Уладзімір Юрэвіч

Беларускія прозвішчы

А
Б
В
Г
Д
Е,Ё
Ж
З
І
К
Л
М
Н
О
П
Р
С
Т
Ф
Х
Ц
Ч
Ш
Ю
Я


З таго, што бытуе ў Беларусі

 

А

 

Аблавушка.

Насіў чалавек шапку з вушамі, што аблавушкай называюць. Гэтак і чалавека таго празвалі, прозвішчам запісалі не надта гучным.

Абмётка.

Назва галаўнога ўбора для жанчын — намітка, намётка, абмётка, што намотваецца як ручнік на галаву, лягла ў аснову мянушкі, а пасля стала прозвішчам.

Абраменя, Абрамчук.

Ад старажытнагабрэйскага біблейскага імя Абрам, як называлі найстарэйшага і найвышэйшага бацьку. Пазней гэтае імя перавандравала ў хрысціянскую біблію, але ўжо як Аўраам. І ад яго ўтвораны прозвішчы Аўрамчык, Аўрамка.

Абух, Абуховіч, Абушок, Абушкевіч, Абушэнка.

Пашыранае прозвішча, якое давалі леснікам за тое, што яны за поясам трымалі сякеру з абушком. Гэтым абушком выстуквалі дрэва — сухастойнае яно ці здаровае.

Агеявец.

Паходзіць ад імя Агей. Прыйшло ад старажытнагабрэйскага імя Хаггай, што азначае святочны чалавек, увесь у весялосці. Суфікс -ец характэрны для гэтай групы беларускіх прозвішчаў, што паходзяць ад імя ці занятку асобы: Верхавец — той, што ездзіць верхам на кані, конна; Кравец — па-сучаснаму закройшчык, які ўмее кроіць і шыць адзенне; Дубавец — дужы, магутны, як дуб; Агеявец — весялун, хто ўмее весяліць сябе і іншых, цяпер бы назвалі зацейнікам, завадатарам. Значыць, правільна прозвішча трэба пісаць Агеявец, каб націск пры вымаўленні падаў на апошні склад, тады ў пераднаціскным з'явіцца неабходнасць напісаць і вымавіць -я-.

Адамовіч.

Тыпова беларускае прозвішча, утворанае ад бацькавага імені Адам. Сям'ю Адама называлі Адамовічамі, так, як сям'ю Лявона — Левановічамі, а сям'ю Паўла — Паўловічамі і г. д. Само ж імя Адам мае біблейскае паходжанне ад старажытнагабрэйскага слова хаддам, што значыць першы чалавек.

Адзінец, Адынец.

Такое прозвішча давалі чалавеку, які жыў адзін, без сям'і або калі было адно дзіця.

Азімы.

Такое прозвішча атрымаў той, хто нарадзіўся да зімы. Прозвішча гэта пашыралі за кошт канчатка — Азімаў.

Ажгірэй.

Сустракаецца ў нас і такое прозвішча, утворанае ад татарскага слова ажгыру — злавацца, раззлавацца. Злому, сярдзітаму давалі такую мянушку.

Аксютчык.

Прозвішча гэтае паўтарае імя ў яго размоўнай, памяншальнай форме — Аксён, Аксюта, Аўксенці. Прыйшло імя з грэчаскай мовы, дзе ўтворана ад слова ауксана, што значыць расці.

Алейнік.

Прозвішча такое давалі таму чалавеку, які гнаў алей з ільнянога ці канаплянага семя. А яшчэ ўтварыліся прозвішчы Алейнікаў, Алейнічэнка.

Алексяевіч.

Утварылася ад імя Аляксей, чыіх сыноў і дачок ужо называлі Алексяевічы, тое самае, што імя па бацьку Аляксеевіч, а каб надаць гэтаму імю значэнне прозвішча зрушвалі націск на адзін склад — атрымлівалася Алексяевіч.

Альфер, Альфяровіч, Аліхвер, Аліфен.

З грэчаскай мовы прыйшло імя Алаферн, утворанае ад слова алафернас, што значыць ясны, зразумелы, увесь на віду. Імя гэтае скарацілася спачатку да Альфер, а потым стала проста Аліхвер, узяўшы на сябе ролю прозвішча. Пазней утварыліся яшчэ прозвішчы — Аліфярэнка, Альфяровіч, Альфяроўскі.

Альхавец, Альховік.

Такое прозвішча давалі чалавеку, які пасяліўся побач з алешнікам, зараснікам альхі. А яшчэ — Алешнік.

Аляневіч, Еляневіч.

Ад жаночага імя Алена (Елена) утворана, бо дзяцей аўдавелай жанчыны звалі Аляневічы (Еляневічы).

Аляшкевіч.

Утворана ад імя Алёшка, адпаведнага поўнай яго форме Аляксей (гл. адпаведнае тлумачэнне ў раздзеле «Адкуль імя?»). Аляшкевіч — гэта кожны, хто быў з Алёшкавай сям'і.

Анацкі.

Прыйшло з украінскай мовы, дзе ёсць слова онада — тое, што па-беларуску прынада, а па-расейску приманка. Трапіўшы ў беларускую мову, слова онада падпарадкавалася аканню і стала асновай прозвішча Анадзкі. У вымаўленні гук дз прыглушыўся да ц, і прозвішча прыняло новы выгляд — Анацкі. Пісаць трэба праз літару а, і па-беларуску, і па-расейску аднолькава.

Анішчык, Анішчук.

Правесці пэўную мяжу ў прозвішчах славянскага словаўтварэння цяжка, бо яно адначасова можа быць і расейскае, і ўкраінскае, і польскае, а найчасцей беларускае, як Анішчук. Пашырана найбольш на поўдні і паўднёвым захадзе — на Брэстчыне і Гомельшчыне. Паходзіць ад імя Аніс або Анісім, якое прыйшло з грэчаскай мовы і ўтворана ад дзеяслова анісіс — завяршэнне чаго-небудзь, выкананне. Людзям акуратным, старанным, спраўным, або, кажучы па-расейску, «исполнительным», давалі такое імя. Анісавых дзяцей называлі Анішчыкамі, Анішчукамі.

Апон.

Прозвішча гэтае ўтворана ад слова апона, папона — пасцілка. Пакрывала, якім што-небудзь акрываюць, апінаюць. Напрыклад, акрываюць каня на марозе, каб не застудзіўся, калі ён угрэўся моцна за дарогу. Карыстаўся гаспадар такой апонай, яму і далі мянушку Апон, якая потым была запісана і прозвішчам. А яшчэ прозвішча гэтае магло пайсці ад імя Гапон, Агафон.

Арабей, Арабейка.

Утворана ад назвы птушкі верабей. У некаторых мясцінах, пераважна на захадзе рэспублікі, называюць арабей.

Арлоў, Арол, Арлянёнак.

Паходзіць ад назвы птушкі арол, з магутнасцю, дужасцю якой параўноўвалі чалавека і давалі яму такую мянушку, каб засцерагчы яго ад розных замахаў на жыццё. Мянушка Арол стала прозвішчам, а сям'ю чалавека ўжо называлі Арловы.

Арэх, Арэхаў, Арашонкаў, Арэшка, Арэшнікаў

— ад назвы ляснога кустоўя, на якім растуць арэхі. Зараснік такога кустоўя завецца арэшнік.

Асмалоўскі.

Каб бервяно не гніло, калі яго кладуць на зямлю або ўкопваюць у яе, ставячы слупы, або забіваюць як палю, спачатку яго асмольваюць ці абвугліваюць. Чалавека, які займаўся гэтым, звалі Асмаловіч, Асмольчык, Асмалоўскі.

Аўчыннік, Аўчыннікаў.

Гэтыя прозвішчы даваліся тым, хто вырабляў аўчыны, футра авечкі.

Ашуркевіч, Ашурак

— ад слова ашкуркі, як у некаторых мясцінах называюць рызманы, абрэзкі аўчыны. Хадзіў чалавек недагледжаны, увесь у рызманах, так і ахрысцілі яго — Ашурак. Сын ужо насіў прозвішча Ашуркевіч.

 

Б

 

Бабай, Бабаеў, Бабаеўскі.

Усе гэтыя прозвішчы ад слова бабай, якое прынеслі ў Беларусь татары як ветлівы зварот да старэйшага ў сям'і, у родзе. Наогул, гэта — дзед, дзядуля, стары чалавек.

Бабёр, Бобр, Бобрык, Бабровіч, Баброў, Баброўскі

і яшчэ... Вельмі багатае гняздо прозвішчаў, у аснове якіх назва звярка бобр. Такую мянушку давалі чалавеку, каторы любіў купацца, паласкацца ў вадзе, што той бобр.

Бабіч.

Так называлі дзіця, якое нараджала сама бабка-павітуха, тая жанчына, што бабіла нованароджаных, прымала роды. Гэткая мянушка засталася прозвішчам.

Багатка, Багатко, Багацэвіч, Багацёнак, Багацкі

— усе ад слова багаты: багаты хлопец, які мае прафесію; багатая кошка, што з поўсцю у тры колеры.

Багдановіч.

Старажытнае славянскае імя Багдан (богам дадзены, пасланы) пакладзена ў аснову гэтага і іншых прозвішчаў — Багдан, Богдан, Багданчык, Багданаў...

Бадак

— ад назвы пустазелле асот (бадак) ці кветкі сталетніку, таму што яны ў калючках, нібы бадуцца, колюцца.

Бадыль.

Так у некаторых мясцінах называюць сцябло расліны, пустое ўсярэдзіне. Адпаведную мянушку давалі чалавеку, які шмат і попусту гаворыць.

Бажан, Бажанаў, Бажанок

— ад украінскага слова бажаты — жадаць. Жаданы чалавек.

Бай, Байко, Байкоў, Баеў, Байкевіч, Байкоўскі.

Такую мянушку давалі чалавеку, які любіў і ўмеў баяць, апавядаць казкі, былі і небыліцы.

Балабон, Балабан, Балабановіч, Балабаноўскі.

У некаторых мясцінах чалавека-балбатуна, пустамелю называюць словам балабон. А яшчэ балабончык — званочак на дузе, калі запрагаюць каня ў далёкую дарогу ці на свята.

Балаш, Бялаш, Белашоў, Балашкоў

— ад колеру валасоў, калі чалавек белы, святлявы, русявы. А магчыма, і ад цюркскага слова бала, што значыць дзіця. Можа, і ад украінскага білаш — белы пшанічны хлеб.

Балбека, Балбука, Балбукоў, Балбекаў

— ад мянушкі Балбук, якую далі чалавеку за бародаўкі, наросты на целе пад скурай. Словам балбука называлі наросты на кары дрэва, а яшчэ — бурбалкі на вадзе пад час дажджу.

Балота, Балоцька, Балоцін, Балацэвіч, Балатоўскі.

Жыў чалавек ля балота і таму атрымаў такое прозвішча.

Бальшак, Бальшакоў.

Чалавеку, які пасяліўся каля гасцінца, бальшака, вялікай дарогі, давалі такую мянушку, а яшчэ і большаму, старэйшаму сыну ў сям'і.

Бандарчук.

Жыў на вёсцы бондар, рабіў з дрэва адмысловы посуд — бочкі, цэбры, вёдры. Панараджаліся ў яго сыны, якіх называлі ўжо бандарчукамі. Характэрны для ўкраінскай мовы суфікс -чук дапамог утварыць прозвішча. Ад слова бондар — цэлая сям'я прозвішчаў: Бондар, Бандарчык, Бандарэц.

Банцэвіч.

Гэтае прозвішча мае асновай украінскае слова банькы — вочы. Банькаты па-ўкраінску — зікраты, з вялікімі вачамі, лупаты. Такому з выгляду чалавеку далі некалі мянушку Банька, а яго дзяцей ужо звалі Банкевічы і нават Банцэвічы.

Баравік.

За вонкавы здаровы выгляд (твар крамяны, як у баравіка) давалі чалавеку такую мянушку-прозвішча.

Барада, Бародка, Барадулін, Барадуля.

Як ні дзіўна, але два апошнія прозвішчы не ад слова барада, а наадварот, так называлі ці жанчыну з барадой, падобную на мужчыну, ці мужчыну, у якога барада не расла — замест барады «дуля».

Барадзінчык.

Калі чалавек насіў бараду ды яшчэ быў высокі ростам, яму давалі мянушку Барадзін, а яго нашчадкаў ужо называлі барадзінчыкі. Так і замацавалася прозвішча Барадзінчык, а яшчэ — Барадзей, Барадзейка.

Баразна

— ад звыклага беларускага слова баразна. Мянушка нарадзілася для чалавека, які жыў не самастойна, а ішоў па пракладзенай іншымі баразне. Прозвішчы Баразнёнак, Бараздзін — усе адсюль, з гэтага гнязда.

Баран.

Націск ставяць чамусьці на першым складзе, але гэта не выратоўвае. І не абавязкова ад назвы свойскай жывёліны весці радаводную. А чаму не ад назвы сталярскага інструменту — баран, рубанак на чатыры рукі, каб стругаць дошкі ўдваіх?! Вытворныя ад яго прозвішчы — Баранаў, Барановіч, Баранчук, Баранчык, Бараноўскі і іншыя.

Барашка.

Чалавеку з кучаравай галавой, падобнай на маладога баранчыка, давалі гэтую мянушку.

Барбарчык.

Прозвішча ўтварылася ад мужчынскага Барбар, якое паходзіць ад грэчаскага слова барбарас іншаземны, чужаземец. У польскую мову гэтае слова прыйшло ў яго першапачатковым гучанні — Барбар. Праз польскую мову асталявалася і ў беларускай. Дзяцей Барбара ўжо называлі Барбарчыкі.

Бардзецкі.

У аснове прозвішча слова барда. На Украіне так называецца акраец бохана хлеба. Аднак за аснову можа быць прынята і італьянскае барда — сякера, цясла, якой часалі бярвенне, будуючы караблі. Параўнайце з словам алебарда сякеры на доўгіх кіях, як зброя для аховы каралеўскіх палацаў.

Барсток

— ад летувіскага барстыці — сыпаць, насыпаць крупы ці муку ў мяхі на млыне. Так нызывалі людзей, якія працавалі млынарамі. У Летуве прозвішчы — Барстайціс, Барсціс.

Барташ.

З вугорскай мовы прыйшло гэта прозвішча ад імя Барташ. А ў аснове імя слова барат сябар, прыяцель. Вымаўляць трэба з націскам на першым складзе.

Барушка.

У некаторых мясцінах так называюць адмысловы каўнерык, сабраны ў дробныя складкі, на жаночым адзенні, аборка. Ад гэтага слова і пайшло прозвішча, якім надзялялі фарсістага чалавека.

Барыла.

Бочачку, пузатую з выгляду, каб захоўваць рознае пітво, якое бродзіць, называюць так у Беларусі і Украіне. Адсюль і мянушка для пузатых і няўвішных на кемлівасць людзей, якая стала прозвішчам, як і Барылаў, Барыловіч, Барылюк, Барылка, Барэль.

Барысевіч

— ад імя Барыс. Яно славянскае па паходжанню і мае поўную форму Барыслаў. Утворана ад слоў борацца, барацьба і слава. Давалі чалавеку, які славіўся сваёй сілай, дужасцю, спрытам, любіў борацца, класці суперніка «на лапаткі». Гэтак утвора-ны і прозвішчы Барысёнак, Барысюк.

Барэйка.

Гэтым словам у некаторых мясцінах называюць сытае, тоўстае дзіця.

Бастун.

Той, хто супраціўляецца, бастуе, нязгодны з кім-небудзь або з чым-небудзь, набываў такое прозвішча.

Батура.

У адных мясцінах гэтак называюць вежу, вышку, у іншых — упартага неслуха, натурыстага чалавека, на Украіне — бізун, пугу, плётку. Хутчэй за ўсё гэткую мянушку давалі беларусы чалавеку натурыстаму, свавольнаму. Утвораны прозвішчы: Батурын, Батурчык, Батуронак, Батурыцкі, Батурэвіч, Батурас.

Бахар, Бахор, Бахур.

А ўсё гэта азначае — гаварун, хвалько, казачнік.

Бахмуцкі.

У аснове ляжыць назва ўкраінскага горада Бахмут. Так называўся цяперашні горад Арцёмаўск да 1924 года. Калі запісвалі прозвішчы і пыталіся ў чалавека, як яго завуць, а той не ведаў, цікавіліся — дзе нарадзіўся? Адказваў — у Бахмуце. Так і запісвалі Бахмуцкі. Назва горада пайшла некалі ад арабскага слова бахмут, што значыць вялікі вецер, халодны вецер.

Бацян, Бацяноўскі, Бацянок.

Мянушка ад польскага боцен бусел. За важную паходку цыбатаму чалавеку ў чырвоных ботах маглі даць такое прозвішча.

Бачыла.

Чалавеку пільнаму, які ўсё бачыць, давалі гэткае прозвішча.

Белакоз, Белакозы

— ад назвы светлавалосай дзяўчыны з белай коскай (с перайшло ў звонкі гук з).

Белка, Бялко, Белкін.

Вельмі ўвішнаму чалавеку маглі даць такую мянушку, за падабенства з белкай (вавёркай), тым самым увішным звярком, што цэлы год скача ў лесе з галіны на галіну, шукаючы сабе корм. А яшчэ — Белы, Бялоў, Бялько, Бялькевіч, Бяляўскі, Белякоўскі, Бяляк. Хоць апошнія ад мянушкі Бяляк, якую давалі чалавеку за бялявы выгляд: бледны з твару, светлыя валасы, бялявыя бровы, светлыя вочы. А магло быць і інакш. Чалавека, які паляваў на зайцоў зімой, калі футра ў іх белае, і насіў яшчэ белую заечую шапку, празвалі Беляком.

Берасцень, Бераснёў, Берасневіч

— ад слова бяроста, бярозавая кара, якой апляталі гліняны гаршчок, і ставілі абпальваць. Гэтакі абпалены гаршчок называўся берасцень.

Берднік.

Так называлі майстра, які вырабляў берды, прыстасаванне для кроснаў, пры дапамозе якога набіраюць з нітак аснову. А яшчэ — Берднікаў, Бердніковіч. Часам гук д выпадае і тады гучыць як Бернік.

Берлеў.

Гэтае прозвішча ўтворана на славянскі лад ад нямецкага бер — мядзведзь, узятага ў родным склоне берл — мядзведжы. У габрэйскай мове ёсць імя Берл — прыналежны мядзведзю ці падобны на яго.

Біліды.

Прозвішча з'явілася пад уплывам украінскай мовы, дзе ёсць прыметнік білый, тое, што па-беларуску белы. Бялявы — светлавалосы, светлавокі, белага твару чалавек атрымаў украінскую мянушку Білывідый, а запісваючы яе як прозвішча, слова скарацілі да Біліды.

більдзь, Більдзейка, Більдзюк, Більдзюкевіч.

Гняздо прозвішчаў, якіх аб'ядноўвае слова більдзюга або більдзейка, — сукаваты кій, дубінка з камлём ці карнявішчам. Уплывае і летувіскае більдзеці стукаць.

Бірук, Бірукоў, Біруковіч

— ад слова бірук, якое ў цюркскай мове азначае адзінокі воўк ці шапка з ваўчынага футра, па-расейску — звер, проста воўк, а па-беларуску яшчэ і чалавек, якога падазраюць у крадзяжы.

Бірыла, Бірала, Бярыла

— ад дзеяслова збіраць, браць, а назоўнік азначае таго, хто бярэ.

Бірута, бітэль

— ад летувіскага слова бірута пчала або бітэль пчолка ці бітнік пчаляр. Сюды яшчэ можна дадаць і прозвішчы Біты, Бітны.

Богач, Багач.

Багаты чалавек — такі сэнс гэтых прозвішчаў.

Богус.

Гэтае прозвішча ад слова бог, да якога прыставілі канчатак, характэрны для летувіскіх імён і прозвішчаў.

Божка, Бажко.

Пайшло ад мянушкі чалавека, які вельмі любіў уздыхаць, звяртацца бясконца да бога, божкаць. Мянушку гэтую запісалі прозвішчам. Па-беларуску правільна было б пісаць і вымаўляць Божка (з націскам на першым складзе).

Бортнік.

У даўнія часы пчол не разводзілі каля дому — у садзе або гародзе, а ў лесе. Вуллі рабілі ў выглядзе калоды — камля сасны з выдзеўбаным асяродкам. Або проста выдзёўбвалі дупло ў старой сасне, куды пасяляўся пчаліны рой. Такія прыстасаванні для пчол называлі борцямі, а людзей, якія займаліся зборам мёду з борцяў,— бортнікамі. Так узнікла прозвішча Бортнік, тады і вёску, у якой жылі бортнікі, называлі гэтак. Іх шмат у Беларусі, асабліва ў лясістых мясцінах.

Боўда

— ад скарочанага боўдзіла дурань, недалёкі розумам чалавек.

Боўт

— ад такога ж слова, якім называюць калатушку, каб узмуціць ваду з растворанымі ў ёй рэчывамі або загнаць рыбу ў нерат ці сетку.

Бохан, Бахановіч, Баханькоў, Боханаў

— ад слова бохан выпечаны хлеб. Само слова бохан прыйшло да нас праз польскую мову — бохен ці старачэшскую — бохенец з сярэдне-верхненямецкай, дзе словам вохенцэ або фохенцэ называлі пірог ці белую булку, што выпякаліся адзін раз на тыдзень (вохе па-нямецку — тыдзень). Нават веска ёсць, якая мае назву Боханы, або, як мясцовыя людзі на Магілёўшчыне вымаўляюць, Баханы, бо тут жывуць людзі, што маюць прозвішча Бохан.

Бройка, Брайко, Брайкоўскі

— ад слова брой, якім цяпер рэдка хто карыстаецца, але якое азначае свавольнік, гарэза, той, хто чыніць непарадак, бязладдзе.

Броўка, Броўкін, Броўчанка.

Гэткую мянушку давалі чалавеку з выразна бачнымі і прыгожымі бровамі.

Брыль, Брылёў, Брылевіч, Брыленка, Брылеўскі, Брылёк.

Словам брыль у Беларусі называюць саламяны капялюш або заслончык ад сонца, прышыты да звычайнай шапкі. За гэтую вонкавую прыкмету і надзялілі некалі чалавека мянушкай-прозвішчам.

Бубен, Бубноў, Бубновіч, Бубноўскі

— ад назвы народнага музычнага інструменту — абячэйка з нацягнутай тонка вырабленай сабачай скурай — пайшло прозвішча-мянушка. Давалі звычайна пустому на думкі гаваруну, пустазвону.

Буднік, Буднікаў, Буднічэнка, Будніцкі, Буднікоўскі і інш.

Утворана ад старабеларускага слова буднік, як называлі рудакопа, вартаўніка або купца ці проста буднага работніка, як цяпер кажуць, сезоннага рабочага, што жыў у будане.

Будрэвіч.

З Украіны заляцела да нас. Будра — так на Украіне называюць палявую расліну накшталт беларускага плюшчыка, кацінай або сабачай мяты. Зарос у чалавека гарод будрой, яму і далі мянушку Будра, а дзяцей яго ужо звалі Будрэвічы.

Буйла

— ад расейскага буйвал. Пераносячы на чалавека, ствараецца ўражанне высокага здаравяка — такі сэнс гэтага прозвішча. Але не Буйло, як хацелася называць сябе на французскі лад беларускай паэтэсе Канстанцыі Буйла.

Буката

— ад букатка, як у некаторых мясцінах называлі бохан хлеба, маючы на ўвазе, што ён тоўсты, пузаты, а не сухар які. Адсюль і цэлы ланцуг прозвішчаў — Букаціч, Букацэвіч, Букат, Букаты (у гэтым апошнім даследчыкі бачаць складаную будову, запазычанне з татарскай мовы: бука — бык, атай — бацька. Увогуле — быкоў бацька).

Букрэй

— ад узбекскага букры — гарбаты, згорблены жыццём.

Булай, Булайчык, Буліч, Булынка.

У Беларусі гэткае прозвішча сустракаецца даволі часта. Яно пазычана з усходніх моў ці не ў часы татара-мангольскіх набегаў. У кіргізскай мове слова булай азначае паказвацца, вытыркацца з-за сцяны, дрэва, узгорка або з-за якой-небудзь заслоны.

Булах, Булахаў, Булахоўскі.

З кіргізскай мовы прыйшло слова булаха, што азначае тоўстая дошка, пласціна, тое, што па-беларуску дыля. Распілоўшчыкаў бярвення на дылі называлі булахамі, як і прадукт іх працы.

Булаўка, Булава.

Булава — так называлі дубінку з патаўшчэннем на канцы ў выглядзе шара, якая была зброяй, каб бараніцца ад звяроў ці нелюдзяў, разбойнікаў. Меншая булава ўжо называлася булаўка. Чалавеку, узброенаму такой невялікай булавой, далі мянушку Булаўка, што і лягло ў аснову прозвішча.

Булгакаў, Булгак, Булгаковіч.

У цюркскіх мовах ёсць слова булгак — махаць, перамешваць, ускаламучваць, што ў пераносным значэнні ўспрымаецца як мяцеж, узбунтаванасць, бунт, неспакой, трывога. Бунтоўным людзям давалі гэткую мянушку.

Булдык.

Гэта ад вокліча. Калі чалазек дае нырца або перакульваецца цераз галаву, дык усклікаюць: «Булдых! бултых!» У кожным разе гэта з дзіцячага фальклору.

Булыгін, Булыга

— ад слова булыга, булыжнік (дзікі неабчасаны камень, валун). Утворана мянушка ў дачыненні да чалавека грубага, невука, боўдзілы, п'яніцы, хвалька. Больш пашырана на поўначы Расеі. Трапляецца і ў Беларусі.

Бунас.

Прыблукала гэтае прозвішча разам з яго носьбітам, мабыць, з Балгарыі, дзе слова буна азначае бунтар, паўстанец.

Бунчук.

Сімвалам улады атамана, гетмана, палкаводца быў на Украіне конскі хвост, прымацаваны да дрэўка. Ен называўся бунчук. Так і прыжыўся мянушкай да чалавека, які гэты сімвал трымаў, седзячы на кані. Пазней яго пачалі ўпрыгожваць рознымі аздобамі, як і збрую каня.

Бурван.

Характэрнае для беларускай мовы прыдыханне перад галоснымі гукамі пашыраецца не толькі на пачатковыя, але і наступныя склады слова. Замест буран у некаторых мясцінах гавораць бурван, як азначэнне моцнага ветру. Чалавеку за яго мяцежны, неспакойны, узварушлівы характар далі такую мянушку.

Бурдук, Бурдзель.

У даўніну, калі людзі жылі на вёсцы бедна, асноўнай стравай была бурда — падкалочаная жытняй мукой вада, кісель з мукі альбо проста кіслае аржаное цеста. Людзей, якія так харчаваліся, называлі бурдукамі або бурдзялямі. Гэтыя мянушкі і ляжаць у аснове адпаведных прозвішчаў.

Бурко, Бурчык, Бурэц, Бурковіч, Буркоўскі, Буркоў.

Звычайна каня бурай масці звалі мянушкай Бурко. З цягам часу яго гаспадара пачыналі гэтак зваць і нават прозвішча такое яму запісалі.

Бурло, Бурлуцкі, Бурлюк, Бурлоў.

Словам бурло называлі самы вялікі звон на званіцы ў царкве, бо ён не гучаў, а бурліў у паветры, як магутны вадаспад.

Бурнос, Бурносаў, Бурносенка.

Словам бурное называлі апранаху ў выглядзе плашча, накідкі, доўгай вопраткі з сукна, каб засланіцца ад ветру, непагадзі.

Бурштын, Бурштыновіч

— ад слова бурштын, як па-беларуску называюць янтар (буры камень). Мянушку давалі за цвёрдасць характару.

Бусел, Бусько, Бусень, Бусловіч.

Па-беларуску бусел, а па-ўкраінску бусень тое, што па-расейску аист, птушка, якая плодзіцца ля балотаў.

Бутэвіч.

Прозвішча польскае, утворанае ад слова бут, што значыць бот. Бедныя некалі хадзілі ў лапцях, а калі хто разжываўся на грошы і купляў сабе боты, дык неўзабаве атрымліваў мянушку Бут, з якой развілося і прозвішча Бутэвіч. Словам бута ў польскай мове называюць яшчэ пыху, фанабэрыю, ганарлівасць. А з пыхай звычайна хадзіў той, у каго на нагах былі боты (буты). Адсюль і Бутэнка, Буткевіч, Бутоўскі ды проста Бут.

Буця, Буцюта.

Так на Украіне ды і на поўдні Беларусі называюць няўдала выпечаны хлеб, а заадно і гаспадыню-няўмеку.

Буш, Бушко, Бушчык, Бушцец

— ад татарскага буш, што азначае пусты, парожні, не тугі, не напоўнены кошык (калі чалавек, дык пустазвон).

Бушмар.

Некалі людзі печ выбівалі з гліны, бо не было цэглы, выбівалі пры дапамозе невялічкай драўлянай «бабы», драўлянага молата. Чалавека які выштукоўваў такую печ, называлі бушмар, адсюль і прозвішча.

Буяк, Буякевіч, Буякоў.

Буякамі называюць у некаторых мясцінах ягады дурніцы, тыя, што па-расейску называюцца голубикой. Яны растуць на балоце і падобныя на чарніцы, толькі пасівелыя. Мянушку Буяк давалі чалавеку, які рана пасівеў, з выгляду маладжавы, а сівы.

Бык, Быкоўскі, Быковіч, Бычэнка, Бычынскі, Быкаў

— ад слова бык. Гэтую мянушку давалі чалавеку натурыстаму, упартаму і дужаму, моцнай волі. А яшчэ — Бычок, Бычко, Бычанок, Бысік, Быска, Быцка, Быцко, Быцько — ад памяншальнай формы, якая служыць для таго, каб падазваць быка да сябе, улагодзіць яго. Карыстаюцца формай Бычак, каб затуманіць паходжанне прозвішча.

Бягун, Бегуноў, Бегуновіч.

Утворана ад слова бегчы, у сэнсе ўцячы ад якой-небудзь справы ці адкуль-небудзь.

Бяда, Бядун, Бядуля, Бедзін, Бядоўскі, Бедункевіч.

Такія мянушкі давалі тым, хто шмат бядуе або з'яўляецца сам носьбітам бяды.

Бязвокі, Бязвухі, Бяззубы, Бязносы, Бязрукі, Бяспалы, Бязногі

— усё гэта прозвішчы, у аснове якіх тоіцца якая-небудзь вонкавая загана чалавека. Вядома ж, увекавечваць прозвішчам фізічны недахоп неразумна.

Бякрэнь.

Насіў чалавек шапку, ссунутую на адзін бок, або, як кажуць па-расейску, набекрень, дык і застаўся на усё жыццё з такой мянушкай.

Бялан, Белановіч, Беланчук, Беланоўскі.

Гэта ад украінскага білан, як называлі светлавалосага чалавека ці белага колеру свойскую жывёлу (конь, сабака, вол). Тое самае паходжанне і такіх прозвішчаў, як Бялюк, Бяляй, Бяляеў, Бяляк, Белячок, Беляковіч, Белячонак, Белячкоў, Бяляцкі, Белякоўскі, Беляк, Бялянка, Белянок, Беляновіч, Белянкоў і інш.

Бярозка.

Прозвішча ўзнікла ад назвы дрэва, на якое быў падобны яго носьбіт — белы тварам, высокі, статны, прыгожы. А яшчэ — Бяроза, Бярозін, Беразовіч, Беразюк, Беразоўскі і г. д.

Бярэйша, Бярэйшык.

Утворана, каб засведчыць схільнасць чалавека браць даброты жыцця. Прозвішча вытворнае ад дзеяслова браць (ён бярэ, значыць, бярэйша — народная этымалогія).

 

В

 

Важнік, Важны, Важніковіч.

Некалі ў вялікіх вёсках будавалі грамадскія свірны, у якіх кожны двор ссыпаў збожжа на няшчасны выпадак. Такі свіран называўся важніца, важня. Дык вось чалавеку, які ўзважваў, прымаў гэтае збожжа, далі мянушку Важнік. Так і запісвалі прозвішча, хоць прысвойвалі яго чалавеку, які ведаў вагу сваёй асобы ў грамадзе, а таму і важнічаў, трымаў нос угару.

Вазавік, Вазавікоў, Вазавіковіч.

Узята з украінскай мовы, дзе каня-ламавіка, які вазіў грузы, называюць возовык. Той, хто меў такога каня, насіў і адпаведную мянушку — Вазавік.

Вайда, Вайдовіч, Вайдас

— ад летувіскага вайдыціс спрачацца ўтварылася беларускае вайдаваць з тым самым значэннем, а ад яго спачатку мянушка Вайда, затым і адпаведныя прозвішчы.

Вайцяхоўскі, Войцех, Вайцяшэня.

Прозвішча гэтае ўтворана ад польскага імя Войцех (палякі вымаўляюць Войцах). У аснове імя ляжыць стараславянскае слова вой ваяўнічы, носьбіт зброі.

Вакар, Вакарас

— ад летувіскага вакарас вечар. Чалавека, які асабліва актыўным станавіўся ўвечары, бо цэлы дзень спаў, называлі гэтак. Звычайна гэта былі выканаўцы ўсялякіх забаў — спевакі, танцоры, самадзейныя артысты.

Вакула

— ад мянушкі Вакула, якую давалі некалі чалавеку, здатнаму на выдумку, гатоваму прыдумаць нешта незвычайнае ці па-добраму абманіць каго, здзівіць.

Валовік, Валовіч, Валавікоўскі.

На Палессі гэтак — валавік — называлі даглядчыка, пастуха валоў. А яшчэ ёсць такі меданос, які па-расейску называюць воловик, а па-беларуску пакрывец або валовы язык, ці проста мядоўка. Ад расейскага «воловик» і ўтварылася прозвішча Валавікоў. Носьбітам такога прозвішча станавіўся чалавек дужы, моцны, як той меданос, што даваў сілы не адно валам, а і людзям.

Валуй.

Гэтак называецца не прыдатны для яды, атрутны грыб, які разрастаецца да вялікіх памераў, бо ніхто яго не бярэ. Адсюль і чалавеку, гладкаму, няўвішнаму, давалі мянушку Валуй, а ад яе ўжо ўтваралі адпаведныя прозвішчы — Валуёў, Валуевіч, Валуйцаў, Валуйскі.

Валюшка.

Гэтае прозвішча звязана з той справай, якой заняты чалавек, або з месцам, у якім працуе: валяе сукно ці лямец, валяльшчык абутку, сукнавал. На Украіне так называюць яшчэ птушку слонку ці вальдшнэпа за тое, што яна, ідучы па зямлі, валюхаецца, перавальваецца з нагі на нагу. І чалавеку, які так ходзіць, даюць цяпер мянушку Валюшка і адпаведныя прозвішчы — Валюшчыц, Валюшчык.

Варашыла, Варашылаў, Варошка, Варашковіч, Варушка, Варушкевіч

— цэлае гняздо прозвішчаў, утвораных ці ад расейскага дзеяслова ворошить, ці ад беларускага — варушыць. Той, хто варушыць мазгамі, словам, дзеяннямі.

Варопаўка, Варопа, Варапкевіч

— ад мясцовай назвы зялёнай жабы — варопаўка. Нейкім падабенствам з ёй выклікана з'яўленне мянушкі і адпаведных прозвішчаў.

Варывода, Варыкаш

— бедны чалавек, які толькі і мог згатаваць ваду або кашу на вадзе.

Вашчыла, Вашчабор.

Гэта ад занятку чалавека, той, хто памагаў пчалярам, бо ўмеў рабіць вашчыну, той пласт з воску, на якім пчолы ладзяць соты.

Вейка.

Так на захадзе Беларусі называюць мяцеліцу, завіруху і чалавека няўрымслівага, усяго ў руху, мітуслівага.

Века.

Па-беларуску векам называюць накрыўку скрыні, куфра, кубла, наогул, якой-небудзь пасудзіны. Можа, гэта прозвішча бярэ пачатак ад слова павека, як называюць складку скуры на твары, якой прыкрываецца вока. Можа, у чалавека не заплюшчвалася павека, заўсёды заставалася адкрытым і яму далі адпаведную мянушку, якая пазней стала прозвішчам.

Велігура.

Мясцовае, ад характарыстыкі чалавека, які выдумляе вялікія горы (па-польску — гура) неправераных фактаў. Адсюль і велігурысты чалавек, мнагаслоўны, бо веле (польскае) — шмат гаворыць.

Верашчака.

Так завецца страва, прыгатаваная як звараная калатушка з мукі, запраўленая салам, у якую мачаюць бліны (таму яшчэ носіць назву мачанкі). Чалавеку, які любіў гэтак есці і далі мянушку Верашчака.

Вержбан, Вержбаловіч

— ад польскага вержбал — кіёчак. Чалавека, які хадзіў з кіёчкам, хоць і малады, называлі такой мянушкай.

Вештарт.

Летувіскае паходжанне ў гэтага прозвішча, якое ўтварылася ад дзеяслова вершці, што значыць імкнуцца наперад, прабівацца праз перашкоды, жадаць быць вольным. Вось які высакародны сэнс укладваў народ, ствараючы прозвішча Вештарт.

Віж, Віжык.

Яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага існавалі пры судах служкі, якія высочвалі (віжавалі) злачынцаў і дастаўлялі іх у суд, потым вялі следства і нават выконвалі прысуды. Ім давалі мянушкі, адпаведныя іхнім дзеянням, а пазней гэтак запісвалі і іхнія прозвішчы: Віжовец, Віжоўскі.

Вілюга, Вялюга, Вялюгін.

Некалі раку, якая шукае сабе рэчышча, віляе між дрэў ці кустоў, выкручваецца, называлі вілюгай. Гэткую назву давалі і пакручастай дарозе. І чалавека, які не гаварыў людзям праўды ў вочы, усё нешта віляў, як бы выкручваўся, называлі вілюгам або вялюгам. Гэтак і прозвішча запісалі. А яшчэ — Вілюха, Вільтоўскі.

Віславус, Віславух, Вісларуч

— мянушкі, якія даваліся людзям з пэўнымі вонкавымі заганамі: віслыя вусы, абвіслыя вушы, віслыя спаралізаваныя рукі.

Вітка.

Так называюць у некаторых мясцінах вешку, пярэвітку — шост, перавіты жмутом саломы, якім значылі межы падзелу на полі, лузе, у маладым лесе. Той, хто ставіў віткі, і мянушку адпаведную меў. А за ёй прозвішчы — Віткоўскі, Вітковіч, Вітка, Віткін.

Возны, Вознічак, Вазніца, Вазняк.

Той, хто перавозіць людзей, фурман, што правіць коньмі. Адсюль і яшчэ прозвішчы — Вазневіч, Вазнякевіч.

Вой, Воюш.

Гэтае рэдкае ў сучаснай беларускай мове прозвішча мае, аднак, моцныя карані ў старабеларускай і чэшскай мовах, калі воінаў, ваякаў, вайскоўцаў называлі воямі. Вой — той, хто ваюе. Адсюль і Война, Вайновіч, Войніч, Вайніцкі, Вайніловіч, Вайніла.

Войт, Войцік, Вайтовіч, Вайтук, Войтка, Вайцянкоў, Вайцінскі.

Войт — старабеларуская назва старшыні гарадскога суда, начальніка воласці (гміны), прыганятага, якога прызначаў пан глядзець прыгонных сялян, каб старанна працавалі. Ад пасады, якую займаў чалавек, утвараліся гэткія прозвішчы.

Волат, Валатовіч, Валаток, Валаткевіч (Валатковіч).

Вялікі ростам і дужы сілай чалавек называўся волатам.

Волкаў, Валковіч, Ваўкавыскі.

Прозвішчы гэтыя, як і Ваўчок, Воўк, Ваўчонак, вельмі пашыраныя ў Беларусі. «Але як гэта, каб чалавека, не абражаючы, зваць Ваўком?» — пытаюцца многія. А вельмі проста. Некалі была такая завядзёнка: каб сын жыў доўга здаровым і моцным, трэба назваць яго ваўком, бо гэтыя звяры ў нас самыя дужыя і вынослівыя. Хадзіла паданне, што калі сын атрымлівае імя, у аснове якога слова воўк, ён застаецца беражоным. Ледзь не ва ўсіх народаў Еўропы ёсць нават імёны, што паходзяць ад гэтага слова. У балгар гэта Вылка, у сербаў — Вук, у немцаў — Вольф (ды яшчэ з удакладненнямі Рудольф — чырвоны воўк, Вольфганг — воўчы ход). Людзі ў пару язычніцтва знарок, каб ашукаць цёмныя сілы, у якія яны верылі, ахоўвалі сваіх дзяцей, даючы ім замест імя ці прозвішча назвы звяроў — Воўк, Леў, Заяц, Барсук, Выдра, Ліс.

Вырва, Вырвіч

— ад украінскага вырва гвалтоўна вырваныя грошы, узнікла гэткая мянушка-прозвішча.

Вялікі, Вялічка, Вялічкін, Велічкоўскі

— усе ад дзеяслова вялікі.

Вярыга, Вярыжка

— ад старарускага верига — повязь, ланцуг, адзенне з вяровак. Той, хто так апранаўся ці каго гэтак апраналі, скоўваючы вольныя рухі цела, набываў гэту мянушку.

Вярэня, Вярэнька, Вярэніч, Вярэньчык.

Гэтак называлі пастухі свой кошычак, плецены з бяросты ці лыка, у якім насілі вараны харч, што бралі з сабой на папас. А яшчэ па-ўкраінску вярэняй называюць лапці, плеценыя з вяровачак. Мянушка пастухова стала прозвішчам на цэлыя пакаленні.

 

Г

 

Габіс.

Некалі, у старажытныя часы, тоўстае сукно, якое прывозілі з Турцыі і з якога шылі вопратку, мела сваю назву габа. Таго чалавека, які вырабляў такое сукно або шыў з яго адзенне, называлі габісам. Пазней гэтая мянушка была запісана як прозвішча Габец, Габовіч, Габаў.

Габрыловіч.

Большасць нашых прозвішчаў паходзіць ад імён і мянушак. Імя Гаўрыла ў сваёй старажытнагабрэйскай аснове мае форму Габрыел, што значыць — мае моц. У польскай і іншых мовах імя таксама мае гучанне Габрыэль (толькі з памякчэннем на канцы). Відавочны ўплыў на Гавриил або беларускае Гаўрыла, якое ў некаторых мясцовасцях гучыць як Габрыла. Адсюль і ўтворана беларускае прозвішча Габрыловіч.

Гава, Гавенька

— ад украінскага гава — варона. А яшчэ так называюць прамежак між зубамі ў пілы. А можа, ад польскага гава (казка), якое ў сваю чаргу ад гавенда — вуснае апавяданне.

Гадун.

У некаторых мясцінах гэтак называюць гадаванае дзіця. Ад гэтай мянушкі — прозвішча Гадунец, Гадуноў.

Гай, Гайко, Гайчук, Гайновіч, Гаёвы, Гаеўскі, Гайкоўскі.

Цэлае гняздо мянушак ад назвы беларускага лісцевага лесу — гай.

Гайда, Гайдзянкоў, Гайдоўскі

— ад украінскага гайда — пастухова жалейка, або дуда, кобза, а там ад турэцкага гайда — валынка, дуда. Гайдай, Гайдар — чалавек, які пераганяе скаціну з месца на месца, авечы пастух. У польскай мове гайдар дудар, кабзар.

Гайдук, Гайдучонак.

Некалі, у часы прыгону, былі на Украіне і Беларусі ў панскіх маёнтках слугі або паганятыя, якім даручалася глядзець, як працуе прыгонны люд. Калі дрэнна, ён іх падганяў, крычучы: «Гайда!» — і пагражаў, а то і сцёбаў бізуном або плёткай. Словы «гайда!» і «гайдук» прыйшлі з Вугоршчыны, з Балканаў. Але там так называлі яшчэ і партызан-паўстанцаў, якія змагаліся супроць феадальнага прыгнёту. Слова «гайдук» і запісвалася прозвішчам для тых, хто быў паганятым ці паўстанцам: Гайдукевіч, Гайдучонак, Гайдучэнка. У старабеларускай мове сустракаецца гайдук як слуга ў часе парадных выездаў багатых паноў або легка ўзброены салдат-пехацінец.

Галавач.

Прозвішча пайшло ад мянушкі Галавасты, якую давалі людзям з большай, чым у другіх, галавой альбо разумнейшым за іншых. А яшчэ — Галаван, Галаўко, Галаваты, Галавацкі, Галавей, Галавец.

Галаўня.

Тое, што галавешка (абгарэлае дрэва) і хвароба збожжавых — сажа. Такую мянушку-прозвішча давалі тым гаспадарам, чыё збожжа хварэла на сажу.

Галенда.

Прозвішча паходзіць ад прыметніка голы. Галенда — тое самае, што і галыцьба, або па-расейску — голь несусветная. Так называлі некалі бедных людзей, жабракоў. Каб трохі змякчыць гучанне, слова галыцьба замянялі іншамоўным — галенда.

Галіцкі.

Узнікла прозвішча ад назвы добра вядомай птушкі галіцы, галкі з сямейства крумкачоў. Далі чалавеку мянушку Галіца, а дзеці ўжо называліся Галіцкія. Галіцамі называлі скураныя рукавіцы, а чалавеку, які імі карыстаўся, давалі таксама мянушку Галіца, Галіцын.

Галуза.

Так называлі гарэзу, свавольніка, беднага, але фарсістага неразумніка. З мянушкі ўтвараліся прозвішчы: Галузовіч, Галузка.

Гамолка

— ад мясцовага гамаць есці. Так называлі згаладалага, прагавітага чалавека.

Гаравы, Гаравец, Гараль, Гарагляд, Гаранін.

Тым, хто жыве на высокім месцы, на гары, давалі такія мянушкі-прозвішчы.

Гарбач, Горбач, Гарбачоў, Гарбацэвіч, Гарбук, Гарбун.

Бадай, найбольш у беларусаў прозвішчаў, што ўтвараліся з мянушкі, якую давалі гарбатаму чалавеку.

Гаркаль, Гаркач, Гаркуша

— ад прыметніка горкі, як звалі таго гаспадара, у якога раслі непрышчэпленыя яблыкі з горкімі пладамі.

Гаркун, Гарлан, Гарлач.

Гэтую мянушку мелі тыя, хто браў горлам, крыкам, гаркаў.

Гарнік.

Мабыць, гэта ўкраінскае прозвішча было — Гарнак. Так пісалася яно, бо паходзіць ад слова гарнак, што азначае чалавек, які стаіць пры горане (гарне) і вырабляе зброю, інакш кажучы, каваль. Зробіць, паглядзіць і скажа: «Гарно!» — «Добра!»

Гарох, Гарошка, Гарохаў, Гарашкевіч, Гарошчанка, Гарашчэня, Гарахавец, Гарохавік

і інш.— усе ад назвы расліны, што не расце, а вывіваецца, каб быць кожным лісточкам пад сонцам. Мянушку такую атрымлівалі людзі, што любілі ўвівацца каля старэйшага ўзростам або чынам.

Гарун, Гаруля, Гаруновіч, Гарунка, Гарунец

— ад назоўніка гаротны, той, каго не абмінае гора.

Гарэлік, Гарэльчык, Гарэлы, Гарэльскі, Гарэлаў.

Мянушка таму, хто пагарэў, быў у пажары, пагарэлец.

Гасюль

— ад летувіскага гасюліс, якое ўтварылася ад слова гаслюс палахлівы, баязлівы, спалоханы.

Гатоўка, Гатоўчыц, Гатоўчык.

Гаспадар, які патрабаваў заўсёды аплату наяўнымі, гатовымі грашыма.

Гаўрон.

Так у некаторых мясцінах называюць ворана, крумкача.

Гац, Гацько, Гацкевіч, Гацко, Гацук

— ад дзеяслова гацаць, ехаць шпарка вярхом на кані або ісці хутка, ледзь не бегчы.

Геда, Гедзька, Гедзіч, Гедас, Гедзіс

— ад летувіскага гедэціс, што значыць саромецца. Сарамлівыя атрымлівалі гэткую мянушку.

Гіль, Гілёк, Гілевіч, Гілеўскі

— ад украінскай мясцовай назвы птушкі з сямейства вераб'іных.

Гіч, Гічык, Гічэвіч, Гічанскі, Гічаў

— ад мясцовага гічан, як называюць бацвінне, маладую траву караняплодаў.

Глуздок, Глуздакоў.

Мянушка пайшла ад слова глузды — мазгі. Біць моцна, глуздаць, каб аж мазгі пацяклі. Чалавеку бязмозгламу, неразумнаму давалі такую мянушку.

Глушанок, Глушэц, Глухоўскі.

Цэлая вязанка прозвішчаў, утвораных ад мянушкі, якую давалі глухім людзям: Глушко, Глушок, Глушчык, Глуховіч, Глушэня, Глушчанка і г. д.

Гмырак.

Мясцовае (магілёўскае). Такую мянушку давалі чалавеку суроваму з выгляду, панураму, няўвішнаму.

Гнеўка, Гняўко.

Такая мянушка давалася таму, хто гняўлівы, вельмі гневаецца.

Гнілазуб, Гніламёд, Гніларыб.

Такія мянушкі-прозвішчы даваліся чалавеку з гнілымі, папсутымі зубамі ці гаспадару, у якога пагнілі мёд у калодах, рыба ў стаўку, адным словам, абібоку.

Гнус, Гнусевіч, Гнусоўскі.

Мясцовая мянушка, якую давалі чалавеку сквапнаму, жміндзе, скнару.

Говар, Гаварэц, Говараў, Гаварэўскі, Гаварун, Гаварэнкаў.

Той, хто любіць гаварыць безупынку.

Гогаль, Гагалюк, Гагалінскі, Гагалевіч.

— ад назвы дзікай качкі, менавіта самца, качара. Звычайна давалі смеламу, адважнаму чалавеку, які любіў фарсіць, выстаўляцца напаказ.

Гой, Гойчык, Гойка, Гойшык.

Такую мянушку габрэі давалі ў сям'і чалавеку негабрэйскай нацыянальнасці, высокаму, дужаму, храбраму.

Голуб, Галубок, Галубец, Галубковіч

і яшчэ бясконцая чарада мянушак, утвораных ад назвы птушкі за ціхманы, мірны характар носьбіта.

Грабар, Грабарэнка, Грабарэвіч.

Той, што валодае рыдлёўкай, землякоп, далакоп. Імя ад занятку, прафесіі.

Грабельнік.

Той, хто ўмее майстраваць граблі.

Грамыка.

Не ад гора мыкаць, як пішуць некаторыя даследчыкі, а той, хто мае гучны бас, хто не гаворыць, а грыміць, грамы пускае ў паветра. Пашырана прозвішча на Гомельшчыне.

Грачанік, Грачанікаў, Грачанок, Грачуха, Грэчка.

Такія мянушкі мелі тыя гаспадары, якія сеялі грэчку і заўсёды мелі грэцкія крупы, муку, а значыць, елі грэцкія бліны.

Гром, Громаў, Грамовіч, Грамічук, Грамчук.

Утворана прозвішча ад слова гром, давалася мянушкай людзям неспакойным, турботным, грукатлівым, якія рабілі, што аж гарыць пад рукамі, і размаўлялі гучна, магутным басам ці барытонам.

Грыб, Грыбаў, Грыбовіч, Грыбок, Грыбоўскі

— зноў цэлая вязанка, бо прозвішчаў-мянушак у Беларусі, як тых грыбоў пасля дажджу. Ды яшчэ Грыбан, Грыбач — той, хто збірае грыбы.

Губа, Губка, Губенка, Губко, Губчык, Губскі, Губкін, Губанаў, Губан, Губар, Губарэвіч, Губейка.

Мянушка давалася за губасты выгляд, за тоўстыя, вялікія губы.

Гуд, Гудко, Гудовіч, Гудзевіч, Гудзенка, Гудкевіч, Гудкоўскі.

Гэтыя мянушкі давалі тым, хто гаварыў моцна, магутна, аж гуд стаяў вакол яго. Тое самае і Гук, Гучок, Гучкоў, Гучкоўскі, Гучкевіч.

Гуль, Гулько, Гуліч, Гулевіч. Гуленка, Гулькевіч, Гуліцкі, Гулёба, Гуляка, Гулякевіч

ад слова гуляць. Не шкадавалі ў народзе мянушак тым, хто не любіў працаваць, а толькі гуляць.

Гура, Гурскі, Гурэцкі, Гурын, Гурыновіч, Гурынчук, Гурка, Гурчонак

ад польскага гура, што значыць гара. Давалі мянушку людзям мажным, высокім, плячыстым, што як стануць, нібы гара на дарозе вырасла.

Гусак, Гэнсь, Гесь.

Чалавеку за важкую, нетаропкую хаду, падобную на валюханне гусака наперадзе гусінай чарады, далі мянушку Гусак. Потым яна стала прозвішчам дзяцей, і не згледзелі, як усю вёску, дзе жылі адны Гусакі, пачалі гэтак і называць. Але ішоў час, мясцовасць апынулася на тэрыторыі Польшчы і мясцовыя ўлады перайначылі на свой лад прозвішча Гусак. Па-польску гэта гэнсь, пішацца праз ę крэскаванае, з хвосцікам, якое вымаўляецца як эн. Зноў ішоў час, заходнія землі Беларусі далучыліся да Беларускай ССР, і беларусы адкінулі гук н пры вымаўленні прозвішча Гэнсь, засталося Гэсь або Гесь. Так і ўсталявалася новае прозвішча Гесь. З мянушкай Гусь, Гусак звязаны і такія мянушкі, як Гусеў, Гуська, Гусёнак, Гусінскі, Гуськоў.

Гутар, Гутарчык, Гутараў, Гутаровіч.

Умеў чалавек сабраць каля сябе людзей і гутарыць з імі бясконца, не адпускаючы, бо нёс думку. Гэта высокая мерка чалавечнасці, дабрачыннасці.

Гупала, Гупаловіч.

Знарок пастаўлены гэтыя прозвішчы не па алфавіту, бо процістаяць яны папярэдняму і называлі так таго, хто гаварыў заўсёды недарэчы, бесталкова, як той бугай у балоце. Бугай — гэта такая птушка, што не спявае, не кукуе, не туркоча і не клякоча, а толькі гупае і гупае, нічога не разбярэш.

 

Д

 

Дабрыдзень.

Здавалася б, што ёсць агульнага між звыклым вітаннем «добры дзень» і прозвішчам? А яна самая непасрэдная, чалавеку, які меў за звычку з усімі вітацца першым, далі мянушку, што неўзабаве была запісана прозвішчам.

Дабрыня, Дабрыян, Дабрынец

і яшчэ шмат такіх мянушак і прозвішчаў ёсць у нашай мове. Навеяны яны глыбокай чалавечнасцю заўважаць у кожнай асобе добрае, лепшае.

Дадала, Дакала, Дайка, Дайнека.

Гэта ўсё мянушкі, створаныя ад заўважаных недахопаў у вуснай мове, калі чалавек паўтарае ўвесь час назойліва адны і тыя ж словы-воклічы: падтаквае (поддакивает) субяседніку і атрымлівае адпаведныя мянушкі — Дадала, Дакала, дражніцца нейкай рэччу, але не аддае — Дайка, Дайнека (і «дай», і «не» — спалучаны ў адно злітнае прозвішча).

Дамасевіч.

Хутчэй за ўсё ўтварылася ад імя Тамаш, якое ў некаторых мясцінах вымаўляюць звонка — Дамаш, таму і прозвішча Дамашэвіч пашырана больш, чым Тамашэвіч. Гук с замест ш узнік як вынік недасканалага вымаўлення.

Даматкан.

Гэткую мянушку давалі асобе, якая хадзіла ва ўсім даматканым, самаробным адзенні.

Дарняк.

Так звалі чалавека, які пасяліўся на дару, разараў дзірван, утравелую цаліну, ачысціў яе ад дзёрану, або дору.

Дарожка, Дарожкін, Дарожынскі.

Пасяліўся чалавек пры дарозе або на хутары, куды вяла дарожка, атрымаў адпаведную гэтаму мянушку. А яшчэ давалі і чалавеку, народжанаму ў дарозе.

Даўгала, Даўгяла.

Чалавеку высокаму, доўгаму, цыбатаму давалі такую мянушку. А то і проста Даўгаль, Доўгаль, Даўгаполы (бо насіў адпаведна доўгую вопратку) ці Даўгуль, Даўгун.

Дварак, Дворак, Дворнік, Дварчанка, Дварачэнка.

Звязаны з прыналежнасцю да шляхты, прыдворнага люду, дваровых служак.

Дварэцкі.

Утворана ад слова двор, якім называлі некалі маёнтак, сядзібу пана, што валодаў усімі землямі ў наваколлі. Чалавека, які вёў гаспадарчыя справы, даглядаў дом пана, працаваў у двары, звалі аканом або дварэцкі.

Дзежка, Дзежкавец, Дзешчыц, Дзяшкевіч, Дзяшковіч, Дзяшчэня

— усе гэтыя мянушкі і прозвішчы ад назвы дзяжа — пасудзіны, у якой замешваюць хлеб, перад тым як спячы яго.

Дзейкала.

Мянушка ўтворана ад слова дзейкаць, што азначае пускаць плёткі, абгаворваць некага.

Дземенкавец, Дземянцей, Дземчанка.

У аснове гэтых прозвішчаў ляжыць імя Даміян, Дзям'ян, утворанае ад грэчаскага слова дамаза заваёўваць, занявольваць. Памяншальнай формай сярод іншых служыла і такая — Дзям'янка або Дзяменка. Сына Дзяменкі звалі Дземенкавец. Так імя стала прозвішчам. Сюды ж можна аднесці прозвішчы Дзёмух, Дзёмчык, бо памяншальная форма ад Дзям'ян — Дзёма.

Дзерах.

Яно ад імя Дэраш або Дорах, адпаведнага класічнаму (грэчаскаму) Дарафей, што значыць дараваны богам.

Дзіда, Дзідзенка, Дзідэнка.

Мянушка ўтворана ад старабеларускага дзіда — піка, кап'ё. Той, хто носіць дзіду.

Дзік, Дзіковіч, Дзікан, Дзікун.

Прозвішча пайшло ад мянушкі Дзік, як называлі дзікую свінню ў адрозненне ад свойскай.

Дзюба, Дзюбайла, Дзюбан, Дзюбенка, Дзюбневіч.

Мянушка за вялікі, доўгі нос, падобны на птушыную дзюбу.

Дзюк, Дзюкаў.

Маўкліваму, панураму чалавеку давалі такую мянушку.

Дзюндзя, Дзюндзік

— звычайна нізкарослы чалавек ды ў дадатак п'яніца, гультай, не ахвочы да работы чалавек. Паходзіць ад дзюдзя слова, якім падзываюць свінню да карыта.

Дзявочка, Дзявочкін, Дзявуля, Дзявульскі

— ад расейскага девочка. Спачатку была ўтворана мянушка, а пасля некаму збрыло ў галаву браць яе за прозвішча. Пісаць трэба было б усё ж на расейскай аснове — Дзевачка, Дзевачкін.

Дзягілевіч, Дзігілевіч.

Утварылася ад назвы расліны дзягіль, або дзягель, якая расце звычайна на балотах, у забалочаных хмызняках, на сенажацях, па берагах рэк. Кветкі ў гэтай расліны дробныя, белавата-жоўтыя, сабраныя ў парасонікі і вельмі ж духмяныя. Пабудаваўся чалавек у зарасніку дзягіля, і далі яму адпаведную мянушку Дзягіль, з якой пасля ўзнікла і прозвішча. Пісаць яго трэба было б, захоўваючы гук я, які ёсць у першааснове.

Дзядковы, Дзядок.

Прозвішча ўтворана ад слова дзед, якога беларусы ласкальна называюць дзядок, можа, за маленькі рост і старэчую кволасць. Мянушка гэтая запісана была прозвішчам, а дзяцей дзядка так і называлі Дзядковы ці проста Дзядок, Дзядуль.

Дзядзька, Дзядзека, Дзядзечка, Дзядзюшка, Дзядзюля

— ад слова дзядзька. А яшчэ Дзядзеў, Дзядзюк — усё залежала ад мясцовасці, у якой утвараліся яны: у цэнтры Беларусі з суфіксамі -ьк-, -ек-, -ечк-, на ўсходзе — -юшк-, а на захадзе — -юк-.

Дзяленда, Дзялендзік.

Мянушку Дзяленда атрымліваў бацька, які аддзяляў сваіх сыноў, а іх ужо называлі Дзялендзікі.

Дзяргач, Дзяркач, Драч, Дзергачоў, Дзеркачоў

— па назве птушкі. Яшчэ такую мянушку давалі перакупшчыку скаціны, які заўсёды браў, драў большую цану.

Дзяруга, Дзяружка, Дзеружынскі.

Гэткія прозвішчы мелі бедныя людзі, якія хадзілі ў дзяружках, адзенні, пашытым са зрэб'я або палапленым.

Доля, Долін, Дольнік.

Такое прозвішча давалі або носьбіту цяжкай долі, або таму, хто ўдзельнічаў у долі, што прыпадала каму-небудзь пасля падзелу зямлі.

Доса, Досін.

Сціпламу чалавеку, які не прэтэндуе на большае, даставалася такая мянушка, як скарочаны варыянт слова досыць.

Драб, Драбеня, Драба, Драбовіч.

А ўсё ад слова драб, што па-ўкраінску азначае абарванец, бядняк, драбы чалавек.

Драненка

— ад слова дрань, драніца або дранкатонкія дошчачкі, якімі пакрываюць дах, або лучынкі, якімі абіваюць сцены, калі іх тынкуюць, каб лепш трымаўся вапнавы раствор, не абсыпаўся, калі зацвярдзее. Чалавеку, які рыхтаваў дранку, далі такое прозвішча. А яшчэ і таму, хто меў справу з драніцай — Драніца, Драніч, Драніцкі, Дранец.

Дроб, Дробаў, Драбовіч, Драбеня, Драбянок, Драбкоў, Драбінскі, Дробны, Дробаш, Дробуш, Драбышэўскі, Драбатовіч

— вялікае вязьмо мянушак, прозвішчаў ад аднаго драбочка слова, якое азначае маленькую часцінку, крупіначку чаго-небудзь. У гэтых прозвішчах ці не самае дакладнае выяўленне характэрнай рысы беларуса — быць беражлівым, ашчадным да ўсяго, што здабыта сваімі рукамі.

Дрозд.

У лясах Беларусі водзіцца птушка дрозд, якая прыгожа спявае. І чалавеку, які ўмеў падрабляцца ў спевах пад дразда, далі адпаведную мянушку, якая потым стала прозвішчам. Вытворныя ад яго — Драздовіч, Драздоўскі, Драздзецкі, Драздзюк.

Дубай.

За аснову ўзята слова дубай, што па-кіргізску азначае прывітальны вокліч, накшталт нашага «прывет!». Вітаўся так чалавек, што паходзіў з Кіргізіі, так і замацавалася за ім мянушка.

Дубатоўка.

Таго, хто таўчэ дубовую высушаную кару, каб дубіць скуры, так называлі. Гэта мянушка па занятку.

Дубовік, Дубоўка.

Многія звязваюць гэтае прозвішча з тымі, што ўтвораны ад назвы дрэва дуб. Але ў гэтым разе трэба лічыць за аснову іншае, украінскае і расейскае значэнне слова дуб і дубовік. Плытагоны сваю лодку, якая суправаджае рух плытоў, называюць дуб, дубоўка, адсюль і дубовік, як гаспадар гэтай пасудзіны, або стырнавы, гаспадар лодкі.

Дудар, Дудараў, Дудароў, Дударэвіч, Дударэнка, Дударчык,

а яшчэ доўгі пералік прозвішчаў ад слова дуда, дудка, як музычны народны інструмент, і дудар, дуднік, як музыка, што іграе на гэтым інструменце.

Дукса

— ад летувіскага дуксас, што азначае ўздых, набіранне паветра ў лёгкія.

Дылевіч.

Ёсць у нашай мове слова дыля. Так называюць тоўстую дошку, пласціну або дылёўку ў адрозненне ад цалёўкі, што мае таўшчыню ў 25 міліметраў і ідзе на падлогу. А дылі скарыстоўваюць на насцілы мастоў, на ўнутраныя сцены, пераборкі або перагародкі, на дзверы. Чалавека, які рабіў дылі, напілоўваў іх з бярвення, так і звалі Дыля. Пазней мянушка лягла ў аснову прозвішчаў Дылевіч, Дылеўскі, Дылянок, Дылько.

 

Е,Ё

 

Ёдка, Ёда, Іода, Іодка.

Калі зазірнуць у моўныя крыніцы суседняга з намі летувіскага народа, дык прозвішчы тыпу Іодо, Іодас, Іодка сустракаюцца часта і паходзяць ад летувіскага прыметніка юодас, што значыць чорны. Чорнавалосым летувісам давалі некалі мянушку Юода, Юодас, Юодка, якія і сталі прозвішчамі. Пасяліўшыся сярод беларусаў, летувісы падаравалі нам гэткае прозвішча, якое, праўда, па-беларуску загучала прасцей: Іода, Іодка, Іодас. Хоць на самай справе варта было б пісаць не традыцыйна этымалагічнае, а так, як чуецца, фанетычнае — Ёда, Ёдка, Ёдас, як пішуцца назвы шмат якіх вёсак у паўночна-заходніх раёнах Беларусі — Ёдкі, Ёдкішкі, Ёдаўцы, Ёдчыкі. Ёды.

Ермакоў, Ермалаеў, Ермалюк.

Прозвішча расейскае, пайшло ад імя Ярмак, якое лічылася гутарковай, бытавой формай імя Ярміла, Ермалай, што прыйшло з Грэцыі, дзе ўтворана ад уласнага імя Гермес і слова лаас — народ. У грэчаскай міфалогіі Гермес лічыцца сынам вярхоўнага бога Зеўса. Апякунства пастухоў і падарожнікаў было даручана Гермесу, ён лічыўся таксама богам гандлю і прыбытку. Ермалай, як і Ярмак, сімвалізуе народны прыбытак, скарб народа.

Ёрш, Яршоў, Яршэвіч, Ёршык

— ад назвы рыбы, для якой характэрны калючыя плаўнікі, якія пры набліжэнні небяспекі рыбіна напружвае.

 

Ж

 

Жаба, Жабка, Жабчык, Жабко, Жабчанка, Жабінскі, Жабіцкі.

Мянушкі, што леглі ў аснову гэтага прозвішча, маюць пэўную ступень гідкасці, абурэння, неахвотнай згоды на іх прыманне. І ўсё ж прозвішчаў з гэтай асновай шмат. Усё таму, што чалавек ад частага карыстання мянушкай ці прозвішчам звыкаўся з імі і забываўся на той прамы сэнс, які закладзены ў іх першааснове.

Жабрак, Жэбрак, Жабрун, Жабруновіч, Жабруноўскі.

Вялікае мноства ў мінулыя стагоддзі жабракоў, збяднелых людзей спарадзіла і вялікі спіс вытворных ад гэтага слова мянушак і прозвішчаў.

Жагун.

Утворана ад польскага дзеяслова жагнацца, хрысціцца. Чалавеку, які часта жагнаўся, накладваючы на сябе сімвалічны крыж, далі такую мянушку.

Жвірбля.

У Беларусі ёсць і такое прозвішча, у аснове якога слова гэтак пашыранае сярод нашых суседзяў-летувісаў, дзе жвірбліс азначае верабей.

Ждановіч.

Адным з даўніх стараславянскіх імён было Ждан. Так называлі некалі першага ў сям'і сына, якога доўга чакалі, бо нараджаліся ўсё дзяўчынкі. Ад мужчынскага агульнаславянскага імя і пайшлі прозвішчы Ждановіч, Жданко, Жданаў, Жданюк, Жданкевіч, Жданоўскі.

Жлукта, Жлукцік, Жлуктовіч

— ад слова жлукта, якім называюць п'яніцу, або жлукцік, як называецца чайнік.

Жмайла, Жмака, Жмачынскі, Жмейда, Жмінда, Жмуля

— усе з аднаго кораня жмаць, выціскаць апошнія сокі, быць скупым, абмежавальнікам свабоды, асабістых жаданняў.

Жогла, Жогліч

— той, хто валодае джалам ці нагрэтым прутком, каб выпальваць адтуліны ў любым матэрыяле.

Жуйка.

Чалавеку, які ўвесь час нешта жуе, давалі такую мянушку.

Жур, Жура, Журовіч, Журковіч, Журкоўскі

— усе ад слова жур, што значыць кісель ці страва ў выглядзе накрышанага хлеба ў ваду (тое, што па-расейску тюря).

Жыбуль, Жыбулевіч, Жыбулеўскі

— ад слова летувіскага жыбуліс нешта бліскучае, зіхатлівае.

Жывіца, Жывіцкі.

Жывіцай называюць яловую смалу, што цячэ з дрэва, або рэмень, выразаны з нявырабленай скуры. Чалавеку, які захоўвае першародную чысціню, давалі такую мянушку, а затым і прозвішча.

Жыга, Жыган, Жыгоцкі, Жыгалка, Жыгалоўскі, Жыгуноў.

Чалавеку вельмі рухаваму, падбухторшчыку на злачынства, нагаворшчыку, паклёпніку, гатоваму балюча джгнуць, давалі такую мянушку.

Жыжаль

— ад украінскага жыжаль — мясціна, адкрытая з усіх бакоў. Чалавеку з адкрытай душой давалі такую мянушку.

Жыла, Жылун, Жылуновіч, Жылка, Жыльчык, Жылінскі, Жылковіч.

Словам жыла звычайна называлі чалавека прыжымістага, патрабавальнага, скупога на адпачынак і ахвочага да працы нястомнай, стараннай, такой працы, што ажно жылы рваліся.

Жыткевіч.

У аснове прозвішча словы з коранем жыт-жыта, жыццё, жытка. Калі жыццё не надта ладна складвалася, калі жыта не радзіла, казалі: «Ну і жытка ў гэтага чалавека». Так і замацавалася за ім мянушка Жытка, а дзяцей яго ўжо называлі Жыткевічы, Жыткоўскія, Жытковічы.

Жычка, Жычкевіч.

Чырвоная стужка ці чырвоная суконная нітка з кутаском, якой счэпліваюць каўнер кашулі або сарочкі, завецца жычкай. Чалавеку, які быў адметны гэтай жычкай, давалі такую мянушку.

Жэўжык.

І такое прозвішча сустрэнеш у Беларусі. А словам гэткім называюць нярослага, але вельмі жва- вага, спрытнага чалавека, адным словам, ветрагона, шылахвоста.

 

З

 

Забела, Забельскі, Забеліч.

Усе ад слова забела, як называюць смятану ці малако, што ставяць на стол, каб забяліць страву — крупнік, салату, боршч. Адным словам, калі чалавек жыве ў дастатку, дык можа прэтэндаваць на такое прозвішча.

Забора, Забаронак

— ад слова забора, як складка на адзенні ці маршчак на твары. А яшчэ той, каму было забаронена жыць у людных мясцінах, бо пашыраў крамольныя думкі, быў пад наглядам улады.

Завада, Завадскі, Завадзіч, Завадоўскі.

Словам завада называюць штучную перашкоду, якую ставяць чалавеку, што бярэцца за добрую справу. Такую мянушку даюць тым, хто чыніць перашкоды.

Забалотны ці Забалоцкі, Заграбельны, Загуменны, Задарожны, Загорны ці Загорскі, Залесны ці Залескі, Залужны, Замасцен ці Замастоцкі, Занёманец, Запольны ці Запольскі, Запрудны, Зарожны, Заярны, Зарэчны

— цэлае вязьмо прозвішчаў, якія давалі, гледзячы дзе пасяліўся чалавек: за балотам, грэбляй, гумном, дарогай, гарой, лесам, лугам, мастом, Нёманам (ракой), полем, прудам, за рогам (вуліцы), ярам або рэчкай.

Заяц, Зайкоўскі, Зайцоўскі.

Усе падобныя прозвішчы ад мянушкі Заяц, якую атрымаў некалі чалавек за тое, што спрытна бегаў — не дагнаць, ці быў баязлівы, азіраўся па баках. У сына ўжо з'яўлялася ласкальная мянушка — Зайка, а дзяцей Зайкі ужо называлі Зайковы, Зайкоўскія. Так і прозвішча набывалі яны адметнае ад бацькі.

Заламай.

Так называлі таго, хто, нешта прадаючы, заломваў вялікія грошы, абдзірала, вымагальнік.

Залатар, Залатароў, Залатарэвіч

— ад слова залатар, якім называлі залатых спраў майстра, або таго, хто ездзіў з бочкай па горадзе і выграбаў ямы з нечыстотамі, брудам.

Заранік, Заранка, Заранок.

Адметнае сваёй беларускасцю прозвішча пайшло ад мянушкі, якую далі чалавеку за яго стараннасць, працавітасць — уставаў зарання, яшчэ да ўсходу сонца, на золаку, на зары, ішоў працаваць у поле ці тупаў каля дому, дзе заўсёды ёсць столькі работы, што ўсю і не пераробіш.

Заруба, Зарубка, Зарубіцкі, Зарэмба.

Словам зарубка, ці па-польску зарэнба, называюць адметку на чым-небудзь, рубец на твары чалавека, што трапіў у аварыю ці бойку. Адметнаму, пазначанаму чалавеку давалі такую мянушку. Тое самае Засека, Засечка, Засецкі.

Званар, Звоннік.

Той, хто б'е ў званы. Мянушка па занятку.

Здольнік.

Чалавек здольны, прыняты ў сям'ю з роўнай доляй, як усе астатнія.

Зелянок.

Утворана пад уплывам украінскай мовы ад слова зеляняк залаты жук. За нейкае падабенства, можа, за залацісты колер валасоў, празвалі чалавека — зеляняк, а праз некаторы час гук я ў канцы мянушкі памянялі на о, так і ўтварылася прозвішча Зелянок.

Злоба, Злобін, Злобіч, Злабінскі

— ад расейскага злоба злосць, гнеў утворана мянушка-прозвішча.

Зошчык.

У жанчыны па імені Зося нарадзіўся сын, і калі пыталіся: «Чый гэта?» — адказвалі: «Зосьчын» (чуецца Зошчын). А калі трэба было запісаць прозвішча, пазначылі Зошчык.

Зуб, Зубака, Зубовіч, Зубенка, Зубена, Зубік, Зубко, Зубковіч, Зубчонак, Зубец, Зубар, Зубах

— доўгі ланцуг імён, зачэпленых за адно толькі маленькае (аднаскладовае) слова зуб. Звычайна давалася зубатаму чалавеку, якому палец у рот не кладзі — адкусіць.

Зуй, Зуеў, Зуёнак, Зуйко, Зуйкевіч, Зуеўскі, Зуянкоў

— ад мянушкі Зуй, якую давалі рослым дзецям за іх дзяціныя паводзіны, недаросткам па развіццю.

Зюзя, Зюзёнак, Зюзькін, Зюзькевіч.

Мянушкай для гэтых прозвішчаў стала дзіцячае азначэнне холаду, марозу — зюзя. А яшчэ і п'янага чалавека так звалі, дадаючы — назюзіўся ўжо.

Зянюк

— ад імя Зянон, Зенан утворана прозвішча і вельмі проста: зянонавых дзяцей называлі Зенюкамі, Зяневічамі.

Зянько.

Прозвішча Зянько, а па-расейску Зенько трэба было пісаць і вымаўляць Зенка або Зенька. Тады адразу стала б відавочным, што паходзіць яно ад слова зенка, што значыць зрэнка ў воку, чорная круглая прарэшка, у якую праходзіць святло. Чалавеку з вялікімі адкрытымі вачамі давалі такую мянушку.

Зямянін, Зімянін

— ад польскага земянін той, хто мае шмат зямлі, абшарнік, дваранін, а яшчэ карэнны жыхар пэўнай мясціны, тутэйшы.

 

І

 

Ігнашэвіч, Ігнасевіч, Ігнатовіч, Ігналюк, Ігналевіч...

Зараз вельмі рэдка сустракаецца імя Ігнат, Ігнась, Ігналь, так пашыраныя ў свой час у Беларусі. Прыйшло імя з лацінскай мовы, дзе адпавядае слову ігнатус, што значыць ненароджаны, невядомы, чужы. Ігнатавых дзяцей звалі звычайна Ігнатовічамі або Ігнасевічамі, Ігнатоўскімі.

Іскра, Іскрык, Іскровіч, Іскроўскі, Іскрыцкі.

Мянушку і прозвішчы гэтыя давалі чалавеку, які вельмі хутка ўзбуджаўся, запальваўся гневам ці весялосцю, высокімі ідэямі, жаданнямі.

 

К

 

Каваль, Кавалёк, Кавалец, Кавалёнак, Кавалевіч, Кавалеўскі, Кавалёў, Кавалюк, Кавальчук.

Адным словам, самыя пашыраныя ў Беларусі прозвішчы, утвораныя ад мянушкі па занятку. У кожнай вялікай вёсцы, больш за паўсотні двароў, быў свой каваль, таму такое прадуктыўнае прозвішча з гэтай асновай.

Кавенька, Кавеня, Кавенькін, Кавяневіч, Кавецкі.

Чалавеку, які хадзіў заўсёды з кавенькай, палкай-качарыжкай, з загнутым канцом-крывулькай, давалі гэткую мянушку.

Кадзь, Кадзевіч, Кадзік

— ад назвы кадзь, што значыць вялікая кадушка для салення ці ссыпання збожжа, утворана мянушка чалавека, які быў тоўсты або насіў прасторную вопратку і выглядаў нібы тая драўляная пасудзіна.

Кадоўба, Кадлуба.

Тое што і папярэдняя мянушка, толькі кадоўбай называлі пасудзіну, зробленую з цэлага кавалка дрэва, камля, выдзеўбаную.

Кажамяка, Кажамечанка, Кажара, Кажарскі, Кажух, Кажушка, Кажушкевіч, Кожух, Кажэўнікаў

— усе ад расейскага кожа скура. Людзям, звязаным з вырабам скур, давалі такія мянушкі; а кажух, кажушок — футра з авечай скуры.

Казан, Казанец, Казаневіч, Казанскі, Казанцэвіч

— усе ад татарскага казан вялікі гаршчок, кацёл. Пустому балбатуну давалі такую мянушку.

Казека, Казура, Казюля, Казела, Казецкі

— мянушка звязана са словам казяўка, бо, калі паўзе па скуры, непрыемна казыча цела. Давалі чалавеку надакучліваму, гідкаму, лісліваму.

Казінец

— так называлі хваробу канцовасцей, па-расейску падагра. Людзям, якія няпэўна ступалі па зямлі, падрыгваючы нагой ці абедзвюма, давалі такую мяняшку і прыгаворвалі — скача, нібы казінец у ногі ўбіўся.

Калач, Калачык, Калачынскі, Калачэўскі.

Неяк дзяўчынка-сямікласніца даслала ліст з запытаннем: «Чаму ўсміхаюцца людзі, пачуўшы мае прозвішча?» Смачнае вельмі, наводзіць на прыемныя згадкі, таму і ўсміхаюцца. Яго далі некалі як мянушку, за вонкавы выгляд, мабыць, за круглы, ружовашчокі твар, як у толькі што спечанай белай пшанічнай булкі, выпечанай у форме замка, што нагадваў пышныя закручаныя вусы. Гэткае печыва мае назву калач.

Калееў, Калей, Калейчык, Калейнік.

У некаторых мясцінах Беларусі замест слова чарга карыстаюцца вельмі адмысловым, пазычаным у польскай мове, словам калейка або калея. Яно засведчана і ў «Слоўніку беларускай мовы», складзеным больш за сто гадоў назад вядомым педагогам і вучоным Іванам Насовічам. Там падаюцца і такія прыклады карыстання гэтым словам: «Табе калея выходзіць. Твая калея старажаваць». Ад слова калея і было ўтворана прозвішча, якое далі таму з аднавяскоўцаў, хто вельмі спраўна выходзіў па калейцы, па чарзе, каб старажаваць, несці начную варту ў сваёй вёсцы або гнаць кароў на папас. Такія варты па ахове грамадскага парадку былі абавязковыя ў грамадзе.

Калена, Каленка, Каленік, Калянковіч, Каленчыц, Каляневіч

— ад слоў калена і каленка (у сцябле збажыны патаўшчэнне для пругкасці). Давалі мянушку чалавеку, які, апранаючыся, абавязкова падпяразваўся і тады выглядаў як бы складзены з дзвюх частак.

Калібер, Калібераў, Каліберда.

Мянушку ад слова калібр давалі звычайна лесніку, паляўнічаму, якія мелі стрэльбу пэўнага калібру.

Калоша, Калошка, Калошын, Калошчык.

Мянушку ад слова калоша (штаніна) давалі тым, хто насіў штаны навыпуск, а яшчэ жанчынам, якія надзявалі калошкі — панчохі без ступака, калі ішлі жаць, каб іржышча не калолася ў лыткі.

Калюга, Калюжны, Калюжонак

(часам і праз у пісалі). Мянушку ад слова калюга выбоіна на вуліцы, лужа, давалі гаспадару, насупраць хаты якога стаяла калюга.

Калеснік, Калясніцкі, Калесніковіч, Колесаў.

Мянушка ад слова калёсы павозка з чатырох колаў. Яе давалі па занятку — таму, хто рабіў колы, калёсы.

Камай, Камаёнак

— ад татарскага кумай спакойны кот. Занесена ў часы нашэсця татара-манголаў. Рахманаму, ураўнаважанаму чалавеку давалі такую мянушку.

Камель, Комлік, Камлюк, Камлёў, Камлянок.

Невысокаму, але дзябёламу, каржакаватаму чалавеку, падобнаму на камель дрэва, давалі гэткую мянушку.

Камінскі.

Жыў чалавек у панскім маёнтку, паліў у яго гасцёўнях камін — печку з адкрытым полымем. За такі занятак атрымаў мянушку Камінскі, якую запісалі потым прозвішчам. Сустракалася і такое тлумачэнне. Раней хаты былі курныя, дым з печы ішоў на хату і выходзіў праз шчыліны ў сцяне, праз дзверы, вокны ці страху. А тых людзей, што выкладвалі коміны над печчу, каб адводзіць дым, называлі камінскія.

Канавал, Канавалаў, Канавальчык, Канаваленка, Канавалёнак.

Такую мянушку давалі дужаму і спрытнаму чалавеку, які валіў каня, каб зрабіць аперацыю ці падкаваць яго.

Канопа

— ад летувіскага конопас, той, хто падразаў капыты ў каня.

Капшай.

У беларускай міфалогіі копша магільны дух, па-расейску копшак дажджавы чарвяк. Мянушкай гэткай называлі маларослага, змарнелага чалавека. Ад гэтага і Капыш, Капышка — той, хто ледзьве капошыцца, корпаецца.

Карабан, Карабінскі, Караба, Карабач, Карабачэвіч.

Беларускае хвароба і летувіскае караба з аднаго кораня, калі ад болю чалавек, як кажуць, лезе на сцяну, карабкаецца, караскаецца. Хваравітым людзям давалі гэткую мянушку.

Карака, Каракін, Каракоўскі, Караковіч.

Усе мянушкі і прозвішчы гэтыя ад расейскага коряка крывое, раздвоенае (у два ствалы) дрэва, па-беларуску раскарэка, раскірэка, давалі іх чалавеку незгаворліваму, капрызнаму, якому нейкая невыяўная хвароба не дае жыцця таму, хто гаворыць адно, а робіць другое.

Каратай, Каратайка, Каратаеў.

Расейскае коротай — кароткі каптанчык дало мянушку чалавеку ў кароткай вопратцы, недаростку па фізічных ці разумовых вартасцях.

Карач, Карачан, Карачун

— ад татарскага карача — чорны, або ад карачун злы дух, які ўкарочвае жыццё чалавеку, наклікае смерць, чорны змрок. Мянушку такую давалі таму, каму была наканавана ранняя смерць ад курчаў-сутаргаў.

Картуль, Картун.

Можа, гэта прозвішча не беларускае? Не, самае-самае беларускае. Так у некаторых мясцінах называюць чалавека з невыразным вымаўленнем, картавага.

Каруна, Карунец, Карунчык, Карунны.

Старабеларускае коруна — не толькі галаўны ўбор караля, але і назва каралеўства (польскае карона азначае карэнную Польшчу). Адсюль і карункі аздоба на каруне, тое, што па-расейску кружева. Адным словам, карунны — прыналежны да каралеўства, да Польшчы (Беларусь уваходзіла ў каралеўства Польскае, значыць, і да Беларусі).

Катляр, Катляроў, Катлярчук, Катлярэнка, Катляровіч, Катлярэўскі

— ад мянушкі па занятку: катляр — той, хто выбівае катлы, робіць іх. А яшчэ — Кацельнік, Кацельнікаў.

Каўшар, Каўшарэвіч, Каўшэраў, Каўшэрскі.

Мянушка па занятку — той, хто вырабляе каўшы, чарпакі. А яшчэ — Каўшоўнік, Каўшовіч.

Каханы, Кохан, Кахановіч, Каханоўскі.

Прозвішчы гэтыя ўтвораны ад слова каханне пачуццё павагі і любві да іншага, любасці да ўсяго, што вакол — лясы, рэкі, лугі, поле... Вось такому багатаму на спагаду да іншых, міласэрнаму чалавеку і давалі людзі мянушку Каханы або Кохан, Кахановіч або Каханоўскі, Кахно, Кахненка, Коханаў і інш.

Кацар, Кацэр, Кацур, Кацараў, Кацура

— ад старабеларускага кацер, як называлі ерэтыка, таго, хто не прызнаваў веры ў бога, лічыў рэлігію ерассю, бязглуздзіцай.

Кашкур, Кашкурэвіч

— ад татара-мангольскага кашкыр воўк, кашкур — конь, які храпе, палюючы на ваўка. Паляўнічы на ваўкоў — Кашкурэвіч. А яшчэ — кажухар, кравец, што шые кашулі.

Кашэль, Кошаль, Кашалевіч, Кашальчук.

Паходзіць ад слова кош або кашэль, якім называюць плеценую з лучыны ці з лазовых або арэхавых дубцоў пасудзіну. Магло быць, што чалавек плёў такія кашалі і яму далі мянушку Кашэль. Але ж пасудзіну, плеценую з лазы ці арэшніку, называюць кош, значыць, і мянушку адпаведна пісалі Кошаль. А яшчэ ж была прафесія кошаль той чалавек, які працаваў на млыне, засыпаў у кош над жорнамі зерне для мліва.

Кашэнь, Кашэня, Кашэўскі.

З мянушкі гэтае прозвішча, якую далі чалавеку, што плёў з лазы вельмі адмысловыя кашы.

Кваша, Квашук.

Зквашанае малако, заваранае кісла-салодкае цеста — усё гэта кваша, што лягло ў аснову мянушкі-прозвішча.

Квінта.

Мянушка рэдкая, але трапная па назве апошняй, самай тонкай струны ў скрыпцы. Калі чалавек моцна замарыўся, занудзіўся, кажуць: «Што ж ты нос на квінту павесіў?»

Кеба, Кебіч, Кебец.

Украінскае кеба — здольнасць, высокае ўмельства вызначаюць гэтую мянушку.

Кейзер, Кейзераў

— ад цюркскага кезэр скупы, заўсёды галодны чалавек.

Кеня, Кенька

— ад летувіскага кеніс — смалістае дрэва ці ад цюркскага кене клешч. Адным словам, учэпістаму чалавеку, прыліпалу, прыставалу давалі гэткую мянушку.

Кергет.

Паходзіць ад старабеларускага слова кер, керка. Так у некаторых мясцовасцях на захадзе Беларусі называлі пень, калоду, а таксама куст атожылкаў на спілаваным пні. Прыйшло гэтае слова з летувіскай мовы, дзе керас гэта куст. Магло быць, што чалавеку, глухому ад нараджэння, глухому, як пень, далі мянушку «кер гэта», а пазней запісалі прозвішчам.

Кімстач.

Ёсць у летувіскай мове слова кімстнас, што азначае белы мох, сфагнум, адсюль і дзеяслоў кімшці набіваць, напакоўваць чым-небудзь адтуліны, пазы ў сцяне. Чалавек, які ладзіў зруб хаты, набіваў мохам пазы між бярвеннем, летувісы называюць кімштневас. З гэтым значэннем мянушка прыйшла ў нашу мову, прыняўшы гучанне Кімстач, і стала прозвішчам.

Кірзаў.

Вытокі трэба шукаць у расейскіх паўночных гаворках. Там сустракаецца слова кірза, якое азначае верхні пласт зямлі, глебу. Калі вынайшлі спецыяльную шматслоўную тканіну, вельмі моцную, трывалую, дык яе за шэры, зямлісты колер, падобны на падзолістую глебу, таксама назвалі кірза. Спачатку з яе пачалі рабіць прагумаваныя прывадныя пасы, каб перадаваць механічную энергію з аднаго кола на другое. Апрацаваўшы гэтую тканіну плёнкаўтваральнымі рэчывамі, зрабіўшы яе воданепранікальнай, атрымалі замяняльнік скуры, з якога і шыюць самыя простыя боты, што называюць кірзавымі. Таму хто носіць або шые боты, маглі даць такую мянушку, якая стала неўзабаве прозвішчам.

Кірмень.

З летувіскай мовы ад слова кірмеле, што значыць чарвяк. Непрыемнаму паўзуну, чалавеку-прыстасаванцу далі такую мянушку.

Клішэўскі.

У аснове гэтага прозвішча летувіскае слова клішас, што значыць кульгавы, крываногі, клышаногі. Кульгаваму чалавеку далі такую мянушку Каліша або Клышка, якую пазней запісвалі прозвішчамі — Клішэвіч, Клішэўскі, Клішын, Клышка, Клышэвіч.

Костка, Касцюк, Касцюкевіч, Касцяневіч, Костачкін.

У аснове гэтых прозвішчаў ляжаць словы костка, косць, якімі падкрэсліваецца адметнасць характару іх носьбітаў — цвёрды, упарты, стойкі.

Краснапольскі, Краснаполец.

Мясціна, дзе пасяліўся першы носьбіт гэтага прозвішча, называлася Краснае поле, што значыць прыгожае поле. Жыхароў гэтага паселішча так і звалі — краснапольскія, краснапольцы. Той выпадак, калі мянушка ідзе ад месца нараджэння ці пражывання, працы.

Краўчэня, Краўчанка, Кравец.

У аснове гэтых прозвішчаў прафесійны занятак яго носьбіта. Кравец — майстар, які шые адзенне, значыць, і кроіць яго. Ад гэтага кроіць урэшце і паходзіць прозвішча Кравец. Сына Краўца ў адрозненне ад бацькі называлі Краўчэня, Краўчанка.

Крот.

Утворана ад назвы звярка — крот. Жыў чалавек ў зямлянцы ці якой нары, вось і далі яму такую мянушку. Па-беларуску, калі носьбіт хлопчык або мужчына, прозвішча падпарадкуецца другому скланенню. Правільна будзе падпісаць «Сшытак Міхаіла Крата». У асоб жаночага роду прозвішча не скланяецца: «Сшытак аддаю Лене Крот».

Крупка.

Звязана з заняткам чалавека. Здробненае зерне ячменю або пшаніцы называюць крупкай. Чалавеку, які быў млынаром і працаваў на крупарушцы або крупадзёрні, рабіў крупы і крупку, далі мянушку Крупко. Калі праходзіў усерасейскі перапіс насельніцтва, перапісчыкі звычайна беларускія прозвішчы з канчаткам а перайначвалі на канцовае о.

Кубай.

Прозвішча прыйшло з Украіны, дзе словам кубай называлі некалі вялізную, выдзеўбаную з дрэва пасудзіну з ручкай, накшталт кубка, з якога п'юць ваду. Чалавеку, які рабіў такія кубкі, і далі адпаведную мянушку Кубай.

Кузьма.

Здараецца, што імя становіцца прозвішчам. Імя гэтае пазычана ў грэчаскай мовы, дзе ўтворана ад слова козмас, што значыць упрыгожанне з зорак, Сусвет. Часта імя гаспадара запісвалі прозвішчам, не дадаючы да яго ні суфіксаў, ні канчаткаў. Ёсць жа не толькі Кузьма, але і Дзям'ян, і Кур'ян, Ждан — усё гэта імёны, што выконваюць ролю прозвішча, назвы сямейнага роду.

Кукабака.

Крыху дзіўнае, калі ўспрымаеш на слых. Але трэба мець на ўвазе, што ў расейскай мове ёсць мясцовае слова кукоба, што значыць ашчадны чалавек, беражлівы да ўсіх і да ўсяго, можа нават крыху скупы, скнара. У некаторых мясцінах Беларусі можна пачуць дзеяслоў кукобіць, гэта значыць гадаваць, няньчыць дзіця, ашчаджаць яго, шанаваць. Прозвішча Кукабака атрымлівалі носьбіты гэтых якасцей, людзі ашчадныя, беражлівыя, занятыя няньчаннем дзяцей.

Кулік.

Ёсць такая птушка, што водзіцца ў балоце. З выгляду стракатая, чырванавата-бурая, як бы з рудым адценнем. Людзі нават прыказку прыдумалі: «Кожны кулік сваё балота хваліць». Дык вось і чалавека, які хваліў бясконца сваю вёску, пачалі называць Куліком. Адсюль — Кулікоўскі, Кулікоў.

Куліна, Кулінковіч, Кулінчык, Кулініч.

Ёсць жаночае імя Акуліна, якое ўтварылася ад лацінскага слова аквіліна, што значыць арліная. Ды і мужчынскае хоць рэдка сустракаецца, але існуе імя Акіла — ад лацінскага аквіла (арол). З гэтых імёнаў і пайшлі прозвішчы Куліна, Кулінчык, Кулінковіч (адкінута пачатковае а).

Кундас, Кунда.

Гэта татарскае слова, што значыць павук. Але ж блізкае да яго і ўкраінскае слова кундосыты — тузаць, торгаць, цягаць за валасы. Сапраўды ж, прыгледзьцеся, як павук пляце павуцінне — свае кросны. Увесь час тузае яго, быццам правяраючы, ці моцнае збудаванне.

Курака.

Вытокі гэтага прозвішча трэба шукаць у мянушцы, з якой яно ўтварылася. Куракамі называюць тых, хто заўзята курыць. А яшчэ — Куракін, Куракевіч.

Кушнярэвіч, Кушнер.

Людзей, якія выраблялі шкуры звяроў на футра і шылі з яго вопратку, называлі некалі кушнерамі (тое, што па-расейску скорняк). Пайшло гэтае слова з польскай мовы — кушнеж, а туды — з нямецкай. Ад слова кушнер і ўтварыліся прозвішчы Кушнер, Кушнярэвіч, Кушняроўскі.

 

Л

 

Лапа, Лапо, Лапцэвіч, Лапкевіч

— ад слова лапа — канцовая часткая нагі звера. Уперщыню так назвалі некалі чалавека з вялікімі рукамі, ці, больш дакладна, далонямі. Мянушка стала прозвішчам, вельмі пашыраным у Беларусі. Нашчадкаў Лапы ўжо называлі Лапцэвічамі або Лапкевічамі. Прозвішча трэба пісаць праз а на канцы — Лапа, не перарабляючы на Лапо і не засланяючы сэнс.

Ларчанка

— ад расейскага слова ларь, што значыць скрыня. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі словам ларь называлі гандлёвую палатку, або, як цяпер называюць, ларок. Чалавеку, які меў такі ларок і гандляваў нейкім таварам, далі прозвішча Ларчанка.

Левус, Левуш, Ляўша

— усё гэта мянушкі, што давалі чалавеку-ляўшу, які ўсё рабіў леваруч. А з цягам часу яны сталі самастойнымі прозвішчамі.

Лук'янаў

— гэта прозвішча патранімічнае, ад імені бацькі роду, якога звалі Лука, Лук'ян, Лукаш і якое прыйшло з лацінскай мовы, дзе ўтварылася ад слова лукс — святло, зіхаценне.

Ляпёшка.

Утворана ад расейскага слова лепёшка як мянушка, якую далі чалавеку за тое, што ён харчаваўся ляпёшкамі, праснакамі, перапечкамі або скавароднікамі. А па характару быў невыразны, як тое цеста, з якога пяклі ляпёшкі, лепякі.

 

М

 

Маеўскі, Маёвы.

Такое прозвішча давалі чалавеку, які нарадзіўся ў маі, або ішоў у гэтым месяцы ў армію, ды не меў прозвішча, або жаніўся веснавой парой. Наогул, па прыкмеце, звязанай з маем.

Макейчык.

Пазычана ў грэчаскай мове, дзе ўтворана ад слова мокас, якім называлі таго, хто насміхаецца, кпіць з каго-небудзь ці з чаго-небудзь.

Малышаў

з тых прозвішчаў, якія ўтварыліся на аснове мянушак. Малы, Малышок — такую мянушку давалі чалавеку за яго невялікі рост.

Мандра.

Паходзіць ад польскага мондра — мудрая, вучаная, разумная. Па-польску слова гэта пішацца праз літару ą крэскаванае, з хвосцікам, які вымушае вымаўляць яго як он. Узялі слова мондра, адкінулі хвосцік, і атрымалася ні па-польску, ні па-беларуску — Мандра. Правільнае ж словаўтварэнне патрабуе захоўваць польскае вымаўленне і пісаць прозвішча праз літару о ў першым складзе — Мондра, Мондры.

Мардухай.

Вельмі рэдкае прозвішча. Утворана ад слова морда, частка галавы жывёлы — каня, сабакі, каровы, што выдаецца прыкметна ўперад. За падабенства галавы да морды давалі такую зневажальную мянушку чалавеку. Але навошта запісалі прозвішчам?

Марушкевіч.

Прозвішча ўтварылася да імя Марыя, Маруся, Маруха. Жанчына рана аўдавела, заставалася і маці і гаспадаром. Пра мужыка ўжо забыліся і дзяцей «ахрысцілі» — Марушкевічы, Марушыны дзеці. Так і прозвішча запісалі не па бацьку, а па маці.

Маславец.

Чалавеку, які збіваў масла на продаж, далі мянушку Масла, а сына яго ўжо называлі Маславец. А калі пыталіся: «Чый ты?» — адказ быў адзін: «Маслаў, Маслаўцоў».

Матыль, Матылькоў, Матылец.

Гэтыя прозвішчы маюць пачаткам мянушку Матыль, якую атрымаў чалавек за свой неспакойны, мітуслівы, непаседлівы характар, як у матылька.

Машлякевіч

— ад слова машляк, якім у некаторых мясцінах называюць увогуле грыбы, што растуць пад мохам і маюць ліпучы капялюшык. Збіраў чалавек тыя грыбы, харчаваўся імі і атрымаў мянушку Машляк, дзеці ж яго ўжо зваліся Машлякевічы. Больш правільна было б называць грыб масляком, такая назва бытуе шырэй у Беларусі. Тады і прозвішча будзе — Масляк, Маслякевіч, Маслюкоў.

Мініч.

Утворана ад імя Мінай або Міна, якое прыйшло да нас з грэчаскай мовы, дзе ўтворана ад слова мён — месяц.

Місцюк, Місцюкевіч.

Утворана ад украінскага слова місцюк, якім у жывой гаворцы называюць жыхара горада, гараджаніна, бо па-ўкраінску горад — гэта місто. Прыйшоўшы ў Беларусь, прозвішча Місцюк падоўжылася і стала гучаць як Місцюкевіч.

Мурын.

Мае сваім грунтам дыялектнае слова, што бытуе ў смаленскіх, усходнебеларускіх гаворках, — мура. Так называлі прымітыўную страву — памочаны ў алеі хлеб запівалі вадой. Нешта накшталт цуры або цюры. Чалавеку, які так бедна харчаваўся, далі мянушку Мурын.

Мурашка, Мурашкевіч.

У аснове ляжыць назва ўсім вядомага насякомага — мураш, мурашка, муравей. Такую мянушку меў чалавек працавіты, увішны, а з яе пазней утварылі адпаведныя прозвішчы.

 

Н

 

Набокаў.

Прозвішча расейскае па сваім паходжанні. Ад слова набокий крывабокі, нахілены на адзін бок — утворана яно. Кульгавы чалавек быў той, хто атрымаў мянушку Набокі, хадзіў, нахілены набок. Вонкавая характарыстыка чалавека вызначыла яго прозвішча.

Наварыч.

Прыгожае, гучнае прозвішча. Утворана ад слова навар. Першы носьбіт гэткай мянушкі, якая потым была прынята за прозвішча, жыў, відаць, заможна і еў стравы не посныя, а з наварам, наварыстыя, запраўленыя тукам.

Нарэйка.

Прыйшло гэта прозвішча з летувіскай мовы, дзе ўтворана як мянушка ад слова нарыс, што значыць член, частка чаго-небудзь цэлага, але зборнага па сваей будове, напрыклад, член сям'і. Такую мянушку летувісы звычайна давалі ўсыноўленым, няродным дзецям.

Нарчук.

Утворана ад слова нара. Жыў чалавек без хаты, у нары, або, як цяпер сказалі б, у зямлянцы. Вось і далі яму мянушку Нарчук, якую пазней запісалі прозвішчам.

Насеня.

Прозвішча такое пайшло ад мянушкі, якую давалі чалавеку з вялікім носам, насатаму, насеню.

Нянадавец.

За чалавекам сціплым, сарамлівым, што аднекваўся ад прапаноў, вымаўляючы «не нада» не трэба, замацавалася мянушка Нянадавец і стала прозвішчам.

Нятылькін.

Прозвішча гэткае сустракаецца зрэдзь. Дзе-нідзе карыстаюцца словам атылы, што значыць гладкі, тоўсты, сыты. А вось чалавека, які не таўсцее, не гладчэе, увесь час, як кажуць, у адной меры, адной вагі, называюць нятылы, нятылька. Адсюль і прозвішча такое.

 

О

 

Ожаг, Ожэг.

Прозвішча складанае для напісання і вымаўлення. У аснове яго ляжыць расейскае слова ожог, апёк, таму па-расейску яно пішацца праз два гукі о. Па-беларуску падпарадкуецца правілу акання і таму ў першым складзе пішацца праз а, другое ж пад націскам — пішацца о. Але ж носьбіт прозвішча хутчэй за ўсё чэх, тады прозвішча паходзіць ад чэшскага ожеглый абпалены, і пісаць яго па-расейску трэба Ожег (націск на першым складзе), а па-беларуску — Ожаг.

 

П

 

Паддубны

— такую мянушку давалі таму чалавеку, які пабудаваўся пад дубамі, ля дубоў.

Палійчук, Паляйчук.

Прозвішча гэтае па занятку чалавека. Некалі засеяныя палі вартавалі ад звера, ад птушак, пільнавалі і тады, калі спела збажына ці бульба, калі ўбіралі іх. Вартавых у полі называлі палявец, паляўцоў, паляйчук. Ды і слова паляўнічы адсюль пайшло, бо, вартуючы поле, чалавек забіваў звера ці птушку, замахваўся на іх у полі.

Панімаш.

Як гэта непрыемна, калі малапісьменны выраз становіцца тваім вечным спадарожнікам. Зноў жа вінаватая мянушка, якой часта абменьваліся людзі, не думаючы, што яна можа застацца з чалавекам. Устаўляў нехта ў сваей гаворцы бясконца слова понимаешь, якое ўспрымалася як «панімаш», так і засталося яно прозвішчам для многіх пакаленняў.

Пашкевіч, Пашкоў, Пашка

— ад імя Пашка, памяншальнай формы імя Павел, якое прыйшло да нас з грэчаскай мовы, дзе ўтворана ад слова паўлюс маленькі, кароткі.

Песенька.

Чалавека за яго любоў да песні так і назвалі.

Пецярэнка, Пятрэнка, Пятроў

— ад імя Пеця — ласкальнай формы імя Петра, Пятро. Пісаць яго трэба па-беларуску, захоўваючы правіла аб гуку я ў першым складзе перад націскам.

Пінчук.

У гэтым слове змяшчаецца прыналежнасць чалавека да горада Пінска і яго ваколіц, жыхароў якіх называюць пінчукамі.

Пісараў.

Гэтае прозвішча пайшло ад занятку чалавека, які пісаў, перапісваў розныя паперы ў якой-небудзь установе, быў пісарам. Пайшлі ў яго дзеці, і іх называлі ўжо — Пісаравы, Пісарчукі, Пісьмянковы.

Пода.

Праўда, дзіўнае прозвішча?! Аднак жа нічога дзіўнага ў ім няма, проста рэдка сустракаецца. Такую мянушку далі некалі таму чалавеку, які жыў подалека, подаль ад вёскі або на канцы яе, або зусім на хутары. Калі пыталіся: «Хто там жыве?» — звычайна перапытвалі: «Гэты, што подаль?» Пасля адкінулі канчатак, каб не замінаў, і называлі проста прозвішча Пода.

Празецкі.

Першапачаткова прозвішча гучала як Прасецкі, бо характарызавала чалавека беднага, які ўвесь час прасіў што-небудзь у іншых. З цягам часу яно пачало вымаўляцца і пісацца праз звонкі гук зПразецкі. Першапачатковы сэнс, такім чынам, зацямніўся.

Пратасавіцкі.

Імя Пратас або Пратасій, якое пазычана з грэчаскай мовы, дзе ёсць слова прогас, што значыць першы, пастаўлены паперадзе, вылучаны наперад — протосо. Па-беларуску гэтае прозвішча пішацца праз а — Пратасавіцкі, а па-расейску праз о ў першым і трэцім складах і праз а — у другім: Протасовицкий.

Праўлоцкі.

Спачатку прозвішча было Правалоцкі і ў аснове яго ляжаў дзеяслоў валачыць, цягнуць, марудна рухацца (ледзьве валачыць ногі), марнаваць час. Чалавеку, які ўсё рабіў не спяшаючыся, вельмі павольна, і далі мянушку Правалока, з якой і ўзнікла прозвішча Правалоцкі або Праўлоцкі.

Пруднік.

Паходзіць ад слова пруд, спыненая спецыяльным збудаваннем, плацінай, водная прастора, што становіцца самастойным вадаёмам, басейнам. Мянушку Пруднік звычайна давалі майстрам будаваць запруду, а каля яе ставіць млын або тым, хто пасяляўся каля пруда. Прозвішчы Пруднік, Пруднікаў даволі пашыраныя ў Беларусі.

Прытульчык

— ад слова прытулак. Гэткую мянушку людзі давалі тым, хто быў бедны, не меў свае зямлі і хаты, а прыходзіў у якую-небудзь вёску і прасіўся, каб прытулілі.

Прыходзька.

У некаторых мясцінах гэтак завуць чалавека, які прыходзіць жыць у дом да жанчыны, прыстае ў прымы, прымака. А наогул, такую мянушку давалі ўсім, хто прыйшоў у вёску, каб адрозніць ад тых, што жылі ў ей стала, даўно. Адным словам, прышлы.

Пугач, Пугачоў.

Прозвішча ад назвы птушкі, занесенай ужо ў Чырвоную кнігу Беларусі. А раней, яшчэ перад вайной, іх было шмат у лясах. Па-расейску гэтая птушка называецца філін, а беларуская назва пугач перадае характар яе — пудзіць (пугать) уночы, палохаць усё жывое сваім глухаватым, але моцным «у-ху» або «ў-ху-ху». Пачуеш, і становіцца страшна, нібы побач стомлены ў дарозе чалавек заваліўся спаць, адсопваецца. Чалавеку такую мянушку маглі даць таму, што ён уночы працаваў, а ўдзень спаў. Але ж які сон удзень? Трывожны, таму і ўздыхаў бясконца, як пугач. З мянушкі ўтварылася прозвішча.

Пухальскі.

Штучна прыдуманае прозвішча. Паходзіць ад слова пух. Так маглі назваць чалавека малой вагі, лёгкага як пушынка.

Пучынскі

— ад расейскага слова пучина, што азначае бездань, дрыгва, твань. Мабыць, вёску, збудаваную на балоце, называлі Пучына, а тых, хто жыў там, — Пучынскія.

 

Р

 

Рагаза, Рагозін.

Утворана ад слова рагаза, рагаты сук, сукаватае дрэва. Мабыць, чалавеку сварліваму, які ні з кім не мог сужыцца, з'едліваму давалі мянушку Рагаза або Рагоза.

Радзюк.

У аснове слова рад, шнур. Будаваліся радамі і ўроскід. Дык вось тых, хто ставіў свае хаты ў адзін рад, па шнуру, называлі Радзюкі, Радзюкевічы, Радкевічы.

Ражанец.

Прозвішча гэтае характэрна для палякаў, бо ўтворана ад польскага слова рожанец, як называюць пацеркі, нанізаныя на шнурок шкляныя гарошыны рознага колеру. Хрысціяне-католікі трымаюць пад час малітвы ў касцёле ружанец, каб адлічваць, колькі паклонаў адбілі ці колькі малітваў прамовілі.

Рак, Ракаў, Ракавец.

Прозвішчы з асновай рак пайшлі ад мянушкі, якой называлі чалавека за падабенства з жывёлінай, што водзіцца ў вадзе — азёрнай, рачной, але з павольнай плынню. Назва пайшла ад летувіскага ракці, што значыць калупацца, варушыцца ў тым жа рачным іле. За свой марудны характар атрымаў чалавек такую мянушку, якая была запісана прозвішчам.

Рапавец.

Яна ўтварылася ад старабеларускага слова рапа, якім называўся расол, раствор у вадзе солі. Той, хто здабываў соль з вады, выпарваючы яе, атрымаў мянушку Рапавец, што літаральна азначала здабыўца солі.

Рудак, Русак, Русаковіч, Чарняк

— прозвішчы-характарыстыкі. Чалавеку з карычневымі, рудымі валасамі ці вачамі, шатэну давалі мянушку Рудак; русавалосаму, бяляваму — Русак, Русаковіч; чарняваму, чарнавокаму — Чарняк, Чарняўскі, Чарнецкі, Чарнушка.

Рубчэня

— ад слова рубец, якое азначае след на скуры цела пасля ранення ці загоенай раны, пасля хірургічнай аперацыі. А яшчэ дзе-нідзе словам рубец называлі край вёскі, рубеж. Чалавеку, які пасяліўся на канцы вуліцы, далі мянушку Рубец, бо на яго сядзібе канчалася забудова вёскі. Нашчадкі гэтага чалавека ўжо мелі прозвішча Рубчэня, бо пабудаваліся на рубцы.

 

С

 

Саўко.

Гэта беларускае мужчынскае імя Саўка, якое ў старажытныя часы пісалася Савко, з ненаціскным гукам о на канцы. Так украінцы пішуць яго і цяпер, вымаўляючы Савко. Беларусы ж, перанёсшы націск на апошні склад, ператварылі імя ў прозвішча. Імя ж Сава, Саўка, Савэлі (Савэль) бярэ свае вытокі ў старажытнагабрэйскай мове, дзе было біблейскае імя Саул (Шаул), якое давалі дзіцяці, выпрашанаму у бога, народжанаму, як казалі, «з ласкі божай».

Сабко.

У аснове прозвішча кіргізскае слова саба — самы вялікі мех з авечай скуры, у якім трымаюць кумыс. Гэткае слова ёсць і ва ўзбекаў, там яно азначае бурдзюк, мех, у якім захоўваюць і перавозяць віно. Ёсць і другая думка, што прозвішча такое давалі самастойнаму ў думках і дзеяннях чалавеку, які заўсёды «сам сабе на ўме».

Саматый, Саматэй, Саматэвіч, Самацэвіч, Самцэвіч, Саматоўскі.

Спрадвечна беларускія прозвішчы, утвораныя ад выразу «сама тыя», у якім больш іроніі, насміхання, чым станоўчай ацэнкі. Гэтак называлі людзей упартых, непакорлівых, ганарлівых, пра якіх казалі: «Сама тыя, што павіняцца», «сама тыя, што саступяць вам...», «сама той, што прызнаецца табе».

Савасцей.

Прыслаў школьнік з Клецкага раёна ліст і падпісаўся Алег Савасцей. Імя і прозвішча побач, вось і разбярыся, дзе адно, а дзе другое. З грэчаскай мовы прыйшло імя Савасцян або Савасцей ці Савось. А яшчэ ж бывае і Сабасцян або Сабастыян. Гэта ўжо бліжэй да грэчаскага сэбастас, што значыць высокашаноўны чалавек, якога глыбока паважалі, ледзь не святым лічылі. А тое, што імя стала прозвішчам, дык гэта вінаваты той пісар, які першы занёс імя бацькі прозвішчам. Утварыць іх ад імя можна было шмат: Севасцянчык, Савасцейчык, Савасцянау, Савосцік... Тады пытанне не узнікала б.

Свірыдзенка.

Ёсць такое імя: Свірыд, Сварыд, Спірыдон. Яно ўтворана ад дзеяслова спірацца, што значыць спрачацца, не саступаць адно аднаму, сварыцца. Ад імя Свірыд для яго дзяцей утворана было прозвішча Свірыдзенка.

Сівалобы, Сівалобаў.

Жыў чалавек, састарэў, сівыя валасы абвіслі на лоб, вось і далі яму адпаведную мянушку Сівалоб, якую запісалі пазней прозвішчам. Расейская форма гэтага прозвішча ўтворыцца, калі дадаць канчатак -ов(-аў): Сівалобаў.

Сівец.

Так завецца белавус лугавая трава, якая цвіце пухнатым белым кутасікам. Таму, хто першы пасяліўся ў вёсцы каля такога лугу, ці ў каго былі белыя вусы, і мянушку далі Сівец, а пазней запісалі прозвішчам.

Сімагасціцкая.

Складанае прозвішча. У ім аб'яднаны імя Сіма (ад поўнай формы Сарафіма) і прозвішча Гасціцкая (ад слова госць). Складаючы спісы жыхароў, не надта пісьменны пісар аб'яднаў два словы ў адно. Так і ўзнікла дзіўнае складанае прозвішча.

Сінькевіч.

Ад прыметніка сіні ўзнік назоўнік сінька, а ад яго ўжо спачатку мянушка Сінька, якую атрымаў хваравіты чалавек, які хадзіў заўсёды пасінелы (губы, нос), а потым, калі нарадзіліся нашчадкі, утварылася і прозвішча Сінькевічы.

Сіраж.

Паходзіць ад расейскага слова сирый, што значыць сірата, сіротка, сіратлівы з выгляду. Па-расейску трэба пісаць праз літару о ў другім складзе і вымаўляць з націскам на ім: Сирожь, a ў канцы — мяккі знак.

Скваркоўскі, Скварка.

Ад чаго пайшло прозвішча? Ад слова скварка — падсмажаны, падсолены або звараны скрылёк сала. Жыў некалі на ўсю бедную вёску адзін чалавек, які меў да хлеба яшчэ і сала, смажыў яго, браў з сабой у поле ці ў лес скварку. Вось і далі гэтаму чалавеку мянушку Скварка. А пасля запісалі мянушку прозвішчам, узаконілі дакументам, ды яшчэ і перайначылі ў Скваркоўскі, каб больш шляхетна гучала. Калі кіравацца паходжаннем, дык трэба пісаць яго праз літару а ў першым складзе, аднолькава па-беларуску і па-расейску.

Скібар, Скіба, Скібнеўскі.

Беларускае ад першаасновы слова скіба адвалены, адрэзаны плугам пласток глебы. Чалавека, які вельмі акуратна араў зямлю, роўненька клаў скібу да скібы, называлі скібар. З цягам часу мянушка стала прозвішчам, толькі запісаным для лягчэйшага вымаўлення ў выглядзе Скірба. Такое ж паходжанне маюць прозвішчы Скіба, Скібнеўскі.

Скрыпнік.

Украінскае па паходжанню прозвішча. Той, хто грае на скрыпцы, скрыпач. У Беларусі яшчэ тых, хто майструе гэты інструмент, называюць скрыпнікамі. А яшчэ — Скрыпнічэнка, Скрыпнікоўскі.

Смірноў.

Расейскае прозвішча, бо ўтворана ад прыметніка смирный ціхі, спакойны, паслухмяны, гатовы пасабіць другому.

Статкевіч.

Паходзіць ад слова статак — гурт кароў або іншай свойскай жывёлы, якія пасуцца разам. Першы носьбіт гэткага прозвішча быў пастухом, ганяў статак у поле.

Стрыбук.

Паходзіць ад дзеяслова, які пашыраны на ўкраінскай мове, стрыбаты, што значыць сігаць, пераскокваць. На Украіне каня-скакуна называюць стрыбуком. Адсюль і пайшла мянушка чалавека, які ходзіць шырокім крокам, нібы падскокваючы. Мянушка была запісана прозвішчам.

Стрыга.

Такую мянушку давалі чалавеку, у якога на галаве былі коратка падстрыжаныя валасы, бо ўсе хадзілі нястрыжаныя. З мянушкі ўзніклі прозвішчы Стрыгаў, Стрыжэвіч, Стрыжэўскі.

Стрэж

— ад слова стрэж, якім называюць самае глыбокае месца быстраплыннай рэчкі, пасля якога вада бяжыць па камені, утвараючы вадаспад. Чалавеку, які пасяліўся каля такой мясціны, і далі прозвішча Стрэж.

Стрэчань.

Адны кажуць, што пайшло прозвішча ад назвы веснавога свята Стрэчанне (Сретение Господне), якое прыпадае на сярэдзіну лютага, калі зіма з вясной страчаюцца, сустракаюцца. Нарадзіўся чалавек у гэтую пару, яму і далі такую мянушку, якая стала потым прозвішчам. Іншыя ж даследчыкі стаяць на тым, што ўсё пайшло ад стараславянскага слова стретати, якое азначала гаварыць насуперак, пярэчыць. Мянушкай Стрэчань назвалі чалавека, які заўсёды і ва ўсім пярэчыць, а пасля мянушку запісалі прозвішчам.

Сугака, Сугак.

У старыя часы вясковыя людзі хадзілі ў лапцях, а значыць, былі вымушаны іх плесці, а потым, калі падносяцца, падплятаць, рамантаваць. Для гэтага існавала спецыяльная прылада — касцяное ці драўлянае, а пазней і металічнае, крывое шыла, якое называлася сугакам. Чалавека, які ўмеў увішна падплятаць лапці, так і назвалі — Сугака.

 

Т

 

Таўкач, Талкачова, Толкач.

Чалавеку няўвішнаму, незваротліваму, нязграбнаму, а то і някемліваму, якога ўвесь час трэба было падганяць таўкачом, падштурхоўваць, далі такую мянушку. Некаторыя носьбіты прозвішча Таўкач часам называюць сябе, пераносячы націск на першы склад — Толкач. Ад гэтага нічога не мяняецца ў сутнасці першаасновы прозвішча, яно толькі цемрыцца, замурзваецца, аддаляецца ад мянушкі і пачынае гучаць як самастойнае.

Трыбуль.

На Украіне і ў Беларусі расце трава, падобная на збажыну з каласкамі. Яе называюць трыбулька. У галодныя гады каласкі збіралі, абмалочвалі, зярняты пераціралі на муку, з якой пяклі праснакі і елі іх. Жывот успухаў, і чалавек здаваўся добра накормленым. Такія непамерна вялікія жываты называлі трыбухамі, a людзей — трыбулямі, трыбухатымі.

Тьшкевіч.

Паходзіць ад імя Тышка, тое самае, што Цішка — памяншальная форма ад імя Цімох, Цімафей.

 

Ф

 

Федарук, Федаровіч, Федароўскі, Федарэнка

— пачаткам усіх гэтых прозвішчаў будзе мужчынскае імя Фёдар, якое прыйшло з грэчаскай мовы. Дараваны богам — вось што азначае грэчаскае імя Тэадор, якое, прыйшоўшы ў старарускую мову, мела форму Феодор, а пазней, у расейскай набыло прасцейшую — Федор. Беларусы ж доўга трымаліся сваей формы Тодар, захоўваючы першапачатковы грэчаскі гук т. Фёдаравых дзяцей на поўдні Беларусі называюць Федарукі, адсюль і прозвішча Федарук. У цэнтры Беларусі больш пашырана — Федаровіч, на захадзе — Федароўскі, на поўдні — Федарэнка.

Франскевіч.

Прозвішча польскага паходжання, ад імя Франак, Франц, таму і правільней было б пісаць яго праз літару ц — Францкевіч. Імя Франц некалі служыла адзнакай прыналежнасці да саюза германскіх плямёнаў, што атайбаваліся на ніжнім цячэнні Рэйна і з якіх утварылася Франкская дзяржава. Аснову яе складала тэрыторыя сучаснай Францыі.

Фурс, Фурсаў, Фурсевіч, Фурсік.

У аснове — арабскае фарос — конь. Маленькага росту чалавека, недаростка называлі ў Беларусі Фурсік або Хурсік. Беларусы наогул былі невысокага, сярэдняга росту, таму такое пашырэнне ў Беларусі мае прозвішча Фурсік.

 

Х

 

Хакала.

Чалавек, якому цяжка дыхаць, і ён пакутуе, забівае яго кашаль, дыхавіца, не дыхае, а хакае. Далі такую мянушку, а пасля, не прыдумаўшы нічога іншага, запісалі яе прозвішчам.

Халапук.

Некалі, у сярэднявечча, халопамі называлі сялян, людзей вёскі, залежных ад феадалаў, магнатаў. Халопы не мелі зямлі, імі цалкам распараджаўся валадар, як сваімі нявольнікамі, рабамі. Сына халопа называлі халапцом, халапуком (адсюль і беларускае хлопец). З гэтай мянушкі і ўтварылася прозвішча Халапук.

Хаміцэвіч.

Утворана ад мужчынскага імя Фама, якое па-беларуску мае яшчэ такія варыянты: Хама і Тамаш або Тумаш. Калі ад імя Хама ўтварылі імя па-бацьку, дык атрымлівалася: Хамоў — гучыць немілагучна, Хаміч — страчваецца самабытнасць, спыніліся на словатворы Хаміцэвіч, якое і засталося прозвішчам.

Харошча.

Утварылася ад прыметніка харошы. Харошча — значыць носьбіт добрых якасцей, прыгожы з выгляду і душой. Па-беларуску пішацца Харошча, а па-расейску Хороще, накшталт назоўніка старче, дружище. Па-расейску прозвішча Хороще не скланяецца, а па-беларуску набывае склонавыя канчаткі: Харошча, Харошчы, Харошчу, Харошчам, калі імя належыць мужчыну, калі ж жанчыне, дык не скланяецца.

Харчанка, Харчаў, Харчоў, Харчэўскі.

Прозвішча пайшло ад слова харч ці харчы. Некалі, у дарэвалюцыйны час, багатыя, хто меў вялікі надзел зямлі, бралі сабе ў памочнікі дзецюкоў, маладых людзей з бедных сем'яў, без усялякай аплаты, толькі за харчы. Вось і давалі такому чалавеку мянушку з коранем харч-.

Хілько.

Утворана ад слова хілы, кволы, слабы, хваравіты. Хвораму, нямогламу, якога вецер хіліць долу, чалавеку давалі такую мянушку, а пасля запісалі яе прозвішчам.

 

Ц

 

Цупа, Цуба.

Мянушка ўтворана ад дзеяслова цупаць, мацаць або па-расейску щупать. Звычайна так называлі сляпых людзей, якія, каб пазнаць чалавека, павінны былі пацупаць, абмацаць яго. Прозвішча гэтае пашырана больш на поўдні Беларусі. У Салігорскім раёне стаіць помнік братам Цубам, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны згадзіліся павесці фашысцкіх акупантаў у лес, каб паказаць ім месца стаянкі партызан, аднак завялі ворага ў такую чашчобу, што вораг так і не здолеў адтуль выбавіцца. Тады ў шалёнай злосці немцы ўчынілі расправу над беларускімі патрыётамі, якія паўтарылі вядомы подзвіг расейскага патрыёта Івана Сусаніна.

Цэтаў.

Гэта прозвішча паходзіць ад беларускага слова цот, як называецца лік, што дзеліцца на два без астатку. Ведаеце ж, напэўна, гульню «Цот і лішка», калі трэба адгадаць знак рэчаў, заціснутых у кулак. Прозвішча такое давалі звычайна блізнятам.

Цяльпук.

Узнікла з мянушкі, якой адарылі чалавека нязграбнага, няўвішнага, падобнага на кароткі кавалак бервяна, які таксама называюць цельпуком.

Цямчык.

Утворана ад слова цяміць, разумець, соображать, калі сказаць па-расейску. Кемліваму чалавеку далі мянушку Цямчык, якую запісалі прозвішчам.

 

Ч

 

Чыкун.

Гэтым словам у некаторых мясцінах называюць кульгавых на адну нагу. Кажуць — не ідзе, а чыкае, чыкіляе.

Чэркас, Чаркас, Чэрчас, Чаркес.

Чаркесы — народ, які насяляе Карачаева-Чаркескую вобласць на Паўночным Каўказе. Прадстаўнік гэтага народа, пасяліўшыся ў Беларусі, замест прозвішча атрымаў мянушку Чаркес, Чэркас, Чаркас. Па-ўсякаму, як хто мог, называлі і незаўважна ператваралі ў прозвішча.

 

Ш

 

Шалоха.

Дзеяслоў шалохаць, што значыць шастаць, шумець, шапацець, шалясцець, лёг у аснову мянушкі Шалоха, якую далі чалавеку, які несупынна гаварыў, толькі ціхенька, нібы шалясцеў увесь час, як лісце на асіне. Адсюль і слова расшалохаў пачуў і разабраўся ў пачутым.

Шамко, Шамковіч, Шамкоўскі.

Паходзіць ад слова шамкі бразготкі, бомы, якія надзявалі на хамут, каб конь не драмаў, а бег у дарозе весялей. Такую мянушку звычайна давалі чалавеку вельмі гаваркому, які не маўчаў, a бясконца балабоніў, а то і проста таму, у каго быў на кані хамут з шамкамі.

Шарко.

Гэтае прозвішча ўтварылася ад дзеяслова шаркаць прыстаўляючы правую нагу да левай, абавязкова пашархацець наском абутку аб падлогу. Такая звычка вітання некалі была пашырана ў асяроддзі шляхты, а таксама вайскоўцаў, якія абавязаны былі расшарквацца перад жанчынамі, вышэйшымі па стану чынамі або старэйшымі ўзростам людзьмі. Іх звычайна называлі шаркунамі. У нашым дэмакратычным асяроддзі, калі ўсе людзі роўныя, звычка гэтая сама па сабе знікла. Ад мянушкі Шаркун утварылася прозвішча Шарко.

Шарлай

— ад французскага шарлатан. У Францыі гэтак называюць невука, які выдае сябе знаўцам розных галін ведаў, а на самай справе ашуканец. Мянушкі, якія даваліся некалі людзям за пэўныя заганы, даўно страцілі сэнс, але носьбіты ўтвораных з мянушак прозвішчаў застаюцца, бо самі прозвішчы, як эстафета, перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Шлык.

Гэтак называлі некалі ваяцкую шапку пэўнага крою, накшталт шлемаў старажытных воінаў, над верхам якіх вытыркаўся завостраны на конус шлык. Гэткі выгляд мелі будзёнаўкі, шлемы з сукна, якія з'явіліся пасля ўтварэння Чырвонай Арміі спачатку ў Першай Коннай арміі, якой камандаваў С. Будзённы, а пасля пашырыліся на ўсе нашы ўзброеныя сілы і праіснавалі аж да Вялікай Айчыннай вайны.

Шляжка, Шляга.

Утворана ад слова шляга вузкая палоска тканіны або скуры, якой карысталіся, каб запрэгчы каня ў плуг ці воз, інакш кажучы, пастронак, шляя. А яшчэ так дзе-нідзе называюць кій, з якім ходзіць кульгавы чалавек. Калі шляга невялікая, дык яе называюць шляжкай.

Шпарук.

Свой пачатак прозвішча бярэ ад украінскага слова шпара, што значыць паз, выемка, якую выбіраюць у бярвёнах і дошках, калі будуюць хату, каб пакласці ў паз, шпару мох, кудзелю, пакулле, зрабіць сцяну цяплейшай. З тым самым значэнне шпара з'явілася і ў беларускай мове, a цесляроў, якія выбіралі і падганялі шпары, называлі шпарукамі. Так і з'явілася спачатку мянушка, а пасля яе запісалі прозвішчам.

Шчэмелеў, Шчамялёў.

Паходзіць ад дыялектнай назвы ўсім вядомага чмяля. У некаторых мясцовасцях вымаўляюць не чмель, а шчамель або шчэмель, мусіць, таму, што ён лезе, шчэміцца ў кожную дзірку. Ад гэтай дыялектнай назвы і ўтворана прозвішча Шчэмелеў або Шчамялёў (з націскам на апошнім складзе).

Шчэрба, Шчарбіна, Шчарбакоў, Шчарбатаў.

Па паходжанню нямецкае, бо ўтворана ад нямецкага слова шэрбе, што значыць драпінка, шчэрбіна, трэшчына, расколіна, зазубіна. Толькі па-расейску яно вымаўляецца щерба, щербина, а па-беларуску шчэрба, шчарбіна. Шчарбатым называюць чалавека, у якога няма аднаго ці некалькіх зубоў спераду. Адсюль і мянушкі Шчэрба, Шчарбаты, якія сталі прозвішчамі.

Шыбека, Шабека.

Правільна прозвішча варта было б пісаць праз літару ы, бо яно пайшло ад дзеяслова шыбаць, што значыць хутка, шпарка хадзіць, ступаць доўгім крокам. Шыбекам звалі чалавека, які гэтак хадзіў, а пасля мянушка стала прозвішчам.

Шыловіч.

Прозвішча пайшло ад назвы прылады, якой праколваюць адтуліны, дзіркі, — шыла. Мянушку Шыла мог мець не толькі той, хто карыстаўся гэтай прыладай, але і чалавек дасціпны, востры на язык, з'едлівы.

 

Ю

 

Юрэль.

Ад беларускага азначэння юрлівы. Юрэль — значыць рухомы, увішны, жвавы, ахвочы да задавальнення найвышэйшых пачуццяў.

Юрэвіч.

З расейскай мовы прыйшло слова юр — бойкая, людная мясціна, куды збіраліся людзі на торг, на кірмаш, пагутарыць, пашумець, павесяліцца. «Быць на юру» — гэты расейскі выраз раскрывае сэнс тых, хто любіў пабыць на людзях, на кірмашы. Юрам па-расейску называюць яшчэ і стрыжань, сярэдзіну плыні вады ў рацэ, самую быстрыню яе. Юрыць — значыць мітусіцца, спяшацца, штурхацца, каб выйсці на юр. Чалавеку з гэтымі рысамі характару і давалі прозвішча Юрэвіч. А вось Юркевіч — гэта ўжо ад імені Юрка, у аснове якога грэчаскае георгас земляроб. У прозвішчы Юрлевіч коранем служыць юрл, ад прыметніка юрлівы, што значыць узрушаны, гуллівы, пахотлівы.

Юхно, Юха, Юхо.

Прозвішчы гэтыя ўтварыліся ад слоў юха, юшка тое, што па-расейску уха — адвар з рыбы, рыбны булён, хоць дзе-кольвек так называюць і навар з мяса ці грыбоў. Чалавеку, які вельмі захапляўся гатаваннем такой стравы, давалі гэткую мянушку. Калі ў часе бойкі справа даходзіць да кровапускання, дык кажуць «спуспіў яму юшку», значыць акрывавіў.

 

Я

 

Яблонскі, Грушэўскі, Вішнеўскі, Каліноўскі, Маліноўскі

— цэлы ланцуг мянушак, утвораных ад назваў пладовых дрэў і кустоў. Чалавеку, які гадаваў сад з яблынь, давалі мянушку Яблонскі, беручы за аснову расейскую назву яблоня ці польскае яблонь.

Якубель.

Утворана ад імя Якуб, a яно прыйшло са старажытнагабрэйскай мовы, дзе быў такі выраз «йя гой, йя коб» — гэта значыць той, хто ідзе следам, паслядоўнік.

Якулевіч

— ад мянушкі Якуль, як называлі тых, хто меў звычку перапытваць усё, што пытаюцца ў яго, і празмерна карыстаўся словам як. Нашчадкаў Якуля называлі ужо Якулевічы.

Якуш.

Мабыць, з Паволжа прывезена, бо там якушамі называюць цесляроў, разьбяроў па дрэве, што займаюцца аздабленнем дамоў і суднаў.




Крыніца: Уладзімір Юрэвіч. Слова жывое, роднае, гаваркое. Менск, Юнацтва, 1992.

Беларуская Палічка: http://knihi.com