Уладзімір Арлоў

Разьвітаньне зь Леніным

Мы прыйшлі ў дзіцячы сад,

Бачым Леніна пагляд.

Добры дзень, дзядуля Ленін!

Прывітацца кожны рад.

 

Прызнаюся, як на духу: грэшны, ніколі ня быў камуністам і верным ленінцам. Ня мог. А вось у КПСС - быў.

Уступаючы туды ў незабыўныя гады застою, я прыйшоў на пасяджэньне бюро гаркаму, дзе адбывалася таемства далучэньня да авангарду грамадзтва, у тэнісцы зь пікамі, звонкамі й іншаю картачнаю масьцю. «Как вы посмели явиться в таком наряде?! - задыхнуўся ад абурэньня нейкі стары бальшавік. - Вы можете себе представить Владимира Ильича с картами в руках?»

Я прасьцей простага мог уявіць правадыра абяздоленых ня толькі з картамі, але й з кілішкам добрага каньяку ці віна - дзе-небудзь у кавярні на беразе Жэнэўскага возера ці пасьля паляваньня ў Шушанскім.

Значна цяжэй мне было ўявіць, што, напрыклад, 19 сакавіка 1922 году Ўладзімір Ільліч у сакрэтным лісьце да Палітбюро ЦК РКП(б), патрабуючы ўзмацніць рэпрэсіі супраць духавенства й вернікаў, пісаў: «чем большее число... удастся нам расстрелять, тем лучше».

Калі я з пачуцьцём вялікае палёгкі здаў свой партбілет і быў выключаны зь ленінскае партыі «за отход от позиций марксизма-ленинизма», адна ідэёвая намэнклятурная дама ўгаворвала мяне «не оставлять партию в трудный момент». Пры гэтым яна спасылалася на майго бацьку-нябожчыка, што, як ёй чамусьці здавалася, быў адданым ленінцам. Мяркую, што я лепей ведаю свайго бацьку й маці, якая таксама бязь сьлёз разьвіталася з «умом, честью и совестью эпохи». Падазраю, што ня толькі мае бацькі ніколі не вучылі ва ўсім браць прыклад з Валодзі Ўльлянава. Ну й, вядома, не ў мяне аднаго аніколі, нават у хвіліны замарачэньня не ставала натхненьня на тое, каб стварыць апавяданьне, як Ленін любіў дзяцей, або скласьці вершык ці паэмку пра тое, як Ільліч чытае «Правду» ці «думае пра Беларусь». І ўсё-такі кожны з нас воляй-няволяй дыхаў атрутнымі парамі акцябрацка-піянэрска-камсамольска-парцейнай машыны. А таму яшчэ нядаўна дзядуля Ленін уяўляўся нам, безумоўна, ня геніем усіх часоў і народаў (пра інтэлектуальны ўзровень правадыра хораша сказаў адзін з высланых ім за мяжу «контррэвалюцыянэраў» - М. Бярдзяеў), але, прынамсі, дзеячом, якога варта было чытаць і на якога ў дадзенай сытуацыі можна было спасылацца. Кажуць, яшчэ нейкіх пару гадоў таму кіраўнік Саюзу пісьменьнікаў Латвіі Яніс Пэтэрс сарваў аплядысмэнт, калі замест уласнае прамовы прачытаў на нейкай літаратурнай зборні ленінскі артыкул «Да пытаньня пра нацыянальнасьці або пра «аўтанамізацыю».

Мне здаецца, цяпер, калі бронзавы Ільліч дзень пры дні набывае ўсё больш сваіх сапраўдных, чалавечых якасьцяў, Пэтэрс згадвае той выпадак не без пачуцьця ніякаватасьці. Згадзіцеся, далікатна кажучы, няёмка падмацоўваць сваю думку цытаткамі чалавека, які (у адрозьненьне ад ягонага таленавітага пасьлядоўніка - крамлёўскага горца), ня тоячыся, пакідаў шматлікія пісьмовыя сьведчаньні сваёй жорсткасьці, заклікаючы расстрэльваць заложнікаў, прастытутак, сьвятароў, «кулакоў», «буржуяў», спэкулянтаў і іншых ворагаў.

Паводле маіх назіраньняў, людзі з розумам і жывым сумленьнем у нас, у Беларусі, Уладзіміра Ільліча ўжо год як не цытуюць. Дакладней, цытуюць, але ўжо як бы наадварот - разьвітваючыся са сваёй аблудаю й засьцерагаючы ад яе іншых. Адну з такіх малавядомых пакуль што цытатак з напісанай тав. Троцкім ленінскай біяграфіі хачу прапанаваць увазе верных ленінцаў: «Это диктатура? Это манная кашка! - любіў паўтараць Ільліч. - Русский человек - слишком добр. - Он не в состоянии принять решительные меры революционного террора. Тем не менее, необходимо попробовать...»

 

«Напробовались» усмак.

Леніну пашанцавала памерці адносна рана. Калі хочаце - своечасова. У тым сэнсе, што праз колькі гадоў яго маглі выкінуць з краіны, як ягонага біёграфа тав. Троцкага, або зрабіць - разам з Бухарыным, Каменевым, Зіноўевым і іншымі правадырамі рэвалюцыі - удзельнікам гучных «адкрытых» працэсаў. Гадоў праз 50 яго б рэабілітавалі, а праз колькі месяцаў, як і ў выпадку зь іншымі бальшавіцкімі верхаводамі, мы б задумаліся: навошта й дзеля чаго, калі за зьдзейсьненае імі іх ніколі не рэабілітуе сама Гісторыя?

Але Ленін памёр у час, і таму, замест таго, каб выдзіраць з кніг ягоныя партрэты, па ўсёй краіне яму панастаўлялі помнікаў.

Зрэшты, больш верагодным мне ўяўляецца іншае разьвіцьцё падзеяў. Іосіф Вісарыёнавіч мог адправіць настаўніка на той сьвет ціха, бяз шуму й пылу, бяз гучных працэсаў, выдзіраньня партрэтаў, паленьня кніг і іншых бальшавіцкіх штучак. Сталін цудоўна разумеў, што быць заснавальнікам небясьпечна. Значна выгадней, схаваўшыся за помнік правадыру, абсалютна шчыра абвясьціць сябе спадкаемцам і прадаўжальнікам.

 

Дарэчы, пра помнікі.

З год таму я прысьніў фантасмагарычны сон. Па маім родным Наваполацку езьдзіў, зносячы помнікі Ўладзіміру Ільлічу, звычайны савецкі бульдозэр. Дзеці падбягалі да бульдазэрыста, казалі яму адрас чарговага помніка, дзядзька спаважна запісваў яго ў свой нататнік і ехаў рабіць сваю справу далей.

Сёньня, калі шчыльныя шэрагі помнікаў правадыру працоўных пад гучныя воплескі гэтых самых працоўных ужо істотна парадзелі, фантасмагарычным у маім сьне засталося адно тое, што дзея адбывалася ў Наваполацку, дзе - рэч амаль неверагодная! - ніякіх помнікаў Ільлічу ніколі не было. Не было нават вуліцы Леніна. Праўда, дзядуля дзейнічаў, так бы мовіць, і «пры наяўнасьці адсутнасьці». Калі тутэйшыя «нацыяналісты» спрабавалі пераназваць наваполацкія вуліцы з дэбільнымі назвамі тыпу Юбілейная, Алімпійская або Камсамольская, бацькі горада ня проста адмахваліся, як ад дакучлівых мух (ня лезьце, маўляў, зь нейкімі там Скарынамі й Каліноўскімі), але са значэньнем падымалі ўгару палец і, палохаючы саміх сябе, прыхлопвалі гнілых інтэлігентаў апошнім аргумантам: «В городе еще нет улицы имени Ленина!» Цяпер ужо можна з усёй пэўнасьцю дадаць: і ніколі ня будзе. Ні вуліцы, ні помніка.

Вялікі пралетарскі пісьменьнік М. Горкі, ня верыць якому няма аніякіх падставаў, у лістападзе 1917 году пісаў пра Ільліча: «он обладает отсутствием морали и чисто барским, безжалостным отношением к жизни народных масс» (М. Горький. Несвоевременные мысли. - Париж, 1917. С. 113). Не, зусім не памыляўся мудры Анры Барбюс, сказаўшы ў разгар сталінскага генацыду, што СТАЛІН - ГЭТА ЛЕНІН СЁНЬНЯ.

19 траўня 1922 году Ільліч загадаў рыцару рэвалюцыі Дзяржынскаму падрыхтаваць высылку за мяжу красы расейскае інтэлігенцыі. Дзеля гэтага правадыр раіў рыцару «собрать систематические сведения о политическом стаже, работе и литературной деятельности профессоров и писателей». А вось і гатовыя ворагі: «питерский журнал «Экономист»... по-моему, явный центр белогвардейцев. В № 3 напечатан на обложке список сотрудников. Все это явные контрреволюционеры, пособники Антанты, организация ее слуг и шпионов и растлителей учащейся молодежи» (у зб.: Ленин и ВЧК. Масква, 1975. С.566-567). Як вам ленінскія парады? А тэрміналёгія? Ці не нагадвае нешта вельмі знаёмае з 30-х гадоў?

Чую голас апанэнта: ну вось, пакланяліся Леніну, вырываючы зь ягонай бясцэннай спадчыны адныя цытаты, а цяпер той самай мэтодаю выкрываем яго. На гэта я адкажу: геніяльныя ідэі Ільліча, якія доўгія гады паўтараліся як малітвы-заклёны, так і не ўвасобіліся ў «светлое будущее». А вось ленінскія ўказаньні й запаветы, ад якіх робіцца вусьцішна, вельмі хутка рабіліся страшнай рэальнасьцю: расстрэламі, высылкамі, тэрорам.

Між іншым, цытаваны вышэй ліст напісаны «самым чалавечным чалавекам» за колькі дзён да першага кровазьліцьця ў мозак. Можна толькі здагадвацца, якія б яшчэ запаветы выйшлі з-пад пяра Ільліча, калі б не хвароба.

Дык хто ж усё-ткі быў стваральнікам савецкай таемнай паліцыі? Хто быў пачынальнікам тэрору, які закрэсьліў дзясяткі мільёнаў чалавечых жыцьцяў? Ленін ці Сталін?

Нялішне паразважаць над гэтым пытаньнем, калі вы бачыце, як афіцыйныя асобы ўскладаюць кветкі да велічных помнікаў. Нялішне падумаць пра гэта, праходзячы па Ленінскім праспэкце й незьлічоных вуліцах імя Леніна. Нам, беларусам, дарэчы будзе ўзгадаць на гэтых вуліцах і ля гэтых помнікаў, як Ленін і кіраўніцтва ягонае партыі спачатку аддалі Беларусь немцам у Берасьці ў 1918-м, а потым, не спытаўшыся ў нашага народу, не пусьціўшы ягоных прадстаўнікоў на перамовы, па жывым распалавінілі ейнае спакутаванае цела Рыскай дамоваю ў 1921-м.

Ці думалі вы пра гэта ў самай ганебнай савецкай чарзе? Не, я не пра чаргу па міску нішчымнае лягернае баланды. І не пра чаргу на кватэру. І не пра чаргу на выезд за мяжу. І не пра чаргу па віно, мыла, цыгарэты... Я - пра чаргу да генія, што разам з паплечнікамі штурхануў краіну на шлях, які давёў да бясконцага стаяньня ў гэтых чэргах. Пра чаргу ў Маўзалей.

Ну, а як наконт вашых дзяцей - «юных ленінцаў» і «акцябрат» (слова настолькі чужое беларускай мове, што ягонае зьнікненьне пройдзе зусім незаўважна). Як наконт дэвізу, які яны мусяць ледзь не штодня паўтараць на лінейках і зборах? Да якой «борьбы» яны павінны быць гатовыя? За якое «дело»? Якой партыі? Ды той самай, дзякуючы якой мы зрабіліся абязмоўленымі жабракамі са зьнявечанымі мазгамі. (Кажуць, недзе ў Францыі прызналі Ўладзіміра Ільліча найвыдатнейшым мысьляром XX стагодзьдзя. Пажылі б тыя французы хоць з тыдзень у краіне, што ледзьве не пабудавала ў 1980 годзе камунізм).

А як ставіцеся вы да таго, што вашыя дзеці носяць значкі з выяваю чалавека, з блаславеньня якога (пасьля згаданага напачатку сакрэтнага ліста да Палітбюро) толькі ў 1922 годзе расстралялі, паводле няпоўных зьвестак, 8100 «представителей реакционного духовенства и буржуазии», у тым ліку 3447 манашак і паслушніц (Протопресв. М. Польский. Новые мученики российские. - Джорданвиль, 1949-1957. Т. 1. С. 214). Ці ня больш лягічна было б, каб «юныя ленінцы» наладзілі збор гэтых значкоў для сваіх старэйшых таварышаў з КПСС? Няхай бы насілі, дэманстравалі вернасьць ідэалам. Відаць было б, хто ёсьць хто. Спрыяла б «конструктивному диалогу». Не баяцца ж насіць свае значкі сябры й прыхільнікі БНФ.

А ці добра пачуваюцца ў сьвятле новых штрыхоў да партрэту Ільліча студэны й выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ІМЯ У.І.ЛЕНІНА?

Крый Божа, каб нехта падумаў, што я заклікаю нішчыць помнікі й выкрэсьліваць імя Ільліча з нашае памяці. Я зусім не прыхільнік барбарскіх бальшавіцкіх мэтадаў. Далібог, можна вынайсьці нешта больш цывілізаванае й дасьціпнае. Чаму б, скажам, ня зьвезьці помнікі Ільлічу да абкамаў і ЦК КПБ? Больш утульна пачуваліся б і гаспадары гэтых будынкаў (пад вокнамі ўвесь час дзейнічаў бы своеасаблівы бронзавы мітынг у падтрымку іхняе лініі) і самі леніны - бачачы чорныя «волгі» ды іншыя сьведчаньні таго, што хтосьці ўсё-такі пабудаваў сабе сьветлую будучыню.

Што датычыць імя правадыра, дык, замест вуліц, яго можна было б даваць цэкоўскім калідорам або лецішчам верных ленінцаў. Хіба кепска гучыць: «Дача товарища Соколова имени товарища Ленина»?

 

Існуе думка, што Леніна чакае свой XX зьезд.

Але хто яго будзе праводзіць?

Сталін хаваўся за помнікі Леніну. Помнікі Сталіну былі ўжо ненадзейнаю абаронаю й хутка пайшлі на пераплаўку. За каго ж схаваюцца верныя ленінцы, калі не застанецца бронзавага Ільліча? За «валюнтарыста» Хрушчова? За абчаплянага ардэнамі з галавы да пятаў Ільліча № 2? За гэбіста тав. Андропава? За тав. Чарненку, за якога ня здолелі схавацца (памятаеце ТАССаўскае фота?) нават тыя, хто перастаўляў генсеку ногі, калі той прыйшоў на выбарчы ўчастак галасаваць за самога сябе?

Каб захаваць заснаваную Леніным таталітарную антыгуманную сыстэму, «ум, честь и совесть эпохи» можа схавацца сёньня толькі за яго самога. З-за помнікаў геніяльнаму правадыру працоўных цікуюць тыя, хто не зьбіраецца разьвітвацца з вучэньнем, якое прывяло іх да свайго асабістага камунізму. Прывяло за кошт беднасьці, абяздоленасьці й зьнішчэньня іншых.

А таму: ЛЕНІН - ГЭТА СТАЛІН СЁНЬНЯ.

 

Кастрычнік, 1990 г.




Беларуская Палічка: http://knihi.com