epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Бахайская чарапаха

Янку Брылю

 

Я — Бахайская чарапаха.

Я — на чэраве сонна ляжу.

Я — каменная.

Маё царства ўпала лавінаю праху

Пад пятою кітайцаў,

Чжурчжэняў,

Кіданяў,

Манголаў,

Маньчжур.

Я спазнала дарэмнасць

І тленнасць:

Дзе ляжалі дарогі ваенныя,

Там сягоння

На сопках сярод парудзелай травы

Толькі мы засталіся,

Чарапахі каменныя,

І каменныя малпы,

І каменныя львы.

Роўна восем стагоддзяў

Я ляжу сярод праху.

Усурыйскія тыгры адны

Да мяне падыходзяць ўначы

І глядзяць залатымі вачыма

На мяне,

Чарапаху,

Што адна умудрылася

Ў вечнасць з агню уцячы.

Ў навальнічныя ночы,

Калі неба сякуць бліскавіцы,

Мне здаецца, што зноў

Забівае аратаяў гром,

І грукочуць праз ноч

Залатыя й пурпурныя

Калясніцы,

І гепарды імкнуцца,

І падаюць стрэлы дажджом.

Я ляжу тут, каб людзі

Памяталі аб ханах пахмурых,

Аб бязлітасных войнах,

Што знішчылі родны мой край.

Я іду —

Толькі людзі сляпыя не бачаць,

Чарапаха гісторыі,

Я павольна да сонца іду...

Я дайду.

Усё роўна дайду.


01.09.1965

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая