epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Балада пра Вячка, князя людзей простых

Як груганы на трупы з высокае гары

Крыжакі наляцелі на вёскі і бары.

Няшчасная краіна тры доўгія гады

Нагбом хляптала трунак смярцей і злой бяды.

Цягнулі па кавалках яе ва ўсе бакі,

Загінулі героі і здрадзілі князькі.

Агонь любові мужнай у брудных душах згас,

Адзін не здрадзіў Вячка, сумленны хлопскі князь.

Параненым і слабым яны яго ўзялі,

Ў кайданы ногі скулі і ў лагер прывялі.

Ад раны, непрытомны, ачнуўся ён тады,

Калі былі далёка айчыны гарады.

Меў сілы, каб змагацца і з сотняй варагоў,

Але шляхі да волі замкнулі для яго.

І вырас над палонным закуты ў грозны мур

Гохмайстра цытадэла крыжацкі Мар’ёнбург.

Паўзе з ракі на замак пранізлівы туман,

Крукі круцяцца хмарай над вежай Герэнданск,

За брамай маставою, як перадвесце бед,

Ўстае Папоўскай вежы злавесны сілуэт...

Па вуліцы смярдзючай, дзе скупчанасць і бруд,

Вядуць яго на плошчу. А там чакае суд.

А ў галаве чамусьці ўстае чырвоны снег,

Пажары чорных замкаў ў апошні іх набег...

Ў агні наперад з імі ляцелі бітвы дні,

Парчу і аксаміты тапталі ў бруд яны.

За подзвігі у бітвах супроць крыжацкіх зграй,

За мужнасць і за гонар трымай адказ, трымай!

Тут, як на браме пекла, магла б пісаць рука:

«Пакіньце спадзяванні — адсюль выводзіць кат».

Але сканаць пакорным і мяккім, быццам пух,

Як бык дурны на бойні, папаўшы пад абух?

І просіць перад стратай ён путы развязаць,

Каб рукі на імгненне замлелыя размяць.

І ў гэты час апошні перад канцом сваім

Каня яму прывесці, каб развітацца з ім:

«Са мною разам зносіў ён дождж і халады,

Насіў мяне на бітву тры доўгія гады,

Таптаў нагамі лона сталочанай зямлі».

. . . . . . . . . . . . . . .

І вось каня на плошчу два кнехты прывялі.

І Вячка грыву гладзіць, цалуе ў мяккі нос

І кажа, кажа сябру пра свой жахлівы лёс:

«Мой конь, мой конь, мой любы.

Як будзеш жыць цяпер?

Канец лясной свабодзе, мой добры, моцны звер.

Ты грэбаваў зямлёю, што слалася ў нагах,

Няўжо насіць ты будзеш чужога, варага?

Якому не пасуе і назва: «чалавек»,

Ў якога твар, як пятка, не чырванее век.

Не роднае, чужое усё нам тут з табой:

Не так, як на Радзіме, кабылы йржуць вясной,

Не так гамоняць дрэвы, не так звіняць лугі,

Не так куюць падковы для конскае нагі.

Дапамажы мне, косю, мой бездыханны труп

Не проста дол чакае — ганьба, ганебны слуп».

І, выпрастаўшы рукі, меч ката вырваў ён

І ссёк дубовы чэрап з крутых яго рамён,

І на каня узвіўся, і ў стрэмя горда стаў

І зноў для бітвы волю ў апошні час дастаў.

Меч бліснуў у паветры над лютаю гурбой.

Адзін супроць дзесяткаў —

і ўсё ж не прэнт, а бой!

Конь варагоў хапае зубамі і храпіць.

Паўсюль пануе пекла і трупы, як снапы.

О, лепей дні пакончыць на полі баявым,

Ніж век глытаць ў кайданах чужынскіх вогнішч дым!

Вось уцякаюць суддзі, вось кроў плыве ракой:

«Я ў Мар’енбург з’явіўся і ён на час, ды мой.

Пакуль тугія лукі на вежах не звіняць,

Пакуль даўгія стрэлы адтуль не паляцяць».

Але слабеюць сілы, але дрыжыць далонь.

І вось аб труп запнуўся яго любімы конь.

«О конь, не давядзецца табе ў лугах іржаць

І ў полі нам з табою ўжо болей не гуляць.

Я ў стрэлах, быццам вожык. Бывай, мой конь, бывай!

Мы болей не пабачым лугі і родны край».

Аленя абступілі са зграяй злых сабак.

Ірвуць і раздзіраюць, сякуць на дробны мак.

І вось з крывёю гордай змяшаўся пыл і гразь.

. . . . . . . . . . . . . . . .

Так у баі няроўным загінуў Вячка-князь.

Авой!!!

 

[1957 г. ?]


1957?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан