epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Балада пра чалавека, які змагаўся са смерцю

Кашаль зваліў, ахутаў,

Грудзі пачаў сціскаць:

«Хутчэй прынясіце путы,

Ён не хоча смерць паважаць».

Лёд на сценах. Калоціць. Цяжка.

І з-за вуснаў ізноў, ізноў,

Як віно з заімшэлай пляшкі,

Выцякае паволі кроў.

Смерць прыйшла і на ложак мосціцца.

Гэта лепей... Не можна жыць.

Так усё жадана і проста:

Падкарыцца, павекі стуліць.

Будзе цёпла... Спакой навекі...

У грудзях не смыліць агнём...

І не будзе гвалту і здзеку,

І руін за разбітым шклом.

«Горад... горад... родны мой... любы...

Па-над вулкамі тлусты чад...

Ўсіх знішчаюць... бетонныя кубы —

Камісара гестапа загад.

Гад адзін, а тысячы гінуць...

Ўсе здаровыя — цяжка канаць...

Хутка два... Ён выйдзе з машыны.

Трэба ўстаць, трэба ўстаць.

Ёсць загад... Мелі ўсе ахвоту.

Ён сябрам заявіў тады:

«Права мне надалі сухоты

І юнацкія вашы гады».

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Цяжка ўстаць, бы дзіцёнку з калыскі,

Трэба думаць, хадзіць, глядзець.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

А над ім, схіліўшыся нізка,

Умаўляе пяшчотна смерць:

«Што ты трызніш. Лепей памерці

І спакойна марыць і спаць.

Спаць так добра».

— «А боль у сэрцы?

Трэба ўстаць! Трэба ўстаць!..»

— «Спі каханы. Галоўка цяжкая...

Сон апошні цябе атуліў...»

— «Прэч адсюль...

Не магу...

Не жадаю...

Я не ўсё давяршыў».

Як на хвалях ложак хістаўся,

Заставалася сорак хвілін.

Ён паволі, па частках падняўся

Бы цяслярскі аршын.

І хоць смерць абяцала цішу,

Мяккі сон, салодкі дурман —

Ён як п’яны з пакоя выйшаў,

Намацаўшы ў кішэні наган.

Валаклася за ім неадступна,

Бо лічыла ганьбою адстаць,

Сто разоў на кожнай прыступны

Запрашала легчы й не ўстаць,

Але ён, слабы і галодны,

Адказаў, сціскаючы рот:

«Што мне скажа мой горад родны?

Што мне скажа родны народ?

Што мне выгляд твой дзікі і грозны?

Вось той дом. Я памру ў барацьбе.

Ты спачатку мярзотніка возьмеш.

Я прымушу цябе.

Тормаз рыпнуў... Ідзе па алеі...

Адыдзі і не замінай,

Адыдзі, адыдзі хутчэе,

Стань унь там і маўчы, чакай».

Першы стрэл упэўнена гакнуў,

Другі трапіў яшчэ камусь:

«Атрымай, атрымай, сабака,

Хай жыве Беларусь!»

Вось штыхоў халодныя джалы,

Вось апошні да смерці парог...

Смерць зубамі заскрагатала:

«Ён памрэ, але ён перамог».

Чалавек на нагах хіснуўся,

Проста рукі злажыў накрыж,

Паглядзеў на яе, усміхнуўся:

«Што чакаеш?... Хадзі ж... Хадзі ж».

 

[1955 г. ?]


1955?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан