Уладзімір Арлоў

Ордэн Белай Мышы

У адной невялікай паводле эўрапейскіх сумераў канстытуцыйнай манархіі насельніцтва складалася з аднаго караля, аднаго прэм'ера, аднаго шэфа службы бяспекі, аднаго міністра паліцыі, аднаго пракурора... У гэтай краіне быў адзін крымінальнік, адзін палітвязень і адзін палітуцякач. Адзін генерал камандаваў адным палкоўнікам, адным маёрам і адным капітанам. На ўліку ў адзіным прафсаюзе стаялі адзін будаўнік і адзін падрыўнік, адзін прафесар і адзін студэнт, адзін акадэмік і адзін цалкам непісьменны грамадзянін. Такое становішча існавала абсалютна ва ўсіх сферах. У краіне меліся ў наяўнасці адзін алкаголік і адзін наркаман, адзін сутэнёр і адна прафесійная выляжанка, адзін хворы на СНІД і адзін хворы на пранцы. У суседстве з адным уладальнікам шыкоўнай вілы ў смеццевым кантэйнеры жыў адзін бесхацінец. Сярод этнічных мяншыняў перапіс зафіксаваў аднаго габрэя, аднаго татарына, аднаго паляка, адну асобу каўказскай нацыянальнасці, аднаго расейца і аднаго албанца. Сексуальныя мяншыні нічым не вылучаліся: на аднаго гомасексуаліста прыпадала адна лесбіянка. Адпаведныя службы трымалі на воку аднаго грамадзяніна, якога падазравалі ў педафіліі, а таксама аднаго таемнага заафіла. Гэткі самы баланс захоўваўся і сярод прадстаўнікоў творчых прафесіяў: краіну цалкам задавальнялі адзін кампазітар, адзін архітэктар, адзін мастак, адзін актор, адзін журналіст і адзін пісьменнік.

Варта зазначыць, што хадзілі глухія чуткі, нібыта ў гэтай краіне не заўсёды ўсё было ўладкавана так дасканала. Да прыкладу, казалі, быццам калісьці ва ўніверсітэце некалькі прафесароў чыталі лекцыі некалькім студэнтам, якім аднойчы заманулася разам са сваімі выкладчыкамі зачыніцца ў аўдыторыі і скласці бунтоўніцкую петыцыю. Але гэта ўжо іншая гісторыя. А наша адбывалася ў краіне, дзе ўсіх, паўтараю, было па адным, і гэтую акалічнасць неаспрэчна засведчылі сакрэтныя рэляцыі, таемна праслуханыя размовы, зробленыя схаванай камерай здымкі, перлюстраваныя лісты ды іншыя пісьмовыя, аўдыя- і відэа-матэрыялы, на аснове якіх аўтар і рэканструяваў падзеі.

Адзін раз на дзень з дакладам да караля з'яўляўся шэф службы бяспекі - невысокі таўстун з вусікамі і бародкай-эспаньёлкай, які больш нагадваў не чалавека сваёй суровай прафесіі, а лекара, што мае прыбытковую практыку і схільнасць да эпікурэйства.

З ранішняга дакладу нязменна вынікала, што ў краіне пануе стабільнасць і адбываюцца выключна пазітыўныя працэсы. А менавіта: растуць аб'ёмы вытворчасці, адукацыйны ўзровень і спажыванне карысных для народа прадуктаў харчавання (у тым ліку алкаголю), а таксама няўхільна паўзе ўгору паказчык нараджальнасці, ад якой (што надзвычай важна ў справе стабільнасці) не адстае і смяротнасць.

Кароль зазвычай спыняў шэфа бяспекі, не даслухаўшы. Але аднаго разу звыклы парадак быў парушаны.

Рэч у тым, што адзіны ў краіне ювелір нарэшце вырабіў на замову манарха адзіны ордэн, каб каралеўства займела і аднаго кавалера найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды.

Узнагарода называлася ордэнам Белай Мышы I ступені. Убачыць нешта незвычайнае ў такой назве мог толькі іншаземец, зусім не абазнаны ў мінуўшчыне гэтае краіны, бо ад школьных гадоў кожны яе грамадзянін ведаў, што мыш - старажытны сімвал тутэйшай дзяржаўнасці. Гістарычныя крыніцы сведчылі, што выява грызуна з вострай пыскаю і доўгім хвастом з'явілася на дзяржаўным гербе болей за пяцьсот гадоў таму, за часамі ўладарання аднаго з далёкіх і найвыбітнейшых продкаў цяперашняга манарха, які ўсе свае ўказы нязменна завяршаў традыцыйнай формаю: «а таксама сядзець усім ціха, як мыш пад венікам». Адзінае, што змянілася ў дзяржаўным гербе за пяць стагоддзяў, - гэта колер. Старажытная шэрая мыш пакрысе святлела і ўжо ў мінулым стагоддзі набыла шляхетны белы колер, што ў геральдыцы, як вядома, адпавядае срэбру і азначае чысціню, дабро і незалежнасць.

Ордэн ляжаў перад каралём на пурпуровай ядвабнай падушачцы і вясёлкава ззяў усімі сваімі эмалямі і дыяментамі.

Кароль паводле даўняй завядзёнкі не даслухаў даклада, але не адправіў свайго візаві далей мацаваць бяспеку, а запытаўся, каго той бачыць кавалерам найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды. Шэф галоўнай службы краіны колькі разоў пакратаў эспаньёлку, што магло азначаць лёгкую збянтэжанасць. Стары надзейны паплечнік манарха, пэўна ж, ведаў, хто заслугоўваў ордэна нязмерна больш за ўсіх астатніх, аднак вырашыў перамаўчаць.

А кароль або яшчэ не вызначыў найбольш заслужанага кандыдата, або сумняваўся, бо ўважліва праглядаў спіс сваіх падданых. У глыбокім одуме ён нават ссунуў сызвалоснік, і яго плех заблішчэў у промнях ранішняга сонца, хоць і не так зырка, як ордэн. Трэба, карыстаючыся момантам, зацеміць, што кароль, неўважаючы на згаданы плех, быў чалавек яшчэ досыць малады, павабны і поўны сілаў. Ён рэгулярна гуляў у тэніс і, надзеўшы дзеля скідвання вагі бронекамізэльку, бега трушком вакол сваёй рэзідэнцыі.

Нарэшце кароль адарваў вочы ад паперы і ўголас падумаў:

- А што калі мы ўзнагародзім нашага пісьменніка?

Шэф бяспекі зноў пакратаў бародку. Аднак цяпер сітуацыя набыла канкрэтнасць, якую ён любіў і ў якой пачуваўся, як вугор у росным ранішнім гаросе.

- Гэта выдатная кандыдатура, ваша вялікасць, - сказаў уладальнік эспаньёлкі. - Але...

Кароль ускінуў брыво і атрымаў цвёрды працяг:

- ... у нас у краіне няма ніводнага чытача.

- Сапраўды? - не даў веры манарх. Ён зноў палез у спіс і знайшоў там аднаго астролага, аднаго канібала, аднаго чарнасоценца і аднаго чукчу, а вось чытача сапраўды не было.

Але жыхары краіны нездарма лічылі, што каралеўскае меркаванне цяжка пахіснуць.

- А чаму ты думаеш, - пачуў шэф бяспекі, - што гэта істотна? Мы ж збіраемся ўзнагародзіць пісьменніка, а не чытача. І потым сам пісьменнік, пэўна ж, чытае свае творы. Прынамсі, у той час, калі іх піша.

Шэф бяспекі зірнуў на ордэн і зноў перамаўчаў.

- Сёння я запрашаю пісьменніка на вячэру, - сказаў кароль.

 

Увечары кароль і пісьменнік сядзелі адзін насупраць аднаго за вытанчана сервіраваным сталом. Яны былі прыкладна аднаго веку, дзесьці паміж сарака і пяццюдзесяццю гадамі, у пары мужчынскага росквіту, але калі кароль меў каштанавы сызвалоснік, то пісьменнік - натуральную шыкоўную фрызуру такога ж колеру, хоць ужо і кранутую высакароднай сівізною.

У барокавым інтэр'еры залі для вячэраў з блізкімі гасцямі роўна гарэлі ў старадаўніх срэбных кандэлябрах вялікія свечкі з няўлоўным тонкім водарам. Камін дыхаў духмянай цяплынёю, а побач, на зграбнай мармуровай кансолі, чакаў свайго ўладальніка ордэн Белай Мышы.

Утульнасці дадавала і прысутнасць маладой прыгожай жанчыны, якая таксама сядзела за сталом, але не поруч з каралём і пісьменнікам, а воддаль - так, што магла і чуць размову і губляць яе нітку, калі б гаспадар з госцем прыцішылі галасы. Густыя кучаравыя агнёва-жарыя валасы жанчыны, якія вольна падалі на аголеныя плечы, дзівосным чынам спалучаліся з глыбокім аквамарынам вачэй, прыводзячы на памяць гераіняў Гофмана і Праспера Мерымэ. Кароль дыпламатычна называў жанчыну «гаспадыняй», і пра яе сапраўдны статус заставалася толькі здагадвацца, прымаючы пад увагу тую акалічнасць, што манарх ужо колькі гадоў быў удаўцом.

- Я спадзяюся, ты падаруеш мне свае апошнія кнігі, - сказаў кароль.

У звароце да пісьменніка на «ты» не было нічога абразлівага, бо кароль называў на «ты» ўсіх падданых і да ягонае завядзёнкі даўно прывыклі, як прывыклі да традыцыйных у гэтай краіне летніх неўраджаяў і зімовае хлюпоты.

- Не, ваша вялікасць, не падарую, - адказаў пісьменнік, з асалодаю дапіваючы келіх бардоскага.

- Чаму? - непарушна пацікавіўся кароль і даў пахолку знак напоўніць пісьменніку келіх.

- Мае кнігі ўжо шмат гадоў не выходзілі, - адказаў пісьменнік, узняўшы келіх і па чарзе глянуўшы на манарха і жанчыну.

На языку ў караля напэўна круцілася пытанне, з якога часу пісьменнікавы рукапісы больш не ператвараюцца ў кнігі, але яго вялікасць быў надзелены дзяржаўнай мудрасцю, і таму ягоны суразмоўца пачуў іншыя словы.

- Але ты ўсё адно пісьменнік.

- Магчыма, - адказаў пісьменнік. -Бо я па-ранейшаму пішу. Пішу ў стол...

- Тым больш, - задаволена падхапіў кароль. - Так і павінен жыць сапраўдны пісьменнік. Як казалі рымляне: Habent sua, fata libelli. І кнігі маюць свой лёс. Я рады, што не памыліўся і хачу падпісаць указ пра ўзнагароджанне цябе Ордэнам Белай Мышы.

Апошнія словы кароль прамовіў урачыстым тонам і ўзняў свой келіх, чакаючы, што пісьменнік зробіць тое самае. Але той чамусьці марудзіў.

- Хачу табе канфідэнцыйна прызнацца, - панізіў голас кароль, - што твае зласліўцы не драмалі. Падсунулі мне, разумееш, спіс насельніцтва, знайшлі фармальную падставу...

- Я хацеў бы ведаць якую, - цэдзячы віно, таксама прыцішана пацікавіўся пісьменнік. - Калі гэта, вядома, не таямніца.

- Якая таямніца! У спісе насельніцтва ў нас нібыта няма ніводнага чытача.

- Важкі аргумент, - сказаў пісьменнік, і ягоны голас афарбавала глыбока прыхаваная радасць. Зрэшты, гэта магло толькі здавацца.

Кароль зарагатаў, і смех гучаў цалкам шчыра.

- Аргумент... Ты - пісьменнік. Перад табой - Вечнасць. Падлі нам віна. - Кароль павярнуўся да пахолка, які непрыкметна стаяў каля вакна, ператварючыся ў персанажа гістарычных сюжэтаў на старадаўніх барокавых шпалерах, якімі былі аздобленыя сцены.

Пахолак адклеіўся ад сцяны і наблізіўся да караля, потым - да ягонага госця, потым - да жаравалосай жанчыны, якая не брала ўдзелу ў гаворцы, але відавочна прыслухоўвалася да яе. Пісьменнік задуменна сачыў за прафесійнымі да аўтаматызму рухамі пахолка, пакуль не сустрэўся позіркам з уладальніцай дзівосных вачэй. Жанчына збянтэжана адвяла іх і ўтупілася ў талерку.

- А што калі Вечнасць - не бясконцасць часу, а ягоная адсутнасць?.. - прамовіў пісьменнік, не адводзячы пагляду ад твару і напалову адкрытых грудзей жаравалосай. - Можа, Вечнасць вымяраецца толькі чалавечым жыццём?

Кароль кінуў у рот масліну.

- Ты варты ордэна ўжо за адны гэтыя словы.

- Але ж, ваша вялікасць, у спісе насамрэч няма ніводнага чытача.

- Ты мяне здзіўляеш, пісьменнік. У спісе няма... да прыкладу, няма ніводнага падданага. Дык што з гэтага вынікае?..

Манарху спадабаўся такі нечаканы ход, і ён пачаў развіваць сваю думку:

- Сярод жыхароў нашае краіны ёсць адзін кароль і адзін пісьменнік. У той самы час няма ніводнага падданага і ніводнага чытача. Якая выснова? А такая, што мы з табой у нечым роўныя. Ты ў нечым таксама кароль, а я ў нейкім сэнсе - пісьменнік. Прапаную за гэта выпіць.

- У вас выдатнае віно, - прыўзняў келіх пісьменнік.

Кароль таксама падняў свой келіх і, прымружыўшы вока, паглядзеў праз яго на суразмоўцу.

- Ты мусіш ведаць, што свет мяняецца ў залежнасці ад таго, якімі вачыма мы на яго глядзім. Цвярозае ўспрыманне - толькі адно з магчымых. Старажытныя германцы нездарма ўсе важныя пастановы абмяркоўвалі двойчы: на цвярозую галаву і - ніштавата прыняўшы.

- Не буду пярэчыць. Адзін мой знаёмы філосаф калісьці казаў, што цвярозасць - гэта маці мяшчанства, а мастацтва і навуку нарадзілі п'яная блудніца з галодным аскетам.

- Выдатна сказана, - пагадзіўся з пісьменнікам кароль. - Я таксама меў знаёмага філосафа. Памятаю, аднойчы мы доўга гутарылі з ім пра жыццё і смерць. Memento morі... Але не будзем пра гэта перад галоўнай стравай каралеўскага стала.

Тут кароль упершыню загаварыў да жанчыны:

- Дарагая, распарадзіся падаваць гарачае.

Жаравалосая паднялася і прайшла па залі, пакінуўшы ручаінку пахаў вытанчанай парфумы. Гаспадыня цудоўных валасоў аказалася і гаспадыняю цудоўнай постаці, вабноты якой падкрэслівала шчыгульная сукенка з зялёнага адамашку.

- Я не пачуў твайго адказу, - павярнуўся кароль да пісьменніка, позірк якога яшчэ праводзіў крутыя клубы жаравалосай і яе перацягнутую залатым паскам талію балерыны.

Але жанчына зноў з'явілася ў залі, і ўслед двое пахолкаў урачыста ўнеслі і паставілі на стол вялізны срэбны спод з барановай смажанкаю пад чарнаслівам.

- Твой адказ...- нагадаў кароль, накладаючы сабе бараніны. У ягоных вачах запалілася шчырая ўсцеха гурмана. - Настойліва рэкамендую. Гэта традыцыйная страва нашае дынастыі. Ад таго часу, як каралеўская армія ў XVI стагоддзі дашчэнту разбіла арду нашага заклятага сябра вялікага князя Вавана і захапіла ў палон яго самога і ўсіх ягоных бараноў. Злыя языкі кажуць, што пераможцы пакаштавалі тады смажаных кумпякоў самога вялікага князя. Вядома, гэта не болей чым агідныя чуткі, якія запусцілі самі пераможаныя, каб кінуць цень на наш эўрапейскі народ...

Пісьменнік падазрона прыгледзеўся да смажанкі і запіў свае першыя, яшчэ не смакавыя, а слыхавыя ўражанні віном.

- Здаецца...- загаварыў ён, кладучы на талерку некалькі чарнаслівін, - здаецца, хтосьці з французскіх класікаў пісаў, што чалавек - гэта тое, што ён есць. Стэндаль любіў яечню. Гофман ствараў свае вусцішныя апавяданні, прывязаўшы да носу кавалачак жытняга хлеба з кменам, каб увесь час чуць ягоны водар. А яшчэ ён пісаў на моцным падпітку і чым болей піў, тым вышэй узлятала ягоная фантазія. Леў Талстой страшэнна любіў свежыя гуркі проста з ляхі. А расейскі мастак Саўрасаў, памятаеце, ваша вялікасць, той, што намаляваў гракоў, якія прыляцелі, амаль нічога не еў, а толькі піў гарэлку і закусваў яе журавінамі...

- Кажуць, у нашай краіне гракі ўжо не лётаюць у вырай, - перапыніў гастранамічную тыраду кароль.

- Я таксама заўважыў, - пагадзіўся пісьменнік.

- І чым гэта тлумачаць? - У голасе ў караля нечакана прарэзалася нотка падазронасці.

- Думка арнітолагаў мне невядомая, - унікліва адказаў пісьменнік. Краем вока ён скасавурыўся на жанчыну і змеціў, што тая наструнена ловіць размову з усімі яе неспадзяванымі адценнямі і паваротамі.

- Пры чым тут арнітолагі! - уквелена тузануўся ў крэсле кароль. - Я хачу ведаць, чым гэта тлумачаць у вашым асяроддзі.

- Вы мяне крыху здзіўляеце, ваша вялікасць...

- Можаш не адказваць. Я выдатна ведаю гэтую показку. Гракі баяцца, што іх саб'юць на мяжы з зенітак альбо не пусцяць назад, калі яны будуць ляцець з выраю.

- Ваша вялікасць...

- Ну што, ваша пісьменніцкая мосць? Я ўзнагароджваю цябе найвышэйшым дзяржаўным ордэнам, а ты круцішся як уюн на патэльні!

Ад шчокаў жаравалосай прыгажуні адхлынула кроў, і вострае пісьменнікава вока імгненна адзначыла гэтую акалічнасць. Верагодны кавалер ордэна Белай Мышы з'еў чарнаслівіну, каўтануў віна і загаварыў:

- У мяне ёсць чатыры правілы: не верыць, не баяцца, не прасіць і не дзячыць.

Кароль засяроджана жаваў. Было такое ўражанне, што разам з кавалкам бараніны ён хоча перажаваць і сваю ўквеленасць. І сапраўды, праглынуўшы мяса і запіўшы яго бургундскім, манарх загаварыў амаль зычліва:

- Мы, каралі - вынятак з правілаў. Пісьменнікі, спадзяюся, таксама. А правілы, мой дарагі, бываюць і ў каралёў. Я, да прыкладу, мог узнагародзіць самога сябе, ды гэта не ў маіх правілах. Рэкамендую келіх бажале.

- З прыемнасцю... Але факт застаецца фактам: я не маю ніводнага чытача і ад гэтага нікуды не схаваешся.

- А ў мяне няма ніводнага падданага.

- Гэта не адно і тое ж. Вы, ваша вялікасць, можаце выдаць указ і прызначыць сваімі падданымі ўсіх жыхароў краіны, апрача дыпламатычнага корпусу.

- Паслухай, пісьменнік...- Ад віна, сытнай ежы і камінавай цеплыні кароль трохі захмялеў і пачаў расцягваць словы. - З такім самым поспехам я мог бы прызначыць усіх нашых грамадзянаў тваімі чытачамі. Ды толькі ёсць рэчы, якія не вырашаюцца ўказамі. Сказаць, дзе я бачыў такіх падданых? Сапраўдны падданы ганарыцца сваім манархам. Ён называе ў гонар манарха дзяцей...

- Шмат у каго я бачыў вашы партрэты...- асцярожліва азваўся пісьменнік, які раз-пораз хутка пазіраў на відавочна ўстурбаваную ходам гаворкі жанчыну.

- Бачыў вашы партрэты...- перадражніў кароль. - Res suis vocabulis nominare! Называй рэчы сваімі імёнамі!

- Ваша вялікасць мае сантымент да лаціны...

- Выдаткі адукацыі! - адмахнуўся манарх. Ягоны твар наліўся чырванню, а язык канчаткова развязаўся. - Ты ведаеш, хто ўгаварыў мяне змяніць наш Статут? Змяніць, каб унесці туды артыкулы пра скасаванне смяротнага прысуду і пра тое, што ў нашай краіне знаходзіцца геаграфічны цэнтр кантыненту? Гэты чалавек першы павесіў у кабінеце мой партрэт. А потым ён жа першы і здрадзіў мне. А перад тым як уцячы па каналізацыі за мяжу, пакінуў мне ліст. Ты чуў, што ён там напісаў? Зрэшты, адкуль ты мог чуць! Мой першы прэм'ер-міністр пісаў, што ніколі не любіў мяне. Што нават калі б цэнтр кантыненту і самога Сусвету знаходзіўся не проста ў маёй краіне, а непасрэдна ў маёй задніцы і нават калі б пра гэта сведчыў Статут, ён усё роўна не сеў бы са мной нават паср... на адным полі...

- Ваша вялікасць, тут жанчына...

- Дзе? А, яна... Яна ўсё ведае. Ну і што ты скажаш, пісьменнік, пра гэты ліст?

- Пакідаючы сэнс на сумленні аўтара, скажу, што сфармулявана даволі хвостка. Адчуваецца стыль.

Пачуўшы апошнія словы, жанчына ледзь прыкметна здрыганулася.

- Вось-вось, - працягваў кароль. - Ты не здагадваешся, хто мог яму дапамагчы? Што гэта за стыліст?

Пісьменнік задуменна пасмоктваў віно і маўчаў. Але кароль, відаць, і не спадзяваўся нешта пачуць, Ён дажаваў маслінку, выплюнуў костачку на далонь і стрэліў ёю ў полымя каміну.

- Назавем рэчы сваімі імёнамі. - Голас манарха зноў гучаў спакойна, нібы нядаўні ўсплеск эмоцыяў быў проста тэатральнаю карцінкай. - Цябе ніхто не чытае, а мяне ніхто не любіць. Я прапаную выгодныя ўмовы. Тваім чытачом буду я...

- А я - вашым падданым?

- Не здагадаўся. Маім улюбёным пісьменнікам. Я мяркую, разам нам не будзе сумна. Будзем сустракацца вось тут, ля каміна. Ты кажаш, Вечнасць - гэта адсутнасць часу. А што ў такім разе смерць? Мой знаёмы філосаф лічыў, што смерць - нішто, але што мы, ну там, будзем адчуваць гэтае нішто. Карацей кажучы, ты згодны.

Кароль глынуў віна і загадаў падаваць дэсерт. Пахолак з абліччам шпалернага героя нячутна выйшаў.

- Ваша вялікасць...- загаварыў пісьменнік, нічым не выяўляючы свае згоды.

Кароль папераджальна падняў руку.

- Больш ні слова! З твайго дазволу я на хвіліну адлучуся. Улічы яшчэ тую акалічнасць, што найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода дасць табе магчымасць выдаць свае кнігі.

Калі дзверы за манархам зачыніліся, пісьменнік цераз стол паслаў жанчыне красамоўны позірк, у якім адбівалася цэлая гама эмоцыяў - ад непрыхаванага захаплення да спадзявання на параду.

Жаравалосая неяк няпэўна пахітала галавою, што можна было трактаваць і як засцярогу, і як заахвочванне. Пасля гэтага маўклівага дыялога пісьменнік падняўся і, зрабіўшы некалькі крокаў, працягнуў ёй сваю візітоўку.

- Як вас завуць?

Ён хацеў сказаць штосьці яшчэ, але жанчына прыклала палец да вуснаў і, хутка схаваўшы візітоўку, паказала пісьменніку вачыма на ягонае крэсла. Той ледзьве паспеў сесці і ўзяць у рукі келіх, як у дзвярах з'явіўся гаспадар.

- А вось і я! - весела абвясціў ён, памахваючы мабільным тэлефонам. - Вы тут не сумавалі? Як справядліва казалі ў часы Тамаша Аквінскага, а таксама і значна пазней, solus cum sola non cogitabuntur orare «Pater noster»*. Хоць вы мяне зарэжце, люблю лаціну. Яснасць думкі, чаканнасць фразы... А дзе, дарэчы, наш дэсерт?

* Застаўшыся сам-насам, ён і яна не будуць чытаць «Ойча наш» (лац.).

Расчырванелы пахолак, намагаючыся не сустрэцца вачыма з гаспадаром, паставіў на стол садавіну і высокія крышталёвыя вазачкі з узбітымі вяршкамі.

- Пайшоў прэч! - загадаў кароль. - На кухню!

Ён уладкаваўся ў сваім крэсле, глынуў віна і працягваў, нібыта і не пакідаў залі:

- Той філосаф, з якім мы абмяркоўвалі праблемы жыцця і смерці, чамусьці лічыў, што смерць - субстанцыя сіняга колеру. А бывала, ён наогул пачынаў гаварыць гатовымі афарызмамі. Як гэта?.. Нават перапраўляючыся цераз Стыкс, людзі баяцца патануць. Нядрэнна, га? А ты, пісьменнік, не баяўся б, праўда?

- Што вы хочаце гэтым сказаць, ваша вялікасць?

Пісьменнік не мог не бачыць, што ўсё аблічча жаравалосай выяўляла трывогу.

- Ды так, успомнілася... Аднойчы ён пайшоў з сябрам у лазню... Цікава, да чаго гэта на ноч успамінаюцца філосафы...

Кароль яшчэ раз адпіў з келіха і без прыкметнай сувязі з папярэднім прамовіў:

- Часам трэба стаць Кантам дзеля бюста якой-небудзь бландзінкі. Альбо Гегелем дзеля дупці якой-небудзь брунеткі.

Наступныя словы таксама сведчылі, што думка манарха рухалася пакручастым і цяжкавытлумачальным шляхам.

- Скажы, пісьменнік, у цябе ёсць жонка?

- На жаль...

- На жаль, ёсць ці, на жаль, няма?

- Мне ўзгадваецца старая сентэнцыя. Дрэнная жонка - не прычына філасофіі. Дрэнная жонка - яе вынік. У мяне жонкі ніколі не было. Магчыма, таму, што я не філосаф.

- А як наконт дзяцей? Дзеці ў цябе ёсць?

- Напэўна, ёсць.

- Ах ты, стары сатыр! - ухвальна зарагатаў кароль. - Як гэта пісаў хтосьці з вашае братыі: ведае дам і верыць у іх прызначэнне. - І адразу, зноў парушаючы логіку размовы, пацікавіўся: - А ты выпадкова не заходзіў па дарозе сюды ў WC?

- Як мне памятаецца, не, - адказаў пісьменнік. Ён кінуў позірк на жанчыну і, заўважыўшы ў яе вачах вясёлыя агеньчыкі, заахвочана прадоўжыў: - А што, ваша вялікасць, там захоўваюцца нейкія дзяржаўныя таямніцы?

- Там з'явілася налепка. Уяві, што ты сеў на ачко, узняў вочы, а насупраць - твой партрэт з ідыёцкім надпісам: «Рукі прэч ад нашых дзяцей!» Пляваць я хацеў на іхніх дзяцей!

Кароль асушыў келіх віна, не прапаноўваючы зрабіць гэта і пісьменніку, але той самахоць узяў манарха за прыклад. Пасля пэўнай расслабленасці з жартоўнаю, як здавалася, пікіроўкаю атмасфера за сталом відочна змянілася, што пацвердзіў і голас караля, які, не ўважаючы на выпітае, загучаў цалкам цвяроза - цвёрда і нават жорстка.

- Значыцца, так. Рады паведаміць, што ў цябе з'явіўся чытач. Я папрасіў шэфа бяспекі паглядзець, што ты там папісваў у стол. З гэтага вынікае, прынамсі, адно: фармальную прычыну тваіх сумневаў мы ліквідавалі. Прапаную выпіць за твайго чытача і твой ордэн!

Жанчына цалкам ператварылася ў слых.

Тым часам пісьменнік ані не сумеўся, а, наадварот, выглядаў нават чымсьці задаволеным.

- Магу прыняць прапанову толькі часткова.

Кароль ускінуў вочы і затрымаў келіх каля вуснаў.

- Я прадбачыў такое развіццё падзеяў, ваша вялікасць. У гэты момант мае рукапісы ўжо за мяжой. Пісьменнік можа не мець чытача, але мець адданага сябра.

- О! Адданы сябар - гэта бясцэнны капітал, - іранічна прамовіў манарх. - А ты, бачу, непапраўны аптыміст.

- Ваша вялікасць, уся розніца паміж аптымістам і песімістам толькі ў прапанаванай імі даце канца свету.

- Няблага сказана. Зрэшты, гэта не мяняе сутнасці справы. Калі твае рукапісы сапраўды за мяжой, значыць, у цябе з'явіўся замежны чытач. Тым лепей. Выдатны доказ дасягненняў айчыннай літаратуры. Я падпішу ўказ пра тваё ўзнагароджанне сёння ж.

Пісьменнік па-ранейшаму выглядаў спакойным. Хваляванне выдавалі толькі крыху больш звычайнага падціснутыя вусны. Ён, відаць, зразумеў, што час для жартаў вычарпаны.

- Але я магу не з'явіцца на цырымонію ганаравання. Будзе скандал.

- А мне да фені. Ды ніякага скандалу і не будзе. Наша газета надрукуе ўказ і паведамленне, што ўручэнне ордэна адбылося непасрэдна ў палацы. У цёплай, амаль сямейнай абстаноўцы. Ты сказаў спіч з падзякаю ўраду і асабіста каралю за клопат пра нацыянальную літаратуру. Mundus vult decipi, ergo decipiatur. Свет хоча быць падманутым, дык няхай падманваецца. Пра тое, што не паспеў я выйсці адліць, як ты пачаў не без поспеху клеіць маю жанчыну, я загадаю не пісаць...

Келіх у руках у жаравалосай затрымцеў, і колькі кропляў праліліся на белы настольнік, стварыўшы на ім мудрагелісты відарыс, што нагадваў нейкае знаёмае сузор'е.

- Вось яна, удзячнасць падданых! - з удаванай скрухаю прамовіў кароль. - Я лічыў яе найлепшым доказам таго, што жанчыны маёй краіны - найпрыгажэйшыя ў свеце. Яе вейкі былі для мяне крыламі вачэй, а вусны - сцежкаю ў Эдэм. Я называў яе ўвасабленнем жаноцкасці і вернасці. Аказалася ж, што па сумяшчальніцтве - гэта ўвасабленне здрады. Падыдзі сюды...

Жаравалосая прыгажуня наблізілася да манарха, аднак спынілася за плячыма ў пісьменніка.

Але кароль як быццам ужо забыўся пра яе існаванне. Ён пакалупаўся срэбнай лыжачкай у вазачцы з вяршкамі і загаварыў пра іншае:

- Ты не ўлічыў аднаго, пісьменнік. Калі я казаў пра вашае падабенства з каралямі, я ані не крывіў душой. Але мы, каралі, маем справу з рэальнымі людзьмі. А вы, пісьменнікі, - з народжанымі вашай фантазіяй фантомамі. А нейкі ёлуп яшчэ назваў вас інжынерамі чалавечых душаў. Гэта мы - інжынеры чалавечых душаў. Мне было забаўна назіраць, як ты спрабуеш выслізнуць... Але я высакародны і літасцівы манарх. Апрача ордэна я ўзнагароджваю цябе яшчэ і гэтай жанчынаю. Забярэш яе з сабой. У жылах у яе продкаў не было блакітнае крыві, але трахаецца яна як каралева. А калі згадаць нашу нябожчыцу каралеву, - кароль тэатральна ўзвёў вочы ўгору, - то непараўнальна лепей...

Пісьменнік падняўся.

- Я не дазволю казаць пра жанчыну ў такім тоне!

- Спакойна, пісьменнік, - стомлена прамовіў кароль. - Ты ж не хочаш, каб заўтра ў сталічнай каналізацыі знайшлі свежанькі труп маладой прыгажуні. Пагатоў калі яна трахаецца як каралева, - з відочным задавальненнем паўтарыў ён. - Вось бачыш, не хочаш. І я цябе разумею. Такія экземпляры - наш нацыянальны скарб.

Жанчына прыціснулася да пісьменніка. Той абняў яе за дрыготкія адкрытыя плечы.

- Мне няма чаго сказаць вам, ваша вялікасць. Апрача таго, што... Вы ведаеце, кнігі, як і дзеці, нараджаюцца ў пісьменнікаў ад жанчын. Мы можам ісці?

- Ідзі і памятай, што ты як адзіны наш пісьменнік і адзіны кавалер ордэна Белай Мышы, - заўсёды пад маёй апекаю і абаронай.

- А яна? - Пісьменнік узяў жанчыну за руку.

- А яна - пад тваёй. Ты ж моцны. У нечым ты амаль роўны каралю. Але ёсць і розніца. Кароль можа паклапаціцца пра пісьменніка лепей, чым пісьменнік пра караля. Ты памятаеш, што адказаў гішпанскі кароль на пытанне французскага калегі пра тое, як маецца Сервантэс?.. Ідзіце з Богам.

 

Застаўшыся адзін, манарх з хвіліну пасядзеў у задуменні, потым са смакам з'еў персік і выклікаў да сябе шэфа службы бяспекі.

Чалавек з абліччам сямейнага доктара-эпікурэйца ўжо чакаў за дзвярыма. Ён паставіў каля каміна дзве скураныя валізкі, выцягнуў нататнік і падрыхтаваўся да нечарговага даклада, ды кароль рухам рукі спыніў яго.

- Пісьменнік жыве адзін?

- Але.

- Гэта добра. Калі чалавек пазбаўлены сямейнае мітусні, ён засяроджваецца на вечных праблемах. Дарэчы, цырымонія ўзнагароджання ўжо адбылася. Заўтра ў газеце з'явіцца паведамленне. Пісьменнік выступіў з удзячнай прамоваю.

- Не зрабіць гэтага было б вяршыняю няўдзячнасці, - імгненна знайшоў патрэбны тон шэф бяспекі.

- Пагатоў атрымаўшы дадатак да ордэна ў выглядзе былой каралеўскай наложніцы. Зрэшты, табе ўжо далажылі. Сядай.

Кароль наліў суразмоўніку келіх віна і падсунуў талерку.

- Дзе рукапісы?

Шэф бяспекі, перажоўваючы кавалак халоднай бараніны, паказаў вачыма на прынесеныя ім пульхныя валізкі.

- Праблемаў з сябрам не ўзнікала?

- Мы душэўна паразмаўлялі, і я выправіў яго да пісьменніка за пяць хвілінаў да таго, як тэлефанаваць пра вашае запрашэнне. Пісака, вядома, адразу насцярожыўся, і праз гадзіну сябар сеў у таксоўку з дзвюма гэтымі валізкамі. Адзінае, што там кодавыя замкі. З эстэтычных меркаванняў я вырашыў іх не чапаць. Можаце зрабіць дэфларацыю ўласнымі рукамі.

- А што, нельга было спытаць код?

- Мы не паспелі, - крыху занепакоіўся шэф бяспекі.

- Што значыць не паспелі? - падазрона запытаўся кароль.

- Працавалі ў цэйтноце, - унікліва сказаў уладальнік бародкі-эспаньёлкі і асцярожліва змяніў тэму. - Ваша вялікасць, істотная акалічнасць: пісьменнік не прызнаваў кампутара і заўсёды пісаў простай шарыкавай асадкай.

- Мне заўсёды падабаліся людзі кансерватыўнага складу, - заўважыў кароль. - Іх лепей разумееш. З імі меней клопату. Але ў свеце няма дасканаласці. Гэтыя людзі абцяжараныя сваімі старамоднымі ўяўленнямі. Таму клопату хапае. Якія варыянты развіцця сюжэта ты прапануеш?

Шэф бяспекі вырваў з нататніка спісаны з абодвух бакоў аркуш. Кароль прабег яго вачыма і незадаволена зморшчыўся.

- Ты ператаміўся. Першае абсалютна непрымальнае. І другое. І трэцяе. Папаўзуць чуткі. Пункт чатыры... Ты што, зусім з'ехаў з глузду? Сёння я вешаю табе на грудзі ордэн, а заўтра ты сам... Дарэчы, я падпісаў таемны ўказ. Насамрэч ордэн атрымаеш ты.

Начальнік бяспекі з неўласцівым яму, здавалася б, спрытам спружыніста ўскочыў і па-вайсковаму выцягнуўся.

Ордэн Белай Мышы па-ранейшаму ляжаў на ядвабнай падушачцы, пераліваючыся дыяментамі, якія ад пошугаў агню ў каміне набывалі чырвоны колер. Кароль падняўся ўслед за сваім познім госцем і прышпіліў яму ўзнагароду насупроць сэрца.

- Ну а цяпер скажы, ты хочаш заўтра ўчыніць суіцыд?

Манарх сеў і перагарнуў аркуш з прапановамі.

- Ужо лепей... А што?.. Стары добры сродак, выпрабаваны на філосафе. Толькі не проста доўгатэрміновая камандзіроўка, а - творчая. Творчая доўгатэрміновая камандзіроўка. Берлін, Рым, Парыж... Што там яшчэ?.. У паведамленні для прэсы абавязкова падкрэсліць: за кошт дзяржавы. І гэта - святая праўда.

- Калі будзем выпраўляць, ваша вялікасць?

Адказ у караля ўжо быў гатовы:

- Мяркую, аптымальны час - сённяшняя ноч. - Манарх глянуў на старадаўні насценны гадзіннік з двума амурамі. - Скажам, а першай. Аформіш ад'езд уласнаручна.

- Жанчына?

- Каб яму не было сумна...

- А вы дазволіце?..

- Ах ты, стары грахаводнік!

- Ваша вялікасць, хіба не вы казалі, што грахі - гэта ўчынкі, якія прыемна ўспамінаць?

- Яна ж будзе яшчэ цёпленькая ад ягоных абдымкаў...

- У гэтым ёсць свой шарм. За адным разам пакажам пісьменніку цікавае кіно. Так бы мовіць, на дарожку...

Апошнія словы каралю чамусьці не спадабаліся. Ён дэманстрацыйна глянуў на гадзіннік. Залатыя стрэлкі-алебарды рыхтаваліся сустрэцца на лічбе XII.

Пачуўшы, як ад палаца ад'ехаў «мерседэс» шэфа бяспекі, кароль загадаў неадкладна выклікаць міністра паліцыі.

Галоўны паліцыянт краіны быў поўнаю супрацьлегласцю шэфа бяспекі: высокі, падхорцісты і да бляску выгалены. Кароль сардэчна павітаўся з ім за руку, пасадзіў госця за стол і наліў віна.

- Не, нічога не здарылася, - адказаў манарх на запытальны позірк. - Проста захацелася пасядзець з чалавекам, якому давяраеш, нібы самому сабе. У краіне такіх двое: ты і начальнік службы бяспекі. Ён толькі што пайшоў. Дзяржаўныя справы... Засталося пару нюансаў, якія мы не паспелі абмеркаваць. Я не затрымаю цябе. Праз гадзіну будзеш абдымаць сваю здобную жоначку або каго захочаш. А пакуль узбадзёрся старым добрым бургундскім. Бараніна, праўда, астыла.

Міністр паліцыі акуратна асушыў келіх, прамакнуў вусны сурвэткаю і агледзеў стол.

- Рэкамендую ласінай каўбаскі, - сказаў кароль.

Галоўны паліцыянт пасунуў да сябе талерку і са смакам узяўся закусваць. Тым часам кароль падсеў да бюро ў стылі ампір і пачаў хутка пісаць. Праз колькі хвілінаў на пакладзеным перад ім аркушы начальнік паліцыі прачытаў: «Сёння табе не давядзецца спаць. Паступілі надзвычай дакладныя звесткі, што блізу гадзіны ночы ў сталіцы будзе здзейсненае дзёрзкае і цынічнае забойства. Пра астатняе пагаворым у палацавым парку. Сцены маюць вушы і ў каралеўскіх рэзідэнцыях».

Міністр наліў сабе келіх бургундскага, засяроджана выпіў і ўстаў. Кароль узяў яго пад руку і ўжо ў дзвярах дадаў да напісанага:

- У адных людзях жыве Бог, у другіх - д'ябал, а ў некаторых - адно глісты і мікробы.

 

Вярнуўшыся праз чвэрць гадзіны ў залю, кароль наліў сабе віна, але піць не стаў. Ён падышоў да дзвюх прынесеных шэфам бяспекі скураных валізак, паважыў іх у руках і выбраў больш пакоўную. Паклаў яе на камінную дошку, трохі пакруціў колцы замкоў і, упэўніўшыся ў іхняй надзейнасці, дастаў з шуфляды бюро вялікі паляўнічы нож. Праверыўшы ягоную вастрыню, кароль застаўся задаволены і ўвагнаў джала ў валізку. Нож акуратна разрэзаў светла-брунатную скуру па перыметры.

Валізка была наладаваная простымі папяровымі тэчкамі на тасёмках. Кароль пасунуў да каміна сваё цяжкое, абабітае зялёным аксамітам крэсла, паставіў на камінавую дошку келіх з віном і паклаў на калені верхнюю тэчку. Ён не спяшаючыся развязаў белыя тасёмкі, але раптам ускочыў і з лютасцю шпурнуў тэчку ў камін. З наступнай тэчкаю ўсё паўтарылася. Другую валізку ён распаласаваў ножам крыж-накрыж і рвануў скуру рукой. Вынік быў той самы.

У гэтым месцы крыніцы, якімі карыстаўся аўтар, пачынаюць пярэчыць адна адной, прычым розначытанні набываюць настолькі прынцыповы характар, што змушаюць падаць абодва варыянты.

Паводле першага, у тэчках ляжала некранута-чыстая папера. Паводле другога, папера ў тэчках таксама ўяўляла сабой белую неруш, але пасярод кожнага верхняга аркуша было каліграфічным почыркам выведзена: «А вось табе х...»

Прааналізаваўшы ўсе дадзеныя, чытач можа самастойна выбраць найбольш верагодны працяг.




Беларуская Палічка: http://knihi.com