epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Архангельскае

Лістападаўскі вецер над паркам пахмурым.

Халадзее рака, як лязо мяча,

У мармуравых німфаў гусіная скура

І прыгонны адчай у глыбокіх вачах.

На газонах барвянае лісце размокла.

Золкі лёгкі туман ахутвае луг,

І Ахіл у абдоймах сціскае Патрокла:

Не ад ран, а ад палак канае друг.

Вар’яцею, здаецца: чую і бачу,

Пад галінкамі чорных, як туш, дубоў

Дзесяць гожых пастушак манерна скачуць.

Пастаральная песня. Вясна. Любоў.

З балюстрады за іхнім лёгкім палётам

Назірае праз сетку яловых лап

Падагрычны стары з праваленым ротам,

Вальтэр’янец, юрлівец, татарскі сатрап.

Прыгажосць яму лаўрамі чэрап вянчае,

Ён Лукул, Петроній, Цэзар і Крэз.

Ён стварыў гэту казку на чорным адчаі,

На Парнас у турэцкім халаце пралез.

Ён памрэ і тады не ўбачыць прыгожага.

Страшна духу пакінуць цела-турму.

І прыгонных актрыс кладуць яму ў ложак,

Каб халодныя ногі грэлі яму.

Хто ім верне мары дзявочыя, светлыя?

Хто ім верне кахання светлага час?

Лепей гвалт, лепей жорсткасць —

толькі не гэта,

Не бяссільны, старэчы холад пляча.

Сёстры любыя, ганьба ваша і раны,

Быццам вострыя церні ў душы маёй,

Я сябе адчуваю, як вы, зганьбаваным

І рыдаю гаручаю вашай слязой.

Мара, спеў, летуценне, каменнямі скутае,

Цёмны парк, што варты усіх паэм,—

Калі рай купляюць людской пакутай,

Хай ён дымам згіне, такі Эдэм.

Ненавіджу цябе, баюся, кахаю,

Як каханую злую, ўсім сэрцам сваім.

І да рук мармуровых чалом прыпадаю,

Любых рук, што пад ветрам дрыжаць начным.


06.10.1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].-Мн.: Маст. літ., 1987.-431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан