epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Алень

Лісце ў пушчы як цудоўны ложак.

Вечар. І ад дрэў гусцее цень.

Недзе за ялінамі прыгожымі

Ўсхвалявана затрубіў алень.

 

Гукі, што з дзяцінства мне знаёмыя.

І калі ў душы яны гучаць,

Гэта значыць — я нарэшце ўдома.

Добры дзень, чырвоны лістапад!

 

Добры дзень, прызыўны кліч аленевы!

Памаўчы, бо я ў цішы гаёў

Сам трубіць пачну ў тузе асенняй,

Каб каханне адшукаць сваё.

 

[1955 г. ?]


1955?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан