epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Афіцэру Лісаневічу

Яму прапанавалі выклікаць на дуэль Лермантава.

Мы нічога болей не ведаем аб ім.

 

«Добра... Я ведаю, што да чаго...

Што такое дзярмо і кроў.

Але што вы?!

Узняць руку на яго?!

Ды лепей ужо... на цара свайго!

Ды лепей на ўсіх...

Так, на ўсіх... цароў.

Я яго не люблю... Вы сказалі: «Гадзёныш...»

Але вы, калі праўды тут трохі й ёсць,

Пашукайце іншых,

Ад моху зялёных,

Што ўздымуць руку на сваю маладосць.

Вы там можаце мне балбатаць аб годнасці,

Абяцаць... (—вашу маць!..—)... кайданы не куць...

Ды на Слова Народа, на Сэрца Народа

Не ўздыму я ніколі сваю руку.

А вы там можаце... хай сабе плазам,

А мне пакіньце мой эскадрон...»

І гэтай ганьбай,

І гэтым адказам

Ў гісторыі Людства застаўся ён.

Зразумейце: ўсяго не ўзнялася рука.

Усяго — на сорам пайшоў.

А пасля?

Пасля ён смерці шукаў

І, можа, недзе знайшоў.




Беларуская Палічка: http://knihi.com