epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Дубоўка

Перад іменем Любові

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17


 

1

На апошні сігнал зварухнуўся цягнік,

як нацятая туга спружына.

Семафоры зялёныя ўзнеслі агні

у карунках сталёвых пражылін.

 

Трапыхнуліся хустачкі, кветкі ў руках...

Засталіся яны на пероне...

А спружына, нацятая туга на шлях,

і пайшла — у магутным разгоне...

 

Цераз наспы, масты, у няспыннай хадзе,

калыхаючыся на заваротах,

і людзей — ад людзей,

і людзей — да людзей,

і лагоду вязе, і турботы...

 

Наабапал вясна без ніякіх брыжоў,

зеляніна навокала, кветкі.

Гэта май праз зямлю праз усю перайшоў

і аздобіў красою палеткі.

 

Паміж кветак усіх адшукаў ён адну:

пазлацістыя ключыкі нашы.

Неба сіняе ключыкамі адамкнуў,

іх ля цёмнага лесу набраўшы.

 

І тады разліліся над нашай зямлёй

цеплыня, хараство і пяшчота.

Зазванілі крыніцы люстранай вадой

на каменні, карэнні, ў чаротах.

 

І тады заспяваў неаглядны прасцяг,

песня тая — сама навальніца!

А цягнік наш, набраўшы магутны размах,—

ён імклівіць, імкнецца, імчыцца...

 

2

Усміхнулася ветла суседка мая:

«Ўсё глядзела б... глядзела... глядзела...

Гэта ж нашы яны — і краса, і зямля,

гэта ж песня — для нас празвінела...

 

Гляньце толькі на гэны калінавы куст —

ён вяночкамі ўсцяж ператканы.

Самы лепшы і самы патончаны густ

тут не знойдзе ніякай заганы.

 

Вы заўважце: паветра як водар нясе,

колькі ў ім асалоды дзівоснай —

і чабор, і душыца, і зёлкі усе,

што даюць нам цудоўныя вёсны!..

 

А сасонкі стаяць, а сасонкі шумяць,

шалясцяць, і гудуць, і гамоняць...

Толькі жыць, толькі жыць, не ўміраць,

хай было б яно вечным Сягоння...

 

Лепш пануе няхай на зямлі супакой

і лагода пануе на свеце,

каб прыдбанае нашай працоўнай рукой

спажывалі мы самі і дзеці...

 

Не падумайце, што выхваляюся я:

я пры смерці была неаднойчы.

І не толькі каб я, але наша сям’я

чорнай смерці глядзела у вочы.

 

Я ў блакадзе была, ў Ленінградзе была...

Вось чаму я — за вечныя вёсны!

Каб і песня звінела, над светам плыла,

рассыпала духмяныя росы»...

 

3

...«І тады, як цяпер, красавала зямля,

красавалі і ліпы ў тым часе.

Як навала якая, як пошасць, маўляў,

люты вораг з заходу прымчаўся.

 

Ён паліў, вынішчаў, біў без літасці ўсіх,

біў жывое і біў нежывое.

Ён пакорных шукаў, а знайшоў тут такіх,

ад якіх налажыў галавою...

 

Вось у час той цяжкі, незвычайна цяжкі,

я з сям’ёй і жыла ў Ленінградзе.

Спраў хапала для кожнай сумленнай рукі:

муж — на фронце, а я — ў санатрадзе...

 

Пра жыццё — не кажу, бо напісана шмат

і ў таўстых, і ў танюсенькіх кнігах:

на руінах змагаўся тады Ленінград

і змагаўся на ладажскіх крыгах.

 

Жалю многа на сэрцы, і быццам няма —

гэта толькі ўспамін пра былое.

Ці ж не так нам сігналіць з туману маяк,

каб не трапіць на гора другое?

 

Але ж я дакажу вам прыгоду сваю.

Муж — на фронце, а я — ў санатрадзе.

І лячу, і парады я хворым даю...

Хто ж самой мне ад сэрца парадзіць?

 

Я цяжарнай была; я чакала дзіця,

а цяжар мой не менш, чым падвойны.

Я павінна была даць жыццё для жыцця.

Вось адкуль ён і смутак няўгойны»...

 

4

...«У радзільны прытулак прыйшла я сама.

Гэты дзень не забуду ніколі.

Вораг біў і крышыў, камяніцы ламаў.

Тынк ссыпаўся на ложкі са столі.

 

І пад музыку тую гармат і сірэн

першы дзень свой спаткала дачушка.

Я тулілася з ёй на руках каля сцен:

тынк — ссыпаўся ён і на падушкі...

 

Парушаючы звычай дакторскі стары,

ўрач сказаў мне са шчырасцю горкай:

«Або вы — ці яна, хтось, напэўна, згарыць.

Што рабіць! Не паможаш гаворкай...»

 

«Мілы доктар! За спогад удзячна вам я,

памагае і добрае слова.

Не забудзьце:

Расія — Айчына мая,

а яна —

поўна сілы жыццёвай!

 

Я ў маленстве сама каштавала бяды,

ела хлеб і з аленяга моху.

Мне бываў малаком кубак зімнай вады,

а ўзрасла я —

без ахаў і охаў...

 

Будзе цяжка напэўна,

ды я і яна

пражывём, адшукаем і сілу!

Гэта ж ворага б’е наша ўся старана,

значыць — хутка ён ляжа ў магілу»...

 

5

...«Як жыла, як сваю гадавала дачку,—

я не буду казаць вам пра тое.

Дамагалася толькі пра мужа пачуць,

бо ля сэрца віло непакоем.

 

І аднойчы прынеслі жалобны пакет:

«Лёг навекі ў баі за Айчыну...»

Стаў мне цесны адразу шырокі сусвет,

стала цемра сцяной прад вачыма...

 

Пад нагамі зямля, быццам хвалі, плыве

і гайдае то долу, то ўгору...

Шум нялюдскі з’явіўся ў маёй галаве,

а ўваччу — прамяністыя зоры...

 

Вось, здаецца, хвіліна — і прыйдзе канец,

і на свеце няма мяне болей.

Сапраўды, я магла ад жуды скамянець,

скамянець ад жалобы і болю...

 

Ды дачушка мая ўратавала мяне:

падала яна голас у час той.

Уваччу неяк стала відней і відней,

пачала і рукамі я шастаць...

 

Падышла да калыскі, на рукі ўзяла,

да грудзей дзіцянё прытуліла...

І з’явілася ў іх, як калісьці была,

незвычайная, ўпартая сіла.

 

«Не! Мой любы жыве, ды і мы будзем жыць.

Гэта так і не будзе іначай!»

Хоць стаяла ў той хвілі на самым брыжы,

не было

ані слёз,

ані плачу»...

 

6

...«Самалёты ішлі з дапамогай да нас,

вывазілі слабейшых з блакады.

Давялося і нам у прызначаны час

курс на Волагду ўзяць з Ленінграда.

 

Там калісьці была і аселасць мая,

я і трапіла ў хату да маткі.

Тры жанчыны сышліся — адразу сям’я,

пачаліся другія парадкі.

 

А мой муж? Раскажу я цяпер пра яго:

з бітвы ён не прыйшоў на паверку,

бо крануцца не мог, бо падняцца не мог:

хоць не згасла жыццё, але змеркла»...

 

7

...«А было гэта так. Ён у бойку хадзіў,

як і ўся яго рота хадзіла.

Білі ўпарта яны, і праз колькі гадзін

вораг змогся, а страціўшы сілы,—

 

адышоў, дачакаўшыся ночы, назад,

дзе і стаў за агонь і за доты...

Палягло там нямала і нашых салдат,

быў паранены муж мой смяротна.

