epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Дубоўка

Сляпы баяніст

1
2
3
4
5


 

1

Сын пакуты цяжкой

і пакутнай нядолі,

ён не бачыў

яснага сонца

ніколі.

 

Ён не бачыў

на матчыным твары

усмешкі.

Толькі вобмацкам мог ён

знайсці сваю сцежку.

 

Ён нічога наогул

не бачыў на свеце.

Не гуляў і не бегаў,

як іншыя дзеці.

 

Добра слухаць умеў ён,

і слухаў пра тое,

як вандруе па свеце

гора людское

 

і якая для радасці

сцежка малая

у жыцці нашым часта

на свеце бывае.

 

Кожны спеў кожнай птушкі

ён слухаў і ведаў,

як і рыпы асверу

ці брамы ў суседа.

 

Гоман пушчы

ці шэпты трысця над вадою

лепш, чым самы відушчы,

ён ведаў затое.

 

За калецтва яго,

за нядолю цяжкую

лёс яму даў на долю

здольнасць такую,

 

што музыкам ён стаў,

ды такім знакамітым,

над якога няма,

хоць да Мінска прайдзі ты.

 

А іграў на ўсялякай

музычнай прыладзе,

толькі возьме,

да сэрца прытуліць

ды сядзе.

 

Так іграў,

што струна са струной

размаўляла,

хоць на скрыпцы самой,

хоць на звонкіх цымбалах.

 

Быццам хвалі марскія,

ўзнімаліся гукі,

калі браў ён

баян галасісты у рукі.

 

Ад Сянна і да Лепеля

зналі музыку —

быў усюды ў людзей

у пашане вялікай.

 

На вяселлі гукалі,

ці з добрага раю.

Хто другі калі-небудзь

вось так заіграе?

 

2

Накацілася з захаду

чорная хмара,

а за чорнаю хмарай —

рабункі, пажары.

 

Распаўзліся навокал

фашысцкія орды,

каб зняволіць наш край,

вальналюбны і горды.

 

Падняліся

народныя мсціўцы

са зброяй,

падняліся усюды

на помсту героі.

 

Білі ў лесе,

на рэйках,

у чыстым полі,

каб не ўстаў той вораг

болей ніколі.

 

За калючым дротам

хаваўся вораг,

быццам хіжы звер,

панакопваў норак.

 

А музыка хадзіў

па вёсках забраных

са сваім дружбаком,

са сваім баянам.

 

Быццам хвалі марскія,

ўзнімаліся гукі,

калі браў ён

баян галасісты у рукі.

 

І насілі надзею

ад краю да краю,

што загіне напэўна

варожая зграя.

 

3

У фашысцкія лёхі

прыгналі музыку,

як пачулі пра талент ягоны

вялікі.

 

— Заіграй нам,—

гавораць,—

мелодыю тую,

за якую цябе

у народзе шануюць.

 

Падвялі, пасадзілі музыку

на лаве.

Як належыць баян свой

музыка паставіў

 

ды як даў

па усіх галасах-падгалосках,

каб пачулі яго

ў гарадах і па вёсках:

 

«Паўстань, пракляццем катаваны,

Паўстань, хто з голаду век пух!»

 

Дык, як гады,

зусім спруцянелі фашысты,

рты раскрыўшы, глядзелі

на таго баяніста.

 

Потым гойкнуў адзін,

што аж рэха наўцекі:

—Ты замоўкнеш, пракляты,

сягоння — навекі!

 

Неадкладна павесіць

з мяцежным баянам!

На тым свеце

іграе няхай

партызанам...

 

4

Ухапілі музыку

адразу пад рукі,

пацягнулі музыку

на цяжкія мукі.

 

Дзве пятлі

на дубовым суку зрыхтаваны:

для музыкі адна,

а другая —

баяну.

 

Запыталіся каты ў музыкі

пры гэтым,

што хацеў бы сказаць ён

на ростанцы з светам?

 

— Аніякіх не маю

вялікіх жаданняў,

заіграць мне дазвольце

разок

на баяне.

 

Прытуліў да грудзей ён баян гаманлівы.

Паплыло, быццам хвалі,

праз пушчы і нівы:

 

Беларусь ты мая дарагая!

Край любімы ты, родны мой!

Хоць мяне з табой разлучаюць,—

не разлучаць ніколі з табой!

 

Твае ясныя вочы мне свецяць,

калі свету не маю ў вачах.

Не загіну ніколі на свеце,

узышоўшы на зорны твой шлях.

 

Беларусь ты мая дарагая!

Край любімы ты, родны мой!

Хоць мяне з табой разлучаюць,—

не разлучаць ніколі з табой!

 

5

За высокім курганам ішлі партызаны

і пачулі той голас жалобны баянаў.

Паднялі яны зброю сваю баявую

на фашысцкую зграю праклятую тую.

І не стала на свеце

фашысцкай той зграі,

а музыка іграў

і цяпер нам іграе...

 

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Дубоўка Уладзімір. Выбраныя творы ў двух тамах. Т. ІІ. Паэмы, балады, казкі. Мінск, "Беларусь", 1965. - 432 с.
Крыніца: скан