніці пра такое. Загадай, каб чырвонаму пеўню праглынуць далі, і зноў пабялее», - гладзячы цёмную княгініну касу, адказаў ён.

Князь даўно прывучыў сябе не надта верыць у благія прыкметы, бо ведаў, што пабойваннямі можна загубіць любую справу. Цяпер, калі да паходу заставаліся лічаныя дні, даваць волю такім думкам нельга было і пагатоў. І ўчора, з жонкаю, і цяпер ён адразу нібы мячом адсек іх ад душы і адкінуў прэч. І ўсё ж немец нешта адчуў і ўзвысіў свой голас:

- Неба адкрыла нам тваю вераломнасць! Мы ведаем, на каго ты сабраўся ўзняць меч. Ты думаеш, твой хлуслівы бог выбраў цябе, каб спыніць мой народ? Не, кароль, гэта мяне абраў Гасподзь і паслаў са мною свой праклён!

Князевым людзям здалося, што ў цёплыя сені ўварваўся вецер.

- Загадай яго забіць! - не вытрымаў Віславус. - Загадай, бо ён накліча бяду!

Кметы на парозе нацягнулі лукі. Усе глядзелі на Валодшу. Ігумен двума пярстамі клаў на сябе крыжы.

Князь устаў і ўладна падняў руку.

- Як ад аскоміны пакасць зубам і ад дыму вачам, так і ад беззаконня - тым, што твораць яго. - Здавалася, ад зычнага князевага голасу затрымцелі цецівы ў луках. - Ты прыйшоў у мой горад, акі нань, назваўшыся чужым імем! Ты хацеў вызнаць, што думаюць і робяць палачане. Ты забіў кастаправа Данілу, які лекаваў мяне і маіх людзей. Ты заслужыў смерць, але не цяпер я буду судзіць цябе. Я буду судзіць цябе, калі вярнуся з паходу.

- Забі мяне зараз! - утрапёна закрычаў біскупаў пасланец. Ягоны белы, як сала, твар скрывіла нялюдская грымаса. - Забі мяне зараз! Ты нікуды не пойдзеш і ніколі не вернешся! Ты пойдзеш туды, адкуль не вяртаюцца.

- Забі яго, князь! - Усе паўскоквалі з лаваў.

- Не! - перакрыў голас Валодша. - Вы бачыце, страх зацямніў яму розум. Кіньце нямчына ў поруб! - загадаў ён кметам.

Калі тыя, накінуўшы на шыю Тэадорыху скураную пятлю, выцягнулі яго з сяней, князь абвясціў:

- Заўтра падыдуць першыя палкі з удзелаў. Пешыя ратнікі, прашчнікі і лучнікі паплывуць далей на плытах і стругах. Конная дружына пойдзе сухазем'ем. Каля Герцыкі прымем раць князя Ўсевалада і літоўцаў. Прыспела пара пастаяць за зямлю і веру!

 

8

 

Дзень выхаду ў паход выпаў сонечны і цёплы. У пасадах цвілі сады, і па ўсім горадзе бруіў тонкі вясновы пах квецені.

Адстаяўшы з дружынаю ютрань у Сафіі, вялікі князь Валодша першы ўзбег па сходах на княжы струг і павярнуўся тварам да Полацка. Бераг быў чырвоны ад шчытоў. Травеньскае сонца грала на шаломах у ратнікаў, што стаялі пад шматкалёрнымі сцягамі і белымі харугвамі. Князеву душу прасвятліла радасць. Чужынцы з крыжамі на плашчах ніколі не будуць гаспадарамі гэтай зямлі.

«Слава князю Валодшу!» - крычаў бераг. Але не паспела аціхнуць над Дзвіною водгулле, як полацкі валадар на вачах у Звеніславы з сынамі і ўсяго горада схапіўся аберуч за слямгу і пачаў асядаць на памост. Усё жыццё пранеслася ў князя перад вачыма, і ў астатнюю хвілю ён убачыў Барыску, да балючага выяўна ўбачыў, як сын водзіць пальчыкам па старонцы старой кнігі...

Віславус стралой узвіўся на княжы струг і паспеў пачуць апошнія, вымаўленыя ўжо неслухмянымі вуснамі словы: «...не аддайце...»

 

* * *

 

Так абарвалася жыццё князя Валодшы, але імя ягонае не згубілася ў стагоддзях.

Летапісец рыжскага біскупа Генрых не насмеліўся запісаць у сваёй кроніцы, што полацкага караля пакарала неба. Відаць, біскуп сам страшыўся кары за грахі і не хацеў, каб згадка пра іх дайшла да будучых пакаленняў.

У лета 6724 крыжакі дамагліся свайго. Абезгалоўленае войска ў паход не пайшло. Дарэмна ў вотчыне за Барысавым каменем грузілі на караблі грозныя каменямёты. Дарэмна чакаў Збыслаў з герцыкскай дружынаю. Марна ўглядаліся з наддзвінскіх хвояў у рачную далячынь дазорцы аўкштайтаў...

Ужо ў год смерці полацкага князя вялікі атрад мечаносцаў і рыцараў біскупа Альберта напаў на ноўгарадскую зямлю. Каб ударыць раптоўна, крыжакі пачалі набег у калядныя святы, а вялікі магістр перад гэтым адпусціў з дарамі дахаты палонных ноўгарадцаў.

Збыліся і іншыя Валодшавы прадгаданні. Праз дваццаць гадоў пасля бяссоннай ночы ў Бельчыцах прыйшла новая варожая сіла. Князь Конрад Мазавецкі падпісаў з Тэўтонскім ордэнам дамову аб скарэнні прусаў.

Аднак збылося не толькі благое. Спраўдзіліся і князевы надзеі. Не ўзяў сабе Барыска жонкі з Ноўгарада, але ноўгарадскі князь Аляксандр Яраславіч вянчаўся з Параскеваю, дачкой полацкага Брачыслава. Цяпер два княствы радніліся не так, як у часы Рагвалода і Рагнеды, не пад звон мячоў, а пад радасныя званы храмаў. Разам з пасагам везла княгіня абраз Багародзіцы Эфескай, што прыслаў некалі ігуменні Еўфрасінні яе сваяк візантыйскі кесар Мануіл, унук кесара Аляксея Комніна, жанатага з дачкою вялікага князя полацкага Ўсяслава Чарадзея. Пра гэты абраз царкоўнікі казалі, што напісаў яго нібыта сам апостал Лука. Але Аляксандр Яраславіч, якога яшчэ не звалі Неўскім, відаць, больш разлічваў не на цудадзейны абраз, а на сілу полацкіх палкоў, што няраз хадзілі на рыцараў.

Апантанага немца Тэадорыха смерць знайшла ў той самы дзень, калі памёр Валодша. А ваявода Віславус жыў яшчэ доўга. На неўскіх берагах ён секся поруч з лоўчым князя Аляксандра палачанінам Якавам. На ягоных вачах паваліўся долу золатагаловы шацёр свейскага ярла Біргера.

Мінулася яшчэ два гады, і побач з ноўгарадцамі і пскавічамі полацкія ратнікі насмерць стаялі каля Варонінага Каменя на Чудскім возеры. Пасля Лядовага пабоішча яны супольна гналі палонных тэўтонаў да Пскова, а адтуль павярнулі на радзіму, у Полацак.

У той дарозе, каля вясёлых вечаровых вогнішчаў, старэйшыя векам дружыннікі неаднойчы згадвалі любамудрага князя і прастадушна верылі, што князь бачыў перамогу з захмарных высяў і радуецца цяпер разам з імі.

 

1985


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Арлоў У. Пяць мужчын у леснічоўцы: Аповесці, апавяданні, эсэ. - Мінск: Мастацкая літаратура, 1994