epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Армянскі матыў

— Матухна,

глянь,

на галіны змярцвелыя

Селі ружовыя матылі!

— Не, мая дзетка, то яблыні белыя

І абрыкосы ўначы расцвілі.

— Матухна,

глянь.

Гэткі цукар чысты

Там, на блакіце і срэбры гарыць!

— Не, гэта летняе сонца агністае

Вочы сляпіць на Святой Гары.

— Матухна,

глянь,

як сплываюць крывёю

Волаты ў скалах, і ў барвах трава!

— Не, гэта проста халоднай рукою

Вецер лістоту з чынараў сарваў.

— Матухна,

глянь,

гэта ластаўкі белыя

Зверху імкнуцца й спадаюць у сне.

— Не, мая дзетка, то з неба знямелага

Падае,

падае,

падае снег.

 

1971 г.




Беларуская Палічка: http://knihi.com