epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Дубоўка

Браніслава

1
2
3
4
5
6
7
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
ЭПІЛОГ


 

1

Я ведаю, што не ў краіне справа,

«без бацькаўшыны пралетарыят».

Жыццё ад хаты адарвала,

не будзе ўласніцтву спрыяць.

 

Я ведаю, што комінам фабрычным

з’іначацца палі, лясы і свет.

Зубцы жняяркі электрычнай

заляскаюць і у аўсе.

 

Вітаю гэты час і заклікаю:

прыйдзі да нас,

парупся,

не марудзь!

Нясеш кашулі нам з паркалю,

каб пачаскаў змяніць кару.

 

І песні мілагучныя з сабою,

пабудаваныя на новы лад,

ты прынясі:

хай дух напояць,

каб воля моцнаю была.

 

Калі ж далёкае паўз нашы вочы

з экрана памяці праводзіць час,

душа успомніць тое хоча,

як шалясцелі клёны ў нас.

 

Таполі з клёнам, ля азёр далёкіх,

на Віленшчыне, дзе пачаў гаротнае

жыццё. Ці ж песні змоўклі,

як пошчак часам за гарой?

 

Яны вучылі ненавідзець пана,

яшчэ — кахаць хаўрус сям’і працоўных

і працы. І ў абшарпанага

пастушка будзілі кроў:

 

замацавацца і загартавацца

трэ, каб пайсці на новы шлях сталёваю

хадой...

Мой родны браце!

З табой мы чулі рытм палёў

 

і водгулле нелюдскага уціску.

Адно тады, калі жывеш, пакутуеш

без хлеба. Горш, як пырскі

здзеку зліюцца у раку,

 

і топяць у сабе жыцця праявы

і права чалавекам быць. Як восенню

алешнік кучаравы

матаў лісцём душу навой

 

пакуты. Смутак той вясковай песні

імклівасць гадаваў да лепшых дзён.

Яны з сабой цяпер прынеслі

прыгнётам трошчаным праклён.

 

2

Імкненні тчэш спрадвеку, памяць,

даеш жыццё, даеш імпэт.

Тады, як летуценні паляць

грудзі, як вобразы снуе паэт,—

 

даеш ты Слова. Раскажы мне,

мінулае узварухні:

азёрныя легенды ў гімне,

надземныя ў вадзе агні...

 

Азёры... Ці забыцца можна

на вашы спевы, прыгажосць?

Цяпер успамінаю кожны

дзень вас... На бацькаўшчыне скрозь

 

азёры... Толькі сонца нанач,

за Мядзела, за Гатавіцкі лес,—

шумлівазвонны волат Нарач

калышацца ў сівой імгле...

 

Не возера, а быцам мора...

А ў той, у навальнічны час,

калі вада да хмар гаворыць

і вагаркі пачне качаць

 

на жвір, на мяккі, залацісты,

да каранёў сасновых дрэў,—

прастор змаўкаў і калаціўся,

а волат пеніўся, дурэў...

 

А цёмна-сіняе прадонне

вучыла разумець жыццё:

ўладарнікі яшчэ сягоння,

а заўтра — ніцае смяццё.

 

Нас вабіў і палохаў спеў

разлютаванага прастора.

Як быццам каля гэных дрэў

былі нядаўна мы,

учора...

 

3

Цяпер трымаемся мы стала,

цяпер хадой паважнай ходзім.

А памятаеш, як бывала,

ну, скажам, на дзевятым годзе

або дванаццатым, напрыклад?

Згадаць прыемна і не прыкра

той час, як кажуць, падрыхтоўчы

да гэтай сталасці паважнай,

калі мы так салідна крочым

у час наступны, праз сучасны...

Міналі дні, міналі ночы,

знікалі ў далі недасяжнай.

Усім цікавіліся вочы

маленькай грамады сярмяжнай.

Усё хацелася пабачыць,

пазнаць, чаму вось так, не гэтак.

І сёе-тое перайначыць,

і абысці увесь палетак,

у пушчу трапіць што б ні стала,

на возеры пабыць на кожным...

І дня на ўсё нам не хапала,

і спалі збольшага, трывожна:

каб не праспаць грыбы на ранку,

каб не праспаць у млын фурманку.

У тыя дні навукі ранняй

дзядуля быў аўтарытэтам.

На сотні нашых запытанняў

і нават пра стварэнне свету

даваў грунтоўныя адказы,

не супыніўшыся ні разу...

Ён ведаў, дзе зімуюць ракі,

птушыныя ён ведаў сховы

і кветкі кожнай знаў адзнакі,

да кожнай зоркі меў ён слова...

А больш за ўсё яго любілі

за байкі розныя і былі.

Слязой туманіла нам вочы,

калі ён баяў неаднойчы,

як за панамі людцаў білі,

як за панамі гора мелі,

як хлеб з кары сасновай елі...

Апавядаў ён, як дзяўчыну

замуравалі ў слуп каменны,

на нашу бедную айчыну

якія прыпадалі змены...

Хадзілі да слупа таго мы,

ў падножжа кветкі сціпла клалі.

А возера няспынны гоман

ішоў і рассыпаўся ў далях...

 

4

Над Нарачам, усім вядомым,

над самым берагам крутым,

стаяў палац на месцы добрым,

пабудаваны беднатою,

ды толькі не для беднаты.

Ён быў прыгожы, быў прасторны,

не меў ніякіх ён заган.

Адзінай плямай, вельмі чорнай,

у тым палацы быў сам пан.

Вялікі, цёмны і маўклівы,

палац з пагардай паглядаў

на хаты бедныя, на нівы,

на той прыпынак нешчаслівы,

дзе гаспадарыла бяда...

Калі ж парою вечаровай

на захад сонца верне шлях,

калі ў праменні пурпуровым

ідзе за возера на сховы

і адлюструецца ў мурах,—

ён выглядаў тады, як дзіва,

палац вялікі і маўклівы...

Пярэстыя зіхцелі вокны,

адценні слаліся на мур.

Пасля — туману вэлюм вохкі

ўсё спавіваў. І аднаму

было б несамавіта пану:

маркотна, цяжка... Дываном

персідскім, мяккім, дабратканым

глушыўся крок... Мёд і віно

прыпонцістае ў срэбны келіх

ён наліваў. Да сына піў.

Сівыя вусы раскудзеліць,

рагоча сыта... Ночы, дні

праходзілі разоў нямала.

Шукаў вясёлага ўсё пан.

Ужо не цешылі цымбалы,

не цешыў і дзявочы стан.

Паехалі на паляванне.

Гасцінцам надараў хлапцоў.

Яны на дрэвах кукавалі.

Пасля — паны па іх стралялі,

хлапцы валіліся далоў.

Уцех было багата ў пана,

было панам усё паддана...

Ды толькі пан ніяк не здолеў

душу закуць у кайданы:

заўсёды марылі пра волю

загнанай стараны сыны.

Хоць жыў мужык у бедным целе

і пад дзіравым армяком,

хоць ланцугі не раз звінелі

над абадраным мужыком,—

ён не скараўся тым уціскам:

у прыску тлеў заўсёды жар.

А з першым ветрам з таго прыску

пажар узносіўся да хмар.

І залівалі, і гасілі

пажар сялянскаю крывёй.

Свабоды дух лунаў на крыллі

над пад’ярэмнаю зямлёй.

 

5

Паны з’язджаюцца у госці,

агнямі мітусіцца парк.

І банкетуюць ягамосці,

красуе іхняя пара.

Празрыста звоняць вадамёты,

між елак высяць вохкі пыл.

З віном і старасвецкім мёдам

у пырсках панскі побыт плыў.

А вёска... Вёска сном замоўкла:

работа сёння, заўтра зноў.

Туману распаўзліся столкі

ад хат у поле, на загон.

Праходзіць час у хвалях плыні,

адзін радзіўся, той сканаў.

І, як заўсёды, безупынна

праз возера каціўся вал.

Даўно схавалі ў склепе пана,

паніч стаў за гаспадара.

Калейка ўся упланавана —

жаніўся, як прыйшла пара.

Пасада, гонар і жанчына

жыццё з’іначылі зусім.

Злічыць банкеты немагчыма —

адзін і ходзіць за другім...

Да смерці так прыйшлі б памалу,

але з’явіўся непакой —

дзіцёнка пані зажадала,

бацян не йшоў з ім у пакой.

Пайшлі нарады, саймаванні,

кіпела, быццам у віры.

Пакуль шукала лекаў пані —

гешэфт рабілі дактары.

А ўсё няма й няма ратунку.

Ў палац з’явіліся ксяндзы.

Багата ў словах іхніх трунку,

па новых бегалі ганцы...

Пачуўшы добрую здабычу,

прыехаў біскуп сам у двор.

 

Біскуп

Мой сын! Дабра табе я зычу,

благаславення ясных зор.

Будзь верным заўжды пану-богу

і ўсім святым ягоным ты,—

пакажа ён табе дарогу

да хараства, да яснаты.

Мой сын! Вялікі грэх якісьці

ўвайшоў у гэтыя муры.

Не можа ён з палаца выйсці,

пакуль не прыме бог дары.

Маліцца трэба ў кожнай хвілі,

надзею ў сэрцы мець сваім.

Анёлы прынясуць на крыллі

тады збавенне вам усім.

 

Пан

Малюся вострабрамскай матцы,

даю ахвяры да малення.

Дакуль жа будзе грэх трымацца,

калі знайду сабе збавенне?

 

Біскуп

Каму вялікае цярпенне —

вялікі будзе і спакой.

Табе наканаваны церні

святарнай боскаю рукой.

Ідзі, мой сын, у Вечны горад,

там выканай святы абрад.

Тады тваё мінецца гора

і дачакаеш ты дабра.

 

Пан

Каханы мой айцец духоўны,

благаславі на дальні шлях.

Жадання палкага я поўны,

ў збавенне просіцца душа...

 

6

У Рыме любяць грошы вельмі,

за іх і зробяць вельмі шмат.

Грахі адпусцяць, а «патэльню»

паліжа хай бяднейшы брат.

І ўсё залежыць не ад бога,

а ад дуката залатога.

Спаткалі вельмі ветла пана,

праслухаў кардынал яго.

Наладжана у Ватыкане

і кансультацыя грахоў.

 

Кардынал

Напэўна грэх вялікі нейкі

правіс над панскай галавой.

Яго адпусцім мы навекі

добразычлівасцю сваёй.

Але завезці толькі трэба

святога пана ў свой касцёл.

Злітуецца найсвентшы з неба,

як на імшу яму дасцё...

У нас адзін святы ў запасе,

здаецца, ёсць?..

 

Капуцын

Святы Юстын!

 

Кардынал

Святы Юстын у добрым часе

з няплоддзем справіцца адзін.

Святы Юстын паехаць можа

у ваш далёкі гэны край.

Няхай ён пані дапаможа,

паможа й пану ён няхай.

Ідзі, мой сын, благаславёны,

хай і яна благаславіцца...

 

Дукаты падалі са звонам

у кардынальскую скарбніцу.

У Рыме добрая майстэрня!

Дасталі косці з сутарэння,

злажылі ў скрынку акуратна,

дабавілі дзе трэба ваты,

намалявалі і абраз:

плыві, Юстынка, ў добры час!

Узяўшы з Рыма тую скрынку,

накіраваўся пан дамоў.

Юстынка то ці не Юстынка —

паехаў апладжаць паноў.

 

7

У двор цяжэй заўсёды ехаць —

марудным выдаецца час.

Але з надзеяй і уцехай

апошні блізіцца папас.

Тым часам праляцела дзейка

на ўсю акругу: едзе пан,

вязе святога дабрадзейку,

які майструе дзеці сам.

Ксяндзоў наехала, як ліха,

прыехаў біскуп не адзін.

Народу хоць ніхто не клікаў,—

зышлося богу дагадзіць.

Прайшлі з пратэсамі настрэчу,

у вочы дым кадзільны лез.

А спеў дзявочы і кабечы

аж разлягаўся ў шчыры лес.

Якраз і пан з Юстынам едзе,

народ абняў увесь прастор.

Стаеннікі ступаюць ледзьве,

здзіўлёна гледзячы з-за шор.

У гэткім тлуме і спякоце

цяжарных некалькі было.

Ім пры спатканні дзесь пры плоце

радзіць без часу надышло.

— Жывое цуда! Бачце, людзі!

Юстын работу распачаў.

Касцёл ад гэтага набудзе,

напэўна, добры капітал...—

З такімі цудамі прывезлі

Юстына ў мядзельскі касцёл.

Набожныя гучалі песні

каля Юстына навакол.

Пасля — абед, пасля — вячэра,

пасля — віно і моцны мёд.

Святы дык толькі зубы шчэрыць,—

за ўсё пакутуе народ.

На адмысловым саймаванні

быў распрацованы ўвесь план:

Павінна у касцёле пані

ўсю ноч маліцца, да відна.

 

Біскуп

Як толькі сёння скончым нешпар

і пойдуць верныя да спраў,—

адзін няхай для ўдачы лепшай

там застанецца...

Станіслаў!

Ты застанешся, сын каханы:

маліцца нам не навіна...

Для славы боскае абраны,

і ты маліся да відна...

Арганы гралі урачыста,

віліся спевы ў вышыні.

Нарыхтавана справа чыста,—

заслону, біскуп, захіні.

Пайшлі усе. Замок на дзверы

павесіў сёння біскуп сам.

Каб узмацніць у косці веру,

узята панская краса.

У белым, як да шлюбу, стала

красуня пані на дыван.

Яна не бачыць Станіслава,

над ёю з водараў туман.

Агні ледзь дыхаюць у высі,

кадзільны дым ласкочыць нос.

Кагал святы згары дзівіўся:

ў ахвяру пані хто прынёс?..

Сціскаўся пошчак у скляпенні,

муры маўклівасць абышла.

І толькі сцені, летуценні

дзесь мітусіліся ля шкла.

Памалу млявасць агарнула,

звіваўся з грэшных дум вянок.

Малітваў сэрца больш не чула,

гарэла іншасцю яно.

Жанчыну захлынулі чары:

не ў храме, ў садзе адпачын.

І вось чакае: прыйдзе зараз

каханы радасны Юстын...

Ён малады, такі прыгожы...

Такая палкасць разам з ім...

Спатканне гэтае трывожыць

ніхто не смее на зямлі...

 

Пані

Пакінь свае святыя рамы,

прыйдзі ў зіхценні пекнаты,

ў страі нябесныя убраны,—

ці ты святы, ці не святы...

 

9

Маўчыць народнае паданне

аб тым, што там было далей.

Малілася ж так моцна пані

ля абразоў і ля касцей...

Святы Юстын так і не ўстаў...

А ці не ўстаў... ксёндз Станіслаў?

 

10

Над светам сонца узышло,

праменне разліло наўкол.

Затрапятала цераз шкло,

як на працягу ўсіх вякоў.

На ганку пані. Б’юць чалом,

вітае пан і клер за ім.

А што на думцы у каго,—

ніхто не ведае аб тым...

Павіншавалі, як адзін,

і пажадалі аднаго.

Маўчаў высокі капуцын,

у вочах тоячы агонь...

А возера кунегай б’е

на жвірыстыя берагі...

Няспынна й час ідзе сабе:

мінае дзень адзін, другі...

 

11

Магчыма ў сне, а можа ў яве

«Юстын» прыходзіў у палац.

Ушанавана ў гэткай славе,

цяжарнай пані ўжо была.

У тэрмін нарадзіла сына,

на тыдзень свята ў гэты раз.

І, пахваляючы Юстына,

ксяндзы хвалілі добры час.

У гонар новага патрона

Юстынам стаў хлапчук малы.

З банкетным гоманам і звонам

аж угіналіся сталы...

Банкет цяпер той памінаюць —

прыкметны, даўся ў знакі ім.

Падпіўшы, быў у добрым раю

і біскуп: кланяўся усім.

Злавіўшы брата Станіслава,

сказаў на вуха: «Маладзец!»

 

Станіслаў

Усё зраблю для вышняй славы,

яна на подзвігі вядзе...

Я, сціплы боскі чалядзінец,

граў на арганах...

Мой айцец!

Калі я заслужыў гасцінец,—

хай будзе богу на вянец...

 

Біскуп

Ну, ну! Не скрыўджаным застаўся

і ты, мой сын, здаецца мне.

За гэтыя б арганы ўзяўся

і я, каб скронь не ў сівізне...

 

12

Паны гуляюць, вёска стогне,

банкеты п’яўкай смокчуць кроў.

Глядзіш — ужо вядуць сягоння

ў разніцу панскую кароў.

Падвойны ціск сціскае горла,

хоць у зямельку ты палазь.

І крыўда цяжкая, і гора

на ногі чэпяцца, як гразь.

А тут яшчэ харчуй Юстына

і ўсіх ягоных слугачоў.

Хоць ты жывым у дамавіну:

з ярма не вылезе плячо.

Гамоніць вёска глуха, грозна,

збірае помсту ў адзін раз.

Падаткаў вызначана розных

ксяндзу і пану на папас.

Праз вёскі вецер жальбы носіць:

тых збіў, тых скрыўдзіў сёння пан.

...Шумела спелае калоссе,

цяпер здратованы курган...

Ідуць дзяўчаты адвячоркам,

дажалі жыта ўсё, бадай.

Ды нахапіліся і зоркі

і месяц стаў на небакрай...

Ідзе дахаты Браніслава,

спявае разам працы спеў.

У хвалях песня нарастала

і разлівалася між дрэў.

Забыта поле, серп гарбаты,

бо праца ёй не навіна.

Яна працуе да цямна,

затое, мабыць, носіць латы.

Зірні у вочы: цвёрда, смела

адкажа зірк, крыштальны зірк.

Што ёй паны, што ёй князі!

Таемна жыта шалясцела

ёй казку вечную жыцця.

— Жывуць паны з сялянскай працы,

жывуць паны з рабочай працы,—

вось каласы як шалясцяць.

 

13

Знайшлі Бранісю ў беднай хаце:

паклікаў лёкай у палац.

Узнепакоілася маці,

вучыць дачушку пачала.

 

Маці

Малога добра калышы ты,

набожнае яму спявай.

Бо панскасць ім у скуру ўшыта —

не угняві, а дагаджай.

Карыся, дочухна, карыся,

прызначана бо нам з вякоў:

сабе не дбаючы карысці,

яе збіраці для паноў...

 

Браніслава

Чаго ўстрывожана ты, маці,—

навуку чула я даўно.

Але дакуль мы будзем слацца,

качацца каля панскіх ног?

Няўжо на іх не будзе зводу?

Няўжо іх не паберыць смерць?

Дакуль жа нашаму народу

пакуту горкую цярпець?

 

Маці

У імя ойца, сына, духа!..

Браніська, любая, маўчы!

Хто да акна прыставіць вуха,

не пабаяўшыся начы...

Баюся: ты занадта смелай

выгадавалася ў мяне.

Пільнуйся там, дачушка, дзела,

ніхто не пажалее, не...

Які там звод... у сына, духа!..

Ўсіх не паберыш, ды й народ...

Не ўмее ён сумлення слухаць,

гніе ў балоце, як чарот.

Паслухай, скажуць: «Пса павесяць,

хадзі і кланяйся яму

не менш, чымся якіх дзён дзесяць,

бо адарвецца на бяду»...

Адзін памрэ — другі на карак

садзіцца пан — дуга адна...

Паны з салодкіх локчуць чарак,

нам трэба гора піць да дна...

Карыся, дочухна, карыся,

адна ты, любая, ў мяне...

 

Браніслава

Не прыйдзе з ганьбаю Браніся,

твая трывога хай міне...

 

14

Расце малы, растуць выдаткі:

на кляштар фундуш, на ксяндзоў.

Сялянскія усе манаткі

ператрасаюць для паноў...

Галосіць вёска ў немы голас,

у бокі розныя ідзе.

А цераз вёскі, цераз сёлы

бяда ідзе, бяду вядзе...

Адны пайшлі на жабраніну,

дзе-хто сякеры навайстрыў.

А вецер вее над краінай,

каб разгараліся кастры...

І маці перайшла ці мала,

але не шэнціла старой:

так у дарозе і сканала,

не развітаўшыся з дачкой.

З бярозы лісцінка зляцела

на ублаганне, на ўспамін.

Ніхто не плакаў каля цела,—

і так слязьмі прасяклі дні...

Суседзі ладзілі хаўтуры,

са столі златалі труну...

Ці чуе дочухна за мурам,

што мацер небыт агарнуў?

Браніся слухае гамонку,

Браніся чуе пра бяду —

пустошаць бедную старонку,

усіх да торбы давядуць...

 

Браніслава

Матуля, родная матуля,

адна цяпер я, сіратой.

Мяне да сэрца не прытуліш

сваёй ласкаваю рукой.

Не выйдзеш спатыкаць ля весніц,

мінула радасці пара.

Жалобай поўняцца ўсе песні,

і нас ёй будуць надараць...

 

15

А надаралі вельмі проста:

панам багацце, весялосць,

а селяніну «патар ностар»

і ўсё, што толькі ў небе ёсць...

Давалі радасць з карыфашкай

ва ўласнасць пану ад радзін,

а мужыку для працы цяжкай

як можна больш гадзін, гадзін...

І так жылі вякамі побач

тварэнні бога аднаго.

Поп — у царкве, ў касцёле — пробашч

благаслаўлялі на прыгон...

Малілі бога, каб не крыўдзіў

таго, хто змогся пад ярмом,

калі бядак на неба прыйдзе,—

хай будзе там гаспадаром...

Пасля — бязлітаснай рукою

піхалі ў «вечнасць» мужыка...

Але прыйшла чарга ў пакоі,

ніхто чаргі тут не чакаў.

Сама вяльможная васпані,

бог знае, ці з пасцелі ўстане...

Хоць даглядалі і лячылі,—

заснула пані ўсё ж навек...

Не гляне больш на свет вачыма,

на свет не гляне з-пад павек...

І ўсе жаданні, ўсе імкненні,

якім і краю не было,

адным-адзіным вакамгненнем

разбіты, скрышаны на тло.

Да столі віўся дым кадзільны,

гарэлі свечы ля труны.

Ксяндзы вакол стаялі шчыльна,

на фундуш прагнулі яны.

Жыцця не вернуць і літанні,

як ты арганы ні надзьмі.

І стала роўнай з тымі пані,

якіх не звала і людзьмі.

Палац убраны чорным крэпам,

на люстрах вэлюмы з тугі.

Засыпан хвойкай шлях да склепа,

замок адомкнуты тугі.

Прыйшлі з пратэсамі, з вянкамі,

труну паставілі у склеп...

Ізноў замкнулі склеп замкамі,

пасля — з палаца знялі крэп...

 

16

Да ўсіх падзей на свеце звыклі,

мінае самы цяжкі жаль.

Пасля угодак — зноў музыка,

ізноў у замку пышны баль.

Прыйшла прыгонная капэла,

на хорах грае для паноў.

Ды вось жалобы чорны вэлюм

не адышоў ад берагоў.

Гамоніць Нарач несціхана,

шпурляе пену ў камяні...

Не закранае гоман пана:

пакаштаваў пан розных він...

На шпацыр вынесла малога

Браніся: на руках дзіця...

Ляціць над возерам трывога,

аж чутна — крылы шалясцяць...

На скалы хваля гоніць хвалю,

і плач, і смех у камянёх

то завіецца у аддалі,

то узляціць да самых ног.

Малога вабяць плёскі, рокат,

ён ручкай цягнецца — «ма-ма!» —

да белапеннай і шырокай,

што не спыніць і не стрымаць...

Ды сунімае ўсё дзяўчына:

— Няможна... нельга... не сваволь...—

І возера не для Юстына?

І хвалі, што пяюць «буль-боль»?

Пачаў злаваць малы вяльможны

і няню — ручкай па руках.

— Туды? — Туды ніяк няможна...

— Туды? — А там вялікі жах...

І вось малы маленькай сілай

рвануў хусцінку за ражок —

яна ім вочы і закрыла.

Браніся цягне хустку ўбок,

а ён к сабе... А бераг блізка,

а пад нагамі камень слізкі — і ўсё...

Нядоўга быць бядзе: абое ў віравой вадзе...

На паратунак беглі людзі,—

ды паратунак бедны будзе:

Бранісю вір на жвір адкінуў,

забраў жа аднаго Юстына...

Браніся крыху ачуняла,

але карысці ў гэтым мала:

няма вяльможнага малога...

Расце на беразе трывога.

 

Браніслава

О божа, што я натварыла?

Не бачыць мне самой жыцця...

Лепш пана прыняла б магіла,

чым гэта горкае дзіця...

А зараз прыйдуць каты, каты,

пакрышаць костачкі мае...

Ад гэтай нечуванай страты

ніхто ратунку не дае...

 

Людзі

У імя ойца! Хто адважны

пайсці да пана з навіной?..

 

У гэты час пан ксёндз паважны

з’явіўся перад грамадой.

 

Станіслаў

Благаславенне ўсяму сходу!

Якое ж дзіва вы знайшлі?

 

Людзі

Такога дзіва, пане пробашч,

яшчэ не зналі на зямлі.

Тапіліся тут разам двое,

бо ў вір зваліліся яны.

Знайшлі Бранісю, ды затое

паніч маленькі...

 

Станіслаў

Што? Юстын?

Няпраўда!.. Не!!!

А дзе ж ён? Людзі! Хто знойдзе — рай сабе здабудзе!..

Шукайце!

Імя ойца, сына...

 

Людзі

Адкінуў бог адну дзяўчыну,

а паніча забраў навек.

Шуканне тут не дапаможа:

што проці бога чалавек?!

 

17

Святыя ціха спяць у нішах,

уся капліца ціха спіць.

Ніхто з іх і не сніць пра ліха,

што безупынна цягне ніць,

каб гэнай тонкай хіжай ніццю

звязаць, скруціць і заблытаць,

спыніць лёт думак, сэрца біцце,

як злы палуначнік, як таць...

Грыміць замок, бразгочуць штабы,

прыбеглі служкі, паляць кнот:

усе запалены лампады

і ўсё чакае на прыход...

Ідзе сутанная калона:

манахі і манашкі ў рад.

Навіслі змрочна капюшоны,

каб быў страшней страшны пагляд.

Між імі ксёндз, за ім і дзева

адна... І на такой самоце,

як адарваны ліст ад дрэва,

што ўпрочкі вецер гоніць, коціць...

 

Станіслаў

Табе як імя?

 

Браніслава

Браніслава...

 

Станіслаў

Была на споведзі?

 

Браніслава

Была.

 

Станіслаў

А ўсе касцёльныя адправы

ці адбывала?

 

Браніслава

Адбыла.

 

Станіслаў

Цалуй святарны крыж, нябога,

(з Хрыстом распятым крыж дае)

і знай, што мы, абодва з богам,

чакаем праўды аднае.

Скажы: дзе, хто, калі з табою

пра тую справу гаварыў,

каб знішчыць паніча вадою,

каб утапіць яго ў віры?

 

Браніслава

Ніхто, нідзе пра ўсё пра тое

ніколі мне не гаварыў.

Мы з ім тапіліся абое,

і я сама была ў віры.

 

Станіслаў

Адна была у вас дарога,

яго — няма, жывая ты.

Ды як жа так?

 

Браніслава

Я з ласкі бога

жывой вярнулася з вады.

 

Станіслаў

Без боскай ласкі быў Юстын,

адзіны, гжэчны панскі сын?

Табе ж, якіх на свеце многа,

быў дадзены ратунак богам?

Ты мысліш, што ў высокім небе

больш любяць гэткае атрэб’е,

як ты? Кажу апошні раз:

праўдзівы дай на ўсё адказ.

 

Браніслава

Адказ дала. Вам не хапае,

вам трэба праўда не такая.

Спытаць вам пана бога трэба,

пан ксёндз бліжэй, чым я, да неба...

 

18

Ці жоўць парвалася у ката,

ці праўда завяла ў адчай.

Схапіўшы крыж з хрыстом распятым,

ён біў дзяўчыну з-за пляча.

Ён біў, той кат, ад злосці п’яны,

ён біў і косці ёй крышыў.

І крыж і ўсе хрыстовы раны

ізноў крывёю напаіў.

Яна не плакала, цярпела,

у страшных хоць руках была.

Пакутавала цяжка цела,—

душа магутнасць набыла.

Наўкол стаялі ў рад сутаны,

над імі капюшонаў рад.

Пад імі — нелюдзь розных станаў,

якая ганьбіць слова «брат»,—

як совы, жудасна са шчылін

маўкліва зіркалі вачыма.

І толькі пацеркі шурчэлі

у гэтай д’яблавай капэлі...

 

Станіслаў

Ты праўду скажаш мне, пракленства,

бо выдзьму я з касцей душу.

 

Браніслава

Праўдзівай я жыву з маленства

і праўду ў сэрцы я нашу.

Благаслаўляе дзетак Езус

на пазлацоных абразох.

Стаіць ён, з дрэва і з жалеза,

ля крыжавых усіх дарог.

Галодных корміць і благае

на абразох, каб знаў народ.

І быць братамі ўсіх наўчае,

не крыўдзіць бедных і сірот.

І ты, слуга такога бога,

яго аберучкі ўздымаў

і разам з ім мяне, нябогу,

крывёй нявіннай абліваў?

Чаму ж не вырваў крыж у ката

ён, добры, літасцівы бог?

Чаму не шыбануў, як гада,

цябе ў прадонне, праз парог?

Чаму ж ён не памог нябозе,

не знішчыў ката перуном,

на гэтай крыжавой дарозе

не спапяліў цябе агнём?

Ён не прыйшоў на дапамогу,

схаваўшыся за ўсіх святых.

Зракаюся такога бога

і слугачоў яго такіх!

 

Станіслаў

Цябе зямля глыне!..

 

Манахі

Навекі...

 

Станіслаў

Твае я выдзеру павекі!

Па смерці воч ты не заплюшчыш!

 

Браніслава

Дарма! Я буду неўміручай!

 

19

Пан

(да Браніславы)

Дзе сын мой?!.

 

Браніслава

Запытайся ў бога,

хоць ён з крыві нявіннай п’яны

Ён — пан. Я ж — сірата, нябога,

а пан — ён знаецца з панамі.

 

Пан

Ах, так!..

 

Манахі

(з кайданамі ў руках)

Паночку, з вашай ласкі

мы ёй пакажам шлях да раю...

 

Пан

Прэч, псы! І вашы ўсе жалязкі...

Ах, божухна, душа згарае...

 

На бераг пан ідзе з капліцы,

за ім і чорная ўся світа.

Вартуюць псы сваю здабычу,

крывёю вочы іх наліты...

 

20

Пан

(да людзей на беразе)

Знайшлі мне сына?

 

Людзі

Ясны пане!

Такая ноч, такая ноч!

Каб пачакаць нам да світання,

напэўна ён пайшоў у дно...

 

Пан

Шукайце, д’яблы вам у вочы,—

каб больш святла у іх было.

Не ведаю ніякай ночы:

загад мой — ваша ўсё святло!

Я сёння выпіў столькі гора,

што больш няма яго нідзе...

Яно маё сціскае горла,

яно ў труну мяне вядзе.

Я вас прымушу выпіць Нарач

і выпіць да самога дна.

Ці панясуць усіх на марах,

ці будзе сын тут да відна!

(Да Браніславы)

А! Гэта самая... апека...

Ідзі бліжэй ты, ведзьма з пекла!

 

Браніслава

Мяне вадзіў ваш клер да раю,

хоць, праўда, пан больш пекла знае...

 

Манах

Паночку! Вось вяроўка й камень,

дазволь — мы месца ёй дадзём...

 

Пан

Прэч, псы! Не кратайце рукамі

пачатак маіх чорных дзён...

Збірайце камень дзікі ў полі,

пасад каменны будзе ёй.

Ах, божухна,— забраў патолю

і ўцеху старасці маёй...

Паклічце, ўсіх ксяндзоў паклічце,

няхай званы праз ноч гудзяць.

Не пісана у іх кантычцы,

як трэба дзеўчыну ўслаўляць...

Збірайце камень дзікі з поля,

пасад каменны будзе ёй.

Ах, божухна! А дзе ж патоля

і ўцеха старасці маёй...

Паклічце муляраў з начыннем,

паходні запаліце ўсе.

Для гэтай проклятай дзяўчыны

падзяку не прыдумаў свет...

Цябе пастаўлю я на ўзгорку,

над самым берагам крутым.

Ты будзеш піць свой келіх горкі

ў праменні сонца залатым.

Ты будзеш помнікам навекі,

як бацька сына мілаваў...

З хаўтурным посвістам і дзвенькам

твая спятрэе галава.

Вятры табе хай песню зложаць,

па свеце разнясуць няхай.

Няхай... Ды як жа гэта можна...

Забойца... Помнік... Ха-ха-ха...

Збірайце камень дзікі з поля,

пасад каменны дайце ёй.

Ах, божухна, а дзе ж патоля

і ўцеха старасці маёй...

 

21

Званы, як на пажар, званілі,

трывога агарнула ўсіх.

На многія ў акрузе мілі

каціўся водгук дзеяў злых.

Збіраліся навокал людзі,

пыталіся:

— А дзе ж той бог?

Дакуль жа гэта поскудзь будзе

тыраніць нас і гнуць да ног?..

— Навошта катуеце Броню?

— Яна ж сіротка!

Эх, паны! —

А гайдукі на сытых конях

і ўзялі іх у бізуны...

Ізноў сабраліся сцяною,

ізноў пыталіся ў паноў:

— Што творыце над сіратою?

— А дзе ж той бог?

Куды зышоў? —

Каменне пападала катам.

Як вышчараліся яны!

Ды налятаў заслон пракляты,

ізноў свісталі бізуны...

Паходні жудасна ўзляталі,

хадзілі, лынулі ў прастор.

На возеры стагналі хвалі,

калышучы адценні зор.

На ўзгорку муляры складалі

для Браніславы слуп-пасад.

Ксяндзы маўчалі у аддалі.

І Станіслаў стаў з імі ў рад.

Страшэнны час... Згадаў ён паню,

згадаў і ночы ўсе, і дні...

І вось дайшло да адпяванняў...

О памяць, дзеі захіні...

Дзяўчына вось. Стаіць у муры,

па грудзі мур ужо узрос.

Ці не пара пачаць хаўтуры?

Ах, ксёнжа, не пабачыў слёз?..

 

Станіслаў

Быў дадзены табе ў апеку

нявінны хлопец, панскі сын.

Ты ж прыстарала сабе пекла,—

туды цяпер твой шлях адзін.

Цябе й асудзяць вельмі строга,

твой нечуваны грэх цяжкі.

Скарыся, грэшніца, прад богам,

прызнай злачын сваёй рукі!

Стаіш ты на парозе ў небыт,

узваж учынкі ўсе свае.

Пакайся тут людзям і небу,

апошні час твой настае...

 

Браніслава

Я ўсё сказала, панскі лёкай,

і ведаю, ты добра чуў.

Не псярня ваша, свет шырокі

стаіць прывабай уваччу.

Мне шкода сцежак і дарожак

на роднай, любай старане.

Мне шкода квет — нагой варожай

затопчуць іх, як і мяне.

На тыя сцежкі, на дарожкі

я толькі, толькі узышла.

А з квет духмяных і прыгожых

сабе вяночак не звіла.

Вяночак мой з пакуты звіты

і перавязаны тугой.

І кветкі ў ім усе абліты

маёй нявіннаю крывёй.

Муруйце, муляры, найлепей —

гасцінцам вас надорыць пан.

Мой заклік вапнай не залепяць,

ён скалыхне яшчэ курган...

Вы нашу радасць адабралі,

замуравалі ў камяні,

вы шчасце наша ў гразь стапталі,

ператварылі ў ночы дні...

Замест вясёлае бяседы

у хатах бедных — слёзы, стогн,

сусед не ходзіць да суседа.

За ўсё за гэта вам праклён...

Муруйце вышай слуп каменны,—

не гэта будзе вам самім.

Яшчэ на свеце будуць змены,

сусвет з’іначыцца зусім...

На вашы могілкі не гляне

ніхто з спагадаю, ніхто.

Адпомсцяць вам за ўсё сяляне,

аж здрыганецца сам прастор...

За ўсе крывавыя банкеты,

за здзірствы з бедных і сірот —

цераз абшары ўсяго свету

вас праклінае мой народ!

 

Людзі

На вас праклён!

На вашы дзеці!

На вас, праклятыя паны!

Хай вам і сонейка не свеціць!

Па смерці вам не знаць труны!

 

А гайдукі ляталі вокал,

тапталі, білі з-за пляча.

А пан здзічэла ўсё галёкаў,

манах напуджаны крычаў.

 

Манах

Паночку! Сціснуць яе ў камень,

няхай пазнае там праклён...

 

Пан

Прэч, псы! Не кратайце рукамі

пачатак маіх чорных дзён...

Муруйце вышай слуп каменны,

каб ён і неба дасягнуў...

Ах, божухна, куды ж я дзену

маю пякельную тугу...

Спявайце ёй, ксяндзы, спявайце,

хай загалосіць там яна...

Не люба мне усё багацце —

уцеху прынясе труна...

 

Станіслаў

Заслона ў небыццё раздзёрта,

пакайся, грэшніца, прад богам...

 

Xор

На веч-ны ад-па-чын...

 

Пан

Спявайце ёй: і цераз камень

я супакою ёй не дам...

Прэч, псы! Не кратайце рукамі...

Яшчэ вышэй расце бяда...

 

Людзі

На вас праклён...

На вашы дзеці...

На вас, праклятыя паны...

Хай вам і сонейка не свеціць!

Па смерці вам не знаць труны...

 

1929

 

 

ЭПІЛОГ

Казаў паэт вялікай славы:

«Іх вораг знішчыў, ды не змог».

Замардавалі Браніславу,

замуравалі ў камянёх.

А вобраз чысты і яскравы

замураваць ніхто не змог.

У нашы дні прыйшлі дзяўчаты,

якіх не замуруе пан,

якія нішчылі гранатай

і не адзін варожы стан.

А дні мінуўшчыны праклятай

навекі пахаваў дзірван.

На вольных гонях, вольным роем

праходзіць моладзь наша ў свет

і, адмятаючы старое,

да шчасця пракладае след.

Адпомсцілі даўно героі

за гаркату адвечных бед...

1958


1929; 1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Дубоўка Уладзімір. Выбраныя творы ў двух тамах. Т. ІІ. Паэмы, балады, казкі. Мінск, "Беларусь", 1965. - 432 с.
Крыніца: скан