epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Арлоў

За што Авін забіў Кавеля

Ніякі Тарквемада з усімі сваімі «гішпанскімі чаравікамі» ды іншым спецпрычындаллем не выцягнуў бы з мяне і дзесятай долі таго, што здатны здабыць чырваналобы «Ікарус», які раз на месяц вязе мяне з Наваполацка ў Менск. З перона яшчэ махае мне сын расейскага афіцэра Вінцэсь Мудроў, які вырас там, дзе яго зусім не сеялі, і зрабіўся беларускім пісьменнікам, а ў выстылы салон, што ашчадна захоўвае лёгкі хвалюючы водар паленае гумы, ужо ўрываецца вясёлы рой прыгадак і асацыяцыяў, даўно і надзейна забытых падзеяў і імёнаў, рэалізаваных і неажыццёўленых сюжэтаў. Да мяне паварочваюцца хмурныя няголеныя твары колішніх сяброў, і адразу некалькі параў дасканала адслігаваных жаночых ножак пачашчаюць пульс і прымушаюць бразгаць ключамі ад таямніцаў. Гэты як быццам зусім звычайны аўтобус насамрэч - стварэнне надзвычай высокаарганізаванае і, калі хочаце, нават падступнае: яно выдатна ведае не толькі тое, якой дарогаю мяне везці, але і тое, дзе набраць хуткасці, а дзе крыху загамаваць, каб нейкая марудлівая згадка не засталася самотнічаць на ўзбочыне.

Адразу за аўтавакзалам праплывае аднапавярховая камяніца рэдакцыі газеты з шматсэнсавай назваю «Хімік», у якой я болей за дзесяць гадоў зарабляў на хлеб і віно і напісаў першы аповед - пра пеўня, што жыў на адным з наваполацкіх гаўбцоў.

Там, дзе цяпер універсітэцкія карпусы, тады разлягалася зусім не гарадская лугавіна. Спачатку на ёй зацвіталі дзьмухаўцы, а потым - рамонкі і смолкі, сярод якіх проста пад рэдакцыйнымі вокнамі, почасту скінуўшы верхнюю частку купальніка, запякаліся на сонцы даўганогія істоты з канспектамі. Істоты часта падыходзілі да майго аблюбаванага матылькамі-крапіўнікамі разнасцежанага вакна папрасіць закурыць альбо пазычыць пустую шклянку, дэманструючы злёгку прыкрытую купальнікам ахвоту бліжэй пазнаёміцца з манатоннымі журналісцкімі буднямі за шчыльнымі зялёнымі шторамі, і напрыканцы кожнага траўня я пісаў галоўнаму рэдактару заяву з просьбаю ўвесці на летні перыяд даплату за шкоднасць. У выніку падобных візітаў мой малодшы калега, што дзяжурыў па нумары, назаўтра разам з падпісчыкамі з невялікім здзіўленнем убачыў на першай паласе фотаздымак, акуратна надрукаваны дагары нагамі, а мой старэйшы калега пазнаёміўся з установаю, дагэтуль вядомаю ў горадзе пад бяскрыўднай абрэвіятураю НКВД, што расшыфроўваецца як «Новополоцкий кожвендиспансер». (У тыя часы фасад НКВД аздабляў выцвілы лозунг: «Имя и дело Ленина будут жить в веках».)

Вечарамі ў маім рэдакцыйным кабінеце з'яўляліся наведнікі, цікавейшыя за легкадумных дзённых мятлушак і стракозаў. Аднойчы, у 1980-м, калі маскоўскія ідэолагі пакутліва вырашалі, як адсвяткаваць 600-годдзе Кулікоўскае бітвы, каб не пакрыўдзіць братні татарскі народ, мае дзверы асцярожненька адчыніў ахайны дзядуля з пульхным партфелем і ўстрывожанымі вачыма, што міжволі прыводзілі на памяць позірк пралетарскага паэта Івана Бяздомнага пасля вядомага здарэння на маскоўскіх Патрыяршых сажалках. Згаданая акалічнасць змусіла мяне інстынктыўна трымацца так, каб паміж мною і візітантам абавязкова заставаўся пісьмовы стол. З гарачага дзядулевага шэпту я даведаўся, што мой госць удзельнічаў у Кулікоўскай сечы, а ў партфелі - напісаныя да яе юбілею ўспаміны.

Да разраду літаратараў належаў і колішні марак рыбалоўнага флоту, якога недзе за ньюфаўндлендскімі банкамі пацягнула за сабой, балюча выцяўшы аб борт, штармавая хваля, што і падказала марскому вандроўніку ідэю і фабулу будучага рамана, яго навылёт прапахлы селядцамі манускрыпт пачынаўся сакральнаю фразай: «Стране нужна рыба», а завяршаўся падрабязным спісам, дзе фігуравалі набытыя былой няўдзячнай нявесце ў розных кутках свету падарункі з пазначанымі побач коштамі.

А вунь за тымі трыма вокнамі збіралася нашае літаб'яднанне «Крыніцы», сябры якога за прамінулыя гады выдалі цэлую бібліятэку. Аднак гэтым разам асобы, чые імёны ўжо трапілі ў падручнікі і энцыклапедыі, пакідаюць мяне ў спакоі, а з пяшчотаю згадваецца сціплая паэтка, што каля каміна сваіх жаночых успамінаў павінна заўсёды думаць пра літаратуру з ціхай удзячнасцю. Часам я намагаюся ўявіць яе аблічча і думаю, што яно не можа быць ардынарным, як не была ардынарнаю і яе творчая метода, якая назаўсёды застанецца ў аналах калі не ўсяго айчыннага прыгожага пісьменства, дык, прынамсі, яго полацкае плыні.

Рэч у тым, што ў дні нашых досыць частых літпаседжанняў прыблізна аб адзінаццатай гадзіне вечара ў маім кабінеце абавязкова званіў тэлефон. «Муж адной паэтэсы» ветліва цікавіўся, калі мы маем разыходзіцца. Я сумленна адказваў, што каля паўночы, і запэўніваў клапатлівага сужэнца, што мы па-рыцарску праводзім усіх нашых дам дахаты. Так доўжылася гады тры, пакуль таямнічы муж, адступіўшы ад завядзёнкі, не папрасіў перадаць нашай паэтцы, што сёння ён зойдзе па яе сам. Я мусіў запытацца, як завуць прадстаўніцу гэтай ідылічнай сям'і, і пачуў абсалютна незнаёмае нікому імя...

Перад павароткаю на мост праз Дзьвіну, пад якім высока над цёмнаю вадою, што хавала карагоды тапельцаў і самоў памерамі з пушчанскіх вепрукоў, мы здавалі дзіцячыя экзамены на смеласць, я апошні раз кідаю вока на былую лугавіну, і наўздагон мне лопае крыламі знаёмы пугач, што жыў у жарале старое яліны на ўзлеску.

На мяжы дня і шарай гадзіны пугач выбіраўся са свайго зацішнага жытла на сук, каб, самавіта пакруціўшы вушатай галавой, жудліва павухкаць, зрабіць рытуальны аблёт лугавіны і ўзяць курс на лясное возера, дзе тады яшчэ вадзіліся цеплакроўныя ундзіны, гатовыя аддацца смеламу начному плыўцу на залітым месяцавым святлом плыткаводдзі. Вялікія шэрыя крылы майго пугача рэзалі паветра настолькі бясшумна, што ад іх кругамі разыходзілася густая, настоеная на паху прывялае травы, шматслойная цішыня. Яна ніколі не палохала мяне, а абуджала ў вечаровай сутонлівай душы жаданне ў адной з будучых рэінкарнацыяў трапіць на свет у іпастасі лупатае птушкі, каб удзень песціцца ў мяккім дупле, а ўвечары паважна выходзіць на духмяны ад разагрэтай сонцам жывіцы сук і, палохаючы вусцішным вуханнем ундзінаў і іхных каханкаў, ляцець на смачныя начныя ловы. У той дзень, калі экскаватар узяўся капаць на лугавіне катлаван, пугач вылез са схоўкі сярод белага дня і, згубіўшы ад святла арыентацыю, улукаткі паляцеў не ў лес, а ў бок горада і ўжо не вярнуўся...

Апрача мяне «Ікарус» вязе сёння двух прыстойна апранутых хлопцаў гадоў на дваццаць з гакам, а ў камплекце з імі падарожнічае жыццярадасная рыжая маладзёнка, для якой слова «дыета», мяркуючы па габарытах, мае такі самы абстрактны сэнс, як, напрыклад, і «сінхрафазатрон».

Не паспеўшы ўладкавацца, кампанія бярэцца разгадваць газетную крыжаванку. «Последователь философского направления, противоположного материализму», - чытае рыжая пампушка. «Думай, Федя», - кажа хлопец з падобнымі да прэзідэнцкіх вусікамі. Чыста паголены Федзя думае і выдае адказ: «Пессимист». Маладзёнка лічыць літары і ўсцешана абвяшчае: «Подходит!»

Увесь учарашні дзень падаў пухкі снег, дарожны паказальнік у прыгараднай вёсцы па-гаспадарску вычышчаны, і сустрэча з ім узнаўляе ў памяці чутую ў Лондане гісторыю пра памежны валійскі мост, дзе ўжо колькі стагоддзяў штоночы аднаўляецца нязводны надпіс: «Ангельцы, прэч з Уэльсу!» Не, на паказальніку ніхто не вывеў чаго-небудзь агіднага, кшталту: «Расейцы, прэч з Беларусі»! Пацвярджаючы славутую беларускую талерантнасць, навакольная блазнота, як і ў гады майго маленства, нягледзячы на складаныя мэтэаўмовы, не забылася старанна падмаляваць да першае літары прыдарожнае назвы лішнюю птушачку, ператварыўшы трывіяльнае Копцева ў рамантычнае прыдзвінскае Жопцева.

Гадоў дваццаць таму «Беларускае тэлебачанне» любіла круціць задушэўны фільмец з геніяльным пасажам пра тое, што ў юным горадзе вялікай хіміі Наваполацку жыццё гэткае светлае ды шчаслівае, што нават няма могілак, бо людзі папросту не паміраюць: пакуль яшчэ адно пераступілі парог сталасці, а там, маўляў, пераможа камунізм, і, не выключана, савецкія вучоныя раскрыюць таямніцу вечнае маладосці. Не ведаю, чым паілі і ў якіх лазнях парылі стваральнікаў жыццесцвярджальнае стужкі, але добра памятаю, што на гэтай зялёнай выспе справа ад дарогі на Полацак дзякуючы вялікай хіміі ўжо тады ляжалі пад бярэзінамі двое маіх аднакласнікаў.

Тым часам белымі званіцамі Сафійскага сабора адкрываецца панарама горада, дзе сядзела на гаршку малая князёўна Прадслава, дзе ў вялікі пост мог употайкі кульнуць чарку вучоны манах Сімяон і дзе рос мой сябра дзяцінства Вова Цымерман, што ад ранніх гадоў меў слабасць не толькі да жанчын, але і да чытання, а таму ў кнізе свайго цяперашняга суайчынніка Амоса Оза мог знайсці прызнанне ў любові да Ерусаліма. «Гэта месца, у якім ты мыеш шкарпэткі, пячэш яечню і ўвесь час адчуваеш сябе на мяжы духоўнага аргазму... І гэты сутык - ключ да таго, што зрабіла мяне пісьменнікам. Усведамленне таго, што ёсць містычнасць, і - з другога боку - усведамленне таго, што ў прарокаў і ў Ісуса дрэнна пахла з чаравікаў...»

Полацак сніў сябе нашым Ерусалімам, але ў горадзе, які ў п'яных трызненнях бачыў сябе трэцім Рымам, умелі разгадваць чужыя сны. Таму адзін з аўгусцейшых «рымлянаў» тапіў полацкіх іншаверцаў у дзвінскіх палонках у Інфлянцкую вайну, другі ўласнаручна забіваў у Сафійцы манахаў і закладваў пад яе парахавыя бочкі ў Паўночную, трэці выпрабоўваў перадавую методыку «сноса культовых строений» у нібыта мірным 1964-м.

Заплюшчыўшы вочы, мне зусім нескладана ўбачыць побач з вежамі Сафійкі і купаламі Богаяўленкі барокавыя абрысы сабора Святога Стэфана, і тады я зазвычай кажу сабе: не, хараство не бескарыснае, яно існуе хаця б дзеля таго, каб яго ненавідзелі.

Прыазёрная вёска Гомель, што выправіла сустракаць «Ікарус» пярэстага карнавухага сабаку, павінна добра ўрэзацца ў памяць аднаму расейскаму лейтэнанту-танкісту, што выпіў, мабыць, не меней за пляшку спірту ці якой тармазной вадкасці і, ледзьве не трапіўшы на менскай вуліцы пад колы машыны майго сябра, запатрабаваў падкінуць яго, лейтэнанта, у горад Гомель, а на выпрабавальнае пытанне, ці прысягнуў ён на вернасць Рэспубліцы Беларусі, падзяліўся, што «в гробу он видал эту ё...ю Беларусь вместе со всеми бульбашами», якім паабяцаў, «только рыпнутся», наладзіць «генеральную танковую утюжку». Пасля гэтае тырады мы, вядома, згадзіліся завезці абаронцу Айчыны прамютка ў самы Гомель, пагатоў нам было ў адну дарогу. Вы памятаеце, ваша благародзіе, як аднойчы прачнуліся ў халодны восеньскі вечар, абдымаючы бетонны слупок з надпісам «Гомель», за якім чамусьці стаяла ўсяго колькі дзесяткаў вясковых хатаў, а вакол сурова шумеў партызанскі бор? Калі вы яшчэ не згарэлі на «утюжках» Грознага ці Гудэрмесу, вы ўсё, вядома, памятаеце.

Бліжэй да Лепеля снегу робіцца болей. На шашу выходзіць падхорцісты паляўнічы ў плямістым вайсковым камбінезоне, і ланцужок асацыяцыяў выцягвае наверх імя іншага чалавека з ружжом - таварыша Антанаса Снечкуса, які ў вольны ад блуканняў па лесе час кіраваў ЛітССР у якасці першага сакратара яе кампартыі. Урэшце, тав. Снечкус не надта ўлягаў у хобі, бо ў летувіскага народа захаваўся яскравы ўспамін усяго пра адзін паляўнічы подзвіг свайго тагачаснага «бацькі». Неяк узімку да лясной вёсачкі пад Панявежысам прыбіўся паранены лось, якога жыхары выхадзілі і ўзяліся падкормліваць. Удзячная жывёліна хадзіла па вуліцы і не баялася браць з рук у сялянаў хлеб. Аднаго разу на аселіцы спынілася машына, адкуль выйшаў мужчына ў камбінезоне. Пакуль лось даверліва чакаў хлеба, мужчына зняў з пляча вінчэстэр і ва ўпор заваліў рагатага прыгажуна на снег. Ва ўсім астатнім Снечкус, кажуць, паводзіўся збольшага прыстойна: наадрэз адмовіўся прымаць у склад сваёй рэспублікі братнюю Калінінградскую вобласць і ўпёрся, калі ў Маскве пастанавілі будаваць Ігналінскую АЭС. Праўда, станцыю на летувіскім баку Дрысвятаў усё адно паставілі, а горад энергетыкаў у гонар праціўніка будаўніцтва назвалі Снечкусам.

«Высший сан в православии», - даносіцца да мяне з боку аматараў крыжаванак. «Поп». - «Маловато букв». - «Думай, Федя». - «Чего ты все Федя да Федя»...

Дзякуй Богу, маскоўскія таварышы не здагадаліся выбраць пад АЭС Лепельскае возера, берагам якога коціцца мой «Ікарус».

Да самага нядаўняга часу за назваю Лепель для мяне хаваўся адно вядомы з сярэднявечча сюжэт пра кузена лохнескае пачвары, што гнездаваўся на дне тутэйшага возера і на дэсерт любіў паласавацца грамадзянамі Вялікага Княства Літоўскага з акуратна перакусаных напалам чаўноў, а калі нарэшце здох ад нястраўнасці, дык смурод, калі верыць хронікам, крывеліў беларускія насы нават на Валовай азярыне ў Полацку і, прынамсі, быў ні на каліва не слабейшы, чым у лепельскай вакзальнай прыбіральні.

Аднае восені я вырашыў, што аброслага багавіннем небывальшчыны запісу на пергаміне (і прыбіральні ў якасці пастскрыптума) дзеля знаёмства з горадам усё-ткі крыху недастаткова, і выправіўся на паэтычны фэст «Лепельскія алітэрацыі», спадзеючыся калі і не наслухацца гэтых самым загадкавых алітэрацыяў, дык хоць знайсці аскепак таго Лепелю, які Тамаш Зан і Ян Чачот, працуючы там у дырэкцыі Бярэзінскага канала, называлі ў сваіх лістах паўночнай Венецыяй.

Пад адзіным цэлым ліхтаром на дажджлівай вуліцы імя героя «Краткого курса истории ВКП(б)» я з усцехаю прыкмеціў прыгожую здаровай прыроднай гожасцю лепяльчанку, глянуўшы на якую, адразу думалася, што якраз такіх аматарак паэзіі нам на дадзеным этапе нацыянальнага адраджэння асабліва бракуе. Распушыўшы падмяклыя пёры, я з ходу запрасіў красулю на фэст у Дом культуры - пры ўмове, што яна пакажа мне дарогу. «Зачэм цібе клуб, пашлі ка мне, у міня бутылка есьць», - з вабнай маціцоваю ўсмешкай скорагаворкаю прапанавала цудоўная лепяльчанка.

Амаль без вагання я выбраў клуб, дзе высветлілася, што масцітыя сталічныя творцы паэтычнага радка алітэрацыямі абсалютна не зацікавіліся. У выніку пад спеў зводнага лепельскага хору вэтэранаў партыі, вайны і працы пасінелыя ад холаду дзяўчаткі ў нацыянальных строях уручылі мне ў няпаленай зале хлеб-соль на даўжэзным ручніку. (Ручнік адразу паспрабавалі забраць назад, але не на таго нарваліся.) Апрача ўсяго, адносна юная змагарка культурнага фронту Аня атрымала ад начальства катэгарычны загад завесці мяне ў «гаркомаўскі люкс». Па дарозе з ініцыятывы праважатай узнікла рызыковая размова пра крыніцы творчага натхнення. Рызыка рэзка павялічылася, калі выявілася, што Аніна прозвішча Нагулян і яна прыехала да нас з Ерэвана.

Хоць насценны гадзіннік у фае паказваў толькі пачатак дзевятай, дзверы прысадзістага гатэльчыка аказаліся зачыненыя на ключ. У прыцемнай глыбіні памяшкання спінкамі да ўвахода стаялі побач два крэслы, і адтуль звешвалася голая нага. Пачуўшы стукат, нага схавалася. Аня Нагулян зняла чаравік і замалаціла ім у дзверы гэтак тэмпераментна, што аднекуль зверху на нас пасыпалася смецце, а потым звалілася птушынае гняздзечка. Траекторыю руху адміністратаркі ад крэслаў да дзвярэй цяжка было назваць найкарацейшаю, аднак магічныя словы «гаркомаўскі люкс» змусілі яе страпянуцца і намагчыся стаць «на зважай».

Трэба аддаць лепельскім таварышам належнае: «гаркомаўскі люкс» меў цалкам аўтаномны ўваход, прычым жыццё і дзейнасць ягоных насельнікаў былі клапатліва схаваныя ад шараговых вачэй высокім блакітным плотам з замкнёнаю брамкай. Замок у брамцы вырашыў, што я на такія прывілеі не цягну, і занатурыўся. Адміністратарка кінулася па новы ключ, а вяртаючыся, зачапілася ў цемры за маю валізку і бразнулася на мокры асфальт.

Набрынялыя вільгаццю дзверы не паддаваліся, і я наважыўся лезці цераз плот. Адміністратарка размазвала па сваім твары і маёй куртцы кроў, адцягвала мяне ад плота і, румзаючы, сцвярджала, што ўжо заўтра яе выганяць з працы. «Ну што вы мне падсаветуіця?» - жаласна зазіраючы мне ў вочы, пыталася гаротная жанчына. «Нікому не расказвайце сваіх сноў, бо ўладу могуць захапіць фрэйдысты», - сурова адказаў я і своечасова зняў з блакітнага плота адважную дачку армянскага народа, на крутых клубах якой ужо трашчала шчыгульная скураная спадніца.

У люксовых апартаментах я выцягнуў з валізкі пару кніжак і сухое адзенне. «Мне выйти?» - далікатна запытала Аня Нагулян і чамусьці села на канапу. Пытанне пра маіх улюбёных пісьменнікаў успрынялося як хатняя загатоўка. У якасці ілюстрацыі да адказу я разгарнуў узятую з сабою «Вежу з чорнага дрэва» Джона Фаўлза і асуджна працытаваў: «Генры ведаў, што грэх - гэта выклік жыццю, не безразважнасць, а акт мужнасці і ўяўлення». «Какой акт?» - удакладніла Аня Нагулян.

На вячэры з дальняга кутка рэстарана на мяне зайздросна глядзелі вочы паэта з паўднёва-заходніх рубяжоў нашае краіны, вядомага тым, што, паводле ягонага ж прызнання ў аўтабіяграфічным літаратурна-мастацкім творы, у кожным гастрольным горадзе ён, паэт, як некалі Феранц Ліст, пакідае спакушаную жанчыну, хоць, адрозна ад славутага папярэдніка, і не зачыняе яе на ўсялякі выпадак на замок. Я падышоў да калегі і з незразумелай злараднасцю прамовіў чужую фразу: «Ну што, старына? Вакол адны голыя жанчыны, але ўсе ў глухіх сукенках без дэкальтэ».

Усё астатняе ў Лепелі склалася проста цудоўна: у адпаведнасці з праграмаю паэтычнага фэсту адбылася экскурсія ў аграфірму «Белая Русь», якая выпускае папулярны ў працоўных паўночнага рэгіёна Бацькаўшчыны напой «Водар мяты» (вядомы ў малаінтэлігентных колах як «Морда мятая»), а пасля прадугледжанай пратаколам дэгустацыі было прыемна збіраць над лепельскімі каналамі аскалёпкі тутэйшае Венецыі, яшчэ нічога не ведаючы пра намер мясцовых рэкеціраў спагнаць падчас паэтычнае вечарыны з яе заезджых удзельнікаў сімвалічную даніну ў беларускіх рублях альбо іх валютным эквіваленце.

За Лепелем галасы аматараў красвордаў, якія раней, нагадваючы зумканне жамяры, успрымаліся пераважна перыферыйным слыхам, пачалі ўсё часцей прабівацца ў мой утульны вопрадзень успамінаў. «Завершение фасада здания... Может, дом?» - «Дура, второе «е». «Главная книга у мусульман». «Тихо, сейчас вспомню. На «кэ». - «Коран!» - «Ты уверен?»

Кароткі прыпынак у Бягомлі, у чыіх ваколіцах нарадзіўся мой знаёмы паэт Янка Юхнавец, што зноў і зноў бачыць гэтыя мясціны ў сваіх нью-ёркскіх вершах-снах, дзе ён вядзе гутаркі то з Машэкам, то са Скарынам, то з таямнічым персанажам, якога завуць Лесасекам і які ўтлумачвае камусьці Невядомаму, што Гісторыя - гэта крушня, а потым робіць удакладненне, што гэта - памяшканне, дзе адбываюцца нелагічныя выпадкі. Гісторыю пра тое, як у ліпеньскі дзень так званае незалежнасці вось на гэтай аўтастанцыі тутэйшы хлопец павесіў сцяг непажаданых колераў і праз пяць хвілінаў ужо сядзеў у «варанку», Лесасек, безумоўна, назваў бы банальнаю, і тады я дадаў бы апошнюю дэталь: хлопец быў глуханямы.

Ідучы па праходзе, мой спадарожнік з «прэзідэнцкімі» вусікамі кідае позірк на сядзенне побач са мною і гучна, не без нейкага задавальнення паведамляе: «Глянь, Зин, есть ещё чудаки, белорусские книжки читают». Я не бачу, як рэагуе на такое адкрыццё пампушка, але чую яе голас: «Старший сын Адама и Евы, убивший своего брата, четыре буквы». На колькі хвіляў западае маўчанне, потым Зіна няўпэўнена гаворыць: «Кажется, Кай...» - «Дура, а буквы кто считать будет». - «Спокойно, - уключаюцца вусікі. - Я знаю. Авин! Точно! Авин убил Кавеля!»

Усцяж шашы ідзе гандаль яблыкамі, бульбай і сушанымі грыбамі. Тавар пільнуюць дзеці, якім у гэты час яшчэ трэба быць у школе. Мо сённяшні іхні занятак і напраўду больш карысны, чым наведванне ўрокаў гісторыі, дзе ў духу апошніх рэкамендацыяў «Настаўніцкай газеты» трэба вучыць, што граф Мураўёў (той самы, які Вешальнік), - «гэта энергічны дзяржаўны дзеяч, які з веданнем справы рабіў тое, да чаго быў закліканы» (значыцца, вешаў і расстрэльваў паўстанцаў 1863 года). Юныя гандляркі чапляюць нізкі грыбоў на шыі і з гэтымі маністамі выдаюць маладзенькімі цыганачкамі, такімі самымі, як тая, што калісьці была маёй першай настаўніцай у адной навуцы, якую, на жаль, дагэтуль не выкладаюць у нашых школах.

Стаміўшыся ад разумовых намаганняў, мае суседзі кідаюць крыжаслоў і наладжваюць перакуску. Сёння бог паслаў ім на абед пляшку гарэлкі «Жириновский», батон і палена варанай кілбасы. Ад апошняга прадукту па салоне разліваецца пах, што матэрыялізуецца ў светлы вобраз роднага ката маёй цёткі, які не будзе есці гэткае кілбасы і пад страшным катаваннем.

Пасля падмацунку дружная кампанія прыкметна весялее і накідваецца на крыжаванку з новымі сіламі. «Страна на юго-востоке евразийского континента из четырех букв. По-моему, Азия». - «Нет такой страны». - «Нет есть. Я сама по телеку видела». - «Небольшая ария». - «А х... ее знает». - «Положительно заряженная электрическая частица. На «пэ». - «Сама ты на «пэ». - «Я, между прочим, могу и обидеться».

Зіна пакрыўджана заціхае, але доўга заставацца без занятку яе няўрымслівая натура не здольная. Яна ўрачыста паднімае сваё цела і пераносіць яго на крок бліжэй да мяне. «Мужчина, извините, у вас чего-нибудь почитать не найдется?» Я хачу падсунуць ёй штосьці з беларускай перыёдыкі, ды Зіна своечасова папярэджвае: «Только по-русски, мужчина, я белорусскую мову не изучала». «Ікарус» падступна падскоквае на выбоіне, і Зініны грудзі плюхаюцца мне ў твар дзвюма безразмернымі медузамі. Адхіснуўшыся, я дзеля эксперымента даю гаспадыні медузаў захоплены ў дарогу том Генры Мілера з двума ягонымі «Тропікамі». Забаўна, вядома, паназіраць, якую эмоцыю намалюе на яе шырокім і круглым, як поўня, твары неўтаймоўная эратычная палітра знакамітага амерыканца, ды аўтобус ужо набліжаецца да плешчаніцкай аўтастанцыі, і мае думкі набываюць іншы накірунак. Высвятляецца, што мы едзем не толькі ў Менск, але і насустрач «Великой Октябрьской социалистической революции», аб чым тактоўна нагадваюць нацягнутыя на цэнтральнай вуліцы кумачовыя транспаранты.

Цяжка абагнацца ад пачуцця, што колькі апошніх гадоў прамінулі нібы ў летаргіі са спакуслівымі снамі, а цяпер мы прахапіліся і ўбачылі вакол усё такое знаёмае і роднае, што хочацца ўткнуцца ў гэтыя транспаранты носам і зайсціся ў ачышчальным плачы блудных сыноў.

Прачнуцца, што праўда, пашчасцілася не ўсім. Дзесьці зусім недалёка грэецца пад снежным пухам магіла майго сябра архітэктара Валеры Слюнчанкі, што аднаўляў усе ацалелыя ад культурнай рэвалюцыі полацкія саборы і памёр, чытаючы Караткевіча, хоць значна больш любіў Басё і Унамуна. Пасля суботнікаў, ладжаных намі разам з рэстаўратарамі ў Сафійцы, Валера чытаў лекцыі пра беларускі рэнесанс і беларускае барока, дэкламаваў вершы Івана Буніна і вучыўся не рэагаваць на рэплікі будучага празаіка В. Мудрова кшталту: «Хорошие стишата, только вот автор - белоэмигрант». Валера і сам пісаў вершы: пра жанчын і пра восень - па-расейску, а пра маці - па-беларуску. Ён вучыў мяне жыць адным днём і любіў параўноўваць нашае грамадства са слаёным пірагом, дзе пячорныя людзі складаюць зусім не самую тонкую праслойку.

