Уладзімір Арлоў

Пад знакам вечнасці

Старажытныя філосафы казалі, што слава - гэта сонца мёртвых. Да Гусоўскага слава таксама прыйшла пасля смерці - і не праз гады, а праз некалькі стагоддзяў.

Жыццяпіс паэта-гуманіста, які разам з сучаснікам Францішкам Скарынам належыць да найвыдатнейшых асобаў эпохі Адраджэння, надзейна ахутаны смугой часу. Гэта дае магчымасць заяўляць аб прэтэнзіях на Гусоўскага палякам, летувісам і ўкраінцам. Прэтэндэнты ўпарта не заўважаюць відавочнага: на пытанне пра паходжанне аўтар геніяльнай «Песні» адказаў галоўным творам свайго жыцця, паказаўшы сябе не толькі патрыётам Вялікага Княства, але і глыбокім знаўцам звычаяў, заняткаў і вераванняў тагачасных беларусаў.

 

Рэкі лясныя, Дняпра паўнаводнага стрыжань,

Конна з буланым адольваў у гоне за зверам, -

 

пісаў ён, згадваючы, як юнаком не раз удзельнічаў у паляваннях на зуброў. Дняпро, як вядома, не цячэ ні ў Польшчы, ні ў Летуве, а ва ўкраінскіх стэпах, у адрозненне ад беларускіх пушчаў, ніколі не бачылі зубра.

Сённяшнія айчынныя даследнікі лічаць найбольш верагодным месцам нараджэння Гусоўскага вёску Уса (Усава) у цэнтральнай Беларусі. Менавіта гэты пункт погляду замацаваўся ў трэцім томе нашай гістарычнай энцыклапедыі. Паэт прыйшоў на свет у 1470-я гады ў сям'і вялікакняскага палясоўшчыка (паляўнічага). Архівы ўніверсітэтаў Кракава і Балоньі дазваляюць меркаваць, што гэтыя цэнтры эўрапейскай навукі маглі быць альма-матэр і для Гусоўскага.

Гісторыкам літаратуры вядомыя і дакументы з больш канкрэтнымі звесткамі. Адносна нядаўна ў Варшаве даследнікі знайшлі завераны Гусоўскім тастамент, які быў складзены ў 1518 годзе паблізу Ваўкавыска. Знаходка сведчыць, што тады паэт меў духоўны сан і называў сябе клерыкам Перамышленскай епархіі. Гусоўскі быў у складзе пасольскай дэлегацыі (1520-1522 гг.) Вялікага Княства Літоўскага да Папы Рымскага Льва Х, якую ўзначальваў мецэнат і сябра паэта біскуп Эразм Вітэліус. Паслы мелі на мэце пераканаць папу ў неабходнасці стварэння альянсу эўрапейскіх дзяржаваў супраць Асманскай імперыі і яе васалаў - крымскіх татараў, якія амаль штогод рабілі спусташальныя набегі на землі Вялікага Княства і Кароны Польскай.

Гады, праведзеныя ў Вечным горадзе, сталіся для пасольскага сакратара Міколы Гусоўскага зорным часам.

Як часта здараецца, за з'яўленне шэдэўра нашай літаратуры мы ў значнай ступені павінны дзякаваць выпадку. Папа Леў Х меў заслужаную славу тонкага знаўцы паэзіі і мастацтва, а таксама - вядома, у вольны ад выканання абавязкаў галавы касцёла час - захапляўся паляваннем. Таму аповяды Эразма Вітэліуса пра багатыя на зверыну пушчы далёкае радзімы знайшлі ўдзячнага слухача. Леў Х выказаў жаданне атрымаць праўдзівы паэтычны твор аб паляванні на волата беларускіх лясоў - зубра. Сумненняў наконт таго, каму даручыць выкананне заказу, у кіраўніка пасольскае місіі не ўзнікла.

Перад Гусоўскім адкрылася перспектыва здабыць эўрапейскую вядомасць. Але не менш паэта натхняла магчымасць паведаміць свету пра гісторыю, веліч і славу Бацькаўшчыны, звярнуцца да хрысціянскай Эўропы з заклікам падтрымаць Вялікае Княства, якое апынулася перад небяспекай з Усходу. Гусоўскі ведаў, што ўяўленні пра яго краіну, нават у людзей адукаваных, звычайна зводзіліся да міфаў. У тыя часы ўсё яшчэ працягвалі выходзіць кнігі, са старонак якіх радзіма нашых продкаў паўставала казачнай краінай гіпербарэйцаў, дзе зоркі свяцілі ўдзень і ўначы, па гарадах гулялі белыя мядзведзі, а людзі, як тыя цыклопы, мелі па адным воку.

Паэма, якая пакінула імя свайго аўтара ў стагоддзях, была напісаная на лаціне - тагачаснай міжнароднай мове культуры і навукі. У арыгінале яна мела назву «Carmen de statura Feritate ac venatione bisontis» («Песня пра аблічча, дзікасць зубра і паляванне на яго»).

Ліра Гусоўскага падаравала эўрапейскаму чытачу першую рэалістычную паэму пра нашую краіну. Паэт стварыў велічны гімн роднай зямлі, яе прыродзе, мужнай і гожай душы народа. Ён паказаў Вялікае Княства эўрапейскім бастыёнам змагання з турэцкай пагрозай.

 

Кроў наша льецца ракой, пераймаючы поступ

Зграяў варожых, тымчасам - шчыты нашы ў шчэрбах

Скрозь ад няшчадных удараў, бо ворага зброя

Над галавою не нашай адно...

 

Гэтаксама як зубр стаў у паэме сімвалам Бацькаўшчыны, вялікі князь Вітаўт увасабляе ў «Песні» ідэал мудрага і магутнага кіраўніка дзяржавы, таленавітага палкаводца і дыпламата. Гаворачы пра погляды Міколы Гусоўскага на дзяржаву і палітыку, варта згадаць, што «татарына, турка, маскавіта» ён разглядаў як суседзяў-супернікаў Княства і ні да каго з іх не меў піетэту. Апісваючы ў творы часы Вітаўта, аўтар адзначае, што гэтага князя «быццам нявольнік які, маскавіт называў уладыкам».

Якраз тады, калі паэт завяршаў паэму, усмешка Фартуны змянілася на грымасу. На Апенінскую паўвыспу, у італійскія землі прыйшла збіраць свой страшны ўраджай чума. У Рыме не хапала трунаў, і целы нябожчыкаў загацілі раку Тыбр. Паэт стаў сведкам таго, як у сталіцы хрысціянства тысячы людзей выракаюцца веры ў Збавіцеля і прыносяць ахвяры антычным багам. Трагічныя ўражанні ад ахопленага пошасцю Вечнага горада адлюстраваліся ў выдатным вершы-малітве «Да святога Себасцяна», дзе Гусоўскі заклікаў неба ўратаваць даведзеных да роспачы рымлянаў.

Чума не пашкадавала ні біскупа Вітэліуса, ні папу Льва Х. Застаўшыся без магутных мецэнатаў, паэт страціў магчымасць надрукаваць сваю «Песню» ў Рыме. Заблытанымі эўрапейскімі дарогамі Гусоўскі дабіраецца да Кракава. Ён спадзяецца на дапамогу вялікай княгіні літоўскай і каралевы польскай адукаванай італьянкі Боны Сфорцы. Разлік аказаўся правільным. Дзякуючы ёй у 1523 годзе ў Кракаве, тагачаснай сталіцы Кароны, выходзіць кніга, куды разам з «Песняй пра зубра» ўвайшлі напісаныя ў Рыме вершы.

Аднак каралеўскі двор хутка забыўся на выдатнага паэта, якому наканавана было застацца ў гісторыі заснавальнікам лацінамоўнай рэнесансавай паэзіі Беларусі. Гусоўскі працягваў займацца літаратурнай творчасцю, але жорсткай рэальнасцю ягоных будняў робіцца матэрыяльная нястача і цяжкія хваробы. Змагаючыся з імі, ён стварыў яшчэ такія значныя рэчы, як паэмы «Новая і славутая перамога над туркамі...» (1524) і «Жыццё і подзвігі святога Гіяцынта» (1525). Далей ягоны зямны шлях зноў губляецца ў тумане, абрываючыся недзе пасля 1533 года.

Эўрапейская слава і прызнанне напаткалі яго толькі ў ХХ стагоддзі, калі адбылося адкрыццё па сутнасці забытага паэта. «Песня пра зубра» перакладаецца на польскую, летувіскую, расейскую і ўкраінскую мовы. У 1980 годзе ЮНЭСКА з нагоды 500-годдзя паэта ўключыла імя Міколы Гусоўскага ў каляндар міжнародных датаў выдатных дзеячаў сусветнае культуры.

Сёння існуе тры вядомыя перастварэнні «Песні» па-беларуску, якія належаць пяру Язэпа Семяжона, Уладзіміра Шатона і Наталлі Арсеньневай (з яе перакладу, упершыню надрукаванага ў Беларусі летась у 7-м нумары часопіса «Крыніца», і ўзятыя цытаты для гэтай публікацыі).

. . .




Беларуская Палічка: http://knihi.com