epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Балада аб трыццаць першым сярэбраніку

І прадаў ён Хрыста. І яму адвалілі за гэта

Трыццаць срэбных дынараў. А Кайяфа яшчэ падарыў

Трыццаць першы сярэбранік, звонкай і важкай

манетай,

Толькі-толькі адлітай на царскім манетным двары.

Ні за што. Проста так. Падарунак не падарунак,—

А хутчэй ад свайго дабрадушша накінуў на чай

За мужчынскі, суровы і стрыманы той пацалунак,

На які адказаў Пётр-апостал ударам мяча.

Каб у тыя часы ў Іудзеі вадзіліся свінні —

Ўзнагародаю лепшай была б яму іх чарада...

Справа, ясна, не ў тым,

што прадаў ён «гасподняга сына».

Чалавека прадаў ён, паршывец. Жывое прадаў.

Ўсё адно нібы зайца, што, гнаны крывавай пагоняй,

Паратунку шукае ў нагах тваіх, бо не ўцячэ,

Выдаць людзям са стрэльбай,

а тыя рабрынай, далонню,—

За вушамі яго, каб, канаючы, ён завішчэў.

І распяты сканаў. І тады фарысеям і катам

Крыкнуў здраднік: «Крывёю абмылася грэху гара!

Кроў прадаўшы нявінную, што нарабіў я,

пракляты?!»

Бразнуў змаху грашмі, і яны пакаціліся ў гразь.

Пад дажджом ачышчальным — сухі — ён адчуў,

што загінуў,

І вяроўку дастаў, і яе у пякельнай журбе

Завязаў на суку ад агіды дрыжачай асіны,

І ударам нагі шар зямны адштурхнуў ад сябе.

А за трыццаць манет падабраных ганчар-срэбралюбца

Уступіў свой кавалак зямлі без якіхсьці умоў,

Каб зрабіць там сталічныя могілкі для самагубцаў

(На тым месцы цяпер пяць някепскіх даходных

дамоў).

Ад далейшай гісторыі пэўна і камень заплача:

Трыццаць першы дынар не знайшлі,

хоць шукалі й яго,—

Нейкі мытар яго сярод гною і гразі убачыў

І схаваў ад усіх, неўпрыкмет наступіўшы нагой.

Той дынар быў шчаслівай манетай. І хцівец смярдзючы

З дапамогай яго аграбаў сабе золата, срэбра і медзь,

І разжыўся, і стаў неўміручы. Ну так, неўміручы,

Бо каб вешацца — трэба таксама сумленне займець.

І шпурляў ён каменні ў распятага божага сына,

Кідаў львам хрысціян і дзяўчат-неафітак хвастаў,

А затым, як і ўсе, стаў узорным хрысціянінам

І даносам ды вогнішчам біўся за славу Хрыста.

Больш за рымскага папу шумеў на ўсяленскіх

саборах,

А пасля, ў сарацынскім палоне, бы ўмыўся багном,

Першы крыкнуў «алах!» і наглядчыкам стаў

на галёрах,

І былых аднаверцаў раменным сцябаў бізуном.

З сотняй твараў, як ідал індыйскі, шматрукі, як Брама,

Быў пры тронах і плахах накшталт валачашчага пса

Адчыняў перад ворагам роднага горада браму,

«Молат ведзьмаў» пісаў і на Бруна даносы пісаў.

Толькі здрадзе не здрадзіў і тым,

хто за здраду заплаціць,

І таму перад кожным мярзотнікам гнуўся дугой

І даносіў на бацьку, даносіў на сына, на маці,

На сяброў, што з-пад выбухаў вынеслі мужна яго.

А паколькі мянціў ён прыгожа, то ўсе, як бараны,

Паўтаралі за кімсьці: «Вось вернае праўдзе плячо!

О, які ён трывалы, які ён перакананы,

Як ваюе за думкі свае ён агнём і мячом!»

Ён нястомна разводзіў хлусні беспардоннай турусы

І паклёп, як гадзюка, сычэў ля парога турмы,

І ніхто не сказаў яму слова старых беларусаў,

Што «прымаем мы здраду, а здрадніка вешаем мы».

Быў фіскалам. Усюды пралазіў і бокам і нізам,

Па гестапах служыў, па засценках, ад стогнаў глухіх,

Па ахранках... А зараз ваюе за «наш гуманізм».

Не здзіўляйцеся, добрыя людзі, бо гэны з такіх.

З дзён пачатку мільёны Сапраўдных ён вырак на мукі.

І жыве. Ўсё жыве. Вось наведвае госцем ваш дом...

Вось сядзіць... Вось ідзе...

Вось бярэ вашых дзетак на рукі...

Пнецца ў неба з трыбун... П’е гарэлку за вашым

сталом.

Але выпадак дай — распаўзецца чумою па свеце,

Закладзе цалаваных сяброў і ўчарашніх багоў...

Дык чаму ж вы тады проста ў вочы яму не плюеце,

Не пінаеце гуртам у подлае рыла яго?!

До ўжо! Сэрца хлусні ў яго вырвіце, людзі, з-за рэбраў.

Разам з джалам схавайце падлюгу ў свінцовай труне,

Адбярыце і знішчыце трыццаць першы пракляты

сярэбранік,

А іначай — няшчасце Зямлі. А іначай — канец.


20.04.1968

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая