epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Балада пра развітанне

Над пушчаю вецер гудзе, бы ў бядзе,

І хмары імкнуцца рыссю.

— Бязлітасны, чорны вораг ідзе.

Бывай, о бывай, Марыся.

 

Тут нельга больш. У адказ на крык

Савіны рогат лунае.

І душаць мову, і рэжуць язык,

І шкаляроў разганяюць.

 

І нават апоўдні на гонях туман,

З адчаю хаця задавіся,

І сіл няма, і вояў няма,

І здрадзіла панства, Марыся.

 

— Куды ж вы ідзеце? З лязом па лязу.

Ноч. Месяц — і той змарыўся.

— Мы пойдзем у пушчу, ў густую лазу,

Ў разбойнікі пойдзем, Марыся.

 

— Якая ў вас сіла? Пад ветрам дым?

Князь першы — і той скарыўся.

— Здабудзем волю, пакажам ім

Ці косці складзем, Марыся.

 

— А што, калі ён не здыме нагі

З ніў, што зараз толькі чапае?

— Тады мы спалім свае ачагі,

Калыскі свае пашчапаем.

 

— О, муж мой мілы! Святы, залаты!

— О, бацька мой, праўдай абраны,

Куды ж мне ісці, як загінеш ты?

— У пушчу з сякераю, Яне.

 

— А што як абодва? І ўсё без змен,

Маліся ці не маліся?

— Ну што ж, браць табе тады цэп ці бязмен

І ў пушчу ісці, Марыся.

 

І месяц між хмар, як адчаю знак,

І страшнае ў свеце світанне.

Крывавы ўсход.

І канчаецца так

Балада пра развітанне.




Беларуская Палічка: http://knihi.com