Уладзімір Арлоў

Мы стаміліся

Как наш ЦК писал в письме открытом,

Мы одобряем линию его.

Уладзімір Высоцкі.

 

Мы стаміліся.

Мы стаміліся ад дасягнутых пад кіраўніцтвам партыі велічных посьпехаў у ажыцьцяўленьні велічных ідэяў.

Мы стаміліся ад нашых маштабных дасягненьняў у Харчовай праграме, пасьля якіх есьці робіцца ўсё меней і меней.

Мы стаміліся ад усенароднай барацьбы з п'янствам і алкагалізмам, у выніку якой на месцы вінаграднікаў пасадзілі бульбу й іншыя культуры, што там не растуць, айчынная самагонная тэхніка перасягнула ўзровень японскіх стандартаў, а алкаголікі, выпіўшы ўсе ласьёны, ужо чакаюць нас у лепшым сьвеце.

Мы стаміліся ад шырока разгорнутага сацыялістычнага спаборніцтва, калі ад несьвядомае каровы, якая не канспэктавала твораў клясыкаў, трэба атрымаць малака болей, чым яна можа даць, а ідэалягічна непадкаваная кура-нясушка канае, ня справіўшыся з падвышанымі сустрэчнымі абавязацельствамі.

Мы стаміліся бясконца перавыконваць народнагаспадарчы плян і думаць, што лепей было б, каб мы яго ніколі не перавыконвалі, а хоць адзін раз проста выканалі.

Мы стаміліся есьці прадукты, у якіх няма радыенуклідаў толькі датуль, пакуль у нас няма дазымэтраў.

Мы стаміліся ад удзячнасьці стваральнікам сацыяльнае праграмы «Жульлё» (прабачце, «Жыльлё») - 2000.

Мы стаміліся змагацца за правы гарлемскіх мурынаў, што маюць, як пісала нашая прэса, у сярэднім усяго па 5 квадратных мэтраў жылой плошчы на чалавека, у нас жа гэтых мэтраў у сярэднім крыху болей толькі за кошт тых, хто рэгулярна езьдзіць глядзець на гарапашных мурынаў і мабілізоўвае нас на барацьбу за іхнія правы.

Мы стаміліся, едучы ў грамадзкім транспарце, думаць пра тое, чым накарміць дзяцей, ведаючы, што нехта ўжо ўехаў у свой камунізм ня толькі на пэрсанальнай машыне, але й на пэрсанальнай нумарной карове.

Мы стаміліся перадаваць у лістох і па тэлефоне прывітаньні людзям, якія ўдзень і ўначы самааддана захоўваюць таямніцу нашага ліставаньня й тэлефонных перамоваў.

Мы стаміліся глядзець на аточаны чорнымі «Волгамі» й аздоблены гранітам гмах, ведаючы, што цераз вуліцу ад яго гараць і гніюць у сутарэньнях кнігі нашае галоўнае бібліятэкі.

Мы стаміліся чытаць і слухаць прамовы чалавека, які, рыхтуючыся да сустрэчы сваіх маскоўскіх гаспадароў на нейкім сэмінары, загадаў да лёзунгу «Человек - это звучит гордо» прымаляваць на пачатку слова «советский».

Мы стаміліся ад таго, што нашай эканомікай кіруюць фізкультурнікі, культураю - сантэхнікі, а ўсім разам - спэцыялісты па сьвінагадоўчых комплексах.

Мы стаміліся ўскладаць кветкі да помнікаў тым, хто павёў нас у сьветлае заўтра, дзе, на жаль, не давялося жыць ім самім.

Мы стаміліся чакаць, калі збудуюць помнікі тым, хто бараніў нашую зямлю, а ня тым, хто аддаваў Беларусь немцам на перамовах у Берасьці й па жывым рэзаў яе напалам на перамовах у Рызе.

Мы стаміліся чытаць газэты, першыя словы якіх 70 гадоў палохаюць сьвет заклікам зьяднаць пралетарыяў усіх краін, як быццам невядома, што атрымалася ў адной асобна ўзятай.

Мы стаміліся есьці ўмоўна чыстую ежу.

Мы стаміліся чытаць умоўна праўдзівую «Праўду».

Мы стаміліся жыць ва ўмоўна дэмакратычнай дзяржаве.

Мы стаміліся быць умоўна роўнымі.

Мы стаміліся быць умоўна вольнымі.

Мы стаміліся быць умоўна жывымі.

Вы чуеце?

Мы стаміліся...

 

Травень, 1990 г.




Беларуская Палічка: http://knihi.com