epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Агонь з вышынь — і дом твой, як свяча..."

Агонь з вышынь — і дом твой, як свяча,

І мёртвай хмарай — попел над Гаморай,

І ўсё з нуля даводзіцца пачаць,

Бо ў тым былым нічога не гаворыць.

 

Калі ўжо давядзецца зноў пачаць —

Ідзі ад дымам пушчаных святыняў

І не шкадуй ні плуга, ні мяча

На новы свет, дзе ўсё пакуль — пустыня.

Там будзе грай сівога крумкача,

Сто бездарожжаў, соль і пыл на веях...

 

Калі ўжо вырашыў з нуля пачаць —

Ідзі! Не аглядайся!

Скамянееш!

 

Снежань [1980 г.?]


снежань 1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан