epub
Мінск, 1994
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Арлоў

Клён

Ён даведаўся, што памрэ, у той самы дзень, калі карані ўпершыню пасля зімовага нябыту, спачатку насцярожана, а потым усё больш прагна пацягнулі з адталае зямлі яе бунтоўныя п'янкія сокі, і тыя пабеглі вышэй і вышэй, да галін і галінак, да сучка, што з восені ўчэпіста трымаў выпетраны бурштынавы лісток, які можна будзе скінуць толькі тады, калі пупышкі радасна і ўрачыста пырснуць новай пяшчотна-клейкаю зелянінай.

Салодкая дрыготка прабегла па ўсім яго агромністым целе, і клён прачнуўся. Ён страпянуў веццем і ўсцешана ўбачыў са сваёй высачыні тое, што сніў усю доўгую завейную зіму: жоўта-блакітную, як ясны восеньскі дзень, хату, сядзібу, усю невялікую, багатую на сады вёску, поплаў з белымі плямамі гусей і няроўны лілавата-зялёны мур лесу, дзе ён, клён, калісьці нарадзіўся і адкуль прыйшоў летась ласы на садавіну вожык, прыйшоў ды, зладзіўшы ў ямцы непадалёк кубло, так і застаўся ў садзе зімаваць - порсткі колкі клубочак, маленькую кволую цеплыню якога клён адчуваў скрозь сон у зімовую халадэчу.

Захмялелы малады вецер, напоены таемнымі напаўзабытымі ляснымі пахамі, лашчыў ягоныя галіны. У небе цурчэў цененькі струменьчык жаўруковае песні, а ўнізе, пераходзячы ад яблыні да яблыні, гаспадар збіваў шастом чорныя леташнія гнілякі, і ад гэтага маўклівага карчавітага чалавека ў зашмальцаванай скуранцы ішло лагоднае цяпло.

І раптам клён адчуў нешта нядобрае, дыхнула холадам, як быццам на сонца набегла хмара. Але неба было чыстае. Клён зірнуў долу і згледзеў каля сябе суседа.

- Здароў, сусед! - пачуў ён глухаваты голас гаспадара, які закурваў, ссунуўшы на патыліцу велікаватую кепку. - Што добрага скажаш?

- А тое скажу, што каціная ў цябе, сусед, памяць. Яшчэ на Каляды абяцаў гэтую махіну спусціць, а ўжо, между прочым, хутка Вялікдзень.

- Чым жа ён табе замінае? - памяркоўна спытаў гаспадар. - Вішню глушыць, дык абірай маю, хоць сабе вунь тую, акурат твая.

Магутнае клёнава цела на імгненне зрабілася нейкім страшэнна лёгкім, нібы карані пакінулі трымаць яго і нават слабы ветрык мог кінуць яго вобзем і пакаціць, пакаціць некуды туды, дзе няма ні вясны, ні сонца, няма нічога.

- Ты мне зубы не загаворвай, - зноў пачуўся надтрэснуты суседаў голас. - Не па закону гэта. Стаіць на мяжы, а ўвесь цень, между прочым, на маіх сотках. І карэнне ўсё там. Каторы год бульба па гарэху родзіць.

- Колькі мяхоў не дабіраеш? Бяры ў мяне.

- Ты са мной не жартуй. - Клён бачыў, як суседаў твар пакрысе наліваецца чырванню. - Я цябе па-добраму прашу, па-суседску.

Гаспадар дыміў цыгарэцінай, пазіраючы некуды ўбок.

- Болей паўтараць не буду, - з пагрозаю прамовіў сусед і пасунуўся да сваёй сялібы. Кажанаваты, клышаногі і даўгарукі, ён быў падобны да мядзведзя-недаростка, апранутага ў ватнік і разбітыя валёнкі з галёшамі. На паўдарозе сусед азірнуўся і з прыдыханнем выгукнуў:

- Не спілуеш - мы на цябе лейцы знойдзем! Я, между прочым, вецеран калхоза!

Ён праклыпаў міма, і на клён зноў павеяла нечым настылым.

А да гаспадара подбегам кіравалася гаспадыня - невысокая круглявая кабета ў плюшаўцы.

- Што гэта Сымончык прыходзіў? Зноў?

- Але. - Гаспадар кінуў недакурак і затаптаў яго ботам.

- Не дам!

- Не дурніся, Ганна. Не будзем праз дзерава з чалавекам заядацца. Які ні ёсць, а сусед.

- Не дам!

Гаспадар перамаўчаў.

- Ну што маўчыш, як той клён?

- Прыедуць хлопцы, трэба пілаваць.

І клён зразумеў, што гэта - апошняе слова.

 

Начамі, калі вёска засынала кароткім вясновым сном, ён успамінаў.

Клён усё памятаў. Яму здавалася, што ён памятае яшчэ той час, калі быў семкай-крылаткай на галіне свайго разлогага бацькі з шырознымі далонямі лісцяў.

Ён памятаў той далёкі-далёкі дзень, калі ў лес прыйшоў чалавек з рыдлёўкаю і, асцярожліва падкапаўшы кволыя карэньчыкі, панёс яго ў вёску, каб стаць яго першым гаспадаром.

Клён падымаўся ўжо вышэй хаты, калі аднойчы прачнуўся ад ляманту сваёй першай гаспадыні і ўбачыў, як нейкія людзі вывелі гаспадара на падворак, збілі з ног і доўга, з асалодаю дратавалі яго ботамі, раз-пораз выгукваючы: «Бе-ла-рус! Пся крэў!» Яны забралі гаспадара з сабою, і клён больш не ўгледзеў яго на дарозе, якою вярталіся з горада.

Яго цяперашні гаспадар быў тады белагаловым накольнікам, з якім ён дзяліўся ўвесну сваім салодкім сокам. Яны раслі разам. Яны разам бачылі, як аднаго дня паўз вёску, у той бок, куды ўвечар апускаецца сонца, ішлі танкі з чырвонымі зоркамі і як праз два гады стуль паўзлі іншыя танкі з чорнымі павукамі. Клён памятаў, як гарэла вёска і ў начным чарноцці хаты цвілі велізарнымі і жудаснымі чырвонымі кветкамі.

Але найчасцей яму чамусьці прыгадваліся тыя дзіўныя патайныя ночы, у якія малады гаспадар пільнаваў сад у пастаўленым пры самым камлі будане і штоночы з цемры ўзнікала зграбная, як рабінка, дзявочая постаць. Гаспадар браў дзяўчыну за рукі, яны сядалі поруч на шаматлівае сена, і клён узрушана і шчасліва адчуваў сябе сведкам нейкай найвышэйшае таямніцы і, поўны нязвыклага хвалявання, баяўся нават шапацець лістотаю.

А пасля ў яго зялёнай засені падвешвалі ў летнія дні калыску: спярша са старэйшым, Волесем, а тады з малодшым, Вацем. Потым тыя навучыліся лазіць па ім, і клён неяк светла і падмалоджана чуў цеплыню іхніх дзіцячых рук, слухаў іх падобныя да шпачыных галасы і гадаў, каторы з малых стане яго трэцім гаспадаром.

Ён памятаў і дзень, як услед за старэйшым братам з пашарпанаю валізкай выправіўся ў вялікі свет малодшы, Вацік, і ён, клён, зразумеў, што трэцяга гаспадара ўжо не прычакае.

Клён усё памятаў.

 

Суботняга вечара клён пачуў, як гаспадар з сынамі выйшаў на ганак падыміць перад сном.

- Кляновіку яшчэ няма? - Было цёмна, але клён адразу пазнаў голас Ваціка.

- Не падсочваў... - неахвотна адгукнуўся гаспадар, і клён здагадаўся, што гаспадар яшчэ не казаў сынам пра тое.

- Магазін у вас, ацец, заўтра адкрыты? - Гэта старэйшы, Волесь.

- Робіць. Купіць што хочаш?

- Піўца трэба будзе ўзяць.

- Возьмеш... - і, памаўчаўшы, гаспадар сказаў: - Работа, хлопцы, ёсць на заўтра. Клён пілаваць будзем.

- Нашто яго пілаваць? Хай стаіць, красавéц, - пазяхаючы, азваўся Волесь.

- Навошта, тата? - прамовіў Вацік. - Гэта ж па дзеду памятка.

- Сымончыку ён як бяльмо на воку. Скардзіцца гразіўся...

І клён зразумеў, што гэта будзе заўтра.

 

Раніца была ясная, але стылая ад ночы, і жаўрукі заліваліся на ўсю шчырасць, грэючыся ад цяпельцаў сваіх песенек. Клён слухаў іх і чакаў.

 

Судьбе не раз шепнем:

Мерси боку...

 

- Ну пачалі, ці што, - абарваў на паўслове сваю песню Волесь. - А то першачок скісне.

Клён заўсёды здзіўляецца, слухаючы старэйшага гаспадаровага сына. Яму здаецца, што гэта не Волесь, а нейкі іншы, адно падобны да яго бялявы хлапчук калісьці ціха, употайкі размаўляў з ім, клёнам, апавядаючы пра свае дзіцячыя радасці і крыўды, пра ровар, які бацька абяцаў яму купіць да дня нараджэння, як быццам гэта нехта іншы горкімі слязамі плакаў пад ім, калі гаспадар спляжыў у садзе старую грушу...

А гаспадар марудзіў, то пазіраючы пад ногі, то мераючы яго, клён, вачыма.

Вацік падняў пілу да плечука, стрэльнуў усцяж палатна вокам і з прыхаванаю надзеяй сказаў:

- Не возьме.

- Возьме! Давай, ацец! - прыспешыў Волесь, забіраючы пілу. - Як гаварыцца, раней сядзем, раней выйдзем.

Клён чакаў. Ён не баяўся, бо пражыў дастаткова для таго, каб не страшыцца смерці. Ён чакаў, уяўляючы, як карані яшчэ будуць роспачна гнаць з зямлі салодкі сок, а шырокае пнішча ўжо ўсцешана і густа абсядуць задаволеныя стракатыя мятлушкі, але ён ужо не пабачыць гэтага, бо сталёвыя зубы ўгрызаюцца ўсё глыбей і глыбей, штоімгненне абрываючы некалькі нітачак-повязяў, якія яшчэ лучаць яго з зямлёю, з жыццём.

- Вунь і памочнічак ідзе. - Волесь выпрастаўся і ацёр з ілба пот.

Да пільшчыкаў цюпаў сусед.

- Ага, надумаліся ўсё ж. - Ён секануў рубам далоні па стаўбуры, і гэты дотык здаўся клёну страшнейшым за пілу.

- А што, дзядзька Сымон, у вас ужо не вітаюцца? - спытаўся Вацік.

- Здароў, здароў, сусед. Нешта ты ніяк па-гарадскому, между прочым, гаварыць не навучышся.

Вацік не адказаў.

- Давай пацягаю, - задаволена прапанаваў сусед Волесю.

- Прашу, - з гатоўнасцю адгукнуўся той.

- Не трэба. - Вацік пераняў у брата пілу.

- Іш ты, пеўнік малады!..

- Ішоў бы ты, Сымон... - сказаў гаспадар.

- Глядзіце, каб на свае соткі завалілі.

Сусед з блукліваю ўсмешачкай на твары пацягнуўся прэч.

- Куды гэта маць падзелася? - мяняючы праз колькі хвілін бацьку, запытаў Волесь.

- У Тэклінай дачкі ў адведках, - азваўся гаспадар.

- Знайшла дзень. Не каб чэсным тружанікам чарку паднесці, не адхадзя ад касы.

Клён убачыў, як Вацік адпусціў пілу, разагнуўся, збіраючыся штосьці сказаць, але толькі плюнуў. А старэйшы брат, муркаючы сабе пад нос, нават не змеціў нічога, і клёну падумалася, што ён так і не паспее зразумець, што адбылося з Волесем.

Повязяў з каранямі амаль не засталося.

Вось перарвалася апошняя нітачка, і клён адчуў, што ў ягоным целе ўжо няма бязлітаснага сцюдзёнага жалеза. Некалькі імгненняў, і ён страціць прытомнасць, каб ніколі больш не вярнуцца да яе. Але якраз у тым баку, куды яго ўсё мацней хіліла, пад шапкаю жухлага леташняга лісця спаў вожык, і клён з астатніх сіл трымаўся.

- Давайце хутчэй! - Голас Ваціка зазвінеў. - Не магу глядзець, як ён спілаваны стаіць.

Гаспадар з сынамі ўпёрся ў стаўбур трыма жардзінамі, і апошняе, што адчуў клён, была вострая шкадоба да невінаватага вожыка...

- Кубы два дроў будзе, - сказаў старэйшы сын, паляпаўшы па камлі. Але клён ужо не пачуў настыласці, якая ішла ад шырокай Волесевай далоні.

 

1982


1982

Тэкст падаецца паводле выдання: Арлоў У. Пяць мужчын у леснічоўцы: Аповесці, апавяданні, эсэ. - Мінск: Мастацкая літаратура, 1994