epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Апошняя песня Дантэ

Арлену Кашкурэвічу

 

У пошуках за любай і адзінай,

Спазнаўшы круг апошні, мы прыйшлі

Туды, дзе льдзіны адлівалі сінім,

У нетры той нязведанай зямлі,

Дзе нават пекла ўлада асяклася,

Дзе павуціння д’яблы не плялі

На душы самых горшых, тых, што гасяць

У чалавеках праўду і любоў,

На душы, дзе кублом гадзюк сплялася

 

Атрута вераломства. Злосць звяроў

Узнагарылася бы поруч з ёю...

І там пабачыў я бяздонны роў.

 

Бязмежнаю варонкаю крутою

Зрываўся ён ля самых нашых ног

У нетры зла. І гэтаю сцязёю

 

Сам божы сын — і той прайсці б не змог.

Схіл абрываўся: стромы і смярдзючы,

Схіл зла і слёз, адчаю і трывог,

 

Пакут і безнадзейнасці пякучай.

І нехта там варочаўся на дне,

Дарэмна поўз на ледзяныя кручы

 

І ўніз зрываўся, грузны, як свінец..

Ў бяссільнай злосці, ў ярасці пакутах

Ён ланцугамі пачынаў звінець,

 

Стагнаў і выў раз’юшана і люта,

І роў, як львы і гарпіі — адзін,—

Як быццам дэман там крычаў прыкуты

 

Пра ганьбу і пакуты ўсіх краін...

І я пабачыў, што вакол бязодні

Стаяў натоўп занураных мужчын.

 

Я многіх там пабачыў, блізкіх, родных.

Там быў мой брат з крывёю на губах,

Мой друг, апечаны агнём паходні.

 

Распятыя на болю і дратах,

Яны вакол стаялі і чакалі,

Маўклівыя, з гадзюкамі ў руках.

 

Раз-пораз праз натоўп віхуры гналі

Двухногіх нейкіх, тоўстых ці худых,

Якія скавыталі і стагналі

 

Аб літасці на розныя лады,

А ураган, імпэтны і імклівы,

Іх кідаў на адхон, на край, на льды.

 

І вось тады натоўп людзей маўклівы,

Над прорваю схіліўшыся ніжэй,

На гэтых, што спаўзалі па абрыву,

 

Стаў кідаць срэбных і цякучых змей.

І змеі іх кусалі ў вочы, ў карак,

У кіпці, што чапляліся за глей.

 

Яны зрываліся. І там пачвара,

Ўздымаючыся змрочнай галавой,

Задыхала атрутнай, мерзлай парай

 

І забурчэла з радасцю нямой.

І спадарожнік мне сказаў з трывогай:

«Горш сатаны царыца прорвы той.

 

Яе адроддзе пазабыла бога

І, д’яблаў горш, пануе на зямлі,

У вёсках, гарадах і на дарогах.

 

О справядлівасць, душы іх спалі!

Развей іх попел! Пракляні іх семя!

Да сотага калена спапялі!

 

Дай сілу іх ахвярам стаць у стрэмя

І зрынуць іх сюды, на дно, на дно,

На схілы прорвы, вострыя, як крэмень!

 

Каб дзерла твары ім, як бараной,

Каб паспыталі многіх простых мукі,

І каб пачвара зжэрла гэты гной,

 

Як змеянят сваіх жарэ гадзюка...

Хай згубіцца ў бяздонні іхні крык,—

І зацвітуць зямлі пакутнай лукі,

 

І заплыве правал, як свет стары,

Бо здохне з голаду дракон-начвара.

Бо злосць яго без паліва згарыць».

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Ён скончыў. І прадбачаннем кашмара

Я ў яме зведаў ворага майго...

Ты, вечная любоў мая і мара,

 

Загінула ад подыху яго,

Пакінуўшы мяне ў бязгучным крыку,

Пакінуты мяне з маёй тугой.

 

«Настаўнік,— я спытаў (нясцерпна-дзікай

Была здагадка. Я хацеў стагнаць),—

Хто там крычыць у ярасці вялікай?»

 

І ён сказаў: «Не бачыш ты?

Вайна!»


03.01.1961

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая