epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Дамашэвіч

Сівы конік

І
II
III


 

І

Конік быў ўсяго на год маладзейшы за мяне і, колькі я памятаю, не змяніўся з выгляду ані — можна было падумаць, што гэта двухлетак, не болей. Ён быў сівы, жалезнай, трохі ржавай, дарашаватай масці, летам цямнейшы, зімой святлейшы, сярэдняга росту, з тонкімі моцнымі нагамі, з добра развітай мускулатурай лапатак і персняў, з падцягнутым жыватом, на якім злева ля пахвіны віднеўся пад скурай невялікі, як расплясканае курынае яйка, гуз — след натугі. Быў конік страшэнна сярдзіты, асабліва калі галодны,— тады да яго не падступішся, а калі трэба было злавіць на пашы, то з пустымі рукамі не ідзі — не дасца, трэба браць гарнец з аўсом або вядро з лупінамі. Але больш за ўсё ён баяўся машын. Так баяўся, што па вялікіх дарогах ездзіць на ім, відаць, не кожны асмеліўся б, каб хоць раз пабачыў, што вырабляе гэты сівы сухі конік пры сустрэчы з машынай. Мо таму і баяўся, што машын тых мала сустракалася на дарогах «Усходніх Крэсаў», як называлі паны Заходнюю Беларусь. Яшчэ горш з ім было ў горадзе — можа памчаць па вуліцы, вывернуць воз, паламаць платы, нарабіць шкоды.

Не раз штрафавалі бацьку за гэта прыдзірлівыя паліцыянты.

Але бацька з канём так-сяк спраўляўся, ніколі асабліва не скардзіўся на яго, бо, акрамя кепскага, меў конік яшчэ і такія якасці, якія не ў кожнага знойдзеш. Яму не трэба было ніколі паказваць пугі, таму бацька яе ніколі не меў. На конскую ж злосць у бацькі была свая, можа, яшчэ большая, была і сіла, у якую ніколі не паверыш, глянуўшы на чалавека: сухарлявы, мо чуць ніжэй сярэдняга росту, вузкі ў плячах, крыху сутулы, але ўпарты, жылісты і моцны. Рукі ў яго былі як жалезныя, і ўжо калі ён імі за што браўся, то як абцугамі.

Конь і гаспадар як бы дапаўнялі адзін аднаго, а калі бачыш, як бацька едзе на сваім коніку, то не падумаеш, што ён можа ехаць на якім іншым кані. Для беднага гаспадара, якім быў мой бацька, такога коніка трэба пашукаць, і бацька па-свойму любіў і цаніў свайго памочніка.

Нягледзячы на такую знітаванасць, гаспадар і конь недалюблівалі адзін аднаго, але што зробіш? Жыць паасобку яны не змаглі б, асабліва гаспадар без каня. Работы на двух з паловай гектарах нямнога; бацька ўвесь час ездзіў з канём па заработках, а для сям’і і гэта многа значыла, бо чалавек з канём зарабляў удвая, а то і ўтрая болей, чым адзін. Таму бацька і дома рэдка стыкаўся. Прыязджаў дадому то вясёлы, калі ўдавалася добра зарабіць, а іншы раз сярдзіты, крыклівы, няголены, пахудзелы, толькі вочы нядобра блішчалі з-пад насупленых броваў. Конь таксама здаваў за гэтыя дні, яму яшчэ больш падцягвала жывот, а пад скурай па баках выступалі шырокія, як арэхавыя абручы, рабрыны.

Каля хаты ў нас быў невялікі кавалак дзяцеліны, дзе мы часам прыпасвалі карову, а часцей каня, бо карова магла і ў другім месцы назбірацца за ўвесь дзень, а конь не спыняецца — у рабоце ды ў рабоце.

...Бацька вывеў каня на дзяцеліну, навязаў на лейцах. Спутанага мы яго не пускалі — забяжыць куды-небудзь ці ўваб’ецца ў шкоду, на адным месцы хадзіць не стане. А навокал лес — знайдзі яго потым.

Вечарэла. Я паспеў прыгнаць карову з пашы і лавіў хрушчоў, якія толькі што з’явіліся на маладым лісці. Я трос арэшнік, і яны падалі на зямлю, як спелыя арэхі восенню. Назбіраў поўную кішэню, падышоў да каня. Ён, прыпаўшы да дзяцеліны, заўзята скуб. Канюшына была яшчэ маладая, і ён ажно званіў пустымі зубамі. Убачыўшы мяне, конь нахмыліўся, падтуліў вушы. Гэта азначала, што ён сярдзіты, да яго не падлазь. Але я чамусьці не паглядзеў на гэты знак перасцярогі і хацеў узяць каня за аброць.

Раптам ён дзіка гікнуў і стаў перада мною на дыбкі, а пярэднія капыты, як цяжкія гіры, занёс над маёю галавой. Я так спалохаўся, што не паспеў і крыкнуць, а конь, зрабіўшы гэты нечаканы выбрык, адвярнуўся ў другі бок і зноў пачаў скубці дзяцеліну. Я пастаяў на тым месцы колькі часу, пакуль ачомаўся, пасля ціхенька стаў адступаць задам, далей ад каня. А ён быў заняты ядою і нават не глядзеў на мяне.

Умеў ён і кусацца, я сам адчуў гэта на ўласнай скуры. Наш хлеў-плятнік быў цесны, разгароджаны на дзве палавіны — адна карове, другая каню. Загарадзь трымалася на тоўстай елцы, якая ўзвышалася над страхою, як піраміда. Ля камля гэтай елкі стаяў на высокіх ножках конскі жолаб.

На палатках ляжалі жэрдкі, на іх салома. На тых жэрдках і на саломе сядзелі куры. Маці сказала мне палезці і падаставаць з гнёздаў яйкі. Я ўзяў той самы гарчык, з якога бацька высыпаў авёс, сабраў яйкі, мо які з дзесятак, і хацеў зазірнуць у жолаб, бо іншы раз якая-небудзь пяструшка любіла знесціся і ў жолабе.

У плетніку, нават калі дзверы і прычынены, заўсёды светла — шчыліна на шчыліне.

Я падышоў да загарадзі, паставіў гарнец і ўлез на каня. Толькі я сунуў руку ў жолаб, як конь ускінуў галаву і, ашчэрыўшы зубы, схапіў мяне за плячук, пасля рэзка матнуў галавою, толькі затрашчала шарачковая куртка ды страшэнна забалела плячо, і я паляцеў яму пад ногі. Куртку мне маці зашыла, а на плячы доўга не сыходзіў вялізны чарняк — след конскіх зубоў.

Трэці раз мне нагарэла ўжо за каня, а не ад каня. Маці, я і малодшая сястра ехалі ад бабы. Летам я пасвіў там карову, а цяпер маці забірала мяне дадому — пара было хадзіць у школу.

У Ляхавічах ля самага рынку мы сталі. Маці накрыла гунькаю каня, бо было горача, а мух і аваднёў ён баяўся не менш за машын — іншы раз аж лажыўся ў аглоблях. Мы стаялі збоч вуліцы, за нейкаю фурманкай. Маці аддала мне лейцы і сказала:

— Пасядзіце тут трохі, я зайду ў краму, куплю селядца і вам якую булку. Ды глядзі Ніну,— прыгразіла яна мне.

Як толькі маці пайшла, я прывязаў лейцы да аглабліны, злез з воза і ссадзіў сястру. Мы нікуды не адыходзіліся, толькі стаялі на бруку і глядзелі, як снуюць сюды-туды людзі, занятыя сваімі клопатамі.

Прайшло нямнога часу, а нам ужо надакучыла чакаць. Я хацеў зноў садзіцца на воз, як раптам здарылася бяда. Па вуліцы два яўрэйскія хлапчукі вязлі на двухколцы пустыя бутэлькі. Двухколка падскоквала на бруку, а бутэлькі так моцна грымелі, што наш конь спуджана рвануў спачатку на тратуар, а пасля крута заламаў назад, воз вось-вось гатоў быў перакуліцца, але неяк астояўся, толькі грымнулі калёсы аб брук. Хвіліна — і конь наш прапаў, згубіўся ў гарадской мітусні, сярод людзей і фурманак.

Што ж рабіць? Сястра, спалохаўшыся, заплакала, я таксама, гледзячы на яе, гатоў быў крычаць на ўсё горла. Мы пайшлі, узяўшыся за рукі, у той бок, дзе прапаў конь. Якраз быў кірмашовы дзень, на плошчы пасярод горада стаяла многа фурманак. Мы сталі хадзіць ад воза да воза і прыглядацца, ці не ўбачым дзе свайго Сівага, распытвалі ў людзей. Ніхто нічога не ведаў. Мы так абышлі ўвесь кірмаш разоў тры, калі раптам убачылі, што наш Сівы стаіць побач з нейкім чужым канём і спакойна есць сена. Цяпер толькі я здагадаўся, чаму не прыкмеціў яго раней: ён жа быў накрыты гунькай! Ад радасці мы не ведалі, што рабіць, нават забылі пра матку.

Нейкі вусаты дзядзька спытаў у нас з недаверам:

— Хіба гэта ваш конь? А дзе гаспадар?

— Наш, ён быў уцёк,— адказваю я.— Мы едзем адны, з мамаю. Яна пайшла ў краму. А там везлі нейкія пляшкі, конь спужаўся...

— А дзе вы стаялі дагэтуль?

— Вунь там,— паказаў я пальцам.— Недалёка ад цэрквы.-

Дзядзька пасадзіў нас на воз, а сам недзе пайшоў. Мы сядзім, чакаем. Чакаем матку, нібы яна ведае, што мы тут, на новым месцы.

Сястра пачала плакаць:

— Дзе мама?... Дзе мама?..

— Зараз прыйдзе, не плач,— супакойваю я малую. Мне і не ў галаве, што яна можа нас не знайсці, я ўпэўнены, што яна ведае, дзе мы.

І праўда, вось яна ідзе — з тым вусатым дзядзькам. Мы з крыкам кідаемся да яе. Яна са слязьмі на вачах цалуе нас па чарзе, пасля робіцца строгая і крычыць на мяне:

— Як ты глядзеў каня, га?

І б’е мяне далонню па шчацэ. Я плачу. Плача і маці.

— Завошта ты яго, кабета? — памяркоўна кажа вусаты дзядзька, што прывёў яе да воза.— Хіба ён вінаваты? Дзіця ж малое, што ты ад яго хочаш? Яшчэ і так добра, што каня знайшоў. Чаго ж ты на яго?

Я з удзячнасцю гляджу на дядзьку, але маўчу, толькі размазваю слёзы.

Маці трохі супакойваецца, кажа ўжо з вінаватай усмешкай:

— Я і сама цяпер бачу, што дарэмна накінулася на хлопца, але ж гэтулькі страху перажыла, што аж сэрца баліць. Прыходжу на тое месца — а іх і след прастыў. Дзе іх будзеш шукаць? Хто гэта мог падумаць, што конь паверне назад? Ой, дзякуй вам, дзядзечка, што памаглі знайсці...

Маці зацугляла каня, і мы паехалі дадому.

 

II

Мы жылі ўжо на новым месцы, у бабы, але яшчэ часта даводзілася ездзіць на старое котлішча.

Памятаю, у той дзень бацьку нездаровілася — схапіў жывот. Ён у бацькі балеў часта, бо быў «сарваны ўраз», як казалі мясцовыя «дактары» — шаптухі. Але нічога не зробіш, трэба было ехаць у тую Вадзеціну. Мы выехалі недзе пад поўдзень, бо ўсё роўна туды і назад за адзін дзень цяжка справіцца: пяцьдзесят вёрст — для каня, ды яшчэ не з пустым возам, добрая дарога. Часцей за ўсё мы везлі адтуль дровы, бо на новым месцы лесу блізка не было і дровы тут даставаліся людзям дорага.

Недзе за Патапавічамі, ужо недалёка ад Ляхавіч, нам сустрэлася машына. Бацька напяў лейцы, конь стаў прысядаць на заднія ногі, кідацца ўбакі. За рулём, відаць, сядзеў добры жартаўнік, бо, пад’ехаўшы зусім блізка, машына затрубіла. Конь як ашалеў — зноў стаў на дыбкі, пасля стукнуў у хамут — мы ледзь не павыляталі з воза. Ад страху ён ужо не адчуваў цугляў, якія разрывалі яму рот. Затым конь, стоячы на задніх нагах, падлез задам пад аглоблю, воз нахіліўся, і я не памятаю, як апынуўся на зямлі. Побач са мной ляжаў бацька. Конь стаяў ужо галавою да нас, дуга падпірала яму пад горла, і ён толькі хроп, пена ляцела з ашчэранай зяпы.

Бацька ўсхапіўся, стаў нагою біць каня ў жывот, пасля распрог і дугой стаў мясіць каня па рэбрах, па спіне, дзе папала. Я са слязьмі на вачах пазіраў, як бедны конь гатоў быў вылузацца са скуры, мне шкада было яго, але я ведаў, што ніякія просьбы не памогуць: пакуль бацька не згоніць злосці — не адстане. У гневе ён быў страшны, тады лепш было яго не чапаць.

Так бацька кожны раз адвучваў каня ад страху, але нічога не памагала: конь быў верны свайму нораву, і рэдка калі сустрэча з машынай канчалася добра.

І каб сказаць, што конь быў дурны, непанятлівы — не, гэты конь, здавалася, усё разумеў, як чалавек, толькі што не мог гаварыць. У лесе з возам — ён проста залаты: не было выпадку, каб ён учапіў дзе ў дрэва ці ў пень, так умеў выкіраваць сам; у гразкім месцы, дзе можна засесці, яго падганяць не трэба — сам браў, ды так стараўся, што выносіў воз на сухое месца ў адзін момант. І чым цяжэйшы быў воз, тым мацней лажыўся ён у хамут, тым шпарчэйшы быў яго крок. Бывала, зморыцца, стане, хвіліну пастаіць — і сам зноў бярэ з месца, нібы ведае, што гэтай работы за яго ніхто не зробіць. А зімою ў санках яго ніколі не трэба было падганяць — сам трухае ўсю дарогу, спацее, стане белы ўвесь, заінее.

А хітры быў які! Як ліса! Калі едзеш з дому, будзе зварочваць на ўсе бакавыя дарожкі, толькі зазявайся — нібы ведае, што, чым вузейшая дарожка, тым яна раней скончыцца. А ўжо калі едзеш з самай далёкай дарогі, нават незнаёмай,— кладзіся на возе і спі — давязе, нідзе не саб’ецца, нідзе не ўчэпіць, абміне любую перашкоду. І так ірвецца, так паддае сабе ахвоты, што адна любата.

І яшчэ — не цярпеў ісці ззаду за вазамі — заўсёды абганяў, вырываўся першы.

Не любіў, калі на ім ездзілі верхам, асабліва малыя, ўсё наравіў зубамі схапіць седака за нагу і сцягнуць на зямлю. Так і трымай павады туга.

Аднойчы, неяк напрадвесні, яшчэ не сышла з поплаву вада, мяне выправілі ўзяць бёрда ў нашых сваякоў, цераз поплаў. Пешшу туды трэба было б абыходзіць тры вярсты, а напрасткі верхам — дзесяць хвілін, і там.

Бацька вывеў мне каня, падсадзіў, бо сам я яшчэ не мог ускочыць каню на спіну. Цераз поплаў бегла веснавая вада, навокал чуваць быў шум — вясёлы, радасны шум вясны. Конь увайшоў у ваду, панюхаў, стаў піць, але цягнуў доўга, нібы смакуючы, пасля «памыў зубы» — серабрыстыя кроплі паляцелі ўніз. Пасля ні з таго ні з сяго пачаў перыць пярэднім капытом па вадзе, толькі пырскі ляцелі на жывот, даставалі да маіх ног. Я не ведаў, што рабіць, але падганяць каня не рашыўся — хай пазабаўляецца; толькі баяўся, каб ён, чаго добрага, не ўздумаў тут класціся. Ад яго можна было чакаць усяго. Але не, відаць, яму надакучыла боўтацца, ён уздыхнуў цяжка і пайшоў.

Я ехаў назад і чакаў, што ён таксама зноў будзе рабіць свае фокусы, але конь нібы не заўважыў вады.

Неяк мы з бацькам везлі дровы са Старыны — так звалі лес, што быў ад нас кіламетраў за сем ці восем. Гэта было зімою, ужо ў час акупацыі. Мы наладавалі-такі добрыя сані, бо дроў дома не было ні палена. Перад вёскай Яжавічы дарога падымаецца на горку, а пасля крута спускаецца ўніз, перад самымі хатамі робіць залом і ідзе па загуменню, па няроўным старым рэчышчы. На гару мы з бацькам ішлі за санкамі, бо конь і так напінаўся з апошніх жыл. Дарогу заносіла, палазы ўвесь час уразаліся ў космы жаўтаватага, сагнанага з поля снегу.

Але вось конь узвалок сані на горку і пайшоў лягчэй, мы нават пачалі адставаць. Конь азірнуўся — і не паспелі мы што падумаць, як ён адразу рвануў з месца і памчаўся галопам. Санкі толькі скрыпелі ды пагрозліва перавальваліся з боку на бок на выбоінах, але абярнуцца, мусіць, не паспявалі. Мы кінуліся даганяць, але дзе там! Па сыпкім снезе, ды яшчэ апрануты ў зімовае, не вельмі пабяжыш. А конь ужо імчаўся з горкі, цяпер сані самі перлі яго, падганялі, хамут ужо сядзеў у яго на вушах. І наперадзе быў паварот! Мы з жахам чакалі самага страшнага, але, як на дзіва, конь выкіраваў і не перавярнуўся, толькі слуп снегу закрыў на момант яго і сані. Тады ён ужо трохі памалей, бо бачыў, што мы далёка, трухаў сабе па калдобістым рэчышчы, пасля выбраўся на гасцінец, пераехаў лядакі, паламаны мост і, перасекшы яжаўскую вуліцу, стаў падымацца на горку, пад Гусакі. Бацька і я, задыхаўшыся, беглі за ім вярсты тры, пакуль нарэшце дагналі.

А то яшчэ было... Паехаў мой бацька вазіць сена з балота. Сена ў нас заўсёды вывозілі сярод зімы, калі маразы добра ўкуюць зямлю, калі нават ухутаныя цёплай коўдрай моху балоты прамярзаюць так, што могуць нясці нават каня. Той год зіма была голая, снег лажыўся некалькі разоў, ды ненадоўга — раставаў, усё балота заліло вадою. Потым ударылі марозы, балота пакрылася тоўстай скарынкай каструбаватага, бугрыстага, з жоўтымі падцёкамі лёду. Пасля ўжо выпаў добры снег, але з лёду яго здзімала, як мякіну з тока, асаджвала ў лагчынах, у нізкім бярэзніку і лазняку.

Бацька паклаў на санкі добры «паляшуцкі» воз — ажно саней не відаць з-пад яго, дастае да зямлі — і пусціўся назад. Конь быў падкуты толькі на пярэднія ногі, заднія ў вёсках рэдка хто каваў, а вясною коні і зусім хадзілі «босыя». У цяжкіх санях конь стаў коўзацца, як карова, заднія капыты ніяк не маглі зачапіцца за слізкі і цвёрды лёд. Конь браў-браў, лапатаў нагамі, як танцор, а пасля, разагнаўшы сані, пусціўся галопам. Бацька ўжо не мог яго стрымаць, бо і сам у ботах ледзь стаяў на лёдзе. Ён паспеў толькі ўчапіцца за аглоблю побач з канём і ўжо не бег, а ехаў, як на каньках. Конь імчаў, як шалёны: цяжкія сані аж гулі кутымі палазамі па лёдзе; з-пад конскіх капытоў ляцелі белыя іскры ільдзінкі. Конь, утуліўшы вушы, імчаў па балоце, сярод рэдкіх астравоў-стагоў, у той бок, дзе канчаўся лёд і пачыналася звычайная санная дарога. Яны праскочылі так вярсты дзве, калі не болей; лёд скончыўся, і конь пайшоў ступою. Бацька адчуў, што нешта вельмі мякка ступаюць яго боты — нага ажно чуе кожную грудку. Ён падняў бот і ахнуў — уся падэшва была злізана аж да ўсцілкі.

 

III

Аднак выйшла так, што кляты, ліхі Сівы выратаваў бацьку ад смерці. Было гэта ў час акупацыі, недзе зімою сорак другога — сорак трэцяга года. Зіма была снежная, марозная.

Пачалі ў нас ганяць людзей, у каго былі свае коні, на дарогу Слуцак — Баранавічы, вазіць жвір. З нашай вёскі выгналі чалавек дзесяць. Заўсёды солтыс назначаў таго, каго недалюбліваў. Паехаў і мой бацька.

У той марозны, халодны вечар мы дома доўга сядзелі пры цьмяным агні лямпы і ўсё ўслухоўваліся, ці не заскрыпяць на двары палазы, не затухкае конь капытамі па снезе. Бацька нешта доўга не варочаўся — праспяваў нават першы певень.

Раптам чуем — загуло на двары, зарыпела. Я накінуў бравэрку, выскачыў з хаты. Проці сяней стаяў конь, толькі я яго ніяк не пазнаў — увесь белы, заінеў. А глянуў на сані — устае не бацька, а чалавек з нашае вёскі, дзядзька Грышка Савош.

— А дзе ж бацька? — Пытаюся, і трывога агортвае мяне, робіцца раптам холадна, нібы мне за карак сыпанулі прыгаршчы снегу.

— Ах, сынку,— крэкча дзядзька Грышка,— распрагай каня... Захварэў бацька, вось як бывае.— А сам узяў з саней нейкі клунак, стуліў у сені, але вярнуўся і сказаў: — Накрый каня коўдрай. І вады адразу не давай. Хай астыне. Яму сёння дасталася...

Я раблю ўсё гэта як у сне і думаю, што азначае «захварэў». Ніколі яшчэ не было, каб ён захварэў дзе-небудзь ды застаўся, а каня за яго прыгнаў нехта другі. Тут нешта нядобрае...

Я ўбягаю ў хату. Нечым пахне, я толькі ніяк не зразумею чым. Нешта такое прэсна-салодкае. Цяжка сказаць нават... Маці, заламаўшы рукі, усхліпвае. Сёстры, знямелыя, спалохана пазіраюць на клунак. Гэта бацькава вопратка. Кажух, рубашка, шапка, штаны... Штаны і валёнкі разрэзаны: валёнкі зверху да ступні, штаны знізу да каленяў. На белых палатняных портках відна кроў. Вось чым пахне ў хаце!..

Як не сваімі рукамі перабіраю ўсю вопратку і ўздрыгваю. Кроў нават у валёнках...

А дзядзька ходзіць па хаце і расказвае. Гаворыць цяжка, з доўгімі паўзамі, з перапынкамі, нібы ў яго нешта засела ў горле і не дае выказаць усё зараз.

— ...Там, ля Навінак, вялікі кар’ер... Мы бралі жвір і вазілі на шашу... Яму выбралі вялізную, а бераг зверху намёрз, як страха, на яго ніхто і не глядзеў... Ну і вось... Чуем раптам — гу-гуг! Загуло... Абвал...

Людзі кінуліся хто куды, коні ад жаху заржалі... Ваш бацька быў далекавата ад берага, унізе, на яго каціліся вялізныя мёрзлыя брылы зямлі... Стукнула па нагах... Адна нага была наверсе... Бачу, закручана ў другі бок... Перабіла. А другую прыдушыла брылаю. Думаў, што хоць гэта будзе цэлая... Пакуль мы кіркамі ды ламамі разбілі тую глыбу... Глядзім, ажно і другая. Ён, як глянуў, адразу застагнаў, а спачатку нічога, нават не крыкнуў... Ну, аднаго чалавека засыпала зусім, але нічога, адкапалі, мяккі пясок. Другому паламала рэбры, раздушыла грудзі... Можа не выжыць. Трэцяга трохі пабіла, але не моцна. А вашаму бацьку па нагах. Што зробіш?.. Ну, мы яго адразу на санкі. Падышлі немцы з аховы, паглядзелі, толькі паківалі галовамі... Даў адзін нейкія дзве чырвоныя таблеткі, ад заражэння крыві, ці што... Вязі, кажуць, у Клецак. І каня не шкадуй, а то капут... Паклалі яго на салому, укрылі... Я ўкленчыў у перадку і гнаў усю дарогу, колькі было сілы. Вынослівы конь. Каб не ён — не давёз бы. Доктар сказаў: каб яшчэ трошкі спазніўся... Але вы не гаруйце. Я пытаў доктара. Надзея ёсць. Мо будзе кульгаць, але ж гэта паўбяды.

Я ніяк не мог уявіць свайго бацьку з пераламанымі нагамі. Косці раздроблены, раны, кроў... Як ён церпіць? Гэта ж такі боль, такі боль...

Бацька вярнуўся з бальніцы праз два месяцы. На нагах быў гіпс, ад пальцаў да самага тулава.

Дома бацька праляжаў яшчэ два месяцы. Казаў, што, калі здымуць гіпс, адразу пойдзе. Але памыліўся: калі знялі, ён не ступіў і кроку — упаў.

Ехаў бацька дадому з дзядзькам Міхалём, нашым сваяком, і радаваўся, што дачакаў вясны, хутка і ў поле выйдзе вось на гэтым Сівым, які тады давёз яго з Навінак у Клецак, не перадыхнуўшы ніводнай хвіліны. Малайчына, конік!

На тым жа коніку з дзядзькам Міхалём і Грышкам Савашовым ездзіў я па вёсцы і збіраў збожжа — колькі хто дасць,— каб расплаціцца з бальніцай. Маці аддала ўсе свае палотны, прадалі апошняга падсвінка. Што хвароба, што пажар — для селяніна тое самае.

А Сівы прабыў у нас яшчэ да наступнага лета, да вызвалення. Праз нашу вёску прайшоў мо ўвесь фронт — нашы войскі прарваліся паміж Нясвіжам і Клецкам, ішлі на Баранавічы. Дзень і ноч стаяў гул. Хутка за перадавымі часцямі пайшлі абозы — на конях, нават на вярблюдах.

Аднойчы раніцай я прачнуўся і ўбачыў на двары нейкае малое заморанае каняня. Бацька нешта аглядаў яго, мацаў спіну. Я ўскочыў і выбег на двор.

— Бачыш, сын, якое нам шчасце падваліла? За нашага старога Сівога нам далі маладую Сівую.

— Як, хто даў? — Я нічога не разумеў.

— А нядаўна нашы салдаты былі тут. Заехалі і пытаюць, ці ёсць конь. Ёсць, кажу, нейкі, машын дужа баіцца. Яны засмяяліся: «Прывыкне». Вывеў я Сівага, адзін агледзеў яго, зняў сядло з гэтае казы і адразу на нашага. Падзякаваў, і паехалі. Ну, думаю, паплачаш ты з гэтым конікам, як я плакаў пятнаццаць год.

Сівая кабылка была страшэнна худая, замораная, уся спіна ў яе спухла ад сядла і нават ужо гнаілася, а на левай лапатцы слізела амаль што свежая рана, і ў ёй сядзела нешта цвёрдае — асколак ці куля. На капытах былі выразаны нумары.

Кабылка была нібы аглушаная: як паставіш, так і стаіць, не разумее ні «тпру», ні «но», нібы нікога не бачыць і не баіцца. А мо не разумее нашае мовы?

— Глядзі, якія кароткія зубы, здаровыя дзясны. Гадоў тры не болей,— тлумачыў мне бацька весела.

Я не разумеў, чаго тут радавацца. Гэта ж не конь, а адна толькі скура ды косці, ды і тых жменя.

— Ці ж гэта конь? Адзін шкілет.

— Дзівак, ты ў конях нічога не разумееш. Абы добры шкілет, а костка мясам абрасце. Вось пабачыш, якая яна будзе праз пару месяцаў. Глядзі, якое чэрава. Не тое што ў таго — прысыхала да спіны. Эх ты!

Праз які тыдзень пухліна са спіны ў кабылкі сышла, засталіся толькі вялікія струпы на самым хрыбце. Бацька вывеў кабылку на двор, прывязаў да слупка ля калодзежа. Пасля, дастаўшы брытву, стаў абмацваць рану. Зрабіў надрэз. Кабылка нават не паварушылася, хоць з раны закапала кроў. Бацька націснуў па баках ад надрэзу — і нешта на зямлю.

Цяпер ужо я яму тлумачыў:

— Гэта куля з нямецкага аўтамата. У нашых меншы калібр, куля меншая. Бачыце, ударылася аб нешта жалезнае і ў кабылу стукнула рыкашэтам.

Хутка рана загаілася зусім, пазлазілі струпы і са спіны, кабылка пакруглела, нават павесялела — стала шустрая, паявіўся бляск у нерухомых раней вачах.

Праз які месяц, услед за Сівым, пайшоў у армію бацька. На маю долю дасталася нялёгкая задача навучыць кабылку хадзіць у плузе. Якраз на яе падышоў хамут ад таго каня, і ростам яна была не меншая, мо трошкі толькі карацейшая, але затое кругленькая, шырэйшая і ў крыжоўцы і такая самая рухавая, як той. Нават масцю мала чым адрознівалася ад Сівага — мо толькі крыху святлейшая. Праўду казаў бацька, што за старога Сівага далі маладую Сівую. Мы так яе і празвалі. Вось толькі як яна пойдзе ў баразне?

Тут мне давялося папацець! Кабылка была ўпартая, хоць ты падпіхвай яе рукамі. Відаць, не разумела, чаго ад яе хочуць.

Я абганяў бульбу; сошку было лягчэй цягаць, чым плуг, але кабылка гэтага знаць не хацела, усё азіралася назад і хацела бачыць, за што яе трымаюць. А то стане і стаіць. І ніяк не магла прывыкнуць, што хадзіць трэба па адной лініі, з канца загона ў другі канец, а паварочваць яе трэба было сілай. Часта заблытвалася ў пастронкі і лейцы. Адно добра — не брыкалася, не кусалася, каля яе магло хадзіць нават дзіця.

Змарыўшыся, я папрасіў сястру, каб яна памагла мне, і сястра павадзіла кабылку.

Першы, другі ўрок прайшлі цяжка, затое пасля кабылка перайначылася, стала, як старая.

Прабыла ў нас кабылка, аж пакуль мы не ўступілі ў калгас, і бацька з яе не мог нацешыцца — такая была паслухмяная і ўдалая. А яшчэ лепш тое, што на машыны яна нават не глядзела. Гэта была істота з новага веку, новага пакалення. Сівы перад ёю здаваўся дзікуном.

У калгасе Сівая прывяла жарабятка. Яно вырасла — як дзве кроплі вады стала падобна да маткі. Лінія Сівых не звялася!

 

1964 г.


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Дамашэвіч Ул. Выбранае. Аповесці і апавяданні. Мн., "Маст. літ.", 1977. 368 с. 2. с. укл. ("Б-ка беларускай прозы")
Крыніца: скан