epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Дубоўка

Закладалі падмурак дзяржавы сваёй...

1
2
3
4
5
6
7
8
9


 

Прысвячаю А. Я. Пракапчуку

 

Закладалі падмурак дзяржавы сваёй

мы нядаўна, ў семнаццатым годзе.

А здаецца, прайшлі, прашумелі над ёй

не гады, а сталецці, стагоддзі...

Перайначана ўсё ад нізоў да вярхоў,

і старыя парадкі забыты.

На камандныя вышкі рабочы ўзышоў,

не сярпы, а камбайны жнуць жыта.

І міністр, і прафесар, і маршал сівы —

гэта ж нашы:

з завода ці з вёскі.

Яны з намі хадзілі касіць паплавы

ці рыбачылі невадам морскім.

На заводзе Пуцілаўскім быў не адзін

ці змагаўся ў балотах, у пушчах —

за свабоду і шчасце савецкіх краін

і за Ленінскі сцяг неўміручы.

Наша гордасць і слава у іх сівізне,

і за нас прынялі яны раны,

каб свяціла і сонца над намі ясней,

каб не зналі ніколі мы пана.

І пра кожнага з іх, пра змаганне яго

трэба песні складаць ці паэмы.

Бо і ў кнізе, бывае, не знойдзеш таго,

што яны падымалі бярэмам.

Акадэмік стаіць... Беласнежны халат...

А тады, ў дзевятнаццатым годзе,—

на Палессі вадзіў партызанскі атрад,

з карабінам хадзіў у паходзе...

 

1

Дзевятнаццаты год быў нялёгкі для нас.

Кожны дзень у крывавых водблісках гас.

І зару на світанні дым засцілаў,

бо у кожным куточку вайна была.

Білі ворага дружна, як толькі хто мог,

не давалі прайсці цераз наш парог.

Спатыкалі штыхамі нязваных гасцей,

засталося нямала тут іхніх касцей.

І дзівіўся замежны збянтэжаны пан:

нечуваная сіла ў рабочых, сялян!

Біў паноў і Андрэй — камандзір, камісар,

вызваляў, бараніў паднявольны абшар.

Хутка вораг пазнаў пра яго і атрад,

за яго галаву даў бы вельмі ён шмат,

ды пасаджана добра на плечы яна,

вось у гэтым для іх перашкода адна...

Заставаўся Андрэй са сваёй галавой

і вадзіў, як вадзіў, сваю конніцу ў бой.

 

2

Напрадвесні прыйшоў да Андрэя загад

перадаць неадкладна другому атрад,

а самому прайсці цераз фронт, за кардон,

заснаваць там гурткі і паўстанцкі заслон.

Заняла перадача не многа мінут.

Мільгануў у паветры на шаблях салют.

— Развітальны салют прынімай, брат, Андрэй,

зноў вяртайся ў атрад, ды вяртайся хутчэй! —

Зняў ён шаблю з сябе, зняў сваёю рукой,

і узнёс ён яе над сваёй галавой:

— Бараніла мяне бездакорна ўсягды,

вызваляла мяне неаднойчы з бяды.

Будзь такой, як была, і ў маіх дружбакоў...—

Перадаў. Адвітаўся. На захад пайшоў...

 

3

Напрадвесні і ў пушчы не многа красы:

толькі вецер шуміць на усе галасы

ды сухая трава шалясціць каля ног,

пад нагамі амшарны ўгінаецца мох.

Зоры сціпла з вышынь пазіраюць на свет,

ноч укрыла прастор і сцяжынкі усе,

распасцерла над сцежкамі цьмяны пакроў

і прыцьміла ім вочы варожых стральцоў.

Перайшоў, праслізнуў ля варожых застаў.

Не заўважыў дазорац, а можа, і спаў...

Перайшоў аж да Пінска Андрэй цераз ноч,

а на золку пастукаў да сябра ў акно...

Там пачаў ён выконваць партыйны загад,

рыхтаваць да паўстання ў Палессі атрад...

 

4

Красавік на спатканне да мая ішоў.

Каля Пінска Андрэй пазнаходзіў сяброў.

Заснаваны і штаб, заснаваны гурткі:

запалае ўвесь край, толькі іскрынку кінь!

Хлопцы радзяць Андрэю:

— Ідзі на усход.

Нешта сталі таўчыся шпікі ля варот.

Зробім самі мы ўсё у прызначаны час...

— Не,— адказвае ён,— заначую у вас.

Заўтра ўсё я дакончу, а змрокам пайду...—

Не чакаюць бяду, не шукаюць бяду:

яна ходзіць сама ад акна да акна,

яна ходзіць сама — ад цямна да відна...

 

5

Прыбягае да пана паручніка шпік:

— Ходзіць, пане паручнік, у нас бальшавік.

Што, чаму і зачым — не дазнаўся ніяк.

А чаму бальшавік — бо падраны армяк

і такія палючыя вочы ў яго,

што, як толькі зірне, аж палае агонь.

А тым больш, я ніколі не бачыў такіх.

Ён завулкам пайшоў, каля самай ракі...—

Засмяяўся паручнік:

— Дурны ты, дурны!

Калі будзем збіраць мы усе лахманы,

дык не хопіць астрогаў ніякіх для іх...—

Але ўсё ж ткі паклікаў дазорцаў траіх

і аддаў ім кароткі і жорсткі загад:

— Забярыце таго і адразу назад.

 

6

Супакойна Андрэй цераз грэблю ішоў,

а яго абступілі адразу з бакоў.

І абапал — яны, і абапал — рака,

як прыдумаў хто пастку для бальшавіка...

 

7

Пан паручнік пытаўся, дапытваўся, кат:

— Адкажы, дзе стаіць бальшавіцкі атрад!

Я здзяру з цябе скуру ад пят да вушэй!..—

І сказаў яму праўду у вочы Андрэй:

— Бальшавіцкі атрад — гэта ўвесь наш народ.

Не хаваецца ён. Выступае ў паход.

Ён змяце вас усіх, расцярушыць ваш стан,

бо народ — не атрад, гэта —

сам ураган! —

Аж заскрыгаў паручнік зубамі, збялеў.

— Ты насмеліўся так мне адказваць, пся

крэў...—

Заматалі Андрэю вяроўку ля ног,

пацягнулі Андрэя праз панскі парог,

а шляхетны паручнік, сваёю рукой,

на суку і павесіў уніз галавой...

А пасля — пачалі...

пачалі...

пачалі...

Ды чаго не бывала на нашай зямлі!

 

8

Што далей адбылося — падобна на сон:

пан паручнік «да лясу», за ім — уздагон

наляцеў, як віхор, наш, чырвоны, атрад:

ён прыйшоў падмацоўваць партыйны загад.

І не стала адразу тых катаў усіх,

пан паручнік таксама навекі заціх.

А вяроўкі парэзаў таварыш хутчэй

той жа шабляй, з якой развітаўся Андрэй.

Падхапілі Андрэя на рукі сябры...

 

9

І жыве ён, Андрэй, аж да гэтай пары.

Толькі скажа, спаткаўшы сяброў баявых:

— Не забудзем ніколі мы сцежак лясных.

 

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Дубоўка Уладзімір. Выбраныя творы ў двух тамах. Т. ІІ. Паэмы, балады, казкі. Мінск, "Беларусь", 1965. - 432 с.
Крыніца: скан