epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Балада аб асуджаных і аб чалавечым «даруй»

Можа, у Даласе, можа, ў Бейруце,

Мо на Марсе, а мо на Зямлі

Праз паклёп, і прэнт, і пакуты

Чалавека ў смерць прывялі.

Чэрап свой заціснуўшы ў рукі,

Ён спасцігнуць не мог галавой

Ўсю нязмернасць жыцця і мукі,

Ўсю нязмернасць смерці сваёй.

Ён не мог зразумець адзінага,

Ён не выціснуў, як ні тужыў,

Разумення апошняй хвіліны,

Разумення апошняй мяжы.

Сам-насам, без думкі аб цудзе

Разлучаўся з сабою ў вяках,

З добрым шчасцем, якога не будзе,

Злом, што будзе дарэмна чакаць,

З незламаным бэзам і з горам,

З лепшай думкай, падобнай на стрэл,

З тымі дзецьмі, якіх не створыць,

І з людзьмі, якіх не сустрэў.

З ненапісанымі радкамі,

З таямніцай роднай зямлі,

З прагай неба і, ўрэшце, з рукамі,

Светлым дзівам, што ўсё маглі:

На арэлях дзяўчыну гушкаць,

Біць рыдлёўкай засохлы глей,

Кельму ўзяць або выпусціць птушку,

Чару ўзняць або даць на хлеб.

І раптоўна павязка ўпала,

Вочы ўгледзелі зноў зару.

І раптоўна яму сказалі:

«Мы дарэмна цябе катавалі.

Калі можаш — забудзь і даруй.

Дай сваё дараванне небу,

Што заўсёды бачыў з акна,

І айчыннаму жорсткаму хлебу,

І радзіме нашай,

І нам.

Кінь муры і забудзь аб «гуме»,

Ўсім прабач і ў жыццё ідзі,

І застанься з зямлёю і думай,

З гэтым сонцам

Адзін на адзін».

 

І ад слоў, як вясёлкай светлай,

Свет размыла і павяло.

О найлепшае сонца ў сусвеце:

Смех вачэй, што бачаць святло!

«Усім дарую. Усім дару я

Даравання лёгкай рукой,

Ўсім праменням, што ў кратах шаруюць

І ў палацы плывуць ракой.

Нават каменю. Нават лёсу,

Аб якім калоцімся мы,

Нават тым няшчасным калоссем,

Што ўзрасцілі хлеб для турмы.

Нават дурню злоснаму, богу,

Што на здзек нас стварыў. І аднак...»

(Можа, ён не сказаў такога,

Але думаў напэўна так.)

...Рак пракляты, што лапамі злымі

Разрастаецца ў плоці жывой,

Калі вы сябе звеце — радзіма,—

Не дарую радзіме такой.

Не дарую ад веку... да веку...

Буду жыць ці не буду жыць.

Чым настрашыце вы чалавека,

Што вярнуўся з апошняй мяжы?

Самай жорсткай павязкай грубай

Не пагасіць ніколі зло

У вачах маіх гонар і любасць

І прыўкраснае сонца святло.


1960-1969?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая