epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Бацькі з магіл цяплом дыхнулі..."

Бацькі з магіл цяплом дыхнулі,

З узгоркаў снег схаваўся ў роў,

І кожны горб шуміць, як вулей,

Ад спрэчкі кветак і чмялёў.

Загіне, хто ў мінулым дрэмле:

Буяна травы ймкнуць да зор

Навыперадкі, напярэймы,

Узахапы і насупор.

Сок крочыць па мільёнах лесвіц,

Па клетках — аж да верхавін,

Каб падарыць сусвету песні,

Здабытыя з зямных глыбінь.

Ляжу каля лясных узбочын,

Ляжаць і ждуць мяне гады,

І п’юць ускінутыя вочы

Ўсю повень неба і вады.

Мне цяжар шчасця грудзі сплюснуў,

Спляліся валасы з травой,

І мятлушка сядзіць на вуснах,

Каб разам уздыхаць са мной.

Даволі марнай жыць пагоняй,

Жывецца або не — жыві!

Кароўка божая ў далоні,

Як кропля божае крыві.

І зноў бязмежны свет чакае,

Свет сэрцаў, песень і бароў.

Дай мне, вясна, шляхі без краю,

Дай сэрцу вечную любоў.

Зямля гудзе, як цёплы вулей,

Знікаюць крыўды, боль і зло...

Бацькі з магіл цяплом дыхнулі

Каб дзецям жыць лягчэй было.




Беларуская Палічка: http://knihi.com