epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караленка

Імгненне

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI
VII


 

І

— Будзе бура, таварыш.

— Так, капрал, будзе страшная бура. Я добра ведаю гэты ўсходні вецер. Ноч на моры будзе вельмі неспакойная.

— Святы Іосіф, беражы нашых маракоў. Рыбакі паспелі выбрацца...

— Аднак зірніце: вунь там, здаецца, я бачыў парус.

— Не, гэта мільганула птушынае крыло. Ад ветру можаш схавацца за зубцамі сцяны... Бывай. Змена праз дзве гадзіны...

Капрал пайшоў, вартавы застаўся на сцяне невялікага форта, які з усіх бакоў акружалі ўздыбленыя хвалі.

Сапраўды, набліжалася бура. Сонца садзілася, вецер усё мацнеў, захад разгараўся чырванню, і, па меры таго як полымя разлівалася па небе,— сінеча мора рабілася глыбейшай і халаднейшай. Дзе-нідзе цёмную паверхню яго праразалі белыя грабяні валоў, і тады здавалася, што гэта таямнічая глыбіня акіяна, злавесная і бледная ад доўгага стрыманага гневу, спрабуе выглянуць наверх.

На небе таксама ўсталёўвалася паспешлівая трывога. Воблакі, выцягнуўшыся даўгімі палосамі, ляцелі з усходу на захад і там загараліся адно за адным, быццам ураган кідаў іх у жарало велізарнай напаленай печы. Дыханне блізкай навальніцы ўжо адчувалася над акіянам.

Над цёмнымі хвалямі, нібы крыло спалоханай птушкі, мільгаў парус: запознены рыбак, уцякаючы ад буры, відаць, не спадзяваўся ўжо дабрацца да далёкага берага і скіраваў сваю лодку да форта.

Надыходзіў вечар, і бераг даўно патануў у тумане, пырсках і змроку. Мора раўло глыбока і працяжна, і вал за валам каціўся ўдалеч да яшчэ светлага гарызонта. Парус мільгаў, ён то знікаў, то паказваўся. Лодка цяжка адольвала хвалі і паволі набліжалася да вострава. Вартавому, які глядзеў на яе са сценкі форта, здавалася, што змрок і мора грозна і свядома спяшаюцца пакрыць гэтае адзінае судначка імглой, пагібеллю, плёскатам сваіх пустэльных валоў.

У сценцы форта ўспыхнуў агеньчык, другі, трэці. Лодкі ўжо не было відаць, але рыбак мог бачыць агні — некалькі трапяткіх іскраў над бязмежным разгайданым акіянам.

 

ІІ

— Стой! Хто ідзе?

Вартавы са сцяны аклікае лодку і бярэ яе на прыцэл.

Але мора страшнейшае за гэту пагрозу. Рыбаку нельга кінуць руль, бо хвалі імгненна шпурнуць лодку на каменне... Да таго ж старыя іспанскія ружжы б’юць не надта трапна. Лодка асцярожна, быццам птушка, што плыве па вадзе, чакае прыбою, разварочваецца на самым грабяні хвалі і раптам апускае парус... Прыбой кідае яе наперад, кіль сунецца па друзе ў маленькай бухце.

— Хто ідзе? — зноў крычыць вартавы, які толькі што са спачуваннем сачыў за небяспечнымі манеўрамі лодкі.

— Брат! — адказвае рыбак.— Адчыніце вароты, святым Іосіфам прашу. Бачыш, якая бура!

— Пачакай, зараз прыйдзе капрал.

На сцяне заварушыліся цені, потым адчыніліся цяжкія дзверы, мільгануў ліхтар, пачулася размова. Іспанцы прынялі рыбака. За сцяной, у салдацкай казарме, ён знойдзе прытулак і цяпло на ўсю ноч, і там, супакоіўшыся, яму добра будзе ўспамінаць і злосны грукат акіяна і жудасную цемру над безданню, дзе яшчэ так нядаўна гайдалася яго лодка. Дзверы з трэскам зачыніліся, быццам форт замкнуўся ад мора, на якім шырокай, на ўсю мора, градой, таямніча бліскаючы ўспышкамі фасфарычнай пены, ужо ішоў першы шквал.

А ў акне вуглавой вежы асцярожна гарэў агеньчык, і лодка, уведзеная ў бухту, мерна гайдалася і ціха рыпела над ударамі аслабленай, але ўсё яшчэ моцнай хвалі.

 

ІІІ

У вуглавой вежы была келля іспанскай ваеннай турмы. На нейкае імгненне чырвоны агеньчык, што свяціў з яе акна, зацямніўся, і за кратамі азначылася чалавечая постаць. Нехта паглядзеў адтуль на цёмнае мора і адышоў. Чырвоныя адбіткі агеньчыка зноў закалыхаліся на грабянях валоў.

Гэта быў Хуан-Марыя-Хазэ-Мігуэль-Дыяц, інсургент1 і флібусцьер2. У мінулае паўстанне іспанцы ўзялі яго ў палон і прысудзілі да пакарання смерцю, але потым, па прыхамаці нейчай міласэрнасці, яго памілавалі. Яму падаравалі жыццё: прывезлі на востраў і пасадзілі ў вежу. Тут з яго знялі кайданы. Яны былі лішнія: сцены — каменныя, у акне — тоўстыя краты, за акном — мора. Яго жыццё было ў тым, што ён мог глядзець у акно на далёкі бераг... І ўспамінаць... І яшчэ, магчыма,— спадзявацца.

На першым часе, светлымі днямі, калі сонца ззяла на грабянях сініх хваляў і набліжала дальні бераг, ён падоўгу глядзеў туды, узіраючыся ў абрысы родных гор, у няпэўныя звіліны цяснін, у ледзь прыкметныя плямы далёкіх вёсак... Прыпамінаў бухты, дарогі, горныя сцяжынкі, па якіх, здавалася яму, блукаюць лёгкія цені, і сярод іх адна, некалі дарагая яму. Ён чакаў, што ў гарах зноў забліскаюць агеньчыкі стрэлаў у клубах дыму, што адтуль, з далёкага берага, па хвалях панясуцца парусы з родным сцягам непакоры і свабоды. Ён рыхтаваўся да гэтага і цярпліва, асцярожна, настойліва дзяўбаў камень ля ржавых кратаў.

Але гады ішлі. На беразе ўсё было спакойна, у цяснінах ляжала сіняя імгла, ад берага адыходзіў толькі невялікі іспанскі вартавы кацер, ды мірныя рыбацкія судны снавалі па моры, як марскія чайкі ў пошуках здабычы...

Патроху ўсё мінулае рабілася для яго сном. Як у сне, драмаў у залацістым тумане сцішаны бераг, і ў сне блукалі па ім здані даўно мінулага... А калі ад берага аддзяляўся дымок і, разразаючы хвалі, імчаў ваенны кацер — ён ведаў: гэта вязуць на востраў новую змену турэмшчыкаў і варты...

І яшчэ прайшлі гады ў гэтай летаргіі. Хуан-Марыя-Мігуэль-Хазэ-Дыяц супакоіўся і пачаў забываць нават свае сны. Нават на далёкі бераг ён глядзеў ужо з тупой абыякавасцю і даўно перастаў ужо трывожыць краты... Навошта?..

Толькі калі ўзнімаўся ўсходні вецер, асабліва страшны ў гэтых мясцінах, і хвалі пачыналі крышыць каменне на адхоне маленькага вострава,— у глыбіні яго душы, як гэтыя каменні на дне мора, пачынала глуха варушыцца туга, няясная і тупая. Ад ахутанага імглой берага, здавалася яму, зноў аддзяляюцца нейкія цені, і нясуцца над марскімі валамі, і крычаць пра нешта моцна, паспешліва, жаласна, трывожна... Ён ведаў, што гэта крычыць толькі мора, але міжвольна не мог не прыслухоўвацца да гэтых крыкаў... І ў глыбіні яго душы ўздымалася цяжкае, цёмнае хваляванне.

У каменнай падлозе яго каморкі з кута ў кут, па дыяганалі, была азначана паглыбленая сцежка. Гэта ён, бегаючы ў бурныя ночы па сваёй клетцы, вытаптаў босымі нагамі камень. Часам у такія ночы ён зноў калупаў сцяну ля кратаў. Але ў першую ж раніцу, калі мора, супакоіўшыся, пяшчотна лізала каменныя ўступы вострава, ён таксама супакойваўся і забываў хвіліны шалю...

Ён ведаў, што яго трымаюць тут не краты... Яго трымала гэта каварнае, то злоснае, то пяшчотнае мора, а яшчэ... сонны спакой далёкага берага, які ляніва і тупа драмаў у сваіх туманах...

 

1 Бунтаўшчык, удзельнік паўстання (лац.).

2 Марскі партызан (франц.).

IV

Так прайшлі яшчэ гады, якія здаваліся ўжо днямі. Гадзіны сну прападаюць для свядомасці, а ўсё яго жыццё было сном, тупым, цяжкім і бясследным.

Аднак з нейкага часу ў гэтым сне зноў пачалі мільгаць дзіўныя прывіды. У ясныя дні на беразе ўзнімаўся дым вогнішчаў ці пажараў. У форце адбываўся незвычайны рух: іспанцы пачалі рамантаваць старыя сцены; шчыліны, якія ўзніклі за гады ціхамірнага спакою, таропка замазваліся; між берагам і востравам часцей мільгалі паравыя баркасы з ваенным іспанскім сцягам. Разы два, нібы грузныя спіны марскіх пачвар, цяжка прапаўзалі маніторы з вежамі над самай вадой. Дыяц глядзеў на іх абыякавым позіркам, у якім часам прабівалася здзіўленне. Неяк яму нават падалося, што ў цясніне і на ўступах знаёмай гары, якая ў гэты дзень была ярка асветлена сонцам, устаюць белыя дымкі ад стрэлаў, маленькія, як шпілечныя галоўкі, раптоўна і ярка выплываюць яны на цёмна-зялёным фоне і ціха растаюць у светлым паветры. Адзін раз доўгая чорная паласа манітора прайшла да далёкага берага, і некалькі кароткіх адрывістых удараў таўханулася з мора ў яго акно. Ён схапіўся рукамі за краты і моцна скалануў іх. Яны дзынкнулі і задрыжалі. Друз і смецце пасыпаліся з гнёздаў, дзе жалезныя палосы былі ўмураваны ў сцены...

Але прайшло яшчэ некалькі дзён... Бераг зноў прыціх і задрамаў; мора было пустое, хвалі ціха, задумліва накочваліся адна на адну і, быццам ад няма чаго рабіць, білі ў каменны бераг... І ён падумаў, што гэта зноў быў толькі сон.

Але ў гэты дзень зранку мора пачынала зноў раздражняць яго. Некалькі валоў перакацілася ўжо цераз хвалярэз, што аддзяляў бухту, і злева было чуваць, як каменні лезуць са дна на берагавы адхон... Пад вечар у чатырохкутніку акна раз-пораз мільгалі бліскучыя пырскі пены. Прыбой заводзіў сваю глыбокую песню, бераг адказваў глыбокімі стогнамі і гулам.

Дыяц толькі павёў плячыма і вырашыў легчы раней. Няхай мора гаворыць што хоча; няхай як хоча выбіваецца з хаатычнага нагрувашчвання валоў і запозненая лодка, якую ён убачыў у акно. Рабская лодка з рабскага берага... Яму няма справы пі да яе, ні да галасоў мора.

Ён лёг на свой сяннік.

Калі вартаўнік-іспанец у свой час прынёс ліхтар і з калідора ўставіў яго ў адтуліну над замкнёнымі дзвярыма, то ліхтар асвятліў бледны твар вязня з заплюшчанымі вачыма. Здавалася, Дыяц спакойна спаў; толькі часам бровы яго сціскаліся і па твары праходзіў цень тупой пакуты, быццам у глыбіні ўсыплёнай свядомасці штосьці глуха і цяжка варушылася, як гэтае прыбярэжнае каменне ў марской глыбіні...

Але раптам ён прачнуўся, бы хто назваў яго па імю. Гэта шквал, пераляцеўшы цераз хвалярэз, ударыў у самую сцяну. За акном у цемры несліся белыя шматкі фасфарычнай пены, і, нават калі грукат сціх, камера была напоўнена шыпеннем і свістам. Адгалоскі праніклі за замкнёныя дзверы і панесліся па калідорах. Здавалася, нешта свядомае і грознае праляцела над востравам і заціхла, і замірае ўдалечыні...

Дыяц адразу ўскочыў. Яму здалося, што ён спаў усяго некалькі секунд, і ён зірнуў у акно, чакаючы яшчэ ўбачыць белы парус лодкі. Але ў акне было чорна, мора шалела ў поўнай цемры, і чуліся збэрсаныя крыкі шквалу, які ўжо адыходзіў.

Хоць такія буры бывалі не часта, але ўсё ж ён добра ведаў і гэты грукат, і свіст, і шыпенне, падземнае дрыжанне каменнага берага. Але цяпер, калі гэты раз'юшаны гул пайшоў на спад, скрозь яго пачуўся яшчэ нейкі новы гук, нешта ціхае, пяшчотнае і незнаёмае...

Ён кінуўся да акна і, ухапіўшыся рукамі за краты, зазірнуў у цемру. Мора было бясформеннае і дзікае. Далёкі бераг увесь быў агорнуты імглой. Толькі на некалькі імгненняў паміж ім і хмарай паказаўся чырвоны, затуманены месяц. Палахлівыя водбліскі мітусліва засвяціліся на грабянях шалёных валоў і патухлі... Застаўся толькі шум, магутны, дзіка свядомы, неспакойны, ён жыў і некуды радасна клікаў...

Хазэ-Марыя-Мігуэль-Дыяц адчуў, што ўсё ўсярэдзіне ў яго трымціць і хвалюецца, як мора. Душа прачынаецца ад доўгага сну, праясняецца свядомасць, ажываюць даўно згаслыя жаданні... І раптам ён успомніў тое, што бачыў на беразе некалькі дзён назад... Гэта быў не сон! Як ён мог палічыць гэта сном?! Гэта быў рух, гэта былі стрэлы... Гэта было паўстанне!..

Наляцеў яшчэ шквал, зноў пранесліся бліскучыя пырскі, і зноў з-пад шыпення і плёскату пачуўся ранейшы гук, незнаёмы і пяшчотны. Дыяц кінуўся да кратаў і ў парыве дзіўнага натхнення з усяе сілы скалануў іх. Зноў пасыпаліся вапна і друз, раз’едзеныя салёнымі пырскамі, упала некалькі каменняў, і краты лёгка выйшлі з амбразуры.

А пад акном, у бухце, гайдалася і парыпвала лодка...

 

V

На сцяне ў гэты час змянілася варта.

— Святы Іосіф... Святая Марыя! — прамармытаў новы вартавы і, накрыўшы галаву капюшонам, схаваўся за выступ сцяны. Па моры, на ўсю шырыню, устаючы і ападаючы, пабліскваючы ў цемры грабянямі пены, ляцеў новы шквал. Вецер, здавалася, звар’яцеў, востраў ужо загадзя ўздрыгваў і стагнаў. Са дна, як бледныя здані, лезлі па адхон вялізныя камяні, што доўгія гады праляжалі ў глыбіні.

Шквал наляцеў якраз у тую хвіліну, калі Дыяц скочыў з акна. Яго адразу заліло вадой, аглушыла і збіла з ног... Некалькі секунд ён ляжаў непрытомны, з адным жахам у душы, халодны і няшчасны, а над ім з выццём неслася нешта вялізнае, дзікае, варожае...

Калі грукат крыху сціх, ён расплюшчыў вочы. Па небе несліся цёмныя хмары, без прасветаў, без абрысаў. Больш адчуваўся, чым відзён быў рух гэтых аграмадзін, якія ўсё гэтак жа нястрымана несліся на захад. А ўдалечыні зноў вырастала нешта нябачнае, але грознае і гуло панура, злавесна, няспынна.

Толькі мураваны форт застаўся нерухомым і спакойным сярод гэтага суцэльнага руху. У цемры можна было распазнаць ствалы гармат, што выступалі з амбразур... З дальняй казармы ў хвіліну адноснага зацішша данесліся гукі вячэрняй малітвы, барабан прабіў апошнюю зару... Там, за сценамі, здавалася, застыў спакой. Агеньчык у яго вежы свяціў роўна, не міргаў.

Дыяц устаў і, як пабіты сабака, пайшоў да гэтага агеньчыка... Не, мора падманлівае і жудаснае. Ён зойдзе ў сваю ціхую келлю, прыставіць краты, ляжа ў сваім кутку на свой сяннік і засне цяжкім, але спакойным сном няволі.

Трэба будзе толькі прыставіць краты так, каб не заўважыў патруль... Яшчэ падумаюць, што ён хацеў уцячы ў гэтую бурную ноч... Не, ён не хоча ўцякаць... На моры смерць...

Ён учапіўся рукамі за карніз, падняўся да акна і спыніўся...

У камеры было пуста і даволі ціха. Роўнае жаўтаватае святло ад ліхтара падала на сцены, на вытаптаную падлогу, на сяннік, што ляжаў у кутку... Над галовамі глыбока ў камені быў выразаны надпіс: «Хуан-Марыя-Хазэ-Мігуэль-Дыяц, інсургент. Няхай жыве свабода!»

І ўсюды па сценах, буйныя і дробныя, глыбокія і ледзь прыкметныя, мільгалі тыя ж надпісы:

«Хуан-Мігуэль-Дыяц... Мігуэль-Дыяц...» І — лічбы...

Спачатку ён памячаў час днямі, тыднямі, потым месяцамі... «Маці божая, ужо два гады...» «Тры гады... Божа, захавай мне розум... Дыяц... Дыяц...»

Дзесяты год азначаны проста лічбай, без выклічнікаў... Далей падлік спыняўся... Мільгала толькі імя, выразанае аслабелай і лянівай рукой... І на ўсё гэта спакойна і роўна падала жаўтаватае святло ад ліхтара...

І раптам Дыяцу ўявілася, што на яго пасцелі ляжыць чалавек і спіць цяжкім сном. Грудзі ўздымаюцца ціха, з тупым спакоем... Гэта ён? Той Дыяц, які зайшоў сюды поўны сіл і любові да жыцця і волі?..

Новы шквал з выццём і грукатам наляцеў на востраў... Дыяц адпусціў рукі і зноў саскочыў на бераг. Шквал пранёсся і пачаў аціхаць... Роўны агеньчык зноў свяціў з акна ў цемру.

 

VI

Вартавы на сцяне павярнуўся спіной да ветру і, ашчаперыўшы рукамі вінтоўку, каб яе не вырвала ўраганам, сам сабе чытаў малітвы і прыслухоўваўся да жудаснага грукату мора, шалёнага посвісту ветру. Неба пацямнела яшчэ болей; здавалася, гэта бясформенная цемра паглынула ўжо ўвесь свет, яна ахапіла і хмары, і паветра, і мора. Толькі часам у гэтым шуме, грукаце, плёскаце са стратнай раптоўнасцю азначаліся белыя грабяні, і хваля налятала на востраў, далёка кідаючы пырскі праз нізкія сцены.

Прачытаўшы ўсе малітвы, якія толькі ведаў, вартавы павярнуўся да мора і замёр ад здзіўлення. Па бухце, у адносным зацішшы, ледзь прыкметная ў цемры, рухалася лодка, набліжаючыся да таго месца, дзе, не прыкрытае ад ветру, мора кіпела і шалела ў змроку. Раптам белы парус узвіўся, яго надзьмуў вецер. Лодка скаланулася, узнялася і знікла...

У гэтае імгненне Дыяц зірнуў назад, і яму падалося, што цёмны астравок калыхнуўся і паляцеў у бездань, разам з роўным агеньчыкам, які да гэтага імгнення сачыў за ім сваім мёртвым святлом. Наперадзе былі толькі пекла і бура. Радасць перапоўніла яго застыглую душу. Ён мацней сціснуў руль, нацягнуў парус і крыкнуў штосілы... Гэта быў крык нястрыманай радасці, бязмежнага захаплення, жыцця, якое абудзілася і ўсвядоміла сябе... Ззаду пачуўся прыглушаны стрэл з ружжа, потым удалеч панёсся гул гарматнага стрэлу, разарваны і раскіданы ўраганам. Збоку набягаў шквал, падхопліваў лодку... Яна ўздымалася, уздымалася... здавалася, цэлую вечнасць... Хазэ-Марыя-Мігуэль-Дыяц, насупіўшы бровы, цвёрдым позіркам глядзеў толькі наперад, і тое ж захапленне поўніла яго грудзі... Ён ведаў, што ён свабодны, што ніхто ў цэлым свеце цяпер не можа параўнаць сябе з ім, таму што ўсе хочуць жыцця... А ён... Ён хоча толькі волі.

Лодка застыла на самай вяршыні вала, здрыганулася, ускалыхнулася і пачала апускацца... Са сцяны яе бачылі ў апошні раз... Але яшчэ доўга маленькі форт пасылаў з прамежкамі стрэл за стрэлам у бурнае мора...

 

VII

А раніцой сонца зноў узышло ў яснай сіні. Па небе яшчэ бязладна несліся апошнія абрыўкі хмараў; мора сціхала, калыхалася і нібы саромелася свайго начнога разгулу... Сінія цяжкія хвалі ўсё цішэй біліся ў каменне, бліскаючы на сонцы яркімі вясёлымі пырскамі.

Далёкі бераг, пасвяжэлы і абмыты навальніцай, красаваўся ў празрыстым паветры. Усюды смяялася жыццё, што прачнулася пасля бурнай ночы.

Невялікі параход крэйсіраваў уздоўж берага, сцяліў па хвалях даўгі хвост бурага дыму. Жменька іспанцаў сачыла за ім са сцяны форта.

— Напэўна, загінуў,— сказаў адзін.— Гэта было чыстае вар’яцтва... Як вы думаеце, дон Фернанда?

Малады афіцэр павярнуў задумлівы твар да таго, хто гаварыў.

— Так, мабыць, загінуў,— сказаў ён.— А можа, глядзіць на сваю турму з гэтых гор. Ва ўсякім выпадку, мора дало яму некалькі імгненняў волі. А хто ведае, ці не каштуе адно імгненне сапраўднага жыцця цэлых гадоў гібення!..

— Аднак што там? Гляньце...— І афіцэр паказаў на паўднёвы край гарыстага берага. На адной з крайніх скал, занятых лагерам інсургентаў, у сіняй паласе замільгалі кучкамі белыя ўспышкі дыму. Гуку не было чутна, толькі мітуслівыя дымкі з’яўляліся і гаслі, дзіўна ажыўляючы пустэльныя цясніны. З мора ў адказ адрывіста ўдарыў гарматны стрэл, і калі дым увесь лёг на ззяючыя зіхатлівыя іскрыстыя хвалі — усё зноў сціхла. І бераг, і мора маўчалі...

Афіцэры пераглянуліся... Што азначала незразумелае ажыўленне на пазіцыях паўстаўшых тубыльцаў?.. Ці не адказ гэта на пытанне пра лёс уцекача?.. Ці проста выпадковая перастрэлка раптоўнай трывогі?..

Адказу не было...

Зыркія хвалі загадкава смяяліся, набягалі на бераг і звонка разбіваліся аб каменне...

 

1900


1900

Тэкст падаецца паводле выдання: Апошні прамень. Выбранае. / [Пер. з рус. А. Кудравец].— Мн.: Маст. літ., 1984.— 239 с.
Крыніца: скан