epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Арлоў

Змагарныя шляхі Кастуся Акулы

У кастрычніку 1967 году эмігранцкая газэта «Новое Русское Слово» паведаміла пра інцыдэнт, што адбыўся ў дзень Савецкага Саюзу на сусьветнай выставе ЭКСПО-67 у Манрэалі: «Тысячы людзей сачылі за першым намесьнікам Касыгіна - Палянскім, які рабіў агляд ганаровай варты, калі з боку секцыі прэсы пачуўся моцны голас, што разлёгся далёка над натоўпам: «Няхай жыве незалежная Беларусь!»... Адначасова адтуль паляцелі ўгору сотні брашураў. Паліцэйскія схапілі чалавека, які крычаў, і заціснулі яму рот. Гэта быў беларускі пісьменьнік Кастусь Акула. Яго пратрымалі ў манрэальскай вязьніцы пяць гадзін, а ўвечары, заплаціўшы 25 даляраў штрафу «за парушэньне грамадзкага парадку», ён вярнуўся ў гатэль. І паліцыя, і судзьдзя паставіліся да яго вельмі карэктна й зь няпрытоенаю павагай. Пра арышт Кастуся Акулы двойчы інфармавала мясцовая й трансканадыйская тэлевізійная сеткі, у шмат якіх газэтах зьявіліся разам з ягоным партрэтам паведамленьні пра зьмест беларускай брашуры». Аўтарам працытаванай публікацыі быў вядомы пісьменьнік нашага замежжа Юрка Віцьбіч, які не хаваў свайго захапленьня хай экстравагантным, але адначасова й мужным учынкам калегі, дзякуючы якому тысячы канадыйцаў даведаліся пра антынацыянальную палітыку маскоўскага кіраўніцтва, а шмат хто наагул упершыню ў жыцьці пачуў, што ёсьць на сьвеце такая краіна - Беларусь.

Карэспандэнцыю Віцьбіча я прачытаў недзе ў сярэдзіне 80-х, яшчэ да «перабудовы», у адной менскай кватэры, гаспадар якой, уладкаваўшы мяне нанач, трохі павагаўшыся, выцягнуў зь нетраў кніжнае шафы колькі эмігранцкіх выданьняў - пагартаць на сон. Дзякуючы гэткаму падарунку заснуў я толькі пад раніцу.

Сярод тых кніжак была і «Усякая ўсячына» Кастуся Акулы. Так адбылося маё першае знаёмства зь беларускім пісьменьнікам зь берагоў Антарыё.

Потым раз-пораз трапляла да рук выдаваная спадаром Кастусём у Таронта газэта «Зважай». З кожнага нумару можна было даведацца што-небудзь такое, да чаго тагачаснай нашай «галоснасьці» было яшчэ ой як далёка. Напрыклад - пра лёс дысідэнта Міхала Кукабакі, ці не адзінага жыхара БССР, які адкрыта пратэставаў супроць агрэсіі 1968 году ў Чэхаславаччыну. Або - пра колькасьць вайсковых базаў з ядзернай зброяй, якімі Беларусь была (дый застаецца) нашпігаваная да такой ступені, што ад адной згадкі пра гэта паўзе за каўнер халадок страху. Або - пра традыцыйную сустрэчу беларусаў Паўночнай Амэрыкі...

Буду шчыры: каб у тыя задушлівыя гады, калі мы жылі пад пільным вокам КДБ, калі пасланыя мною для хворага сэрца Ларысы Геніюш лекі ішлі па пошце з майго Полацку ў яе Зэльву два з паловаю месяцы, каб у тыя гады мне сказалі, што я буду рыхтаваць да друку творы заакіянскіх літаратараў-беларусаў у менскім выдавецтве «Мастацкая літаратура», я ўспрыняў бы гэта як ня зусім удалы жарт.

Але час раптам узбунтаваўся і з соннай азярыны ператварыўся ў хуткую рачную плынь, зрабіўшы немагчымае зусім рэальным.

Завочнае знаёмства з Кастусём Акулам атрымала свой працяг улетку 1992-га, калі ён амаль праз паўстагодзьдзя вымушанага расстаньня з Бацькаўшчынай зноў ступіў на родную зямлю. Лёсу было заўгодна, каб мы пазналіся бліжэй не на шумных палітычных мітынгах ці зьездах, а на ціхіх вуліцах майго роднага Полацку, куды заакіянскага госьця запрасілі сябры гарадзкога гістарычнага клюбу «Вытокі».

Нас, палачанаў, не магла не падкупіць неўдаваная зацікаўленасьць спадара Кастуся станам архітэктурных помнікаў, якім лёсіла ўратавацца ад шалу сучасных герастратаў. Не магла не крануць шчырасьць малітвы ў Спаса-Еўфрасіньнеўскай царкве, на рэстаўрацыю якой таронцкі госьць зрабіў ахвяраваньне. Навет яго раптоўная рэзкасьць таксама падабалася, балазе падставы для яе былі - і няздатнасьць зьвязаць двух слоў падзякі на роднай мове ў тутэйшага беларуса, якому прывезьлі ад замежных сваякоў падарунак, і нетактоўнасьць людзей, што не давалі застацца ў храме сам-насам з мошчамі сьвятой Еўфрасіньні...

Там, на старажытным гарадзішчы часоў Рагнеды, на замчышчы, «дзе Сафія плыве над Дзьвіною, нібы карабель», каля магілы Янкі Журбы на Ксавэраўскіх могілках, у Спасаўскім манастыры, пад час сустрэчы з полацкімі літаратарамі, я пакрысе ўведаў асноўныя вехі жыцьцёвай дарогі заакіянскага паломніка.

Выявілася, што Кастусь Акула - колішні Аляксандар Качан, які прыйшоў на сьвет 16 лістапада 1925 года ў заходнебеларускай вёсцы Верацеі, што паблізу ад чыгуначнай станцыі Каралеўшчына (цяпер гэта Докшыцкі раён Віцебскай вобласьці). Бацькі - Ігнат і Паўліна - мелі, апрача Алеся, яшчэ сем дзяцей ды дванаццаць гектараў ворнай зямлі. Маці сканала ад хваробы і была пахаваная ў Вільні на пачатку верасьня 1939-га (спадар Кастусь марыць знайсьці яе магілу і паставіць там помнік). Бацька імкнуўся даць сынам і дочкам асьвету.

Кастусь - будзем карыстацца цяперашнім імем - вучыўся сьпярша ў пачатковай польскай школцы, пасьля - у савецкай. У часе нямецкае акупацыі скончыў у Глыбокім шасьцімесячныя настаўніцкія курсы і пасьпеў паспытаць хлеба вясковага настаўніка. Увосень 1943-га здаў іспыты ў апошні, восьмы кляс Віленскай беларускай гімназіі. Пазьней, у газэце «Зважай», ён будзе прыгадваць той час: «Ззамоладу прывабліваў мяне Полацак... Раньняй восеньню 1943 году мы, тры студэнты зь Вільні, пастанавілі наведаць старадаўнюю сталіцу Беларусі над Дзьвіной. Таварным цягніком трэба было ехаць «на зайца», бо нямецкія акупанты дазвалялі на чыгунку адно сваймі «райзэшайнамі», а ў Вільні здабывалі іх хіба толькі польскія спекулянты за адпаведных разьмераў «лапуўкі». Удалося за два дні празь Дзьвінск даехаць да Дзісны, а там загарадзілі нам далейшую дарогу нейкай ваеннай сьцяной... Плакаць хацелася».

Хлапцу не пашчасьціла не толькі трапіць у Полацак, але і скончыць гімназію: пад час адной з паездак дадому трапіў у Менску ў аблаву. Вучэньне перапынілася трыма месяцамі нямецкай вязьніцы й месяцам канцлягеру, што быў паблізу Камароўкі.

Чэрвень 1944-га - паступленьне добраахвотнікам у Менскую школу камандзераў Беларускае Краёвае Абароны, а праз колькі тыдняў - эвакуацыя навучальнай установы, якая так і не пасьпела афіцыйна адкрыцца. Чыгуначныя эшалёны, бамбёжкі, першыя маршы па дарогах Эўропы. Напрыканцы жніўня таго ж году школа арганізавана перайшла да францускіх партызанаў - макісаў. Кастусь уступіў у 8-ю брытанскую армію ў Італіі, браў удзел у баёх зь гітлераўцамі на Апенінскай паўвыспе, памяткаю аб чым засталіся ўзнагароды - ангельскі «Медаль за вайну» і «Зорка Італіі».

Вяртаньне на радзіму абяцала поўны набор сацыялістычных радасьцяў ГУЛАГу. (Там загінуў бацька пісьменьніка.) Паміж Беларусьсю, але паняволенай, і чужынаю, але свабоднай, Кастусь Акула выбраў другое.

Жыцьцё ў вольным сьвеце пачалося з польскай вайсковай школы ў Ангельшчыне. Потым - пераезд у Канаду, праца на фарме. Таронта, дзе спадар Кастусь пасяліўся з мэтаю заснаваць беларускую нацыянальную арганізацыю. У 1948 годзе такая арганізацыя - Згуртаваньне беларусаў Канады - была створаная, і Акулу абралі яе першым старшынём. Наперадзе чакалі грамадзкія клопаты, палітычныя акцыі, што мелі немалы розгалас у прэсе.

Зарабляў на жыцьцё ў прамысловых кампаніях. Ажаніўся з беларускаю Надзяй Вернай, што нарадзіла яму чацьвярых дзяцей...

І, вядома, творчая праца ў журналістыцы і на літаратурным палетку, якая, па словах спадара Кастуся, давала добрую духоўную падтрымку ў нялёгкім эмігранцкім быце. З 1948 да 1954 года ён рэдагаваў штомесячную газэту «Беларускі эмігрант». Быў сябрам рэдкалегіі расейскамоўнага таронтскага часопіса «Современник», супрацоўнічаў з парыжскім «Континентом». У 1962-м пабачыла сьвет першая кніга.

Шмат якія факты свайго жыцьцяпісу Кастусь Акула дапаўняе і ўдакладняе калярытнымі й дасьціпнымі аўтабіяграфічнымі абразкамі пад агульнаю назвай «Россыпы», зьмешчанымі ў згаданай ужо кнізе «Усякая ўсячына» (Таронта, 1984).

Вось першыя ўражаньні ад польскай «паўшэхнай» школы, дзе настаўніца спачатку на чужой, незразумелай мове дапытвалася пра «назьвіско», а потым «дала аловак ды пасадзіла на пярэдняй лаўцы... й загадала рысаваць сабачую будку».

Вось абразок «Нацыянальнасьць»: «Першы раз давялося пачуць, што мы - Беларусы й што мова наша беларуская пад час пярэпісі насельніцтва ў 1931 годзе. Два паважныя паны заселі за стол у нашай хаце, сабраўшы ўсю Качанову сям'ю, ды кажнага па чарзе пыталі імя. І памятаю, што сарамнавата было перад такімі важнымі ўраднікамі замурзаны твар паказваць, але на іхнае пытаньне бойка адказаў: «Аляксандар». Ды найбольш зьдзівіла, што бацька на пытаньне: «Нацыянальнасьць?» адказаў: «Беларус». Было мне тады шэсьць гадоў».

А вось «Паланізацыя праз Марусю» - пра старэйшую сястру, што прыехала на вакацыі з польскае вучэльні ў Новай Вілейцы ды ўзялася з усім дзявочым імпэтам «паланізоўваць» сям'ю, аж пакуль бацька Ігнась, паволі наліўшыся чырваньню ды падкруціўшы вусы, не зьняў з крука папругі...

Знаёмства ў 1939-м з савецкай уладаю таксама пакінула ў душы вечную засечку: «Першай зімой, як вызваліла нас ад усялякага дабра бальшавіцкая бязбожная навала, аўдавелы бацька ледзь даваў сабе раду з дзецьмі й гаспадаркай... Бацька будзіў мяне зімою дзесьці а гадзіне чацвёртай раніцай і пасылаў у хлебную краму ў адлеглае за тры кілямэтры мястэчка...

У адзін марозны й ветраны дзень я быў на самым перадзе чаргі. Калі мяне прыперлі да клямкі, нешта кальнула ў грудзі. Я самлеў. Калі ачуняў, не мог адразу сьцяміць, дзе знаходжуся. Чаму я ляжаў на сьнезе, чаму так балела ў левай грудзіне? Вецер неміласэрна сьцёбаў дзьве «чырвоныя анучы» - сьцягі над дзьвярамі крамы, а вышэй іх, на вялікім і доўгім чырвоным палатне, белыя літары крычалі: «Спасибо товарищу Сталину за счастливое детство!»

Я спрабаваў устаць, разглядаўся. Людзі, няйнакш, звярамі парабіліся. Пакінулі мяне, скалечанага, самлелага на сьнезе... Лекара не было. Прырода ўзяла верх. Гады чатыры пасьля пачуў я ад медычнага афіцэру Восьмай арміі ў Італіі: «А дзе й калі ты рэбры паламаў?»

У «Россыпах» пісьменьнік зьмясьціў і свае юначыя вершы, друкаваныя ў беларускіх газэтах у 1943-1944 гадах, калі ў Аляксандра Качана зьявіўся першы літаратурны псеўданім - Міхась Козыр. Тады-ж ён упершыню даведаўся, што такое цэнзура. Калі ў «Беларускім голасе», які лацінкаю выдаваў Францішак Аляхновіч, быў апублікаваны верш Козыра «Прывітаньне Вільні», ён прынёс семнаццацігадоваму аўтару не ўсьцеху, а горыч: нямецкі або летувіскі цэнзар зьняў цэлую страфу:

 

Прывітаньне табе, Вільня!

Слаўны горад Крывічоў, -

Места памятак магільных

Нашых прадзедаў, дзядоў.

 

Больш радасьці падараваў паэту-пачаткоўцу апублікаваны ў красавіку 1944-га ў газэце «Раніца» верш «Вяльля».

 

Вецер ціхі, лагодна купаецца ў хвалях,

Махам крыльля пяшчотна ласкае іх гладзь.

Косы сонца ў вясновых цудоўных каралях

Рассыпаюцца ў тонь, каб з вадой пагуляць.

 

Плыве ціха Вяльля, поўна велічы, казкі,

Палыскуе блакітам чароўна ўдалі,

Вее подыхам лёгкім, чуцьцём дзіўнай ласкі

Да радзімае маці, крывіцкай зямлі.

 

Вершы Кастусь Акула пісаў і потым. Здаецда, найбольш атрымліваліся ў яго трапныя і па-добраму злыя насьледаваньні-пародыі на рыфмаплёцтва ўлаўраных «песьняроў», што сьпявалі асанну «партыі роднай».

Апрача аўтабіяграфічных згадак, вершаў, фельетонаў і нарысаў з жыцьця беларускай дыяспары, чытач «Усякай усячыны» знойдзе ў кнізе камедыю ў трох дзеях «Тараканы ў саладусе», галоўныя дзейныя асобы якой паходзяць зь сялянскай сям'і Сьцяпана Пінкевіча, што, шукаючы лепшай долі, пераяжджае ў Канаду. Між іншым, гэтая п'еса разьвенчвае створаны некаторымі празьмерна захопленымі айчыннымі журналістамі міф, паводле якога за акіянам што ні беларус - то палымяны патрыёт ды нястомны захавальнік роднае мовы. Праз тры гады Пінкевічы ўжо маюць свой дом, але затое ўжо не маюць свайго прозвішча, замяніўшы яго на Пінк. Другая дзея пачынаецца са сцэны, калі Сьцяпанава жонка Марыля лічыць, раскладаючы па кучках, даляры, а яе сынок Васіль (ён жа - Біл) лётае вакол з захопленым крыкам «How much money!» («Колькі грошай!»).

І ўсё ж Кастусь Акула найперш празаік.

«Сядзьце побач, - даверліва зьвяртаецца ён да чытача, - падумаем, паразважаем. Зь якога, дазвольце спытаць, вы году й каторага стагодзьдзя? Прызнаюся вам, люблю, як некалі Стэндаль, зьвяртацца да тых, што пасьля прыйдуць. Ці мала хто мяне за маю пісаніну дзіваком лічыць. Вы, пэўна-ж, з адлегласьці часу, інакш мяне разумееце. Апроч таго, у вас яшчэ адна выгада: празь мяне вы можаце зазірнуць у мой сьвет, а я ў ваш аніяк не магу...»

Зазірнуўшы ў сьвет К.Акулы, вы, напэўна, не пашкадуеце. У лепшых сваіх творах пісьменьнік па-беларуску грунтоўны, схільны да роздуму й чуйны да дэталі, нясьпешлівы й паважны. Але зьнячэўку - і зноў-жа зусім па-беларуску - возьме ды напіша нешта накшталт «Запісак Яўхіма Крайняга» з эпіграфам «Каму прысьвячаю, той сам адгадае». А прысьвячаюцца гэтыя вясёлыя замалёўкі жыхарам канадыйскага мястэчка Сторывіла, дзе (як напісала-б савецкая прэса пра які-небудзь наш заводзкі пасёлак) «у дружнай сям'і прадстаўнікоў розных народаў» жывуць і беларусы. Праблемы ў сторывільцаў, што праўда, трохі розьняцца з нашымі. Бальшавікі, да прыкладу, запускаюць у космас штучны спадарожнік з сабакам, а жыхарства Сторывіла - не каб разам з усім прагрэсіўным чалавецтвам пляскаць у ладкі - распачынае змаганьне супроць зьдзекаў з жывёліны, рыхтуе пратэст у савецкім пасольстве ды разам са сваймі чацьвераногімі сябрамі зьбіраецца ў зале ратушы на мітынг, куды потым - мусіць, дзеля падтрымкі патрабаваньняў - нехта запускае цэлую грамаду катоў...

Кастусём Акулам напісана багата празаічных твораў. Пачаў жа ён, як здараецца нячаста, адразу з рамана. Пэўна, гэта можна вытлумачыць тым, што надта ж вялікі цяжар уражаньняў, надзей, расчараваньняў і новых спадзяваньняў захоўвала ў сабе душа. «Вызвольны» паход Чырвонай Арміі ў верасьні 1939-га. Гітлераўская акупацыя. Ваенныя шляхі празь некалькі дзяржаў. Пакутліва-няпростае ўрастаньне ў чужы сьвет, дзе трэба - каб застацца самім сабою - зьберагчы свой характар, звычаі, мову. Такі багаж не заладуеш ні ў аповяд, ні ў аповесьць. З тых юначых уражаньняў, якіх хапіла-6 на колькі лёсаў, і нарадзіўся дакумэнтальны раман «Змагарныя дарогі».

Твор адкрывае ўводная частка «Гітлераўская акупацыя Беларусі», дзе падаецца агульная ацэнка становішча, апавядаецца пра адміністрацыйны падзел захопленай зямлі, ахвярную працу беларускіх настаўнікаў, пра беларускія арганізацыі й вайсковыя фармаваньні. Параўноўваючы сталінскі і гітлераўскі таталітарныя рэжымы зь міфалагічнымі пачварамі Сцылай і Харыбдай, К.Акула з непадробленым болем піша пра трагэдыю нашай зямлі: «Душылася, крывавілася, гарэла й папялілася між двума хіжакамі-тытанамі бедная й шматпакутная Беларусь... І не было аднікуль дапамогі, ратунку, ані спагады. Дзе што магло й як магло - арганізавалася й ратавалася. У жахлівых муках і цярпеньнях нарадзілася ўсьведамленьне істоты існаваньня: каб быць і жыць, каб знайсьці ратунак, трэба было лічыць толькі й выключна на свае собскія сілы».

У гэтым вось пекле і апынуўся Сымон Спарыш (у ім досыць лёгка пазнаецца сам аўтар) ды ягоныя сябры зь Менскай школы камандзераў БКА, якім прысьвечаны раман. Змагарныя дарогі Спарыша пачынаюцца ў рамане з моманту эвакуацыі школы зь Менска ўлетку 1944-га, а заканчваюцца зімою 1947-га ў Лёндане, на Першым зьездзе беларусаў Вялікае Брытаніі, дзе Сымон зноў сустракаецца са сваймі баявымі таварышамі Віктарам Караткевічам, Кастусём Дзежкам, Віктарам Сянькевічам. Прамінулыя гады сталіся для іх часам хуткага грамадзянскага ўзмужненьня.

Раман складаецца з трох асноўных частак, у назвах якіх дакладна пазначаны ваенныя маршруты яго герояў: Менск - Альткірх - Бэрлін - Цвізель - Неапаль - Балонья - Лёндан. У шэрагу раздзелаў - «Беларуская цэнтральная рада ў Бэрліне. Генэрал Езавітаў, Астроўскі й Шувалаў», «Загуба генэрала Езавітава», «Дывізія «Беларусь» пераходзіць да амэрыканцаў» і г.д. - аўтар, выкарыстоўваючы сьведчаньні ўласнае памяці, дакумэнты, а таксама ўспаміны відавочцаў, аднаўляе падзеі, што выходзяць далёка за межы асабістага лёсу некалькі галоўных персанажаў. На старонках кнігі дзейнічаюць ня толькі прэзідэнт БЦР Радаслаў Астроўскі й рэферэнт вайсковых спраў Рады Канстанцін Езавітаў, але й кіраўнік створанай у гады акупацыі «Беларускае Самапомачы» Іван Ермачэнка, камандуючы «Беларускай Краёвай Абаронаю» Францішак Кушаль ды іншыя вядомыя постаці таго часу. Акула пасьпяхова пазбягае ідэалізацыі гэтых людзей і паказвае, што, апынуўшыся ў жорнах вайны, яны паводзілі сябе па-рознаму: адны найвышэй ставілі інтарэсы заняволенай Бацькаўшчыны, іншыя былі няздольныя падняцца вышэй асабістых амбіцый і інтарэсаў, для некага наагул ня існавала нічога сьвятога. Сярод гэрояў раману і такія самаадданыя беларусы, як намесьнік камандуючага БКА капітан Мікула, які гітлераўцаў ненавідзеў гэтаксама, як бальшавікоў, працаваў дзеля стварэньня нацыянальнага войска і ў выніку папоўніў бясконцы сьпіс ахвяраў газавых крэматорыяў Дахаў. Да рэальных асобаў «Змагарных дарог» належыць і князь Юры Радзівіл, з якім Сымон Спарыш (і Кастусь Акула) вучыўся па вайне ў «Школе падхаронжых панцырнай зброі».

Кніга багатая на аўтабіяграфічныя прыгады. Аўтар няраз выклікае з памяці вобраз бацькі, што пасьля прыходу бальшавікоў «вечна праклінаў гэтую нячыстую сілу», маючы вечныя турботы а6 тым, як выплаціць падаткі, аддаць «культналогі», «ізлішкі» й іншае, бясконцае...». Створаны незабыўнай Ларысай Геніюш хваласпеў беларускай сям'і міжволі ўзгадваецца, калі чытаеш гэткія ж прачулыя «сямейныя» мроі-ўспаміны К.Акулы. Напрыклад, гэты - пра бясконца дарагое нашай нацыянальнай душы сьветлае таемства Куцьці, што дае Спарышу духоўны падмацунак за тысячы міляў ад дому, у Італіі: «Вось сядае за стол уся сямейка, й бацька адмаўляе малітву. Усе набожна хрысьцяцца. Месцы навокал стала занятыя, акрамя аднаго. Мусіць, пакінулі для яго - Сымона... Вунь пачалі ўжо цягнуць з-пад абруса сена й варажыць. Найдаўжэйшую травіну выцягнула найменшая Сымонава сястра. Усе прарочаць ёй шчасьце і ўсміхаюцца. Бацька выцягнуў найкарацейшую й зажурыўся... За Сымона цягне малодшы брат. Усе пільна сочаць за ягонай рукой. Выцягвае доўгую, сухую, пакручаную, тонкую травіну. Задумаўшыся, прыглядаюцца і ўздыхаюць. Ці-ж могуць угадаць Сымонаў лёс?..»

Праз увесь раман праходзяць дзьве скразныя тэмы: любасьць да бацькоўскае зямлі й пратэст супроць вайны зь яе вусьцішнымі гекатомбамі й нязьмернымі пакутамі ўцягнутых у крывавы вір народаў. Лежачы ў настылым вайсковым бараку на другім краі Эўропы, Сымон дае Беларусі самім сабою прыдуманую прысягу. «Няхай Бог усемагутны будзе мне сьведкам, - шапталі ў цемнаце вусны, - дарагая мая Бацькаўшчына, што на ўсё жыцьцё прысягаю служыць Табе й толькі Табе... Прысягаю на сьветлую памяць пакойнай маткі маёй, на нявінную кроў маіх суродзічаў, на памяць загінуўшых нязьлічоных нашых змагароў за лепшую долю, што верным застануся Табе аж да сьмерці. Калі-б я сьвядома адрокся тут прырэчанага - няхай мяне пакарае Бог. Сьведкамі гэтаму ёсьць маё сэрца й сам Усемагутны». І - у працяг гэтых слоў - яшчэ адна вынятка: «Калі ўжо пакінуць убаку іншыя прычыны, дзеля якіх юнакі пачалі хутка ненавідзець сваіх нямецкіх інструктараў, адну, самую асноўную, трэба яшчэ раз падчыркнуць: усе яны прыйшлі ў армію добраахвотнікамі й прыйшлі змагацца за ідэю, а не за нямецкі хлеб. Калі паўстала думка аб пераходзе да францускіх макісаў, то кожны разважаў, што ... і адысьці можа сам, калі захоча. Наверх усяго, мяркавалі яны, прыйшлі-ж у беларускую армію, а не ў нямецкую, ваяваць за беларускі народ, а не за нямецкі. Дык і за што-ж мелі змагацца яны, апынуўшыся ўжо ў Францыі, калі цэлая Беларусь была зноў у бальшавіцкім ярме? Ці не лепш было далучыцца да тых народаў, што змагаюцца супраць тыранаў?» Невыпадкова Спарыш і яго таварышы з такім урачыстым натхненьнем чыталі потым «Беларускія Навіны» - адну зь першых газэт новай эмігранцкай хвалі.

Зусім іначай успрымаў ваенную рэчаіснасьць былы школьны вартаўнік з Каралеўшчыны Вітвіцкі, што ў зялёным муньдзіры ўрадніка разгульваў па вуліцах Глыбокага з пісталетам у кішэні й страляў без папярэджаньня ў мясцовых жыдоў, якія не пасьпелі зьняць перад ім шапкі й пакланіцца. Кожная праходка па мястэчку давала свой страшны плён, але кату было гэтага мала, і, каб увесьці сваіх няшчасных ахвяраў у зман і пакінуць на бруку паболей трупаў, ён адмыслова апранаўся ў цывільнае. З таго самага разраду й начальнік паліцыі раённага гарадка лейтанант Сьцервін (прозвішча ці не занадта знарочыстае), «беларус адно з назову й для выгады», які з цынічнай адкрытасьцю называў сваю пасаду «карытам» і дзеля свайго інтарэсу - каб прысабечыць чужы набытак ці займець у ложак чужую жонку - мог абвясьціць камуністам і ворагам «новага парадку» каго заўгодна.

Зьяўленьне першых значных фрагментаў «Змагарных дарог» у айчыннай беларускай перыёдыцы («Беларусь», № 1, 1992; «Нёман», № 2, 1992) было з прыхільнай цікавасьцю сустрэтае крытыкай, а мабыць-жа, і чытачамі. Зьдзяйсьняецца даўняя мара пісьменьніка - раман ідзе да чытача на Бацькаўшчыне. Кастусь Акула спадзяецца й на другі выхад у сьвет ягонай выдадзенай у Таронта трылогіі «Гараватка» («Дзярлівая птушка», 1965; «Закрываўленае сонца», 1974; «Беларусы, вас чакае зямля», 1981), чый галоўны гэрой Янук Бахмач праходзіць шлях ад пастушка з заходнебеларускай вёскі, які пасьвіў статак у асадніка, да ўдзельніка Другога Ўсебеларускага кангрэсу ў 1944 годзе ў Менску.

Як і ў іншых творах К.Акулы, у мастацкай тканіне «Гараваткі» моцна адчуваецца досьвед асабістых перажываньняў. Другая кніга трылогіі ўспрымаецца важкім даробкам у літаратуру, што створана аб прыходзе Саветаў у Заходнюю Беларусь. Пагатоў, Акула, у адрозненьне ад аўтараў, якія пісалі на гэтую тэму ў нас, у выяўленьні сваіх поглядаў і ацэнак ня быў скаваны ніякімі ідэалагічнымі догмамі й цэнзурнымі перашкодамі. Ну хто-б у Беларусі ў 70-я гады мог без замілаванасьці й захапленьня, а зусім зь інакшымі пачуцьцямі напісаць (і, галоўнае, надрукаваць), скажам, сцэну вясковага сходу, на якім бальшавіцкі агітатар з усёй езуіцкай спрытнасьцю чмурыць сялянскія галовы малюнкамі шчасьлівага ды справядлівага жыцьця ў краіне, «где так вольно дышит человек».

«- Таварыш камісар, вы от сказалі, што дадуць зямлю панскую тым, каторыя ні маюць зямлі саўсім ці мала яе маюць. Ну а як будзіць у нас з тымі, каторыя многа зямлі маюць?..

- Кожны палучыць зямлі столькі, колькі зможа апрацаваць.

- А ці праўда гэта, што ў калхозах жывуць людзі так добра, як байцы нам расказваюць?

- Гэта што байцы вам расказваюць, усё дакладна й правільна. Ды вы ж памяркуйце самі: усе сяляне нашага неаб'ятнага Савецкага Саюза цяпер у калгасах. Іх ніхто не прымушаў і прымушаць не мог. Ды як жа? Вам ужо вядома, што ў Савецкім Саюзе няма эксплуататараў і эксплуаціраваных, ды і ўладарамі самой дзяржавы ёсьць не хто другі, а рабочыя й сяляне. Выбраныя народам дэпутаты кіруюць дзяржавай. З гэтага паўстае пытаньне: ці-ж яны, як і наагул усе людзі, маючы ўладу ў сваіх руках, будуць самі сабе шкоду рабіць?»

У трылогіі ёсьць адзін асаблівы вобраз - самой Гараваткі, узвышша, што ляжала паміж хутарамі «як бохан хлеба», трымаючы на сваіх плячох празваны Архіпам дуб-волат, аб грудзі якога «разьбіваліся вятры й непагадзі цэлых стагодзьдзяў», які «помніў Баторага і Івана Грознага, сачыў за шведамі й Напалеонам», чуў галасы беларускіх інсургентаў трох нацыянальна-вызваленчых паўстаньняў супроць царызму. У маляўніча-плястычным апісаньні Гараваткі высьвечваецца яшчэ адна адметнасьць творчасьці К.Акулы - яго пільная ўвага да мінуўшчыны, гістарызм позірку. Пісьменьнік перакананы, што бяз гістарычнае памяці й самасьвядомасьці народ будзе асуджаны на лёс бязмоўнага дрымотнага насельніцтва, што пакорліва ўспрыме любыя, навет самыя злачынныя сацыяльныя эксперыменты.

Адчуваючы гэтую глыбінную повязь часоў, Кастусь Акула шукае й знаходзіць у далёкай і нядаўняй мінуўшчыне нечаканыя, але пераканаўчыя аналёгіі. Напрыклад, паміж паленьнем Скарынавых выданьняў у Маскве па загадзе сьвецкіх і духоўных уладароў у сярэдзіне XVI стагодзьдзя й зьнішчэньнем бальшавіцкімі каланізатарамі тысячаў беларускіх кніг у 1935-м. У мастацкіх творах і публіцыстычных нарысах пісьменьніка зноў і зноў узнікаюць імёны й вобразы ганарлівай Рагнеды й ахвярнай Еўфрасіньні, яшчэ аднаго палачаніна - сейбіта друкаванага слова Францішка Скарыны й сейбіта «мужыцкае праўды» Кастуся Каліноўскага. Ягоныя, легендарнага Яські-гаспадара з-пад Вільні, словы - «Ваюй, народзе, за свае правы!» - цёзка паўстанцкага каманьдзіра абраў дэвізам сваёй газэты «Зважай».

Апошні па часе напісаньня й выхаду ў сьвет раман К.Акулы «За волю» (Таронта, 1991) - твор завострана публіцыстычны. Мяркуючы па прэсе, ён ужо дастаткова ўважліва прачытаны прафэсыйнай крытыкай і ўведзены ў наш літаратурны кантэкст. Дадамо, што знайшоў, здаецца, свайго перакладчыка й першы і пакуль адзіны ангельскамоўны раман пісьменьніка «Tomorrow is Yesterday» («Заўтра - гэта Учора»), дзе нямецкія фашысты і расейскія бальшавікі паказаныя аднолькава небясьпечнымі ворагамі Беларусі.

Сустрэча з роднай зямлёй, здаецца, прыкметна дадала спадару Кастусю жыцьцёвых і творчых сіл. Ён, як заўсёды востра, піша ў «Зважай» (трэба спадзявацца, што ідзе праца й над новай кнігай), уважліва сочыць за навінкамі нашага прыгожага пісьменства й наагул за друкам (у Таронта гэта не так ужо й проста), ахвяруе грошы на беларускія выданьні...

Далёкія берагі робяцца бліжэйшымі. У поліфаніі нашае літаратуры пачынае гучаць і адметны голас Кастуся Акулы.


1994

Тэкст падаецца паводле выдання: Акула К. Змагарныя дарогі: Раман. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994
Падрыхтавана: Уладзімір Васькоў, Раман Кардонскі