 

Хто астаўся жывы — заявіліся ў штаб,

расказалі пра бой, пра герояў.

І пра мужа ў тым ліку, як вёў ён атрад

і як біў да апошніх набояў...

 

І што бачылі самі, як болей не ўстаў,

як скасіла яго з аўтамата...

Гэта — праўда была. Ён і лёг ля куста,

ён і лёг там — салдат ля салдатаў...

 

Трапіў ліст мой да штаба у самы адбой,

а ў лісце ж я прасіла вядомку...

Мне і далі адказ, што мой муж, як герой,

лёг за шчасце жывых і патомкаў»...

 

8

...«Снег ішоў. Пачынаў засыпаць, закрываць,

засцілаць пеляной, абрусамі

поле бітвы і тых, што на полі ляжаць

і што больш не падымуцца самі...

 

Цераз поле ішоў у пакуце цяжкой

пакалечаны, ранены воін.

Падпіраўся ён стрэльбай слухмянай сваёй...

Зачапіўся за мужа майго ён...

 

Заваліўся праз цела, а муж — застагнаў...

«Ты жывы, брат? Чакай жа, чакай жа!

Нам з табою сцяжынка цяпер, брат, адна:

ці устанем абодва, ці ляжам...»

 

Перамучыўся той, абмятаючы снег:

быў дужэйшы і сам ненамнога.

А майму ўсё здавалася, быццам у сне,

што збіраецца ён у дарогу...

 

«Ну! Цяпер ты — салдат, хоць ідзі на парад!

Падымайся, пайшлі памаленьку!»

Ды не можа падняцца вось гэты салдат:

неслухмянымі сталі каленкі...

 

Просіць муж, просіць:

«Брацятка мой!

Не пакінь ты мяне тут на згубу!

Падымі ты мяне, можа, дойдзем з табой,

я ніколі цябе не забуду»...

 

Уздыхнуў той і цяжка:

«Не дойдзеш са мной,

ад мяне дапамога малая!

І нага сапсавана, і правай рукой

я, на ліха, бадай не ўладаю...

 

Ды нічога! Трымайся, цярпі яшчэ, брат!

Не пакіне жывы ды жывога!

Абы толькі як-небудзь дайсці мне ў санбат —

будзе зразу табе дапамога...

 

Я адну табе толькі параду даю:

варушыся, наколькі магчыма,

бо мароз пачынае работу сваю,

нерухомы — замерзнеш, хлапчына»...

 

І пайшоў цераз поле ў пакуце цяжкой

пакалечаны, ранены воін...

Падпіраўся ён стрэльбай слухмянай сваёй,

азірнуўся на мужа майго ён...

 

Муж астаўся чакаць, а на думцы адно:

«Калі прыйдуць, а як адшукаюць?

Гэта ж ноч, гэта ж нейкае чорнае дно...

І яна ж мяне недзе чакае»...

 

9

...«Снег ішоў ды ішоў. І засыпаў зусім

майго мужа, як коўдрай ватовай.

Куст адзін і гайдае галінкі над ім,

як пастаўлены кім для аховы...

 

Каб не снег, на марозе б, напэўна, застыў —

гэта ж ноч, а зямелька — як камень...

Перад ранкам пачулася:

«Вось і кусты,

недзе ён і ляжыць пад кустамі...

 

Эх ты, браце! Укрыўся ты коўдраю як!

Ад мяне не схаваешся — дзе там!

Я ж прыродны чалдон, я, браток, сібірак!

Я і ноччу патраплю на мэту»...

 

Аказалася што?

Адшукаўшы шпіталь,

дзе зрабілі яму перавязкі,

ён, знясілены сам, ды трывалы, як сталь,

санітараў павёў шчырай ласкай...

 

На насілкі паклаўшы, панеслі яны...

Як данеслі? І гэта ж — дзівосы:

грукаталі над імі, ля іх перуны,

не адзін па адным, але стосам...

 

Несучы, да зямлі прыпадалі не раз,

па дарозе — хапала выбоін...

І дайшлі, і данеслі...

Затым і не згас,

хоць і быў каля смерці самой ён»...

 

10

...Дзе ж ён, той сібірак? Да тайгі ён дайшоў?

Ён палюе там собаля, векшу?

Як хацелася б гэтых пабачыць сяброў:

самых сціплых і самых найлепшых!

 

Цераз Нёман, Дняпро, цераз Волгу і Дон —

праз усе найглыбейшыя воды —

хай ляціць маё слова за імі ўздагон,

прывітанне нясе ім з заходу.

 

Дарагія мае, залатыя мае!

Я пра вас не забуду ніколі.

Чалавек чалавека найлепш пазнае

у пакуце цяжкой і нядолі.

 

Як бы добра з такімі спаткацца ізноў!

Ды яны разышліся

па нашай Савецкай Айчыне...

Слава ёй! —

Меўшы гэткіх цудоўных сыноў,

аніколі яна не загіне!..

 

11

...«Не сабраць у адно чорных думак сваіх:

я — у Волагдзе з Таняй малою.

Муж, нядаўна закрэслены ў спісах жывых,

пачынае пытацца:

«А што там з сям’ёю?»

 

І ні я пра яго, і ні ён пра мяне

ў гэтым часе нічога не зналі...

Гэта ж морскія хвалі: адна праміне —

набягаюць інакшыя хвалі...

 

Адрасаты мяняліся ў нашых дамах

пасля кожнай штодзённай бамбёжкі.

Быў вось толькі нядаўна — і раптам няма,

а няма — да апошняе крошкі...

 

Вылятаючы ў Волагду, дваццаць мінут

на выборы я мела усе там.

І каму б я сказала, што там, а не тут

я з дачкой

і

з жалобным пакетам?..»

 

12

...«Доктар мужа пытае:

«Ну як, мой герой,

адчуваеце? Хутка на ногі!»

У адказ жа адно:

«Што з маёю сям’ёй?

А чаму ў маім сэрцы трывога?»

 

Памаленьку, а доктар і вышукаў ніць:

дапытаўся пра Волагду, маму.

А пасля — над прасторам бязмежным ляціц

запытальная радыёграма:

«Муж шукае сваю залатую Любоў...

Ён — жывы. Ці жывая яна дзе?»

І дайшла тэлеграма да нашых краёў,

не згубілася на апараце»...

 

13

...«Я — таксама ляжу. Я да сэрца тулю

і дачку, і ўспаміны, ўспаміны...

Я гарую за родную нашу зямлю, але ж ён...

Дзе мой любы, адзіны?..

 

Я і сплю, я і ем — для дачкі,

каб яна

мела такжа і сон, і мацунак...

Добра знаю — ў Айчыне не буду адна,

але ж як ты пазбудзешся думак?

 

А яны — набягаюць, падходзяць, ідуць

і варушаць, кранаюць за сэрца...

А яны і ўначы не спыняюць хаду,

а за імі ж — і сэрца імкнецца»...

 

14

...«Пачынае здалёку матуля мая:

«Не гаруй ты, дачушка, дарэмна...

Колькі тут між людзей пераслухала я...

Гэта ж час не звычайны — ваенны...

 

От, напішуць каму, што забіты ў баю,

а ён, бачыш, паранены цяжка:

ці ў палон пападзе, ці ў бальніцу сваю...

Гэта ж — лёс, гэта — лёсава ласка...»

 

«Ты не катуй мяне, ты мяне не трудзі,

бо і так ператруджана ўся я...

Ты мне ясна скажы, дай адказ мне адзін:

ёсць вядомка? Вядомка якая?..»

 

Ну — у слёзы яна... Дастае з рукава,

падае мне паперы кавалак...

Свеце мілы мой! Хто ж бы тут толькі стрываў.

Вось тады — дык і я не стрывала...

 

Вы паверыце мне, дарагі мой сусед,—

я вас, можа, ў жыцці не пабачу —

я тады, атрымаўшы жалобны пакет,

чорны смутак піла свой без плачу...

 

А цяпер — не стрымалася я аніяк,

мае слёзы — прамылі б і камень...

І смяялася я, галасіла, ды як —

як над Нарачам чайка якая...

 

Цалавала дэпешу, матулю, дачку...

А пасля — цалавала... дэпешу...

Гэта ж радасць такая адна на вяку:

ён жывы, для мяне ж ён мілейшы»...

 

15

...«Што пасля? Я ізноў пабыла на вайне,

а дачка засталася з бабуляй.

Муж — ён, можна сказаць, толькі бачыў мяне —

і пайшоў, абмінаючы кулі...

 

Я — спынілася ў Празе, а муж мой — далей,

ён бываў і за самым Берлінам...

А спаткаліся... ў Мінску. Сям’ёй — весялей,

што балела — цяпер успаміны...

 

Вось дачушка, якой адмаўлялі ў жыцці...

Памятаеце, доктар прарочыў?

Ён ад шчырасці раду жадаў мне знайсці,

але ж матчыны — лепшыя вочы?..»

 

16

...«Вам цяпер зразумела, чаму праз акно

я так прагна гляджу на ваколле?

Як з найлепшай лазы вінаграднай віно —

водар гэты радзімага поля.

 

А у ім — і чабор, і душыца, і кмін,

і усе незлічоныя зёлкі.

Ён чаруе мяне незраўнаннем сваім,

як чаруе барвовасць вясёлкі.

 

А сасонкі стаяць, а сасонкі шумяць,

шалясцяць, і гудуць, і гамоняць...

Толькі б жыць, толькі жыць, не ўміраць...

Свеце мілы, дай вечнасць Сягонню!

 

Хай пануе на нашай зямлі супакой

і лагода пануе на свеце,

каб прыдбанае нашай працоўнай рукой

спажывалі мы самі і дзеці»...

 

17

Гераіня ты нашага часу і дзён,

без парфумы на слова ці справу...

І не дзіва, што з тысяч усякіх імён

табе далі — Любоў —

і

па праву.

 

І таму ты ў агні не згарэла, Любоў,

не загінула ў бойках, блакадзе —

бо найлепшае ўсё ад жанчын спрадвякоў

лёс сабраў,

даў табе

і

суладзіў.

 

Хараством —

не пакрыўджана ты аніяк,

дабраты —

сэрца шчырае поўна.

А на постаць —

мілей

ты

ўсялякіх крыўляк,

хоць на іх і прыгожая воўна...

 

Не зраклася ты друга свайго і тады,

калі лёс выкрасляў яго імя,

а ўзмацняла яго, бо лунала над ім

летуценнямі ўсімі сваімі...

 

Памагаеш, наколькі хапае памог,

калі любіш — дык любіш да рэшты.

І за модную сукню ці пару панчох

ні сябе, ні яго не грызеш ты...

 

Чэрствы хлеб запівала сцюдзёнай вадой,

на акрасу — знаходзіла жарты...

Калі што,

калі як

і было са слязой,

той слязы —

дыяменты не варты!..

 

Так і пойдзеш ты з другам —

рука

аб руку

цераз радасць, пазбыўшыся гора.

Так і пойдзеш, Любоў залатая,

пакуль

з намі ясныя зоры гавораць.

І за мукі твае,

і за радасць тваю,

і за ўсіх тых —

сардэчных і ветлых —

я табе прысвячаю аповесць сваю,

кленчу я перад іменем светлым...

 

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Дубоўка Уладзімір. Выбраныя творы ў двух тамах. Т. ІІ. Паэмы, балады, казкі. Мінск, "Беларусь", 1965. - 432 с.
Крыніца: скан