Уладзімір Арлоў

Няхай жывуць гановэрскія вароны!

Мне хочацца хоць трохі пабыць жанчынаю. Цікава, што яны адчуваюць - на вуліцы, у краме, у ложку... Цікава зірнуць зь сярэдзіны, як яны манэрнічаюць, як кахаюць і як здраджваюць. Часам я хачу пераўвасобіцца ў адну кучаравую шатэнку са злосным позіркам, але падазраю, што ўжо даўно не выклікаю ў яе аніякай станоўчай эмоцыі, а непрыхільнасьці да самога сябе мне не бракуе й без пераўвасабленьняў. Я не адмовіўся б пабыць пару дзён адной маёй знаёмай бляндынкаю, аднак прадчуваю, што потым замучае рэўнасьць да яе незьлічоных прыхільнікаў. Пазнавальна, хоць і таксама небясьпечна, было б глянуць на сьвет і вачыма жонкі...

Напэўна, гэткія думкі лезуць у голаў таму, што за вакном падае на цьмяна-вясёлкавы брук дождж, на стале курэюць чатыры вялікія кубкі кавы, а гаспадынямі трох зь іх апынуліся жанчыны.

Іх завуць Моніка, Сільвія й Мірэла. Яны са смакам сёрбаюць каву, белая пара ад якой мудрагеліста зьвіваецца з лавандавым цыгарэтным дымком, яны са смакам шчабечуць на мове Гётэ й Дзюрэнмата і, мяркую, зусім ня хочуць ператварыцца ў свайго візаві, што валодае нямецкай на ўзроўні адукаванага чыюка з рэспэктабэльнай бюргерскай сям'і.

Каторая зь іх сталася б маёй абраньніцаю ў выпадку экспэрымэнту зь пераўвасабленьнем?

Падобная да рубэнсаўскіх жанчын Моніка, што спрытна ладзіць самакруткі? Маленькая, зграбная й жывая, як міркіль, Сільвія, што курыць «West»? Або смуглая, прыгожая нетутэйшаю (нягледзячы на бездакорную нямецкую мову) прыгажосьцю Мірэла, якой не хапае на кубак кавы дзьвюх цыгарэтаў «Rоthmans»?

Пра аматарку самакрутак я ведаю толькі ймя.

Сільвія нарадзілася ў Заходнім Бэрліне, але зьнелюбіла сьціснуты кальцом гэдээраўскай сьцяны-анаконды горад настолькі, што ўцякла на захад, у Гановэр, дзе пачала пісаць вершы й апавяданьні.

Прозьвішча Мірэлы - Іванова. Дзякуючы ёй я ўжо ведаю па-баўгарску першае слова: «благодаря» - дзякую. Калі б я мог зараз стаць Мірэлай, я ўспомніў бы Сафію, Віташу, магчыма, задаўненыя ўжо ўцёкі ад жаніха за тры дні да вясельля - каб «не належаць нікому, апрача паэзіі».

Мірэла любіць анатомію. У сваіх вершах яна анатамуе зьявы й рэчы. Гэтую схільнасьць падкрэсьлівае яе падобны да компасу гадзіньнік: на ім няма лічбаў, а стрэлкі рухаюцца проста над вантробамі мэханізму. Гадзіньнік, што бесцырымонна анатамуе загадкавую субстанцыю часу, Мірэла набыла ў бэрлінскага магамэтаніна з турэцкіх кварталаў.

Пра гэта я даведваюся, дзякуючы яе расейскай мове. На ёй Мірэла гаворыць з прыбалтыйскім акцэнтам - вынік стажыроўкі ў Рызе. Шкада, вядома, што яе настаўнікам выпала быць ня мне, але я ўсё роўна ўдзячны таму латышу, бо безь яго я ня здолеў бы паразумецца з акулярыстым чалавекам, перад якім Моніка ставіць пяты кубак кавы.

Чалавека завуць Ролянд Бальцэр. Ён пазірае на мяне з даверлівым подзівам, хоць, на добры лад, такое пачуцьцё павінна жыць у гэтыя хвіліны якраз не ў ягоных вачох, а ў маіх. Сапраўды, што змушала яго разам зь Сільвіяй адпраўляць у нейкую таямнічую Weissrussland факс за факсам з запрашэньнямі, якія на руінах СССР чыноўнікі бясконца гублялі або не разумелі й вымагалі дубляваць іх то па-расейску, то па-нямецку. Ня менш прыемнаю загадкаю выглядае й тое, дзеля чаго гановэрскаму часопісу «Техturа» друкаваць пераклады зь беларускай.

Выдавецтва, дзе выходзіць часопіс, завецца «Rаbеnrаt», што можна перакласьці, як «Сход варонаў». На стале ў кожнага супрацоўніка - шыльдачка з варонаю й імем. На Роляндавай шыльдачцы пазначана, што тут сядзіць галоўная варона. Маецца на ўвазе, што ён дырэктар і ўладальнік выдавецтва. Па сумяшчальніцтву ён піша гістарычныя навэлы й афарызмы, сабраныя ў сьціплую кніжачку пад гэткаю ж сьціплаю назваю - «Афарызмы». Сільвія сваёй шыльдачкі ня мае, а калі б мела, дык на ёй, мусіць, напісалі б «Вольная варона», бо яна на вольным хлебе. (Тыя два з паловаю гады, калі я мог існаваць на гэтым хлебе, не паміраючы ад голаду, здаюцца мне ўжо часамі міталягічнымі.)

Варона сядзіць і на вокладцы часопісу, дзе надрукаваныя нашы зь Мірэлаю опусы. Калі казаць больш дакладна, дык птушка ўладкавалася на мапе Эўропы, нацэліўшыся дзюбаю на яе ўсходні кавалак. Няхай дзяўбецца й надалей, думаю я, пакуль Ролянд замаўляе таксоўку, каб адвезьці нас на вячэру.

 

За гасьціннасьць нам зь Мірэлаю трэба разьлічыцца дзьвюма літаратурнымі вечарынамі. Першая адбываецца ў нечым накшталт гарадзкога Дому культуры. Аншлягу няма, аднак пытаньняў хапае. Сільвія чытае маё, па сутнасьці першае ў жыцьці, сэнтымэнтальнае апавяданьне пра пеўня на гарадзкім гаўбцы. Адзін са слухачоў, які паводле веку мог быць у «Гітлерюгендзе», а мог і на фронце, упэўнена называе опус паэтычна-фантастычным. Я пярэчу. Апрача таго, праблема мае інтэрнацыянальны характар. Прэса паведамляла, што аналягічны выпадак меў месца ў Боне, але там суседзі падалі заяву на гаспадара пеўня не ў паліцыю, а адразу ў Эўрапейскі суд па правох чалавека.

Відаць, што гановэрская публіка ня сьпешчаная сустрэчамі з гасьцямі з былога сацлягеру. «Чаму вы так ціха гаворыце? - пытаецца ў нас зь Мірэлаю падстаркаватая фраў. - Вы яшчэ баіцёся?»

 

Нашая начная рэзыдэнцыя - родны дом Ролянда ў гарадку Цэле за паўсотні кілямэтраў ад Гановэру.

У электрычцы з намі знаёміцца малады жаўнер бундэсвэру. Пачуўшы пра Менск і Сафію, ён кажа, што разьведка Варшаўскага дагавору працавала на міжнародных імпэрыялістаў. У іншым разе камуністычнае камандаваньне даведалася б, што ў бундэсвэры жаўнераў распускаюць на ўікенд па хатах і без праблемаў узьняло б у выхадныя дні чырвоны сьцяг над Гановэрам дый рэшткаю Эўропы.

Пад перастук вагонных колаў мне згадваецца, як некалі, у часы, калі наша неабсяжная краіна будавала БАМ і жыла пад лёзунгам «Нечерноземье - ударный фронт!», такой самай парою я ехаў на начлег са сталіцы ў падмаскоўны гарадок. Поруч важылі носам табаку двое сяброў і былых аднакурсьнікаў. Адзін, летувіс, быў тады асьпірантам МДУ й натхнёна пісаў дысэртацыю аб прапагандзе летувіскімі камуністамі перавагаў сацыялізму ў гады буржуазнага рэжыму. Другі, беларус, вучыўся ў Вышэйшай камсамольскай школе, заслужыў гонар быць у групе скандаваньня на чарговым гістарычным зьезьдзе КПСС і са шкадобаю апавядаў пра юную швэдку, якая прыехала ў іхнюю вышэйшую школу ўдасканальваць свае левыя погляды, ды аказалася настолькі леваю, што хадзіла на заняткі ў празрыстай сукенцы бяз станіку й згодна з пастановаю парткаму завяршыла навучаньне значна раней тэрміну.

Першы мой спадарожнік пазьней выкладаў у Вільні ў Вышэйшай партыйнай школе, потым быў беспрацоўным, потым узяўся выкладаць нешта супрацьлеглае зьместу й патасу сваёй дысэртацыі ў паліцэйскай акадэміі, а пасьля заняўся бізнэсам і аднойчы напрамілы Бог прасіў мяне перадаць на менскім вакзале нейкаму чалавеку нейкую сумачку. Другі папутнік, што ў студэнцкія гады захапляўся подзьвігамі Ігната Грынявіцкага й Івана Пуліхава й казаў, нібыта рыхтуецца «замачыць» Леаніда Ільліча, паехаў пасьля камсамолскай аlma mаtеr выконваць інтэрнацыянальны абавязак у Афганістан, спаў у гатэльным нумары не на ложку, а ў абкладзенай мяхамі зь пяском ваньне, а аднаго дня сеў у гэрацкім аэрапорце ў тамтэйшую таксоўку й нікуды не прыехаў...

Сацыялістычныя ідэалы былі калісьці не чужыя й Ролянду Бальцэру, пагатоў ягоным бацькам належала ў Цэле колькі рэстарацыяў. Ролянд зь сябрамі нават стварыў камуну. (Сустрэўшыся празь пятнаццаць гадоў, яны - бізнэсмэны, банкіры, проста заможныя людзі - ўволю нацешыліся ўспамінамі.) Як рэха таго даўняга часу я ўспрыняў дэмакратычнае Роляндава рашэньне: самому ўлегчыся спаць, калі мы пасьля вячэры падняліся на другі паверх, на падлозе, а мяне ўладкаваць на ложку. Калі Ролянд прыедзе да мяне ў Менск, я таксама лягу на падлозе. Праўда, у нас ня будзе на другім паверсе мэзаніну з усімі выгодамі, ня будзе тэрасы з выхадам у сад і могуць надацца перабоі з вадой і баварскім півам, а таксама з салямі, ківі й яшчэ некаторымі дзяжурнымі прадуктамі.

 

На гановэрскіх вуліцах і вулачках, акрамя немцаў, жывуць туркі, мурыны й жоўтатварыя дзеці паўднёва-ўсходняй Азіі. У мэтро, трамваі або электрычцы побач з вамі абавязкова апынецца хтосьці са скураю іншага колеру. На цьвінтары катэдральнага сабору, відаць, з блаславеньня Алаху, жабруе маладая турчанка або чачэнка са спавітым дзіцем. У пастаўленым каля ног плястыкавым вядзерцы ад жавальных гумак пуста - мо таму, што дзіця ў жабрачкі нейкае занадта ціхмянае: ні голасу зь пялюшак не падае, ні носу не вытыркае. Усё гэта прыводзіць на памяць айчынных сьляпых, што калісьці сядалі ў электрычку на станцыі Койданава, старанна й балюча топчучы відушчым пасажырам ногі, сноўдаліся па вагонах і цягнулі гугнявымі галасамі «Враги сожгли родную хату», а выбраўшыся ў Стоўбцах на пэрон, на вачох у дабрадзеяў упэўнена лічылі нажабраваныя грошы і, беспамылкова абмінаючы гразкія калюжыны, імпэтнай хадою кіраваліся ў прывакзальную піўніцу.

Некалі ў Гановэры жыў досыць вядомы дадаіст Курт Швітэрс. У ягоны гонар у цэнтры гораду паставілі скульптуру: вялікія, узгрувашчаныя адзін на адзін кантэйнэры з сабраным на вуліцах і спрасаваным сьмецьцем і жалезным ламаччам. Надпіс паведамляе, у які дзень якога году быў напоўнены сваім зьмесьцівам кожны кантэйнэр. Маўляў, сьпі спакойна, дарагі Курт, твой эстэтычны клопат жыве.

Ня ведаю, ці можна аднесьці да дадаізму вершык, што выплывае каля гэтага манумэнту з маіх дзіцячых успамінаў:

 

Пришла весна. Цвели дрова.

Верблюд из Африки

Приехал на галошах.

 

На ўсьцеху Мірэле ў гановэрскіх крамах багаты выбар маціцовых гузікаў. Такія гузікі - ейная жарсьць. Мірэла выкладвае па некалькі марак за штуку й нецярпліва чакае хвіліны, калі можна будзе выкінуць у сьметніцу няшчасныя гузікі, народжаныя на сьвет без удзелу малюскаў. Адным словам - паэтка.

Праходка па Гановэры сканчаецца бліскучым тэрарыстычным актам паяданьня сакаўной паляндвіцы вусьцішных памераў, якую мы распластваем на кухоннай дошцы пасярод стала й крыважэрна паласуем нажамі адразу з двух бакоў, падмацоўваючы сілы салатаю з кукурузай і шмальцам з гарачым белым хлебам. Паводле сваёй ідыёцкай звычкі згадваць з нагоды й без нагоды розную лухту, я ўспамінаю показку пра тое, як канібалы злавілі недзе ў джунглях Новай Гвінеі групу савецкіх спэцыялістаў. У чопе кіпіць вада, кухары рыхтуюць соль і перац, а ўдзячныя дзікуны аблізваюцца, смакуючы наперад філейныя часткі, прысланыя ім далёкай краінаю разьвітога сацыялізму. Тым часам правадыр племя прыглядаецца да будучага пачастунку й раптам усьцешана выгуквае: «Вунь таго разьвязаць, я зь ім вучыўся ў БДУ імя Леніна».

Баляваньне адбываецца на хаце ў спадарыні Сільвіі. Пры каве высьвятляецца этымалёгія ейнага прозьвішча. «Gеіst» па-нямецку дух, а таксама - здань. Каб замест кавы я выпіў «вогненнай вады», дык неадменна выткнуўся б з тостам пра добры дух Гановэру або пра здань, якая выклікае пачуцьці, бязьмежна далёкія ад жаху.

Аднак наперадзе ў нас сустрэча зь верагоднымі чытачамі, а таму ўсё сказанае вышэй ідзе падтэкстам, а гаворка круціцца вакол іншага.

Напрыклад, вакол расейскага нацыянальнага характару, або, як той казаў, мэнталітэту. Аказваецца, баўгарскія этнографы таксама закмецілі адметнасьць казачнага расейскага Ямелі: лайдак, які адлежвае на печы бакі, раз-пораз загадваючы што-небудзь зрабіць «по щучьему велению, по моему хотению», у вачох братняга народу паўстае героем відавочна станоўчым. Здаецца, аналягі ёсьць яшчэ ў казачным эпасе братніх народаў Цэнтральнае Афрыкі.

Мірэла апавядае пра македонцаў, якія гавораць на заходнебаўгарскім дыялекце і якіх у Баўгарыі лічаць баўгарамі, але палітыкі ў сацыялістычнай Югаславіі нібыта зрабілі ўсё магчымае, каб баўгарскі этнас скараціўся роўна на колькасьць македонцаў. Пры вялізнай розьніцы палітычных ды іншых умоваў перада мною ўсё адно з халодным ветрыкам мільгае аблічча паэта й паляшуцкага лідара Міколы Шаляговіча са стосікам ягонай газэты «Полісьсе», дзе на незразумелай большасьці палешукоў мове ім даводзіцца, што яны асобная нацыя, а гэтая незразумелая мова й ёсьць іхняя родная мова.

Яшчэ мы гаворым пра Макса Фрыша і ягоную сяброўку Інгеборг Бахман. Яе героі часта гінулі ў агні, як потым загінула й сама Інгеборг. Тэму прадчуваньняў у творчасьці рэальных падзеяў уласнага жыцьця працягвае Мірэлін расказ пра баўгарскага клясыка Пэё Яварава. Той баяўся цемры й сьлепаты. Калі ў яго на вачох зьвяла падрахункі з жыцьцём жонка, Пэё схапіў яшчэ цёплы пісталет і таксама спрабаваў застрэліцца, але толькі пашкодзіў якісьці нэрв і страціў зрок, каб, жывучы ў цемры, дзень пры дні чуць, што гэта ён забіў жонку.

Я намагаюся ўспомніць якія-небудзь прадчуваньні ў творчасьці сяго-таго зь беларускіх аўтараў і на свой сорам не магу ўзгадаць нічога паважнага, калі не лічыць прадчуваньня чарговага раману з асьпіранткаю - у творчасьці вялікага празаіка Н. і прадчуваньня выпіўкі й добрага закусону - адразу ў некалькіх маладых і сталых членаў СП.

Мае гановэрскія музы ўладкоўваюцца з цыгарэтамі на падлозе каля адчыненага гаўбца. Апошняе, што перакладае Мірэла: дачка баўгарскага прэзыдэнта Жэлю Жэлева скончыла жыцьцё самагубствам, а прэзыдэнт назаўтра пасьля хаўтураў прымаў вайсковы парад.

Я разгортваю апошнюю Мірэліну кнігу «Памет за подробности» й раптам пачынаю разумець баўгарскую мову. Кажуць, некалі народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін падчас дэкады беларускае літаратуры ў Летуве, выправіўшыся ўраньні па піва, спыніўся ля газэтнага стэнду й раптам пачаў разумець па-летувіску. Праўда, неўзабаве высьветлілася, што ён унурыўся ў віленскі польскамоўны «Сzеrwоnу sztаndаr». Але па-баўгарску я, далібог, нешта разумею. Верш называецца «Усилието»:

 

Потушаваш един огън, друг огън,

колко огньове, за да напишеш

върху пепелта

стих или име.

 

Між іншым, у Нямеччыне пачытваюць «Нашу Ніву». Доказ - неабвержны. На другой вечарыне Сільвія чытае перакладзены спадаром Норбэртам Рандавам з «НН» опус пад назваю «Тунэль зь Серабранкі ў Бэрлін».

Гэты тунэль прывёў нас у прытульную тэатральную кавярню. Людзей трохі болей, чым запаленых на ссунутых мармуровых століках сьвечак. Дзяўчына з валасамі й вачыма русалкі пытаецца, як завуць беларуску з профілем Нэфэрціці, што стукае абцасікамі па менскім асфальце. Я адказваю, што ў яе вельмі эўрапейскае імя. Дарэчы вынырвае сэнтэнцыя з Гесэвага «Дэміяна»: анфас - маска, сутнасьць пазнаецца ў профілі.

Наступнае пытаньне: ці адчуваеце вы, што немцы да вас халодныя й абыякавыя? Мірэла спраўляецца з адказам хутка. У мяне так не атрымліваецца. Я кажу пра нашу балцкую кроў і пра тое, што балцкія лейкацыты й эрытрацыты нясуць па жылах беларусаў балцкую стрыманасьць. Я кажу, што люблю, каб мяне не чапалі, каб ня лезьлі ў душу й не прапаноўвалі дзюбнуць за вуглом «пузыр» на траіх, закусіўшы плаўленымі сыркамі. Я кажу, што не хачу, каб мяне, ухвальна паляпваючы па плячы, называлі «простым парнем». Я не хачу быць гаваркім і не хачу выслухоўваць споведзі незнаёмых людзей. Я выказваю здагадку, што, напэўна, гэтыя рысы ўласьцівыя сярод беларусаў ня толькі мне.

Пакуль Мірэла перакладае, я ўспамінаю старую показку, як Васіль Іванавіч вяртаецца з Парыжу. «Што новага, Васіль Іванавіч, прывезьлі з Парыжу?» - пытаецца Пецька. «Ня ведаю, Пецька, яшчэ да доктара не хадзіў», - адказвае легендарны камдыў. Калі б я ведаў нямецкую мову або калі б не шкадаваў Мірэлы, я распавёў бы зараз яшчэ й гэтую показку і, інтрыгуючы публіку, паведаміў бы, што таксама заразіўся. Вытрымаўшы неабходную для належнага эфэкту пярэрву, я супакоіў бы чытачоў і асабліва чытачак, удакладніўшы, што ў Гановэры я заразіўся зусім не AIDS, а - нямецкім спакоем.

 

Эўропа робіцца бліжэйшаю. Вось і Бэрлін ужо ня мэта падарожжа, а ўсяго толькі прыпынак на зваротным шляху. Але гэта - ня спляжанае бальшавікамі старадаўняе мястэчка, празь якое я еду зь Менску ў свой Полацак, у лепшым разе выходзячы на стаянцы да ветру. Немцам падабаецца, калі Бэрлін называюць новай сталіцай Эўропы. (На мове М. Шаляговіча сталіца, калі не памыляюся, будзе «чолотвэрдзь».) Мне цікава, што зьмянілася ў сталіцы за год, пакуль я не бадзяўся па Кюрфюрстэндам і Аляксандар-пляц, і я выходжу зь цягніка. Балазе, у Бэрліне, а дакладней, у яго былым заходнім сэктары жыве мая знаёмая - спадарыня Ядзьвіга зь беларускага шляхецкага роду Рымашэўскіх, якая, трапіўшы ў Нямеччыну пяцьдзесят гадоў таму й дасканала авалодаўшы моваю, сумысьля захавала сабе беларускі акцэнт. Дзіва, што яна сустракае мяне, калі не як роднага сына, дык, прынамсі, як роднага пляменьніка.

Калі вы глядзелі фільм «Генэралы пяшчаных кар'ераў», дык мусіце памятаць кульгавага хлопчыка, што на колькі дзён трапляе ў багаты дом. У адрозьненьне ад хлопчыка, я пакуль што не кульгавы, не распавядаю сьлязьлівых гісторыяў пра таткаву сьмерць і ня маю сувязяў у крымінальным сьвеце. Усё астатняе вельмі падобнае да фільму.

У доме спадарыні Ядзьвігі, апрача яе з мужам Хельмутам, жывуць трынаццаць катоў на чале з заснавальніцай гэтай кашэчай дынастыі Паўлінай, якая сыта вуркоча ўжо цэлую чвэртку стагодзьдзя. Каты, якім я прывёз прывітаньне ад іхняй самотнай менскай супляменьніцы Басоты, падзяляюцца на «сацыялістычных», што кватаруюць на цокальным паверсе, і «капіталістычных», якія па-гаспадарску пачуваюцца наверсе. Падзел чацьвераногіх гаспадароў паводле сацыяльна-эканамічных фармацыяў чыста ўмоўны, бо розьніца ва ўзроўні іх жыцьця ў літаральным сэньсе палягае ў прасторы. Проста «сацыялісты» схільныя да самоты й ня любяць чужых людзей. За колькі тыдняў да майго прыезду менавіта «сацыялістычны» паверх гэтай Мурлындыі, узьняўшы страшэнны вэрхал, папярэдзіў гаспадароў, што ў дом залезьлі злодзеі.

Колькасьці катоў у доме прыкладна адпавядае колькасьць гадзіньнікаў. Усе яны з боем, прычым ідуць з разьбежкаю, і раней за дванаццаць ночы спаць нязвыкламу чалавеку тут лепей ня класьціся, бо апоўначы ў пакоях пачынаецца праўдзівы канцэрт.

У адведзеным мне пакоі, які разы ў тры большы за ўсю маю менскую двухпакаёўку, стаіць на століку фатаграфія немаладога афіцэра ў эсэсаўскай форме са стамлёнымі разумнымі вачыма. Гэта ня бацька гера Хельмута. Гэта першы муж спадарыні Ядзьвігі Фрыц. Іхняе каханьне пачалося ў 1941-м у Калодзішчах, пад Менскам, дзе стаяла Фрыцава вайсковая частка. За сувязь са славянкаю, а мабыць, і за іншыя грахі, накшталт лібэралізму з палоннымі, Фрыца перавялі ў Нямеччыну, але туды вывезьлі й Ядзю Рымашэўскую, і яны не маглі зноў не сустрэцца.

Фрыц напісаў на імя фюрэра рапарт з просьбаю дазволіць шлюб. Дазвол быў атрыманы з умоваю неадкладнай адстаўкі, што азначала застацца бяз сродкаў і жыць пад каўпаком спэцслужбаў. Ішоў 1944-ты. На шлюбным фота спадарыня Ядзьвіга ў чорнай сукенцы.

Фрыца няма ўжо болей за трыццаць гадоў. Перад ягонаю фоткаю кожны дзень стаяць кветкі. Побач з кветкамі ляжыць Фрыцава люлька (мая гаспадыня пяшчотна называе яе піпачкай). Дваццаць гадоў пасьля мужавай сьмерці спадарыня Ядзьвіга, гледзячы на «піпачку», чула выразны пах дыму, і яе душа заходзілася ад адчуваньня блізкай прысутнасьці каханага.

Гісторыя другога замуства дачкі беларускага шляхціца Адама Рымашэўскага таксама вартая калі не раману, дык аповесьці. Назаўтра пасьля хаўтураў фраў Шміт прыйшла на клады, выпіла пляшачку гарэлкі, абняла сьвежую магілу й прачнулася ўначы паміж надмагільных помнікаў. Удава прыходзіла на клады штодня - то сама, то з сынам. Аднойчы да яе ў дзьверы хтосьці пазваніў. На парозе стаяў малады чалавек з букетам. Яго звалі Хельмут. Адрас ён даведаўся на могілках ад вартаўніка. Прырода любіць раўнавагу. Фрыц быў гадоў на дваццаць старэйшы за жонку, Хельмут - амаль на столькі ж маладзейшы, аднак на фотаздымку зь іхняга вясельнага падарожжа абняўшыся стаяць аднагодкі. Пра здымкі апошніх гадоў можна, далібог, сказаць тое самае. На маё паведамленьне, што фраў Хедзьвіг Ноак - равесьніца «Великого Октября», Мірэла зь Сільвіяй толькі недаверна пераглянуліся й смыканулі плячыма.

Увечары, за кухлем піва, я слухаю ўспаміны спадарыні Ядзьвігі й разглядваю альбомы - вось дом у Калодзішчах, дзе яны з Фрыцам сустрэліся, вось касьцёл сьвятога Роха са зьбітым сьпічаком (фота рабіў у 1941-м Фрыц). Мы абмяркоўваем нядаўнюю тэлеперадачу пра сэксуальныя пэрвэрсіі, дзяўчынак-філіпінак зь нелегальных прытонаў і шлюбы лесьбіянак. Мая гаспадыня рашуча супраць такіх навацыяў, а я, бадай, не адмовіўся б на колькі дзён пераўвасобіцца ў сямейную лесьбіянку, каб дасьледаваць у такой ячэйцы грамадзтва, напрыклад, праблему адзюльтэру. Пытаньне выглядае даволі неадназначна: як, скажам, ацэньваць сытуацыю, калі нехта зь лесьбійскай сям'і трапіць у абдымкі да мужчыны?

Мы глядзім «відзікі» пра разбурэньне Бэрлінскае сьцяны й пра першыя гады акупацыйнага рэжыму саюзьнікаў. Я даведваюся, як сардэчна ставіліся савецкія салдаты да нямецкіх дзяцей і як яны без разбору гвалтавалі нямецкіх жанчын, дзяўчат і дзяўчынак, перасягнуўшы ў гэткіх подзьвігах і нямецка-фашыстоўскіх і татара-мангольскіх захопнікаў. (Адзінаццацігадовую сястру майго бэрлінскага знаёмца ўратавала адно тое, што на голаў п'яному салдату, які цягнуў дзяўчо ў ложак, ягоны яшчэ больш п'яны сябрук скінуў з другога паверху кватэры грамафон.)

Ураньні, зьеўшы на дэсэрт трускавак або вішняў з саду, што глядзіцца ў вокны маіх гаспадароў, я выпраўляюся швэндацца па Бэрліне, ловячы сябе на думцы, што ўжо ведаю яго, прынамсі, значна лепей за Маскву. У голаў, вядома, лезуць згадкі, аналёгіі й алюзіі.

Белакаменную я пераведваў разы чатыры. Кожны быў напоўнены мноствам незабыўных хвалюючых уражаньняў, але асабліва ўразаўся ў памяць нейкай адной адметнаю падзеяй.

Першы раз, едучы ў казахстанскі будатрад кватэр'ерамі, мы залілі на ўскраіне Краснай плошчы дзьве дзесяцілітровыя поліэтыленавыя каністры півам і на падыходзе да маўзалею былі затрыманыя нарадам міліцыі, што палічыў нас за падпальшчыкаў. Другі раз я знаходзіўся ў «чолотвэрдзі» транзытам, начаваў на вакзальнай лаўцы і быў разбуджаны сярод ночы разьятранай прыбіральшчыцай, што хвостка выцяла мяне па заспанай пысе мокрым брудным венікам, які пакінуў у барадзе жменю сланечнікавай лузгі. Яшчэ адзін раз некалькіх маладых беларускіх літаратараў прывезьлі на паседжаньне савету па беларускай літаратуры Саюзу пісьменьнікаў СССР, і на пачатку імпрэзы вядомы савецкі крытык Павел Ульяшоў бадзёрым тонам спавясьціў нас, што ўчора праглядаў нашыя кніжкі й зразумеў, што беларуская мова сапраўды йснуе.

Але тое ў Маскве.

У Бэрліне ж былая мяжа ўсходняга й заходняга сэктараў адчуваецца ня меней, чым летась. У заходнім на кветніках абавязкова растуць кветкі, ва ўсходнім, не раўнуючы, як дзе-небудзь у нашым Леплі, можа раскашавацца й лебяда. «Неўміручае і ўсемагутнае (потому что верное)» вучэньне здолела так пераўтварыць сьвет, што нават жоўтыя гарлачыкі ў заходнебэрлінскай сажалцы выдаюць відочна жаўцейшымі.

Водбліз станцыі падземкі на Фрыдрыхштрасэ наш былы суайчыньнік па Савецкім Саюзе тужліва пілуе на акардэоне «На позицию девушка провожала бойца». На недалёкіх могілках зь белага пастамэнту пад белай акацыяй зьдзіўлена ўслухоўваецца ў экзатычную мэлёдыю галава Генрыха Мана.

Тамсама, на Фрыдрыхштрасэ, ёсьць плот зь дзіркаю. Праціснуўшыся празь яе, апынаесься на пустцы, дзе стаіць дом, які, магчыма, спадабаўся б Мірэле, бо над ім учынілі вівісэкцыю: адна сьцяна будынку абрынутая, і вачом адкрываюцца ўсе куродымныя тайніцы ягонага чэрава. Каля дому расьце «дрэва» - стаўбур з бляшаных вадасьцёкавых трубаў і галіны з галінкамі з размаітых скарлючаных трубак і дроту. Краявід пусткі, што ажыўляе ў памяці вясёленькую «постатамную» навэлу Рэя Брэдбэры «Будзе ласкавы дождж», выдатна дапаўняе высозная «кветка» зь бітага шкла й іржавага жалезьзя. Гэтай расьліне пасуе кампанія зацягнутых у чорную скуру хлопцаў з голенымі галовамі, якая смокча ў засені шкляных пялёсткаў бляшанкавае піва. Мусіць, я ўсё-ткі ня надта падобны да турка, аднак, мяркуючы па позірках хлапцоў, мне хочуць прапанаваць зусім ня піва.

Ва ўсходнім Бэрліне, здаецца, пакуль няма пісуараў са смарагдавымі або аквамарынавымі каменьчыкамі, але ёсьць і свае перавагі ў выглядзе хай сабе й рэдкіх, ды ўсё ж дармовых прыбіральняў і яшчэ больш рэдкіх тэлефонаў-аўтаматаў, зь якіх можна затэлефанаваць, не ўстаўляючы туды адмысловае карткі, а проста за пяцьдзесят пфэнігаў. Каб ня гэты рэлікт сацыялізму, на вуліцы адчуваў бы сябе круглым сірацінаю.

На рынку каля Брандэнбурскае брамы набор тавару такі, як і год таму: ордэны, піянэрскія значкі, генэральскія шынялі, флёцкія безбрылёўкі... Новае ў асартымэньце - бадай, толькі «матрошкі» з расейскімі верхаводамі ад «мікалая II» да «барыса мікалаевіча ельцына», у якога ўстаўляюцца па чарзе ўсе астатнія. Прапаную іхняму гаспадару нарабіць дзеля разнастайнасьці яшчэ й «раісаў максімаўнаў» і «мадамаў ельцыных», і сэрца кранае цёплая лапка ўсьцехі: побач, як і летась, смуглявыя маладзёны гандлююць прадукцыяй Полацкага ліцейна-мэханічнага заводу. Праўда, кошты на экспартную прадукцыю майго роднага гораду папаўзьлі долу й партабак з «Пагоняю» йдзе сёлета ўсяго за тры маркі. (Адно з магчымых тлумачэньняў: пастаўшчык ігнаруе Закон аб мовах.)

Вуліца Under den Linden (Пад Ліпамі) у гэтыя дні як ніколі адпавядае сваёй назьве, бо па ёй плыве амаль відочная рака мядовага паху. У завоіне на ганку опэрнага тэатру ўладкаваўся духавы квартэт. Англамоўная публіка накшталт мяне можа даведацца з жаласнага плакаціку, што гэта «рооr students from St.Реtеrburg». Медзякі ў футаралах сьведчаць, што эканамічнае становішча бедных студэнтаў з Паўночнай Пальміры бэрлінцы ўспрымаюць прыкладна так, як нейкую прыродную зьяву.

Капіталістычныя каты выйшлі на ганак, каб памахаць мне на разьвітаньне хвастамі, і вось ужо капітан вішнёвага «BMV» гер Хельмут Ноак другую гадзіну мужна прабіваецца да вакзалу праз таросы бэрлінскіх вуліцаў. Месца штурмана, нягледзячы на нядаўні сардэчны прыступ, адважна займае спадарыня Ядзьвіга. Дзень не сказаць каб звычайны - 22 чэрвеня.

Толькі каля вагону я даведваюся, што сёньня ў гера Хельмута дзень нараджэньня. Значыцца, за мною падарунак і калі-небудзь трэба будзе зноў браць квіток у міжнароднай касе.

З Бэрліну да Польшчы цягнік ідзе ўсяго гадзіну. Па дарозе на Варшаву на сьценах чыгуначных брандмаўэраў усё часьцей сустракаецца імя Валэнсы. За польскага прэзыдэнта можна было б парадавацца, калі б зь ягоным імем не суседзілі застрашлівыя абяцанкі, у якіх ганаровае месца займае шляхетны палітычны тэрмін - «duрa».

Зрэшты, гэта праблемы суседняе дзяржавы. У нашай жа, часткаю якое ёсьць мой вагон «Бэрлін - Менск», за тыдзень таксама адбыліся сякія-такія зьмены. Правадніцы папрыгажэлі, і, напэўна, з гэтае прычыны шклянка гарбаты з цукрам каштуе ўжо не 12, а 35 рублёў. Затое гарбаты - хоць заліся, бо адна правадніца прыпадае ў сярэднім на 1,5 пасажыра. Выглядае, што хутка наогул будзем падарожнічаць парамі.

Карацей, Эўропа робіцца бліжэйшаю.

 

Чэрвень, 1993 г.




Беларуская Палічка: http://knihi.com