epub
Мінск, 1994
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Арлоў

Мой радавод да пятага калена, або Спроба пазбегнуць выгнання

- Пишешь, писатель... - перш чым папрасіць чырвонец, спачувальна кажа сусед, аглядаючы мой стол.

Суседаў позірк спыняецца на томе «Витебской старины».

- Сотни на две потянет? - пытаецца ён.

Я дастаю партманетку і працягваю яму грошы.

- Обижаешь, писатель, - гаворыць сусед і глядзіць чырвонец на святло.

- Уберите Ленина с денег! - раптам цытуе ён ранняга А.Вазнясенскага і бесцырымонна плюхаецца ў мой фатэль.

На стале стосік аркушаў, на верхнім я паспеў ужо напісаць назву.

- Мой ра-да-вод... - слібізуе сусед, засунуўшы нос у мае паперы. - Все по-белорусскому. Вчера, между прочим, по телеку тебя смотрел. Агитируешь... Все равно народ за вами не пойдет.

Ён на ўсялякі выпадак хавае чырвонец у кішэню і кажа далей:

- Понял, писатель? Но пасаран, как говорил товарищ Альенде, вечная ему память. Ну ладно, не обижайся. Мой ра-да-вод да пя-та-га ка-ле-на... Это как понимать - до пятого колена? Про что?

- Пра генеалогію, - адказваю я.

- Ну, ты даешь, старичок! - чамусьці радуецца сусед. - Ее ж у мужиков не бывает.

Ён на хвіліну задумваецца і ў выніку нейкіх загадкавых меркаванняў ухваляе мой намер:

- А в общем, давно пора тебе что-нибудь такое, для народа.

Ён расказвае мне барадатую показку пра жанчыну, гінеколага і сантэхніка, а потым яшчэ адну показку пра гінеколага і двух грузінаў, і да мяне даходзіць, што сусед яўна пераблытаў генеалогію з гінекалогіяй. На дадатак ён выцягвае з кішэні і, натхняючы мяне на стварэнне новага літаратурна-мастацкага твора, вахлікам раскладвае на стале калоду парнаграфічных картаў.

Нарэшце мы развітваемся, і я выпісваю з аднае выдадзенае на пачатку нашага стагоддзя кнігі падкрэсленыя калісьці, можа, яшчэ за праклятым царызмам, словы: «Мелі тыя крывічы звычай: калі дасягаў у іх юнак паўналецця, мусіў ён, каб назвацца мужчынам, пераплысці хуткую ды глыбокую раку, упаляваць тура або мядзведзя, раскласці ў залеву вогнішча, а таксама распавесці суродзічам аб продках сваіх да пятага калена... Калі ж не ведаў ён роду свайго, дык падлягаў выгнанню, бо ўважалася, што род ягоны, а значыцца, і зямля бацькоўская яму не дарагія і можа ступіць ён на шлях здрады».

Побач, на палях, яшчэ відаць накіданае алоўкам і ўжо амаль сцёртае часам дрэва нейчага радаводу.

Як вы ўжо зразумелі, на нешта падобнае падбіла гэтая кніга і мяне.

 

Няхай даруе мне стрыечная бабуля Грыпінка, што чытала «Чорную магію», умела спыняць кроў, заўсёды заходзіла ў хату да мае роднае бабулі акурат тады, калі мы сядалі за стол і бралі ў рукі лыжкі, лекавала людзей і худобу зёлкамі і сем гадоў сядзела ў сталінскіх лагерах - пэўна, усё-такі не за антысавецкую і контррэвалюцыйную дзейнасць, а сапраўды за знахарства. Зрэшты, нядаўна я чытаў кнігу пра лекавыя расліны Беларусі, якая пачынаецца са слоў «Коммунистическая партия проявляет неуклонную заботу о здоровье советских людей». Хто ведае, мо бабулі Грыпінцы інкрымінавалі якраз тое, што, збіраючы свае зёлкі, яна насмелілася клапаціцца аб тым, аб чым мела права клапаціцца толькі камуністычная партыя?

Няхай даруе мне мой засакрэчаны стрыечны дзед Рыгор, які меў нейкае і, відаць, даволі блізкае дачыненне да касмічных палётаў, бо слаў нам пасылкі з чорнай ікрой і чырвонаю рыбай, а аднаго разу, калі гасцяваў у вёсцы, саламяную страху бабулінае хаты ледзьве не раскідаў вайсковы верталёт, прысланы па дзеда з найбліжэйшага аэрадрома.

Няхай даруе мне дзядзька Ахрэм, які нават прыблізна не ведаў свайго дня нараджэння, а таму, не ўважаючы на ўсе жончыны захады, штовечар хадзіў падвясёлены, абсалютна слушна зазначаючы, што, магчыма, акурат сёння ён і нарадзіўся.

Даруйце мне, усе мае родзічы, якіх згадаю адно мімаходзь або не згадаю зусім. Каб канчаткова не заблытацца ў галінах і адгалінаваннях радаводнага дрэва - пагатоў, спадзявацца ўнікнуць лірычных і нелірычных адхіленняў ад такое тэмы ўсё адно наіўна, - буду весці гаворку аб непасрэдных сваіх продках па бацьку і маці, або, як казалі даўней, па мячы і па кудзелі. Апрача таго, іншая метода будзе непазбежна нагадваць хітрамудрую спробу схавацца ад адказнасці, заблытаць суддзяў і пазбегнуць выгнання.

І яшчэ адна заўвага. У цывілізаваным свеце, калі вядомы заснавальнік роду ці, прынамсі, нехта са знакамітых продкаў, радаводнае дрэва, як і належыць, малююць з каранёў. У нас жа сем дзесяцігоддзяў гэтыя карані нястомна выкарчоўвалі, бо трэба было ведаць не продкаў, а нешта іншае. Напрыклад, чарадзейныя цытаткі з класікаў або галоўныя задачы пяцігодак. За няведанне адной з гэтых задач слова ў слова рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сікорскі ў сямідзесятыя гады на бал знізіў мне адзнаку на экзамене па навуцы пад назваю «Гісторыя КПСС», а на дзяржаўным экзамене па яшчэ больш захапляльнай дысцыпліне - «Навуковым камунізме», калі я, ужо маючы сумны досвед і марачы атрымліваць стыпендыю, ведаў усе галоўныя задачы і фармулёўкі так, што яны ад зубоў адскоквалі, прафесар Круцько знізіў мне адзнаку ўжо адразу на два балы, «потому что вы, молодой человек, во все это совершенно не верите». Бедны прафесар Круцько, няўжо ён верыў?

Такім чынам, недзе пачынаюць з каранёў, а ў нас ужо атрымліваецца нешта адваротнае: мусім пачынаць генеалагічнае дрэва з сучка на нейкай з ягоных галінаў і ўжо адсюль спрабаваць дапясці каранёў.

 

Мая маці Марыя паходзіць з сялянаў вёскі Капысіца, заснаванае ў невядомым годзе задаўненага стагоддзя за тры вярсты ад Дняпра на рэчцы Вілейцы: маці ў гэтай рэчцы некалі ледзь не ўтапілася, а я навучыўся ў ёй плаваць, і ўжо гадоў дваццаць, як там не ўтопіцца нават кацянё. Карацей, жыць стала лепей, жыць стала весялей.

Мяркуючы па назве, матчыну вёску заснавалі перасяленцы з паблізнага мястэчка Копысь, вядомага ўжо амаль тысячу гадоў, з той самай Копысі, што была сталіцаю беларускіх кафляроў-цаніннікаў (яшчэ на пачатку нашага стагоддзя тут было дваццаць кафляных заводаў, дасёння ацалеў толькі адзін), якіх маскоўскія цары выводзілі ў палон аздабляць грубкі ў сваіх задушлівых палацах.

Зусім побач з Копыссю, дзе маці скончыла школу, за колькі гадоў да вайны аблюбаваў сабе месца на летнік Янка Купала. Адзін з самых частых маміных успамінаў дзяцінства: народны паэт Беларусі Купала - ведама ж, несусветна багаты! - купляючы на копыскім базарчыку грыбы, заўзята таргуецца за кожную капейчыну з прыгожымі тамтэйшымі габраечкамі.

Мамін выпускны баль прыпаў на апошні мірны вечар, калі можна назваць мірам тое, што тады чынілася ў краіне. Даведаўшыся аб пачатку вайны, мама надзела на сябе ўсе свае тры сукенкі.

У Капысіцы стаяў гарнізон напалову з немцаў, напалову з фінаў. Маці прыгадвае, што, у параўнанні з фінамі, немцы выдавалі хоць і ворагамі, але не такімі страшнымі. Асабліва фольксдойчэ Паўль, які добра гаварыў па-расейску, папярэджваў вёску, калі будуць забіраць каровы або вывозіць моладзь у Нямеччыну, паведамляў што трэба партызанам і паказваў маёй маці пасведчанне сябра падпольнай антыфашыстоўскае арганізацыі. Таму, калі вечарамі акупанты, седзячы па хатах, пілі шнапс і спявалі пад губны гармонік свае песні, Паўль не баяўся хадзіць на вячоркі і танцаваць з нашымі дзяўчатамі. Пэўна, дзякуючы яму ў Капысіцы дагэтуль памятаюць прыпеўкі на нямецка-беларускай трасянцы.

 

Варум ду гойтэ не прыйшоў?

Іх цябе чакала.

Унд васэр з неба паліла,

Я дамоў адна пайшла.

 

Пад час вячорак з лесу нярэдка прыходзілі партызаны. Яны таксама танцавалі, курылі з Паўлем на ганку і частавалі яго самагонкаю. Аднойчы яны прыйшлі і, няўдала робячы выгляд, што аніколі раней з Паўлем не сустракаліся, вывелі яго з хаты і проста за хлявом застрэлілі. Нейкі асабіст, на загад якога гэта рабілася, яўна запісаў раніцою ў сваю зводку, што народнымі мсціўцамі знішчаны яшчэ адзін фашыстоўскі захопнік.

Калі я ад'язджаў пасля школы са свайго Полацка паступаць на гістарычны факультэт Беларускага (адно па назве) універсітэта, маці, згадаўшы маладосць, з не ўласцівай ёй чуллівасцю сказала:

- Матэматыкаў будуць зваць піфагорамі, а вас - герадотамі...

Па вайне яна, закрэсліваючы ў падручніках імёны «ворагаў народа», галадуючы і мерзнучы ў інтэрнацкай стадоліне, дзе па двое на вузкіх салдацкіх ложках «вальтом» спалі два дзесяткі дзяўчат, скончыла гістарычны факультэт педінстытута. Яна ўсё жыццё выкладала ў школе гісторыю, магчыма, так ніколі і не задумаўшыся, што яна выкладае і што зрабілі з гэтаю навукаю нашы афіцыйныя герадоты.

Як вы заўважылі, аднаўляючы радавод, я не збіраюся маляваць грунтоўных партрэтаў. Я свядома не лезу ў прыцемныя спіжарні памяці, а занатоўваю тое, што не трэба ўзгадваць, бо яно памяталася заўсёды, увесь час было як бы ў зялёным коле святла ад лямпы, што гарыць увечары на маім стале. Мне здаецца, менавіта ў россыпе такіх незабыўных драбніц ды фактаў і можна разгледзець чалавечую сутнасць дзейных асобаў майго невялікага даследавання. Пры гэтым я цудоўна ўсведамляю рызыку дарэшты скепсціць дачыненні са сваякамі, ужо і цяпер моцна сапсаваныя маімі пісаннямі.

 

Мой бацька Аляксей - сялянскі сын з вёсачкі Стэцава, што схавалася ў яшчэ непавысяканых лясах Сенненскага раёна Віцебскае вобласці, між іншым, на той дзень, калі я пішу гэтыя радкі, апошняе ў Беларусі вобласці, дзе яшчэ не плоцяць чарнобыльскіх дамавінных рублёў.

Бацька паспеў адбыць перад вайною тэрміновую службу ў Адэсе, да якой назаўсёды захаваў у сваёй суровай душы прытоеную пяшчоту і куды паспеў звазіць мяне, васьмікласніка, за колькі гадоў да свае ранняе смерці. У дом свой вечны ён узяў ордэн Чырвонае Зоркі, медалі «За отвагу», «За боевые заслуги», «За оборону Сталинграда», «За взятие Будапешта» і з паўтузіна тых, якія давалі ўсім, хто быў на фронце, а таксама, напэўна, і ўсім, хто бясстрашна ваяваў з «ворагамі народа» ў тыле.

На здымках ваеннага часу я бачу старшага лейтэнанта Арлова пасля першага і другога раненняў: на вуліцах венгерскае і аўстрыйскае сталіц; у венскай піўніцы з ніштаватым кухлем у руцэ. Ці не гэтае фота натхняла мяне, калі на трэцім курсе мы з сябрам Генадзем Кулажанкам, які бясследна знікне ў Афганістане, стварылі ў нас на гістарычным факультэце Клуб аматараў піва, што, як пазней стала вядома, стукачы з ліку аднакурснікаў абвясцілі ў сваіх сакрэтных рэляцыях нацыяналістычнаю арганізацыяй. Сакратар партбюро роднага факультэта ў часе разбору «справы» глыбакадумна зазначыў: «В Германии тоже все начиналось с пива». Асаблівую злосць выклікала ў выкладчыкаў марксізму-ленінізму створанае намі новае ідэйна-тэарэтычнае «вучэнне» - піваізм.

На адной з фатаграфій бацька сядзіць на лавачцы пад шыльдаю, з якой усміхаецца гумавашчокі мацак з падкручанымі і даўгімі, як у прусака, вусамі. Пакуль бацька пазіраваў перад той цырульняю ў венгерскім горадзе Сегедзе, ягоны сябра зайшоў пагаліцца, і цырульнік-хартыст шырока - ад вуха да вуха - перарэзаў кліенту горла. Бацька не хаваў, што, знайшоўшы ў бакоўцы над поўным крыві тазам сябрава цела, ён разам з патрулём учыніў у цырульні крывавы самасуд.

Атрымаўшы пасля вайны дыплом юрыста, бацька да апошніх дзён працаваў у пракуратуры; з гэтае прычыны ў мамінай вёсцы, дзе я штогод летаваў, усе - і дарослыя і дзеці - называлі мяне не іначай як Пракурорам.

Праца, несумненна, адбілася на бацькавым характары. Ён быў маўклівы, замкнёны ў сабе чалавек, здаецца, без пачуцця гумару і з патаемным жаданнем калі-небудзь пераехаць у Адэсу. За маёй памяццю ён два разы плакаў. Першы - як займаўся інтэрнатам для дзяцей-інвалідаў.

Павесіўшы на фасадзе інтэрната лозунг «Все лучшее - детям!», педагогі на чале з дырэктарам і сакратаром партыйнае арганізацыі (можна ўявіць, як яны праводзілі сходы, прымалі пастановы «в свете решений», а потым дзялілі д'яблаў заробак) бязбожна абкрадалі сваіх безабаронных выхаванцаў, трымаючы іх надгаладзь і збываючы налева нават іхнюю ўбогую, аднолькавую на ўсіх, як у турме, апратку.

Другі раз бацька плакаў, калі канаў ад раку і ніяк не мог памерці, бо яго магутнае сэрца, жывучы сваім асобным жыццём, не хацела спыняцца і праз месяц пасля таго, як ён ужо нічога не еў.

У свае апошнія дні ён гаварыў са мною так, як і я з ім - па-беларуску.

Нібы нешта амаль неверагоднае, я ўспамінаю, што аднаго разу бацька прачытаў мне свой верш пра будаўніцтва Наваполацка. Колькі радкоў з яго я магу ўзгадаць і сёння. Не буду цытаваць іх, бо да літаратуры яны маюць дачыненне прыкладна такое самае, як і шматлікія творы вядомага паэта-лаўрэата М. Мяне ўражвае сам факт: мой бацька пісаў вершы!

Цяпер я перакананы, што гэта быў чалавек значна больш глыбокі і незалежны, чым некалі мне ўяўлялася.

Аднойчы, калі вецер раскідаў похапам зладжаны ў нас на Дзвіне пантонны мост і мы з бацькам стаялі на беразе і глядзелі на людскую мітусню, ён з непраніклівым тварам прамовіў вершаваную фразу са свае маладосці: «Течет вода Кубань-реки, куда велят большевики».

Калі тата быў ужо на Божай пасцелі, я папрасіў, каб ён - калі чалавечае існаванне доўжыцца і там - паспрабаваў даць мне нейкі знак, напрыклад, затэлефанаваў бы ў дзень майго нараджэння. Я баяўся, што ён абразіцца, але тата нечакана сустрэў маю просьбу з нейкаю ўсцехаю.

Яму не ўдалося дазваніцца, ды праз колькі тыдняў ён - ужо адтуль - дапамог мне ў цяжкія дні.

Гэтыя дні пачаліся з таго, што вахцёрка нашага студэнцкага інтэрната ўвечары паклікала мяне да каменданта, дзе нібыта чакаў бацькаў сябра. Візітант аказаўся чалавекам з невыразным абліччам - з тых, якія праз пяць хвілін пасля сустрэчы надзейна сціраюцца ў памяці. Адзінай адметнасцю ягонага твару былі маленькія бясколерныя вочкі-свярдзёлкі (ці, можа, дакладней, іголкі ад шпрыцаў), чые дотыкі-ўколы я адчуваў амаль фізічна. Абколваючы мяне з галавы да пятаў, госць паказаў чырвоную «корачку», з якой вынікала, што сярод бацькавых сяброў пракідаліся і маёры Камітэта дзяржбяспекі.

Далей размова адбывалася прыкладна так:

- Орлов?

- Арлоў.

- Владимир Алексеевич?

- Уладзімір Аляксеевіч.

- Родились в Полоцке тогда-то и тогда-то.

З гэтага моманту пытальнікі ў канцы сказаў зніклі.

- Окончили школу в Новополоцке в 1970 году.

- Жили на улице имени такого и такого, в доме номер такой-то, квартира такая-то.

- Мать Мария Максимовна. Учительница истории.

Мой візаві перайшоў амаль на тэлеграфны стыль. Я ўжо не пацвярджаў, а толькі слухаў чамусьці вядомыя яму звесткі з майго жыцця.

Мне было дваццаць гадоў. Пад матрацам майго панцырнага інтэрнацкага ложка ляжаў зачытаны нумар «Роман-газеты» з «Адным днём Івана Дзянісавіча» толькі што выкінутага з краіны А.Салжаніцына. Насупраць сядзеў не анекдотны (товарищ майор, организуйте чайку), а самы сапраўдны таварыш маёр, які вёў знаёмы па літаратуры і кінафільмах класічны допыт.

Апрача думак пра «Івана Дзянісавіча», я ўжо здагадваўся пра сваё галоўнае злачынства. Мае сябры з Наваполацкага політэхнічнага інстытута Вінцэсь Мудроў, Валеры Шлыкаў і сёй-той яшчэ, каго па розных прычынах я не хачу называць, пачалі выпускаць наогул бяскрыўдны, але беларускамоўны альманах «Блакітны ліхтар», дзе з'явіліся і мае вершаваныя опусы. Некалькі нумароў я прывёз у Менск і трымаў на дне валізы пад ложкам. Я амаль нікому іх не паказваў, ды, як вядома з даўніх і з зусім нядаўніх часоў: дзе двое - там рада, дзе трэці - там здрада. Я яшчэ не ведаў, што на момант размовы з таварышам маёрам данос пра існаванне нашага «Блакітнага ліхтара» ўжо быў напісаны (дарэчы, па-беларуску - потым мне давалі яго пачытаць).

Але гэта зусім іншая гісторыя.

Тым часам допыт працягваўся.

- Отец Алексей Артемович.

- Так.

- Работает в Новополоцке прокурором.

- Не, - сказаў я.

- Как это «нет»? - не здзівіўся, а абурыўся таварыш маёр.

- Не працуе, - пацвердзіў я, адчуваючы, як пачынаюць слабець ліпуча-халодныя пальцы страху, што сціскалі маю істоту.

- Почему?

- Таму што ён памёр, - адказаў я.

Вочкі-свярдзёлкі замітусіліся і страцілі сваю вастрыню. Таварыш маёр, здавалася, ніяк не мог пагадзіцца з тым, што ягонае ведамства, якое ведала ўсё і ўсіх, магло так элементарна спудлаваць. Аднак ён зразумеў, што такімі рэчамі, як бацькава смерць, не жартуюць, і адразу неяк абвяў. Яшчэ былі нейкія пытанні, было папярэджанне, што пра нашую сустрэчу ніхто не павінен ведаць, але ён бачыў, што я ўжо не баюся, і, пэўна, вырашыў «раскалоць» мяне, дачакаўшыся больш зручнага выпадку.

Дзякуй табе, тата, што ты быў тады поруч са мною. Каб ты ведаў, як я шкадую, што не паспеў дасягнуць таго веку, калі мая і твая душы маглі б ператварыцца ў злучаныя між сабою ёмістасці: ты так і застаўся для мяне рэччу ў сабе.

 

Я нарадзіўся ў таты з мамаю ў год Змяі паводле ўсходняга календара і ў год смерці Сталіна - паводле савецкага. Мой дзень нараджэння - у жніўні, значыцца, у сакавіку, калі вялікі правадыр народаў нарэшце выправіўся на той свет, я ўжо існаваў, ды мог не нарадзіцца, бо пасля радыёпаведамлення мама пачулася зусім блага. Свет гінуў, ад роспачы мама ў істэрыцы рвала валасы і надоўга трапіла ў больніцу. Але тым разам савецкая медыцына перамагла (нашы савецкія хворыя - самыя здаровыя хворыя ў свеце!), і, перачакаўшы, відаць, непамысныя для мяне дні задыякальнага знаку Льва, я шчасна нарадзіўся на трэці дзень Паненкі.

Мы жылі ў скарбовым драўляным доме, якога ўжо не існуе. Акурат на месцы нашага дома і саду цяпер Палац культуры вытворчага аб'яднання «Шкловалакно», і, калі з Нью-Йорка прыязджаў беларускі спявак Данчык, я з сябрамі марна спрабаваў там растлумачыць госцю, што гэта такое - Палац культуры.

Дом быў падзелены перабойкаю на дзве часткі: у адной месціліся народны суд і гарадская пракуратура, у другой - наша двухпакаёвая кватэра. Мой дзіцячы ложак стаяў пры сцяне, за якою былі нежылыя памяшканні. Часам я спалохана прачынаўся сярод ночы і, сцяўшыся пад коўдраю, слухаў, як за сцяною хадзілі, прыцішана гаманілі і чыркалі запалкамі нейкія людзі. Мяне апаноўваў не проста страх, а страх, змешаны з невымоўнаю гідлівасцю; кшталт таго страху я перажыў нядаўна ў лесе, убачыўшы на альховай галіне над галавою клубок вужакаў. А тады, у маленстве, мая пасцель рабілася мокрая ад халоднага поту (а на самым пачатку свядомага жыцця, напэўна, не толькі ад поту), і я, не маючы болей змогі трываць гэтую пакуту, клікаў на паратунак маму. На мой голас заўсёды падыходзіў тата. Ён гладзіў мяне цяжкай даланёй па галаве, казаў нешта супакойлівае, і я засынаў. Калі праз шмат гадоў, ужо ў студэнцтве, я са смехам узгадаў тыя начныя прыгоды, бацька, не падтрымаўшы жартоўнага тону, сказаў, што там, за сцяною, у гэбістаў было патайнае месца сустрэч з сексотамі, і я спасціг прычыну свайго прасякнутага агідаю дзіцячага страху - я трапляў у магутнае біяполе чалавечае нізасці і подласці. Мне дагэтуль незразумела, чаму бацька не пераставіў ложак да іншае сцяны: няўжо такім чынам гартаваў мяне да будучага жыцця?

Маё маленства смяялася і плакала на старадаўніх, на шчасце, яшчэ не зруйнаваных дазвання вулачках тысячагадовага Полацка, але пра пошукі скарбаў і лёхаў, што вядуць з полацкіх храмаў на той бок Дзвіны, пра выпрабаванні смеласці на вузенькім гзымсе вакол купала Богаяўленскага сабора, дзе мы пісалі на ржавай блясе імёны дзяўчынак, што нам тады падабаліся, пра Мікалаеўскі сабор, які ўзнялі ў паветра на нашых дзіцячых вачах (захаваліся дакументы, якія сведчаць, што пасля гарвыканкам выдаткаваў з гарадскога бюджэту 40 тысяч рублёў на «вывоз мусора»), - пра ўсё гэта іншым разам.

У першы клас я пайшоў у 1960 годзе, калі да абяцанага Хрушчовым камунізму заставалася ўсяго дваццаць гадоў і ў сталоўках ужо можна было задарма пад'есці хлеба з гарчыцаю або соллю. Здаецца, якраз у той год у Полацку зачынілі - вядома, па просьбах бацькоў і наогул усіх працоўных - апошнюю беларускую школу.

Не памятаю, каб у нашым тагачасным полацкім жыцці было хоць што-кольвек беларускае. Прыгадваецца адно выкладзенае цэглаю на аблезным фасадзе двухпавярховае камяніцы і шмат гадоў абсалютна незразумелае мне слова «Лазьня» з дарэформавым мяккім знакам, якое пазней, відаць, таксама па просьбах працоўных пераклалі на ўсім зразумелую мову.

Калі я вучыўся ў другім класе, Хрушчоў гаварыў на XXII з'ездзе пра забойства таварыша Кірава і іншыя крывавыя справы Сталіна, што з лагоднаю ўсмешкаю зазіраў з п'едэстала ў вокны нашай 1-й полацкай сталінскай школы. Мы з сябрам Колькам слухалі хрушчоўскі выступ па радыё разам з мамаю ў нас дома. Тады я яшчэ не разумеў, чаму мама слухае з такой увагаю.

У той самы дзень мы з Колькам наважылі адпомсціць за невядомага нам таварыша Кірава: знайшлі мой «Букварь», выдралі адтуль партрэт Іосіфа Вісарыёнавіча, выкалалі яму ржавым цвіком вочы, спалілі партрэт на вогнішчы ў нашым садзе і вырашылі, што назаўсёды расквіталіся з найлепшым сябрам савецкіх дзяцей.

У тую самую восень бульдозер перакуліў і некуды завалок нашага «школьнага» Сталіна. Праўда, п'едэстал стаіць там і сёння, мусіць, недзе паблізу чакае і ягоны былы гаспадар.

Я пішу пра гэта, бо І.В.Сталін - таксама частка майго радаводу, як, зрэшты - хацелі б мы таго ці не, - і кожнага з нас. Хіба не пацвярджае гэта лішні раз, напрыклад, нашая з Колькам помста за таварыша Кірава.

Праз колькі гадоў, класе ў сёмым, я даведаўся, што маю і асабісты рахунак да ўсяго таго, што ўвасабляў чалавек, якога мудры Анры Барбюс назваў некалі Леніным-сёння. Маці паказала мне даведку, якую я захоўваю цяпер сярод самых дарагіх дакументаў.

 

Верховный суд

Белорусской ССР

4 апреля 196З г.

г. Мінск

5-10

СПРАВКА

 

Дело по обвинению Денисова Максима Денисовича, 1881 года рождения, пересмотрено Верховным судом БССР 5 февраля 196З г.

Постановление от 23 марта 1933 г. в отношении Денисова Максима Денисовича отменено и дело за отсутствием состава преступлення прекращено.

Денисов М.Д. по данному делу реабилитирован.

Зам. председателя Верховного суда БССР С.Шардыко.

 

Тираж 10 000.

 

Да гэтае даведкі мне казалі, што дзед Максім хварэў і проста памёр.

Для ўсіх нас так і засталося загадкаю, якім было тое «данное дело».

Памёр у трыццатыя гады і другі мой дзед - Арцём. Наконт ягонага лёсу ніякіх даведак не прыходзіла, але з аднаго з рэдкіх бацькавых аповядаў я запомніў, што дзед Арцём меў малатарню, а значыцца, і ўсе магчымасці паўтарыць шлях дзеда Максіма.

Тата, тата... Як рана ты пайшоў, і як позна я вылупіўся з вопрадня інфантыльнасці...

На гаспадару малатарні дзеду Арцёму абрываецца мужчынская лінія бацькавага роду. Далей - беспрасветны туман без намёку хоць бы на нейкае сямейнае паданне.

 

Намагаюся і не магу ўзгадаць аблічча сваёй бабулі па мячы - Просі. У «фамільным архіве» не ацалела, а мо ніколі і не было ніводнае яе фатаграфіі. Бабуля Прося колькі тыдняў глядзела мяне пасля таго, як, вярнуўшыся аднаго дня дадому, маці ўбачыла зарумзаных мяне з сястрычкаю і прачытала пакінутую на стале цыдулку, з якой вынікала, што нашая нянька, вясковае дзяўчо Паліна, падалася па камсамольскай пуцёўцы ўздымаць цалінныя землі. Як хутка высветлілася, тая пуцёўка чамусьці давала Паліне права прыхапіць з сабою маміну кофту і мае з сястрою срэбныя крыжыкі, атрыманыя пасля хрышчэння ў копыскай царкве.

Нанач баба Прося зазвычай апавядала мне яўна сваю ўласную несканчоную казку пра рыбіную вайну (памятаю, што бабуліна прыхільнасць у гэтай зацятай вайне заўсёды з нейкае прычыны была на баку шчупакоў), а раніцою я почасту знаходзіў пад падушкаю пачачак арабінавых цукерак-смактунчыкаў.

Аднойчы я быў з татам у бабулі Просі ў Стэцаве. Ля ейнае хаты пасвілася каза; проста за парогам пачынаўся лес, і пра лесуна, які шмат разоў «вадзіў» яе, прыходзіў на падворак даіць казу і нават начаваў у хаце пад печчу ў калядныя маразы, бабуля апавядала прыкладна так, як магла б казаць пра суседа, што жыў цераз плот.

Яна памерла, калі я хадзіў у трэці клас. Ужо ў студэнцкія гады разоў колькі я меўся з'ездзіць да бабы Просі на магілу, але ўрэшце так і не сабраўся. Часам я думаю, што спраўджу свой намер, калі здолею ўспомніць бабулін твар.

 

З другой маёй бабуляю - Аўгінняй - гэтае праблемы ніколі не паўставала. У любы момант я магу лёгка выклікаць у памяці не толькі яе твар, але і голас, хаду, адчуванне ейнае сухой рукі, калі яна вяла мяне з сястрою на поплаў ці на гумнішча, каб пасадзіць на грудок і пачаць свой урок батанікі.

- Гэта здрыжнічкі, - казала бабуля, - гэта ястрэц, а вунь, на выжарыне, скрыпень зацвітае. Гэта во драсён, а гэта братаўка...

Калі цяпер я чытаю ў сяго-таго з нашых улаўраных майстроў прыгожага пісьменства пра «іван-чай», «маць-і-мачыху» і «івана-ды-мар'ю», пачынае здавацца, што безліч такіх прыгожых, трапных ды непаўторных назваў беларускіх красак і траваў ведаем ужо адно мы з сястрою.

Баба Аўгіння не сядзела, як яе сястра Грыпінка, за знахарства, аднак несумненна таксама мела стасункі з загадкавымі, але наогул прыязнымі да чалавечага роду сіламі. Яна зашэптвала зубы (скрозь гады да мяне даносіцца ейны ціхі, падобны да духмянага шамацення сена ў адрыне шэпт: «Белае карэнне, чорнае каменне, сінія берагі...»), лекавала ячмень (чамусьці па-расейску: «Ячмень-ячмень, на тебе кукиш. Чего себе купишь? Купи себе топорок, руби себя поперек...»), выводзіла мышэй і «каціную драпу»...

Таемную бабуліну сілу я адчуваю і цяпер, праз трыццаць гадоў пасля яе смерці. Пакутуючы адзін час ад бяссоння, супроць якога не дапамагаў нават старажытны народны сродак - пакладзеныя ў галовах бурштынавыя пацеркі, неяк уначы я выпадкова (?) узгадаў бабуліны ўрокі: адчуў сваю руку ў ейнай, пачуў яе голас, убачыў змаршчакаваты лагодны твар і серабрыстыя хвалі, што гнаў па высокай траве вятрыска, і - нібы ў якоесьці пухкае прадонне, імгненна праваліўся ў сон. Назаўтра я зноў паспрабаваў гэтыя лекі, і з тае ночы бяссонне мне ўжо не пагражае.

Бабуля часта апавядала, які добры быў да людзей пан з суседняе вёскі, у якога яна служыла ў маладосці пакаёўкаю. Думаю, што гэтыя чуллівыя прыгады можна збольшага вытлумачыць пазнейшым шчаслівым жыццём у калгасе, але нават у самой панскай мянушцы - Брынка - мне, далібог, чуецца нешта прыязна-чалавечае, чаго і з самай вялікаю фантазіяй не скажаш пра ацалелыя ў памяці старых вяскоўцаў мянушкі двух першых старшыняў тамтэйшага калгаса - Раўло і, перапрашаю, Галасрака.

Неўзабаве пасля рэвалюцыі бабуля Аўгіння ледзь не загінула.

Тады ў капысіцкае наваколле нейкім ветрам занесла цыркавых артыстаў - мусіць, ратаваліся ад чырвоных ці белых з блізкіх Магілева або Воршы. Адны старыя капысічане згадваюць цяпер, што ў цыркачоў былі мядзведзі, другія гатовыя пабажыцца, што бачылі плявучых вярблюдаў і нават сланоў, але ўсе добра памятаюць, што сярод артыстаў былі зусім маленькія людзі, якіх у Капысіцы дагэтуль называюць словам «місцюкі» (магчыма, яго трэба лічыць адпаведнікам расейскага «лилипуты»).

Гнаны рэвалюцыйнымі віхурамі цырк падаўся далей, а місцюкі наважылі перачакаць пачатак новае эры ў гісторыі чалавецтва ў Капысіцы: набылі кароўку і атабарыліся на пакінутай сядзібе наводшыбе ад вёскі.

Місцюкоў было трое: жонка з мужам і іхні сын - такога самага росту, але, як казала бабуля, маладзенькі тварам. Кабетка хутка навучылася стоячы даіць карову, а ейны чалавек разам з сынам рапараваў па хатах вупраж ды іншы сялянскі рыштунак. Місцюкі ціха пражылі ў сваёй хаце два гады, а потым з Копысі прыехалі на конях збройныя людзі, якіх бабуля, успамінаючы тую гісторыю, называла то камісарамі, то люцыпанерамі. Яны вывелі місцюкоў з хаты і забілі ўсіх траіх - не страляючы, а выцяўшы кожнага пісталетнаю рукавяткаю па скроні. «Як зайчыкаў», - казала баба Аўгіння.

У той дзень яна пасвіла каровы паблізу місцюковае сялібы і, схаваўшыся ў агрэсце, усё бачыла і чула: як маўчаў перад смерцю гаспадар і як прасіліся кабетка з сынам. Бабуля лічыла, што люцыпанеры забілі няшчасных місцюкоў за тое, што знайшлі ў іх нейкія кнігі. Гэтыя словы яна так і вымаўляла - курсівам, заўсёды хрысцячыся і азіраючыся на бакі.

Яна закрычала ў агрэсце ад страху, і верхавод коннікаў загадаў, каб не было сведкаў, «шлёпнуць» і яе, аднак бабулю абараніў вусаты матрос, дзякуючы якому (бо мая мама народзіцца толькі праз чатыры гады пасля таго дня) я і займаюся сёння генеалагічнымі росшукамі.

Калі ўспамінаю бабулін аповяд, у памяці заўсёды пракручваецца эпізод з даўняга фільма пра рэвалюцыю. Узброеныя да зубоў чырвонаармейцы трасуць недзе ў Маскве ці ў Петраградзе прафесарскую кватэру. Таленавіта акарыкатураны рэжысёрам і акторам гаспадар, спрабуючы нешта давесці прадстаўнікам рэвалюцыйных масаў, здымае з паліцы кнігу (калі не памыляюся, том Пляханава). Зухаваты, перацягнуты кулямётнымі стужкамі малады начальнік патруля, трымаючы руку на расшпіленай кабуры, весела кажа акулярыстаму прафесару: «Мы ваших книжек не читали и читать не собираемся. Мы Ильичу без книжек верим». Мне ўвесь час здаецца, што пасля размовы прафесара таксама «пустили в распыл».

З тых дзён у душы ў бабулі Аўгінні назаўсёды засеў нязводны страх перад кнігамі. Можа, менавіта таму ў гады «культурнае рэвалюцыі» яна нейкім чынам ухілілася ад ліквідацыі свае непісьменнасці і ўсё жыццё ставіла ў калгасных ведамасцях каструбаватыя крыжыкі. Калі б яна дажыла да сямідзесятых гадоў, яе перакананасць, што кнігі прыносяць людзям адно няшчасці, магла б толькі ўмацавацца: майму стрыечнаму брату, а ейнаму ўнуку Генусю далі тэрмін (праўда, умоўны) за два тузіны зробленых ім копіяў булгакаўскіх «Роковых яиц».

Бабуля Аўгіння прычынілася і да майго дзіцячага адкрыцця, што наша савецкае радыё кажа няпраўду.

Рэпрадуктар вісеў на слупе каля фермы. А шостай гадзіне раніцы ён прачынаўся і хрыпатым, нібыта з перапою, голасам спяваў:

 

Союз нерушимый республик свободных

Сплотила навеки великая Русь...

 

Ад гімна да гімна радыё займалася музычным выхаваннем насельнікаў паблізных хатаў і нястомна паведамляла пра падзеі ў жахлівым капіталістычным свеце і ў краіне, што, неўважаючы на перабоі з хлебам, шпарка набліжалася да светлае будучыні.

Аднойчы мае вушы злавілі ў радыёэфіры фразу, якая чымсьці збянтэжыла наіўны дзіцячы розум.

- Каждый советский человек, - сказаў рэпрадуктар, - знает имена Толстого и Горького.

Цэлы дзень гэтыя словы мулялі мне, і ўвечары я адважыўся на невялікі сацыялагічны дослед.

- Бабушка, - запытаўся я, - ты знаешь, кто такой Толстой?

- Быў чалавек таўсты, во яму такое мяно і далі, - адказала бабуля.

- А кто такой Горький? - без асаблівае надзеі працягваў я.

- А во, кажуць, горкі, як рэдзька. Або яшчэ - як хрэн, горкі.

- Да нет, бабушка, я о писателях спрашиваю, - са складанымі пачуццямі і да радыё, і да бабулі сказаў я.

- Мая, дзетка, навука малая, - рахмана азвалася баба Аўгіння. - Травы ведаю, а чытаць ненавучаная.

Вядома, мне было ніякавата, што яна - такая старая і яшчэ не чула ні пра Талстога, ні пра Горкага, пра якіх я ўжо ведаў у першым класе, а мо і раней. Аднак болей мне рупіла іншае. Атрымлівалася адно з двух: або бабуля не савецкі чалавек, або радыё хлусіць.

- А ты, бабушка, советский человек? - запытаўся я.

- Як усе, так і я, - адказала бабуля. - І галадавала, і палачкі ў калгасе за працадні палучала.

Я, дарма што малы, і сам разумеў недарэчнасць пытання: усе навокал, у тым ліку і баба Аўгіння, відавочна былі савецкія людзі. Фашыстаў, капіталістаў, гаротных амерыканскіх неграў, якія паміралі ад голаду, а таксама паліцэйскіх і гангстэраў, што палілі цыгары, пілі нейкія «віскі» і казалі «Шеф вами недоволен», гэтых і іншых, зазвычай страхалюдных несавецкіх людзей я бачыў адно ў кінафільмах. Адсюль вынікала дзёрзкая ерэтычная выснова, якою я палічыў за лепшае ні з кім не дзяліцца: нашаму радыё нельга верыць.

Кажуць, што яшчэ ў самыя змрочныя гады мая ціхмяная бабуля неяк выявіла непахісную цвёрдасць. Прысланы з раёна начальнік, што кватараваў у ейнай хаце, загадаў зняць з покуці абразы.

- Яны ў вас есці не просяць, - адрэзала баба Аўгіння з намёкам.

Добра памятаю, што яна прасіла Бога, каб узяў яе да сябе на пачатку лета, тады, калі адцвітаюць дзьмухаўцы і, калі верыць бабулі, зямля гэткая ж мяккая і лёгкая, як дзьмухаўцовы пух. Бабуліна сэрца спынілася, калі яна сядзела на ганку і крышыла карове буракі. Я пабег на поле па цётак. Мяне абурыла, што яны колькі разоў перапытвалі: «Бабушка заснула?», хоць я недвухсэнсоўна сказаў, што яна памерла.

Гэта здарылася першага чэрвеня.

 

Яшчэ колькі слоў пра бабуліну сувязь з загадкавымі сіламі хачу дадаць у наступных абзацах - своеасаблівым пастскрыптуме, які ўштукоўваю ў аповяд ужо пасля яго першай публікацыі.

Праз тыдзень, як мой радавод з'явіўся ў газеце «Літаратура і мастацтва» (тыя дні былі, як і чакалася, адзначаныя крыўдамі, папрокамі і прэтэнзіямі, што ў больш ці ў менш тактоўнай форме выказвалі мне сваякі і несваякі - напрыклад, паэт-лаўрэат М.), мы з сястрою павезлі маці ў яе Капысіцу.

Пакінуўшы маму з нашай цёткай Вольгаю на печы ў іхняй роднай хаце, мы пад несціханым дажджом, як заўсёды, занеслі бабулі Аўгінні на магілу жменю цукерак. Якраз на пагосце, нібыта зарадаваўшыся нашым адведзінам, дождж лінуў не раўнуючы як з цэбра, і пакуль мы дабеглі да лазні другой нашай цёткі - Насты, на нас не засталося аніводнай сухой ніткі.

Калісьці ў гэтай лазні я са стрыечнымі сястрычкамі, начытаўшыся ў бабкі Грыпіны «Чорнай магіі», спрабаваў даведацца, што будзе заўтра. За хвіліну да поўначы мы, у адпаведнасці з парадамі чарнакніжнікаў, запалілі перад пастаўленым на лазнае вакенца люстэркам свечку, кінулі ў агонь тры белыя шарсцінкі з кацінага хваста і роўна апоўначы, утаропіўшыся ў цьмянае люстэрка і ляскаючы зубамі ад страху, вымавілі патрэбны заклён. Услед за апошнім словам у лазню ўварвалася пройма, свечка з люстэркам паляцелі на дол, а мы кінуліся кулём у разнасцежаныя дзверы. Адбегшыся на добры кіламетр і звёўшы дых, мы з жахам убачылі, што чамусьці ўцяклі з лазні прамютка на могілкі, адкуль пабеглі назад да лазні, баючыся, каб яна не загарэлася ад свечкі. Дарэчы, тае начы ў вёсцы, учадзеўшы, памерлі двое старых.

Тую прыгоду я ўзгадаў ужо ўвечары, узяўшыся гартаць свае нататкі за таўстаногім свойскім сталом з букецікам здрыжнічак на саматканым абрусе. Тады мяне займала ідэя напісаць аповяд пра Напалеона, які ў выгнанні, на востраве Святой Алены, аказваецца, думаў, што мог бы выйграць расейскую кампанію, каб аднавіў незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага і яго федэрацыю з Польшчай. Але заместа распрацоўкі сюжэта мяне ў тыя хвіліны апанавалі прыгады пра цётчыну лазню, а потым заманулася перачытаць захоплены з сабою радавод тут, у дзедавай хаце. Яна, хата, была найсуровейшым суддзёй мае пісаніны, бо ведала ўсё гэта (і значна болей) і без мяне.

Усе ўжо даўно паснулі. Я сядзеў над разгорнутымі на стальніцы газетнымі старонкамі. Справа і зверху глядзела на мяне з рушнікоў Багародзіца, насупраць было незавешанае начное жнівеньскае вакно з вясёлкавымі ад старасці шыбамі.

Я чытаў, чуючы на сабе не толькі позірк з абраза, але і яшчэ колькі позіркаў немаведама адкуль - напэўна, гэта глядзела на мяне сама хата - чытаў і, калі дайшоў да слоў «таемную бабуліну сілу я адчуваю і цяпер, праз трыццаць гадоў...», якраз у гэтае імгненне з цёмнага вакна вылецела, засыпаўшы друзачкамі падвоканне, шыбіна.

У хаце пачаўся пярэпалах. Але ні ўначы, ні раніцою мы не знайшлі пад вокнамі канцавой цётчынай хаты аніякіх слядоў, аніякага камянюкі ці яшчэ чаго-небудзь такога.

Вядома, шкло са старой скрыўленай рамы магло вылецець само сабою. Вядома, зусім выпадкова ў наступныя дні ў сяброў і ў людзей амаль незнаёмых, да якіх я чамусьці заходзіў, мне пачалі трапляцца ў рукі (самі сабою, без аніякіх адмысловых пошукаў) рэдкія кнігі, гравюры і старыя газетныя выцінкі пра жыццё Напалеона на востраве Святой Алены і пра колькі месяцаў, прабытых ім у 1812 годзе ў Беларусі. Вядома, зусім выпадкова маглі прычыніцца і іншыя падзеі, якія я не адважваюся тут згадаць толькі з тае прычыны, што ў адваротным выпадку хтосьці можа параіць мне неадкладна звярнуцца да адпаведнага доктара. Далібог, будзе лепей, калі на гэтым я скончу свой пастскрыптум і вярнуся да радаводу.

 

Пра свайго мужа, а майго дзеда Максіма бабуля Аўгіння мне ніколі не казала. Зрэшты, тады я быў малы дый не было яшчэ даведкі з дзесяцітысячным (?) накладам, і бабуля, пэўна, лічыла такія размовы небяспечнымі. Пра дзеда я найболей ведаю ад мамы.

У вайну, якую да 1917-га часта называлі Вялікай Айчыннаю, а потым перахрысцілі ў першую імперыялістычную, дзед Максім як чалавек пісьменны (ён выпісваў перад вайною нейкую газету, і мне, вядома, хочацца, каб гэта была «Наша Ніва») даслужыўся да унтэр-афіцэра. Пад час страшных баёў на Нарачы, калі ў 1916 годзе расейскія войскі, дапамагаючы французскім хаўруснікам, пачалі зусім непадрыхтаванае наступленне, дзед трапіў у палон. У Нямеччыне ён працаваў у баўэра і мог пераседзець рэшту вайны на сытных харчах, але разважыў іначай: у адну цёмную ноч паклаў у кайстру два боханы свежага хлеба і праз два месяцы дапяў роднае капысіцкае хаты.

У вёсцы лічылася, што дзед ведае «планэты», і звычайна ніхто не адважваўся раней за яго пачынаць сеяць або жаць. Той жа, хто, не даючы веры дзедавым здольнасцям, кіраваўся сваімі «планэтамі», мог потым наракаць адно на самога сябе. Калі капысічанаў загналі ў калгас, яны, мусіць, усё-такі маючы надзею, што можна будзе неяк жыць і там, выбралі дзеда Максіма за брыгадзіра.

Праз тры гады наш далёкі сваяк, што служыў у раённым Шклове ў НКВД (я прынцыпова супраць беларусізацыі і гэтага і іншых падобных скаротаў), папярэдзіў дзеда і ягонага брата Ціхана, калгаснага бухгалтара, што на іх і яшчэ на дзесяць вяскоўцаў прыйшоў данос. Хапун, казаў сваяк, чакаўся вялікі, і калі з'ехаць куды-небудзь на данбаскія шахты ці проста зашыцца месяцы на тры ў лес, усё абыдзецца, бо возьмуць іншых.

Дзед з братам сабраў у сваёй хаце сход тых дванаццаці, чые імёны ўжо перадрукоўвалі машыністкі НКВД. Думкі падзяліліся: адны стаялі на тым, каб ратавацца; дзяды Максім і Ціхан лічылі, што хавацца - значыцца прызнаць, што яны і сапраўды ў нечым вінаватыя. Надзвычай дарагая мне і такая драбніца: на той зборні дзед Максім сказаў, што ўсё адно замест хаванцаў схопяць іншых, якіх ніхто нават не папярэдзіў.

Назаўтра трое «ворагаў народа» падаліся ў лес, а дзевяцера засталіся ў вёсцы, спадзеючыся, што там разбяруцца. Людзі верылі, што ўлада, якая ўжо пятнаццаць гадоў называла сябе іхняю, хоць калі-нікалі здатная на справядлівасць.

Па дзеда прыйшлі ў першы дзень 1933-га. Ён сядзеў на палку, плёў рэзгіны і, як запомнілася маме, спяваў:

 

Што рабіць мне, як мне быць?

Ці пакінуць, ці любіць?

 

Мама басанож бегла за санямі да аселіцы.

Праз два тыдні бабе Аўгінні і іншым жонкам арыштаваных дазволілі перадаць ім у Шклове харчы і памяняць бялізну. Старую бялізну давялося спаліць, бо яна кішмя кішэла вошамі.

Наступнаю звесткаю пра дзеда была ўжо згаданая даведка на шэрым бланку, дзе не знайшлося месца хоць бы на колькі слоў крывадушнага казённага спачування. Чалавека забілі, але няхай вас суцешыць тое, што яго забілі ні за што, невінаватага. Праўда, я маю моцны сумнеў, што тыя, хто падпісваў такія даведкі ў шасцідзесятыя гады, і тыя, хто падпісвае іх цяпер, шчыра лічаць такіх, як мой дзед, невінаватымі. Яны сапраўды былі вінаватыя - у тым, што ведалі «планэты», што за царскім часам выпісвалі несавецкую газету, што ім людзі верылі болей, чым розным камісарам і люцыпанерам...

Бабуля Аўгіння сустрэлася з дзедам Максімам на небе за два гады да таго, як дзяржава рабочых і сялян ашчаслівіла нас гэтым бланкавым сведчаннем свае гуманнасці і некалькімі рублямі, якія маці з цёткаю адмовіліся атрымліваць.

Імя даносчыка, што загубіў дзевяць душ, пакінуўшы бязбацькавічамі без малога тры тузіны дзяцей, хутка адкрылася. Гэта быў самы недалужны капысіцкі гаспадар камбедавец Цыбулька.

- Наша горніца з Богам не спорніца! - з дурным гонарам весела казаў ён пра сваю хаціну-развалюху, дзе адно на печы маглі сагрэцца ягоныя вечна галодныя дзеці.

Мамін брат дзядзька Язэп шмат разоў, выпіўшы дзеля смеласці гарэлкі, браў уначы стрэльбу і ішоў помсціцца за бацьку. Бабуля Аўгіння і мама з сёстрамі, галосячы, як па нябожчыку, беглі за дзядзькам да Цыбулькавае развалюхі. Ейны гаспадар спярша аднаго за адным выпускаў на падворак усіх сваіх васьмярых дзяцей, потым жонку, потым выходзіў у споднім сам, і дзядзька Язэп, заплакаўшы ад бяссілля, паварочваў дахаты.

- Усё адно заб'ю! - крычаў ён.

- Няхай, сынок, яго Бог уваб'е, - хрысцячыся, казала бабуля Аўгіння.

Бог не спяшаўся, і Цыбулька пераваліў за дзевяць дзесяткаў. Аднойчы, калі я з вясковаю блазнотаю тоўкся каля крамы, дзе вечна выпівалі і пра штосьці спрачаліся капысіцкія мужчыны, сівенькі падпіты дзядок з чырвонымі слязлівымі вачыма паклікаў мяне пальцам, завёў у краму і купіў грамаў трыста зліплых у суцэльны камяк ірысак. Змеціўшы такі манеўр, адзін з падкрамных пітакоў сурова сказаў мне:

- Выкінь цукеркі! Ён твайго дзеда прадаў!

У тым вяку «прадаць дзеда» значыла прыкладна тое самае, што і «прадаць мяне» - малодшая сястра штодня рабіла гэта, паведамляючы бабулі пра кожны мой вылаз у суседчыны вішні або трускаўкі. Адбегшыся ад крамы, я са смакам з'еў падораныя ірыскі, не чуючы да сівога дзядка анічога, апрача ўдзячнасці. Падумаеш, прадаў нейкага там ніколі не бачанага дзеда!..

Трое капысічанаў, што, не паслухаўшыся дзеда Максіма, схаваліся ад роднае ўлады ў лесе, памарозіліся, але засталіся жывыя. Адзін потым не вярнуўся з вайны, другі ўжо даўно перасяліўся на пагост пад старыя бярэзіны, а з трэцім у апошнія пагасціны на мамінай радзіме мы выпілі пляшку гарэлкі.

- Не паслухаўся нас, Воўка, твой дзед, - казаў ён, - а то б цяпер з намі чарачку ўзяць мог. Здаровы быў Дзянісавіч, як гэта, каб яго халера, рускі багатыр Ілля Мурамец. Неяк на станцыі рэйку да грудзей падняў...

 

Ад маці бабы Аўгінні - маёй прабабкі Пёклы - засталося толькі гэтае імя, амаль зраўнаваны з зямлёю грудок на кладах і згадка пра тое, што прабабка страшэнна не любіла жоўтых кветак. Затое, хоць і страціўшы ўжо сваё імя, трывала ўвайшла ў няпісаныя дагэтуль аналы нашага роду ейная маці - гэта значыць мая прабабка з дзвюма прыстаўкамі «пра».

Паводле маіх падлікаў, тое лета, у якое пры лесе ля капысіцкіх могілак стаяў цыганскі табар, было яшчэ за першым, царскім, прыгонам.

Цыганяты займаліся экспрапрыяцыяй садавіны і яек. Цыганкі хадзілі па хатах, варажылі па руцэ і на картах, паказвалі розныя штукі: напрыклад, налівалі ў шклянку вады, перакульвалі яе на далонь, і вада не толькі не вылівалася, але хутка пачынала кіпець - за гэта гледачы мусілі разлічвацца кавалкам сала. Бывалі выпадкі, калі заварожаныя гаспадары выносілі смуглявым гасцям цэлыя кублы, шасткі з кілбасамі або рэшаты яек. Цыганы ж мужчыны, удзень не грэбуючы штукарствам, дачакаўшыся свайго цыганскага сонца, чынна скарачалі ў наваколлі конскае пагалоўе. Адзін з іх сярод гэтых клопатаў і атрымаў ад мае прабабкі нешта больш істотнае, чым рэшата яек.

Кажуць, у такіх выпадках гены наймацней праяўляюцца праз некалькі пакаленняў. Баюся, што гэта праўда. Калі сустракаю цыганоў, душа мая трывожна і ўадначас соладка сціскаецца, і я нібыта чую ў ёй звон крышталёвых келіхаў. Раз-пораз кроў майго безыменнага чарнявага продка ўладна змушае мяне забыцца пра найпільнейшыя турботы і з'ехаць на колькі дзён проста ў свет, начаваць у гатэлях і на вакзалах ці, прынамсі, ад'ехацца на спадарожнай машыне на паўсотні кіламетраў ад горада і, закінуўшы рукі за галаву, да ночы ляжаць недзе пад стогам, сочачы аблокі.

У мяне нядобрае вока: варта мне пільна паглядзець на чалавека, як ён - асабліва калі гэта жанчына - спатыкаецца. Цыганкі ніколі не бяруць з мяне грошай за варажбу. Што да іхніх прароцтваў, яны, нібы змовіўшыся, абяцаюць мне нейкую «наглую» смерць.

Цыганкаю была і тая юная, кучаравая і ўмелая істота, якая зрабіла мяне мужчынам.

Калі я бачу сучасны табар: пасцеленыя паміж вакзальных лавак коўдры, мурзатых дзяцей, маладзёнаў, што проста ў прыцемным кутку могуць адважна займацца любоўю, мяне часам перасмыквае, але насуперак усяму вусны ўсё адно шэпчуць немаведама калі і як запалыя ў памяць словы: «Лачо дывэс тумэн, гэ ромалэ!» - «Шчаслівай дарогі вам, цыганы!..»

На цыганскім сучку абломваецца жаночая галіна мамінага радаводу і застаецца апошняя мая надзея і паратунак - маміны продкі па мячы.

Прадзед Дзяніс, бацька дзеда Максіма, не вярнуўся з апошняе расейска-турэцкае вайны. Калі ў менскім храме Аляксандра Неўскага, што на Вайсковых могілках, я перачытваю імёны беларускіх воінаў 30-й артылерыйскай брыгады і 119-га Каломенскага палка, палеглых 18 ліпеня 1877 года пад Плеўнаю, - «Канониры Іосіфъ Вайшвіло, Іаковъ Чирка... Рядовые Іоаннъ Гунька, Францъ Тваска, Стефанъ Комаръ, Григорій Мурашка, Стефанъ Сысъ...» - зазвычай на імені «Іосіфъ Войничъ» ува мне пачынае звінець струна загадкавага хвалявання. Якая сувязь існуе паміж мною і гэтым воінам? Магчыма, ён ваяваў разам з дзедам, спаў з ім побач на балгарскіх камянях, а магчыма...

Хто скажа, што пераважыць на вагах гонару: смерць за свабоду іншага народа ці жыццё, аддадзенае за вызваленне свае зямлі? І ўсё ж невыказна горка ад таго, што ўжо два стагоддзі, як на першую з гэтых шаляў - за свабоду нашых далёкіх і блізкіх суседзяў - пакладзена беларускіх жыццяў нязмерна болей, чым за свабоду ўласную.

Мой прапрадзед Баўтрамей, народжаны (паводле запісу на некалькіх, дзівам ацалелых старонках царкоўнае кнігі) у 1830 годе, меў ва ўзросце Хрыста магчымасць абраць другі з двух гэтых шляхоў.

Якраз у тых мясцінах Прыдняпроўя дзейнічаў атрад Ігната Будзіловіча, пазней расстралянага царскімі карнікамі ў Воршы. Звабліва думаць, што Баўтрамей валіў тэлеграфныя слупы, вазіў па вёсках паўстанцкі маніфест чырвоных і з адчаем асуджанага на смерць біўся з казакамі 26 красавіка 1863 года ў няроўным баі пад Пагосцішчамі. Але верагоднасць гэтага досыць малая. Архіўныя дакументы сведчаць, што сярод прыдняпроўскіх беларусаў непараўнана болей было не тых, хто пайшоў пад штандары Касы-Будзіловіча і Тапара - паўстанцкага вайсковага начальніка Магілеўскага ваяводства Людвіка Звяждоўскага, а тых падманутых, што дапамагалі лавіць і забіваць інсургентаў, атрымліваючы ад улады пяць рублёў за жывога і тры за мёртвага.

Мяркуючы па імёнах, якія захаваліся ў матчынай праваслаўнай Капысіцы да сёння - Баўтрамей, Домна, Якуб, Базыль, Цыпрыян, - мае продкі па кудзелі былі, бясспрэчна, вуніятамі, або, дакладней, грэка-католікамі ці католікамі ўсходняга абраду. Як падлічыў адзін наш паважаны гісторык, напрыканцы XVIII стагоддзя да Вуніі належала болей за тры чвэрткі жыхароў Беларусі, у праваслаўі ж заставалася толькі каля шасці працэнтаў. Такім чынам, мае суродзічы слухалі казані, спявалі і гаманілі ў храме са святаром па-беларуску. Яны ані не здагадваліся пра антынародную сутнасць вуніяцтва, што пагражала беларусам знікненнем, ад якога іх выратаваў, вядома ж, цар-бацюхна з памагатымі, у 1839 годзе перагнаўшы цэлы народ у расейскае праваслаўе, што вельмі хутка не пакінула ў храмах анічога беларускага.

На памятку пра царкоўнае «ўз'яднанне» па ўказе імператара Мікалая I быў выбіты вялікі медаль з вобразам Спаса Нерукатворнага і надпісам: «Отторгнутые насилием (1596) возсоединены любовію (1859)». Аб гэтай любові мог бы распавесці нам беларускі хлопчык з-пад Горадні, якога, як паведамляў у сваім «Колоколе» Аляксандар Герцэн, хвасталі бізунамі, пакуль на трэцяй сотні ўдараў не прыняў прычасця ад праваслаўнага папа.

Мусіць, нешта ведаў пра тую любоў і мой продак-рыбар, што прыстасаваў царска-праваслаўную рэліквію пад грузіла. Разам з тым няма сумневу, што гэтая «любоў», мэтаю якой было духоўнае заняволенне і перараджэнне нашага народа, дала плён ужо ў наступным пакаленні, дапамагаючы беларускім мужыкам праз нейкія два дзесяткі гадоў зарабляць крывавыя царскія траякі і пяцёркі.

Я набліжаюся да пачатку мінулага стагоддзя, і свечка сямейнага падання, што асвятляе мне шлях, пакрысе ператвараецца ў маленькі агарак. Але перш чым патухнуць, зліўшыся з няпамяццю, яна яшчэ раз успыхвае, вырываючы з цемры апошняе імя - Баўтрамеевага бацькі Цыпрыяна.

Калі адкінуць відавочна легендарныя звесткі пра тое, што Цыпрыян «адбіў у пранцуза самога Кутуза» і пасля быў узяты да яго за кухара, бо рабіў надзіва смачныя, пханыя пальцам кілбасы (прычым генерал-фельдмаршал так яго любіў, што нават вазіў з сабою па тэатрах), дык атрымаецца, што мой прапрапрадзед нарадзіўся недзе паміж першым і другім падзеламі Рэчы Паспалітай. Полацкае, Віцебскае і Мсціслаўскае ваяводствы ўжо былі захопленыя Расейскаю імперыяй, і Беларусь, што ніколі не ведала рэкруцкіх набораў (бо Вялікае Княства Літоўскае мела прафесійнае войска), пачала спраўна пастаўляць юнакоў спачатку на пажыццёвую, а потым на мала чым ад яе адрозную 25-гадовую царскую службу. Дарэчы, пад час напалеонаўскага нападу ў расейскім войску служыла, паводле некаторых падлікаў, не меней за 50 тысяч беларусаў. Не нашмат меней было іх і пад сцягамі французскага імператара.

Што да супольных з генерал-фельдмаршалам паходаў майго продка па тэатрах, дык, можа стацца, згадкі гэтыя не зусім і легендарныя. Ці не захавалася ў іх памяць аб прыгонным тэатры графа Зорыча, якому з 1788 года належаў недалёкі ад Капысіцы павятовы Шклоў? У Зорычавым тэатры наладжваліся паказы алегарычных балетаў з хорамі, міфалагічных пантамім, камедый і трагедый, камічных опер і феерый. Імёны шасці актораў са шклоўскае трупы можна знайсці ў Беларускай энцыклапедыі. Чаму б не ўявіць, што мой продак Цыпрыян трапіў на нейкую з тых камедый ці феерый? І ці не ў тыя часы ўзнікла ў матчынай радзіне трывалая прыхільнасць да тэатральнага мастацтва, якую нядаўна пацвердзіў абураны ліст аднае з маіх цётак. «Ты там, дзетка, у сваім Мінску, - пісала цётка, па засвоенай у школе завядзёнцы пагарджаючы знакамі прыпынку, якія я расстаўляю толькі цяпер, - схадзі ў ваш тэатр і скажы, што калі прыйшоў чалавек у клуб на пастаноўку прыабшчыцца, як той ваш міністр па цілівізары казаў, к сталічнаму іскуству, дык няхай яго ў клуб пускаюць і ў ботах, і ў кухвайцы, бо ён, чалавек гэты, - тружаніца, і ў клуб адразу з фермы прыйшла, а на ферме ў нас гардзяробаў нямашака, бо каровы калгасныя могуць з галадухі ўсе нашыя гардзяробы за малінку з'есці».

За прапрапрадзедам Цыпрыянам пачынаецца сцяна непрасвяцімае цемры, у якой бясследна губляюцца карані майго радаводу; пра крону ж, спадзяюся, паклапоцяцца мае сыны і ўнукі, калі, вядома, не ўмяшаецца кашчавая рука Чарнобыля.

 

Апошняе, пра што, улучыўшы нагоду, хачу тут сказаць, - адкуль у мяне расейскае прозвішча.

Найперш пакаюся, што быў час, калі я зусім паважна меўся перамяніць яго на іншае і нават пачаў падпісваць тым, іншым, свае літаратурныя практыкаванні. На шчасце, Бог утрымаў мяне ад больш рашучых захадаў, і я не зняважыў памяці вядомых і невядомых мне продкаў, якія мелі гэтае прозвішча і большасць якіх, хочацца верыць, належала ўсё ж да людзей сумленных.

Што датычыць самога прозвішча, дык трэба пачаць з таго, што, калі Расея захапіла нашы «исконно русские» землі, Кацярына II, а потым ейны сын Павел I «пожаловали» тут свайму дваранству 208,5 тысячы душ «мужеска полу». Такім чынам, блізу паўмільёна беларусаў сталі прыгоннымі расейскіх памешчыкаў, нібы менавіта ў гэтым была адвечная мара нашага народа, які, паводле нашых афіцыйных герадотаў, ніколі не меў большага клопату, як чакаць з усходу вызваліцеляў. Нават пасля таго, як Іван Грозны вызваліў Полацак ад палачанаў, а ваявода Шарамецьеў - Мсціслаў ад мсціслаўцаў. Нават пасля таго, як у сярэдзіне XVII стагоддзя ў войнах з Маскоўскай дзяржавай за няпоўныя пятнаццаць гадоў насельніцтва Беларусі скарацілася ў два разы. Нават пасля таго, як у тым самым стагоддзі былі перапоўненыя палоннымі беларусамі астраханскія нявольніцкія рынкі, дзе «вызваліцелі» прадавалі нашых продкаў у рабства па тры рублі за галаву.

Былы Сенненскі павет, адкуль родам мой бацька, уваходзіў у Магілеўскую губерню, у якой дзесяткі вёсак і тысячы прыгонных атрымаў адзін з фаварытаў расейскае імператрыцы граф Арлоў. Вядома, часам мяне апаноўвае спакуса вывесці свой радавод менавіта ад яго. Канчаткова не закрэсліваючы і гэтую версію, мушу зазначыць, што, пэўна, усё было больш банальна, бо ў роднай бацькавай вёсцы Арловы жывуць амаль у кожнай хаце. Маю спадзяванне, што сыны парупяцца, каб людзей з гэтым прозвішчам не менела.

 

Мае бацькі большую частку свайго свядомага жыцця, прынамсі, пасля таго, як пакінулі вёску, на мове сваіх бацькоў не гаварылі. Мае сыны-месцічы, калі былі малыя, пачыналі гаварыць на розных з бацькамі мовах якраз пасля летавання ў вёсцы, дзе іх старанна вучылі «па-гарадскому».

Тут я чамусьці - не сказаць, каб вельмі дарэчы - прыгадваю знаёмага кінарэжысёра, што аднойчы, гады тры таму, на падпітку наракаў на сваё цяжкое жыццё.

- Разумееш, Валодзя, колькі жанчын у мяне было, і хоць бы адна ў ложку слова па-беларуску сказала.

Я суцешыў гаротніка тым, што ўбіраюцца ў сілу працэсы нацыянальнага адраджэння. І не памыліўся. Сустрэўшы мяне днямі (хацелася напісаць: на вуліцы, але буду шчыры - у бары менскага Дома літаратара, там, дзе ўвесь час сядзіць паэт А. Сыс), маэстра з пачуццём, так бы мовіць, нацыянальнага задавальнення, усцешана паведаміў, што ў ягоныя абдымкі (відаць, паводле тэорыі імавернасці) пачалі ўжо трапляць і нацыянальна свядомыя прадстаўніцы прыўкраснай, як пісаў незабыўны Ўладзімір Караткевіч, паловы нашага народа.

 

На дварэ ўсчынаецца крык, і я падыходжу да вакна. Вакол жоўтае цыстэрны з півам (па-мясцоваму - свінаматка) віруе натоўп (па-мясцоваму - пленум). Мой сусед, ужо яўна і даўно размяняўшы пазычаны чырвонец, адпіхвае ад цыстэрны старога з бітончыкам.

- Подумаешь, удостоверение! У нас у каждого по десять удостоверений! У меня вон дед - герой борьбы за Советскую власть. Врагов народа от справедливого гнева товарища Сталина в ГУЛАГе охранял! А другой дедуля у Булак-Балаховича за наше светлое будущее боролся. Националист проклятый! А ты ко мне со своим удостоверением лезешь. Я тебе русским языком сказал: сховай удостоверение!

 

Вяртаюся да стала, каб дапісаць апошнія словы.

Мяркуйце самі, як абышліся б са мною продкі-крывічы.

А з вамі, шаноўныя?

Думаю, шанцы ў нас прыкладна аднолькавыя.

А таму - ці не паспрабаваць скласці радавод і вам?

 

1990


чэрвень 1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Арлоў У. Пяць мужчын у леснічоўцы: Аповесці, апавяданні, эсэ. - Мінск: Мастацкая літаратура, 1994