epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Балада пра дзіка і чалавека

Ў ноч, як хвоі прастылыя выюць

І злятае шэрань з бяроз,

Дзік разрыў бурты бульбяныя

І ў курдобу пусціў мароз...

Чалавечыя гучныя крокі

І сабачы бязгучны крок

Аддаляліся ноччу глыбокай

Ад агнёў на сутычку і кроў.

Проста з чыстага неба памалу

Церушыўся на вёску снег,

А ля весніц Зоська стаяла

І чамусьці кпіла з мяне:

«Бач ты, вецер у портках свішча...

А сабака... Такога ж нідзе...

Сышчык! Сам сабе хлеба ішча!

Падапры яго, бо ўпадзе...»

Я змаўчаў... Нашто мне такая?..

Ўся як месяц у зімнім гаю,

Як ільдзістага хлеба акраец,

Што памёрлым у пекле даюць.

Калі мы гэты край пакінем,

Засумуе адзін толькі бор...

О зямля мая, о краіна,

О снягі ў зіхаценні зор!..

Чуйна слухай, рыжая Курта,

Пільна ў мёртвыя нетры глядзі.

Дзік, з’явіўся да снежнага бурта,

Мей адвагу адказваць, дзік.

Ён з’явіўся. Яго нарадзілі

Змрок начны і сняжынак плач.

Ён ішоў праз гурбы застылыя,

Адзінец, самотны сякач.

Узараная тушай гэтай

Баразна снегавая плыла...

Я ударыў па ім дуплетам

І падраніў, а не паклаў.

З лютай ярасцю чорнага тромба,

Што ламае дрэвы ў бары,

Ён ляцеў на мяне, як бомба,

Вывяргаючы кроў і рык.

Бомба з шэраню, бомба са шчэці,

З мяса, рыку, з болю ўканец,

Бомба з ярасці, бомба са смерці

Для кахання, для зор, для мяне...

Курта ўпялася смерці ў сцёгны,

Каб яе ад мяне адцягнуць,

Даць імгненне для стрэлу і стогну,

Даць грымотам хвіліну адну.

І дала...

Нерухомым пластам

Ён ляжаў, пачварны красун,—

Буры, шчэцісты, грузлы, ікласты,

Як апошні забіты лясун.

Бы зімовы россып каліны,

Кроў апырскала снежны разор...

О якая чужая краіна!

О снягі ў зіхаценні зор!

Для чагосьці прыйшоў, скрывавіў,

Нарадзіў барвяны туман

І зямлю ад цябе пазбавіў.

А на ёй і кахання няма.

Мы дзялілі і шчасце і гора,

І лясы і спевы травы.

Што ж цяпер ты мне, дзік, падорыш?

Мне, забітаму, ты, жывы?..

Палазы рыпелі да вёскі,

І ў кароткай птушынай журбе

Гіль абтрос алмазы з бярозкі —

Як апошні прывет — на цябе.

І ўзвалілі цябе ля парога

На вароты, нібы на шчыт,

І дымелі ў паветры ногі,

Як на скон чатыры свячы.

Шчэць смылела павольным палам,

Абсыпаўся попел сухі:

Так і нас мо ў пекле абсмаляць

За вялікія нашы грахі.

Ён ляжаў аддана і проста.

Разувалі яго талакой

З рагавых пантофлікаў

вострых,

Бы ў аршанскай краме якой.

Потым госці елі старанна.

Я ж сядзеў і не еў, як святы:

Дзік не вінен... Проста бураны...

А па бульбе мы з ім — браты,

Па самоце несамавітай,

Па трывожных думах у сне.

Я маўчаў.

Госці, п’яныя, сытыя,

Гаманілі, хвалілі мяне.

Стала ў хаце і дыму, і тлуму,

Заспявалі ўсёй грамадой,

І кудысь адляцелі думы,

Што віселі ўвесь дзень нада мной.

А ўначы, калі неба хмурнае

Ўсімі дрэвамі снег мяце,

Выйшаў я, гэтым тлумам задураны,

І ля форткі убачыў цень.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Калацілася, што бярозка,

Як кране яе снегам сівым...

«Зоська, што ты? Чаго ты, Зоська?

Я ж з табой!.. Я жывы...»


11.01.1963

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая