epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Арлоў

У нас у Серабранцы

Пераехаўшы ў Менск, я жыў спачатку ў падвале бяз адрасу.

Вядома, я мог напісаць на канвэрце назву вуліцы й паставіць нумар дому, але пошту ў падвал усё адно не насілі, і ў гэтым сэнсе жылося зацішна.

Хто завітваў да мяне на гасьціны, можа засьведчыць, што падвал быў з усімі выгодамі й нават бяз вокнаў. Праўда, адтуль трэба было раз-пораз выходзіць на працу, дзе міліцыя й склала тры пратаколы за пражываньне без прапіскі.

Пасьля гэтага ў Саюзе пісьменьнікаў запыталіся ў мяне, дзе я жыву. Я шчыра прызнаўся: у падвале. Адказныя таварышы пранікліся шкадобаю і праз год далі мне кватэру.

Так я й апынуўся ў нас у Серабранцы, і цяпер за пражываньне на маёй плошчы без прапіскі маю законнае права скласьці пратакол на хамяка Хаменні й на котку Басю (у афіцыйным дакумэньце будзе фігураваць поўнае ймя: Басота).

Апрача асобаў сумніцельных і непрапісаных, у нашым доме ў розны час жылі й жывуць людзі прапісаныя, вядомыя ды заслужаныя.

Па-першае, у нашай кватэры атайбаваўся калісьці пісьменьнік Вячаслаў Рагойша, а да яго заходзіў Уладзімер Караткевіч, які, кажуць, браў тут чарку й сьпяваў песьні ня горай, чым ён гэта робіць у забароненым некалі фільме паводле ягонага раману «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

Цяпер у нас у доме жыве крытык і перакладчык Галіна (ашчаджаючы яе спакой, абыйдземся бяз прозьвішча). Жыве таксама паэтка Валяньціна, якая зрэдзьчас падпісваецца псэўданімам Віта Гнаная. Атрымліваецца сапраўдная літаратурная віктарына, да якой можна дадаць пытаньне: які вядомы беларускі археоляг стаўся героем мастацкага твору ў сувязі з тым, што ў яго ў археалягічнай разьведцы ўтапіліся штаны?

Гэты археоляг, купіўшы новыя штаны, таксама на законных падставах пражывае ў нашым доме.

Тут жывуць Алесь, Аліна, ажно два Данчыкі і Дануся.

А калі дадаць яшчэ й небясьпечнага ў нядаўнім мінулым нацыяналіста, а сёньня народнага дэпутата Пятра Садоўскага, дык нехта абавязкова скажа: гняздо.

Паблізу нашага дому ёсьць канал, на якім вядуцца качкі. Раней па канале плаваў лебедзь, але ня вытрымаў «перестройки» і адляцеў кудысьці ў эміграцыю.

А вось яшчэ адзін знаны нацыяналіст прафэсар Уладзімер Конан «перестройку» вытрымаў і па-ранейшаму глядзіць на сьвет зь верхатуры суседняга шматпавярховіка.

Часам прафэсар можа ўбачыць, як раніцой па беразе каналу бегае парлямэнтар Пятро Садоўскі. Мінакі з захапленьнем назіраюць, як бягун распранаецца й дае нырца. Як кажа адзін з выбаршчыкаў, на тое ён і народны дэпутат.

Прыбег, значыцца, аднойчы спадар Садоўскі раніцай на канал і - у ваду. А на беразе сядзіць рыбак з вудаю. А мо й не рыбак, і ніякая ў яго ў руках ня вуда, а партатыўны перадатчык (як кажуць вэтэраны беларускіх выдавецтваў, «мает рацыю»). Сядзіць гэты вудаль і глыбакадумна так кажа:

- Ну што, Пятро, дабегаўся?

Дэпутат зьдзівіўся, але плыве як нічога ніякага.

А вудаль удакладняе:

- Вылазь, Пятро. Пераварот.

Дэпутат зірнуў на дом, а адтуль жонка бяжыць.

Тут ён і зразумеў, што гэта ня жарцікі. Ды якія там жарцікі, калі пісьменьнік Барыс Сачанка гэты пераварот прадказваў ад самай зімы ўжо разоў зь дзесяць.

Народ вудзіў рыбу, а народны дэпутат апрануўся й паехаў хутчэй у парлямант. А тым часам нехта з парлямэнтараў шукаў, куды б зашыцца, нехта, рыхтуючыся да адсідкі, культурна складаў у партфэль камплект бялізны з зубной шчоткай, а нехта ехаў ужо ў цягніку ў Санкт-Пецярбург, каб пачынаць усё спачатку.

Карацей, 19 жніўня.

Гэта парлямэнтары.

У паспалітых людзей таксама ўзьніклі свае праблемы.

Да мяне, скажам, падыходзіць на двары старшыня дамкаму - ціхі такі пэнсіянэр і аматар паддаць, што разьмяркоўваў нам талёны на харч. Гляджу: быццам падмянілі старшыню: вока гарыць, не раўнуючы, як у якога варашылаўскага стралка.

- Ну, как там, Владимир Алексеевич, ваш Народный фронт?

Я яму:

- А адкуль, прабачце, вы ведаеце, як мяне завуць?

- Э-э, милок, я, к твоему сведению, человек непростой. Я когда-то комсомольский штаб Минска возглавлял.

Мяне неяк міжволі ад суровай прозы пацягнула на паэзію:

 

Цьвёрда трымаўся юнак на дапросе,

Тоячы словы і думкі свае...

 

«Ня выдам нікога, апрача аднаго пісьменьніка, - прысягнуў я сам сабе страшэннаю прысягай. - Яму ўсё адно нічога ня будзе».

І пайшоў слухаць далей радыё «Свабода».

З допытам, як вядома, атрымалася адтэрміноўка.

І тут я, слабы чалавек, узяў грэх на душу. Пазваніў дні праз тры да былога начальніка камсамольскага штабу ў дзьверы.

- Ляксеіч, хачу як суседа папярэдзіць. Народны фронт прыняў рашэньне: усіх старшыняў дамкамаў - арыштаваць.

Сьпярша, бо быў, як зазвычай, п'яны, ён даў веры.

- Владимир Алексеевич, спасибо.

Добра, што цяпер талёны выдаюць у домакіраўніцтве.

Яшчэ дні праз тры ў мяне быў дзень нараджэньня. Якраз тады, як Малафеева (ня трэнэра, а таго, што спрабаваў муштраваць усіх нас) сьцягнулі на сэсіі з трыбуны, а ягоны папярэднік пэнсіянэр усесаюзнага значэньня Ахрэм Сакалоў падруляваў на службовай «Волзе» да ЦК і ўбачыў труну, вакол - плакальшчыцаў, а на труне машастовую стужку са сьціплым надпісам: «Ум, честь и совесть».

Таго вечара сябры падаравалі мне кавалак граніту, адбіты ад будыніны ЦК КПБ, той, што стаяла насупраць гарадзкой прыбіральні, на якую касавурыліся, круцячы насамі, бюсты таварышаў Маркса й Леніна.

Такім чынам хоць частку былой парцейнай маёмасьці пашэнціла прыватызаваць і мне.

Так нашая Серабранка апынулася ў сувэрэннай Рэспубліцы Беларусі.

Жыць, праўда, паспалітаму чалавеку стала ня надта каб лепей і весялей. Нават бел-чырвона-белыя сьцягі вывешваць на гаўбцах ужо нецікава, а бэсэсэраўскіх назапасіць у нас у доме не даўмеліся.

Аднак, калі зробіцца зусім сумна, можна схадзіць на нашую пошту.

Вось, напрыклад, я хачу даць тэлеграму з сувэрэннага Менску знаёмаму ў сувэрэнны Ню-Ёрк.

- Ні дурыце галаву, - кажа паштарка. - Ні ў какіі Ню-Ёркі нікакіі ціліграмы ні прынімаім.

- А ў якія-небудзь Наваполацкі якія-небудзь тэлеграмы прымаеце?

- У Наваполацкі прынімаім.

Пішу, высалапіўшы ад стараньня язык, друкаванымі літарамі, каб, крый Божа, чаго не пераблыталі.

Тэлеграфістка прачытала й пытаецца:

- А што такоя «віншую»?

- Поздравляю, - перакладаю я на мову нашай нацыянальнай меншасьці.

- Так бы і пісал. А Вінцэсь - эта што? Фамілія?

- Імя.

- Да нет такова імя, - гаворыць яна з сумесьсю ўквеленасьці й шкадобы. - Дурут тока галаву.

Тэлеграму яна ўсё ж прымае, ды потым высьвятляецца, што мае высілкі пайшлі тунна, бо тэкст, каб не пакрыўдзіць нацменшасьць, пераклалі на «общепонятный». Дзякаваць Богу, што хоць ня сталася, як з адным мастаком, якому таксама пераклалі й замест паведамленьня пра хаўтуры атрымалася запрашэньне на «халтуру».

Праўда, гэткія пераклады рабіліся яшчэ ў БССРы. У сувэрэннай Рэспубліцы Беларусі новыя праблемы.

- Напішы унізу ціліграмы адрас і фамілію, - кажа паштарка.

Потым яна доўга й падазрона разглядвае блянк.

- Как фамілія? Арлой?

- Арлоў. На канцы - «у» кароткае.

- Нет такой буквы, - акурат, як у тэлеперадачы «Поле чудес», адразае паштарка.

Я - чалавек рахманы. Дастаю нататнік, малюю «й» і «ў» і даходліва тлумачу розьніцу.

Ня ведаю, дзе асела ў яе тое, што я ўтлумачваў, але ў галаве надзейна зачапілася, што я ўспадчыў ад бацькі незвычайнае найменьне - Арлой.

Заходжу наступнага разу ў аддзяленьне, і паштарка ўсьміхаецца мне, як старому знаёмаму, ды гукае нейкую Надзю.

- Арлой прышол, апяць журналы не данесьлі.

Зь нетраў аддзяленьня выплывае раззлаваная Надзя.

- Што вы ўсё ходзіце? Там у вас яшчо какой-та Садовскій жывёт. Тожа ходзіт. Навыпісывалі журналав па-біларускі, а ціпер варуют адзін у аднаво із яшчыкав...

Недалёка ад пошты жыве крамяны дзядзька, зь якім нас збліжае тое, што ў яго таксама рэдкае мяно.

У гістарычныя трыццатыя гады ідэёва загартаваныя бацькі ахрысьцілі сына Камінтэрнам.

Ня ведаю, як было зь лексыкай у фірме, у гонар якой яго назвалі (мо там сыпалі выключна антыдзюрынгамі й пасылалі на эмпірыякрытыцызм), а ў нашага Камінтэрна ўлюбёнае слаўцо, перапрашаю, «блядзі».

Зноў адключылі на тыдзень гарачую ваду - «Блядзі!»

Паднялі кошт на гарэлку - «Што робяць, блядзі!»

Абвясьцілі Каляды выхадным днём - таксама «блядзі», але з адценьнем павагі.

Ня ведаю, што там чынілася ў бальшавіцкім Камінтэрне, а наш дзядзька Камінтэрн - вечна нападпітку. Часам ён насмоктваецца да божае моцы й можа забурыцца проста пасярод дарогі.

- Зноў Камінтэрн напіўся, - кажуць тады жанчыны ў ягоным двары й просяць мужыкоў завалачы жлукту дахаты, бо дзядзька мае адметную рысу: заваліўшыся на дол, уяўляе, што ён ужо дома, і, палохаючы мінакоў, пачынае распранацца да майткоў.

 

У нашай Серабранцы ня менш цікавага, чымся ў Фолкнэравай Ёкнапатофе.

Але на сёньня я закругляюся, бо да мяне зрабіў візыт знаёмы мастак, і мы зь ім глынем кавы, а потым ён натхніцца й што-небудзь намалюе ў Нашай Ніве, і гэта разам з маёй пісанінаю выкліча ў часткі чытачоў новую порцыю здаровага абурэньня.

А таму, як звычайна кажуць у Ню-Ёрку, гуд бай!

Або, як звычайна кажуць у нас у Серабранцы, у Менску, у незалежнай Рэспубліцы Беларусі, до свидания!

 

Люты, 1992 г.


люты 1992

Тэкст падаецца паводле выдання: Арлоў У. Сланы Ганібала: Выбраныя эсэ. - Менск: Логвінаў, 2005