Валера меў хворае сэрца, якое не па чутках ведала, што такое хірургічны скальпель. Калі мы купаліся, ён з вінаватаю ўсмешкай станавіўся на дно, не праплыўшы і дзесятка метраў. Ягоны сын вучыўся ў мастацкай вучэльні, і аднойчы яго з сябрамі адлічылі адтуль за няздатнасць, а ў сапраўднасці - за незалежнасць паводзінаў. Людзей з такім, як у Валеры, пачуццём гонару я сустракаў у жыцці раза паўтара. Можна ўявіць, колькі каштаваў яму паход да дзеяча нацыянальнага адраджэння, які падмахнуў загад аб выключэнні. Дзеяч адказаў Валеру, а потым і мне суровай водпаведдзю, сэнс якой зводзіўся да таго, што такім, як Слюнчанка-малодшы, у нацыянальнай навучальнай установе не месца. Каб супакоіцца, Валера прыехаў на летнік і прылёг з кнігаю Караткевіча. Сына праз пару дзён пасля бацькавых хаўтураў хуценька аднавілі ў спісах, а праз год я спаткаў яго сярод рэстаўратараў фрэсак у нашай Спасаўскай царкве, куды ён папрасіўся на практыку, і мы гаварылі з ім на адной мове, у чым не было нават мікраскапічнай заслугі дзеяча нацыянальнага адраджэння. Гэта, вядома, не па-хрысціянску, аднак, калі я бачу цяпер таго дзеяча, мне хочацца схапіць яго за рэдкія валасы і ўпячатаць тварам у нашу родную беларускую глебу, як на Дзяды, у 1988-м, людзі ў форме і ў цывільным спрабавалі ўпячатваць нашыя твары ў мёрзлае поле каля Курапатаў.

Каб суняць у руках здаровы сверб, я гляджу ў снежную далячынь. На дапамогу неспадзявана прыходзяць рыжая Зіна і Генры Мілер. «Слышь, Мишка, а что такое вагина?» «Наверно, что-то с весами связано, - сонным голасам адгукаюцца вусікі. - Может, гиря». «Сам ты гиря, - бярэ рэванш таўстуха. - Это же по-русски!» Поўня з дубальтовым падбароддзем паварочваецца да мяне. «Мужчина, вы не знаете, что такое вагина?» - «Здагадваюся», - унікліва кажу я. «Ну так что?» - «Гэта павінна быць зразумела з кантэксту». - «С чего, с чего?» Зіна з абражанай мінаю вяртае кнігу і дастае газету з крыжаванкай.

«Известный художник-маринист». - «Шишкин». - «Не подходит». «Репин», - зноў прапануе голены хлапец. «Козел ты, Федя, неграмотный, - нязлосна ўключаецца ў інтэлектуальныя гульні вусаты. - Это же Айвазовский». - «Тютелька в тютельку, - падлічыўшы літары, захоплена выгуквае Зіна. - А как ты догадался?» - «Тут же написано: маринист. Море рисует, понятно?» «А чего напечатали с ошибками: маринист? Проверочное слово «море», значит надо: «моренист». - «В газете козлы неграмотные сидят, а ты обзываешься», - чуецца голас бязвусага Федзі, і ў памяці высвечваецца выслоўе айчыннага класіка пра тое, што дзяржавы ў часы росквіту нараджаюць вялікіх паэтаў, герояў і каханкаў, а ў часы заняпаду - толькі пыл і шмат начальства. Другі пералік здаецца мне занадта кароткім.

Прыдарожныя гандляры сям-там грэюцца ля вогнішча. «Помещение для хранения оружия, первая «а»...» Я заўважаю, што пачынаю думаць у красвордавым стылі: горад, да якога мы пад'язджаем, сем літараў, першая «л»...

На лагойскай аўтастанцыі дзед з шызым носам прадае сушаныя баравікі. Сцяну за ягонай спінай упрыгожвае напалову здзёрты плакат з кавалкам гатычнага будынка, паловаю коннага рыцара і фрагментам закліку: «...вяртанне ў Эўропу!». Дзед высморкваецца ў два пальцы, выцірае іх аб палітон і, закончыўшы падрыхтоўку да ўрачыстага моманту, дастае з кішэні пачатую пляшку «Русской». Калі вы даўно не бачылі шчаслівага чалавека, паспрабуйце ўявіць таго дзеда з рыльцам ля вуснаў. Пакуль ён закусвае сваю ніштаватую дозу сухім грыбам, я думаю, колькі сотняў ці тысячаў жыхароў Лагойска трэба апытаць, каб нехта адказаў на пытанне пра тутэйшага графа, восем літараў, першая «т», які ў 1856 годзе адчыніў у Вільні музей старажытнасцяў?

За Лагойскам снегу ўжо няма. Дзе-небудзь пад тым Гомелем, куды хацеў трапіць расейскі танкіст, відаць, яшчэ збіраюць радыеактыўныя грыбы. Усё-ткі мы немалая ў эўрапейскіх сумерах краіна і дакляраваная п'яным лейтэнантам «генеральная утюжка» бульбашоў можа атрымацца не такой ужо хуткай і гладкаю, як мроіцца камусьці са стратэгаў.

Гэтая выснова грэе мяне нядоўга. «Новое европейское государство, восемь букв, - чытае Зіна і сама ж прапануе адказ: - Беларусь». Злёгку пачырванець ад сораму за свой снабізм мне не ўдаецца. «Ну ты даешь, - кажа бязвусы. - Какое это, к черту, государство?» Давай, «прэзідэнт», тваё слова, пад'юджваю я вусатага, аднак той прыкончыў «Жириновского» і ціхамірна кімарыць.

На ролю дэкарацыяў да гэтае мізансцэны «Ікарус» прапануе цэлы горад з сотняў асабнякоў, што выраслі тут за гады нашае суверэннае незалежнасці, люструючы эстэтычныя арыентацыі шырокага спектра менталітэтаў - ад мінгрэльскага да александрыйскага. У раннім сутонні гэты цёмны горад-спадарожнік з непадведзенымі камунікацыямі ператвараецца ў разгорнутую метафару «нового европейского государства».

Леваруч мільгаюць бараўлянскія шпіталі, дзе чвэрць стагоддзя таму мой бацька выслухаў смяротны прысуд, пасля якога ўпершыню з вясковага дзяцінства зноў загаварыў, прынамсі са мной, па-беларуску. Аналогія ўжо гатовая адарвацца ад сваёй пратаплазмы і пачаць самастойнае жыццё, аднак дарогу ёй і аўтобусу перагароджвае на ўездзе ў Менск шлагбаўм з аўтаматчыкамі. Праўда, ніякіх трывожных асацыяцыяў з «ноччу доўгіх нажоў» не ўзнікае. Душа, наадварот, песціцца ў цёплых хвалях спакою за сваіх спадарожнікаў: у той час, калі бяскрылыя разгортваюць крылы, аматарам красвордаў нічога не пагражае.

Мой «Ікарус» яшчэ не здолеў прывыкнуць да людзей з аўтаматамі на знаёмай мірнай дарозе, таму на першым скрыжаванні ледзьве паспявае спыніцца перад каламутна-чырвоным вокам святлафора. Так і не даўшы рады «вспомогательной исторической дисциплине, изучающей гербы» (10 літараў), затое нечакана бліскуча адолеўшы «человека с одновременными признаками мужского и женского пола» (11 літараў), Зіна з двума сваімі целаахоўнікамі грацыёзна выгружаецца ў раёне вуліцы імя «партийно-правительственного деятеля БССР» (6 літараў, першае «к»), што, як сведчаць шматлікія відавочцы, да самога адыходу ў лепшы свет так і не навучыўся правільна вымаўляць назву «машины для езды, колеса которой приводятся в движение ногами с помощью педалей» (9 літараў), упарта мянуючы яе «лісапедам».

Бывай, мой «Ікарус». Пакуль я не цалуюся з табою, як адна вядомая асоба цалавалася з канём на турынскіх вуліцах. Таму далей мяне павязе не машына з шыракаплечымі санітарамі, а звычайны зачуханы тралейбус. Павязе да самага гастранома, каля якога днямі ў маім жыцці - на шчасце кульгаваму голубу і на гора галоднаму алкашу - знайшлося месца подзвігу.

На прыпынку я старанна адганяю думку пра суму нулёў, якая ў выніку дае зусім не нуль, а пагрозліва буйную лічбу. Я веру газетам, вядомым публіцыстам і жывым народным пісьменнікам: вось вырасце новае пакаленне з новымі ідэаламі, сцягамі еtс... Адзін з гэтага пакалення ўжо вырас настолькі, што просіць у мяне закурыць. Хто сказаў, што новая генерацыя нашых маладых грамадзянаў пры ўсіх сваіх высокіх ідэалах не будзе мець права выпіць? Пагатоў калі рэалізацыя такога права спрыяе непарушнай сувязі бацькоў і дзяцей, доказам чаго ёсць такі мілы зварот да мяне - проста «барада». Апрача таго, я ўжо ведаю, што мой новы знаёмы - архітэктар. Магчыма, хлапец хутка заменіць Валеру Слюнчанку і адновіць карпусы Полацкай езуіцкай акадэміі альбо віцебскую царкву Звеставання.

Будучы дойлід без лішняй сарамяжлівасьці гатовы падзяліцца творчымі планамі. «Вот мы с тобой, борода, на каком проспекте стоим?... То-то и оно, что Рокоссовского. А где, я тебя спрашиваю, памятник? Где? - пераможна пытаецца Валераў спадкаемец. - Я думаю, большой ставить не будем. Метров двадцаць пять хватит. Ну что, борода, скажешь?»

Новае пакаленне чакае, і я адказваю пытаннем з крыжаванкі: «Ты ведаеш, як звалі старэйшага сына Адама і Евы, які забіў свайго брата?..»


1995

Тэкст падаецца паводле выдання: Арлоў У. Сланы Ганібала: Выбраныя эсэ. - Менск: Логвінаў, 2005