epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Арлоў

Сьцягі над горадам

Гераічны абразок часоў незалежнасьці

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:
1-Я ДЗЕЯ
2-Я ДЗЕЯ
3-Я ДЗЕЯ


ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

ПАЭТ І БАРД Сяржук Сокалаў-Воюш;

СТАРШЫНЯ ПОЛАЦКАЕ РАДЫ БНФ Анатоль Кулік, асуджаны за бел-чырвона-белы сьцяг у гады перабудовы;

СЯБРА ПАЭТА І БАРДА дый усіх астатніх Базыль Храмцоў, асуджаны за тое самае ў тыя самыя гады;

КАРЭСПАНДЭНТКА абласной газэты «Народнае слова» Ларыса Малашэня;

АЎТАР гераічнага абразка;

НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ ГАРСАВЕТУ тав. Камароў;

вахцёрка, міліцыянты, людзі ў цывільным.

 

Дзея адбываецца перад будынкам Полацкага гарсавету, у ягоных нетрах, а таксама на гарышчы й на даху.

Субота, трэці дзень, як сэсія Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь зацьвердзіла новы Дзяржаўны сьцяг.

Над гарсаветам ціхамірна лунае чырвона-зялёны, сярпаста-малаткасты, бальшавіцка-мусульманскі «флаг» БССР.

У выпадку сцэнічнага ўвасабленьня твору можа гучаць Дзяржаўны гімн БССР або папулярная народная песенька: «Зьлева молат, справа серп, Гэта наш савецкі герб. Хочаш жні, а хочаш куй...» і г. д.

 

1-Я ДЗЕЯ

Пяцёра першых дзейных асобаў зь бел-чырвона-белым сьцягам шпарка падымаюцца па сходах і заходзяць у кабінэт намесьніка старшыні гарсавету тав. Камарова, які ў выхадны дзень дбае пра палачанаў на сваім працоўным месцы.

 

СТАРШЫНЯ РАДЫ БНФ. Спадар Камароў...

НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ ГАРСАВЕТУ (зацкавана азіраецца, магчыма, думае, што яго прыйшлі забіраць). Что такое?

ПАЭТ І БАРД. Чаму гарсавет не выконвае пастанову Вярхоўнага Савету пра Дзяржаўны сьцяг?

НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ ГАРСАВЕТУ (відавочна супакойваючыся). Какой пастановы? Никакой команды не было, вот и не выконваем (перакрыўляе). Будет команда - будем выконваць.

ПАЭТ І БАРД. Сярод нас двое асуджаных за гэты сьцяг.

НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ ГАРСАВЕТУ. Я ничего не знаю. Не мешайте мне работать (робіць выгляд, нібыта нешта піша, а ў сапраўднасьці колькі разоў абводзіць на сваёй паперыне загадкавае слова «повысить»).

СТАРШЫНЯ РАДЫ БНФ. У вас свая праца, у нас - свая.

НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ ГАРСАВЕТУ (у позірку, далікатна кажучы, нялюбасьць да візытантаў, а разам зь ёю - нямоглая злосьць: такога ў жыцьці тав. Камарова яшчэ не было). Кто вы такие?

ПАЭТ І БАРД. Я - сябра сойму БНФ Сокалаў-Воюш.

НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ ГАРСАВЕТУ (махае рукамі). Кто вас не знает!

СТАРШЫНЯ РАДЫ БНФ (сувора). Спадар Камароў, нам трэба ключ ад выхаду на дах.

НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ ГАРСАВЕТУ (падазрона пазіраючы на карэспандэнтку). Чем вы там будете заниматься?

СЯБРА ПАЭТА І БАРДА. Уздымаць Дзяржаўны сьцяг.

НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ ГАРСАВЕТУ. Будет команда, тогда и вздымем.

АЎТАР (залішне пафасна). Спадар Камароў, мы ведаем, што вы гэты сьцяг ненавідзіце, але празь 10 хвілінаў ён будзе вісець над вашым кабінэтам.

НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ ГАРСАВЕТУ. Кто вы такой?

Аўтар прадстаўляецца.

НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ ГАРСАВЕТУ. Вы вообще не полочанин и не имеете права здесь находиться.

АЎТАР (нахабна). А вы мяне дэпартуйце.

НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ ГАРСАВЕТУ. Вы - хулиганы!

СЯБРА ПАЭТА І БАРДА (з адценьнем злараднасьці). А вы не выконваеце пастановы Вярхоўнага Савету.

Пяцёра візытантаў выходзяць. Тав. Камароў ліхаманкава хапаецца за тэлефон.

 

2-Я ДЗЕЯ

Загаджанае галубамі гарышча. Кавалак нейкага транспаранту са словамі «Дадим больше...»

Старшыня рады БНФ разам з паэтам і бардам вылазяць праз вакенца на дах. Паэтаў сябра і аўтар сядзяць, прыкрываючы тыл, на гарышчы. Карэспандэнтка застаецца ўнізе перад будынкам.

Бальшавіцкі сьцяг паўзе долу. Карэспандэнтка занатоўвае гістарычную падзею ў запісной кніжцы. Пад'яжджае варанок з нарадам міліцыянтаў, якія кідаюцца да карэспандэнткі.

 

ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ. Где здесь поднимают фашистское знамя?

КАРЭСПАНДЭНТКА (з усьмешкай). Гэта не фашысцкае «знамя», а наш Дзяржаўны сьцяг. Яго прыняла сэсія Вярхоўнага Савету...

ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ (яўна паўтараючы нечыя словы). Как приняла, так и отнимет.

З партатыўнае рацыі на плячы ў старшыны чуецца: «Доложите обстановку!»

ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ (паглядзеўшы ўгару, усьцешана). Докладываю: их всего двое.

Падяжджае яшчэ адна міліцэйская машына і машына зь людзьмі ў цывільным. Усе глядзяць угару. Над будынкам на асноведзі навальнічнага неба падымаецца бел-чырвона-белы сьцяг.

 

3-Я ДЗЕЯ

З ганку бадзёра сыходзяць чацьвёра тых, што былі на гарышчы й на даху. Паэт і бард ідзе, паклаўшы рукі на патыліцу, у запазусе ў яго - зьняты сярпаста-малаткасты «флаг» БССР.

 

СТАРШЫНЯ РАДЫ БНФ (да першага міліцыянта). Віншую з узьняцьцем Дзяржаўнага сьцягу.

ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ (не пасьпявае, як астатнія, схаваць рукі за сьпіну й зьбянтэжана прымае поціск). Там посмотрим... (перахоплівае ўважлівы позірк падпалкоўніка й зусім ніякавее).

СЯБРА ПАЭТА І БАРДА. Віншуем вас, таварыш падпалкоўнік.

ПАДПАЛКОЎНІК (зь велізарным задавальненьнем загнаў бы нацыяналістаў у варанок, але цяпер ня ведае, што рабіць, і, мабыць, моўчкі кляне сэсію й дэпутатаў). Отойдите, у нас служебный разговор.

КАРЭСПАНДЭНТКА (да першага міліцыянта). Калі ласка, вашае прозьвішча для гісторыі.

ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ Пожалуйста: старшина Кащеев.

Нацыяналісты вясёла й шматзначна пераглядаюцца.

КАРЭСПАНДЭНТКА. Кашчэеў...

ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ (зазіраючы ёй цераз плячо). Кащеев - через «о».

КАРЭСПАНДЭНТКА. Я па-беларуску пішу.

ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ. А вы поправьте, чтобы правильно было.

«Доложите обстановку!» - зноў хрыпіць у яго на плячы рацыя.

ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ. Докладываю: обстановка в целом дружелюбная.

Адчыняюцца дзьверы гарсавету. Углыбіні відзён тав. Камароў. Яўна па ягонай камандзе да ўдзельнікаў урачыстага ўзьняцьця сьцягу подбегам кіруецца бабуля-вахцёрка.

ВАХЦЁРКА (запыхана). Где наша знамя?

ПАЭТ І БАРД. А вось (выцягвае з запазухі сярпаста-малаткасты «флаг»).

ВАХЦЁРКА. Отдавайте имущество (учэпіста хапае «флаг», гэтаксама подбегам вяртаецца ў будынак гарсавету й зачыняе зь сярэдзіны дзьверы на засаўку).

Удзельнікі ўзыходжаньня на дах прапануюць падпалкоўніку скласьці пратакол. Таму гэтая ідэя відавочна падабаецца, але абсурднасьць сытуацыі разумее нават ён.

ПАДПАЛКОЎНІК. Отойдите, у нас служебный разговор.

ПАЭТ І БАРД (падступна). Таварыш падпалкоўнік, а які ў вас сьцяг над аддзелам?

ПАДПАЛКОЎНІК (зьнячэўлена). Пока никакого.

ПАЭТ І БАРД. Зараз мы вам дамо новы, у нас яшчэ ёсьць.

ПАДПАЛКОЎНІК (не чакаючы небясьпечнага падарунка, хутка сядае ў машыну). В отдел!

Усьлед за падпалкоўнікам ад'яжджае машына з маўклівымі людзьмі ў цывільным, потым - дзяжурны варанок. На пустым пляцы перад будынкам застаюцца пяцёра тых, з каго пачыналася дзеяньне. Адчуваецца, што ўсіх мучае смага.

У выпадку сцэнічнага ўвасабленьня можа гучаць гімн Макара Краўцова «Мы выйдзем шчыльнымі радамі...»

Над гарсаветам лунае бел-чырвона-белы сьцяг.

Усё.

 

Верасень, 1991 г.


верасень 1991

Тэкст падаецца паводле выдання: Арлоў У. Сланы Ганібала: Выбраныя эсэ. - Менск: Логвінаў, 2005