epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Балада пра Невядомага, Першага

Н. М. Молевай

 

Ён ляпнуў вохрай на камень;

І зліўся з пячорнай сцяной

Зубр чырвоны з рагамі,

Што кінуўся ў страшны бой.

Трывожнае, новае, дзіўнае

Адымала голад і сон.

У дыме над жоўтым біўнем

Кашляў і плакаў ён.

І з жахам глядзелі людзі,

Як явелі дзень за днём

Дзявочыя рукі і грудзі

Пад крамянёвым нажом.

Натуршчыца, першая ў свеце,

Зразумеўшы сваю прыгажосць,

На беразе Першага страціла

І дала мазгавую косць.

І племя важак калматы

Ўзняў велічэзны сук,

І мускулы, як канаты,

Загулялі пад скурай рук.

Ён сказаў уладна і сонна:

«Свавольству гэтаму — край.

Аддаі!, я знішчу разьблёнае,

І дзяўчыну гэту — аддай».

І Першы, гнеўны, трывожны,

Забіў ударам нажа

Таго, хто дзяўчат прыгожых

Браў, як арды важак.

І праўленне яго шчаслівае

Паклала забойствам канец.

І стала ў ардзе справядлівасць:

Кавалак табе і мне.

Над тундраю годы знікалі,

А потым скананне прыйшло,

Лютым мамантам стала,

На біўні яго ўзняло.

Але Першы паспеў яму ў скроню

Завостраны ўбіць ражон.

Нават уласным сконам

Племю даў ежу ён.

Ўсю зіму не ведалі гора,

Сыты глыталі дым,

І доўга ў цёмных пячорах

Гучалі легенды аб ім.


1958-1960?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].-Мн.: Маст. літ., 1987.-431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан