epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Армянскія ананімныя прытчы (Вольныя пераклады)

Стагоддзе V
Стагоддзе ХХ


Стагоддзе V

Воўк авечкам сказаў: «Мір вам светлы й святы.

Нада мной і над вамі — адзіны бог».

І Баран сказаў: «О сёстры й браты! —

Ратуйся, хто як і хто змог!»

 

Калі часам пачую голас святы:

«Абавязкі!!!

Прагрэс!!!

Ідэі!!!

Правы!!!»,—

Мне таксама хочацца крыкнуць: «Браты!

Ратуйся,— на злом галавы!!!»

 

Стагоддзе ХХ

Ганарылася стронга перад печкуром:

«Рыбакі мной цароў частуюць! А ты?!.

Галадранец кожны нясе цябе ў дом,

Купіўшы за шэлег сто тры хвасты».

 

І пячкур адказаў: «Ну і хай сабе голь,

Хай ламаны шэлег за сто тры хвасты.

Ты ж — бясплатна вандруеш на панскі стол.

Значыць, нават таго не вартая ты».


23.11.1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].-Мн.: Маст. літ., 1987.-431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан