epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Балада пра сыноў Пітакоса

Арфей сканаў на змярканні,

Аддаўшы песні марам,

А ліру яго лесбіяне

Ўзялі і паклалі ў храм.

У капішчы Пасейдона

Між сонцам і золатам хваль

Паснулі навек між калонамі,

Знямелыя, шчасце і жаль.

Нямыя струны не зналі,

Што іхняй журбы сляза

Тыграў калісь прымушала

Ногі ў песні лізаць.

Што ў свет падземны, агідны

Песню прынёс Арфей

І вытаргнуў душы з Аіда,

Слёзы — з Плутонавых вей.

Што Цэрбер з трыма галавамі

Выраніў шэсць слязін,

Цэрбер, няўмольны, як камень,

Цэрбер, лютасці сын...

Сцякалі па струнах росы —

Слёзы душ, багоў і людзей...

І сын жраца Пітакоса

Прагна на ліру глядзеў.

Бо возьмеш яе — і ад бога

Сам станеш прарок і бог,

І тыгры абліжуць ногі,

І схіліцца свет да ног.

Нібы перад ангельскім клірам,

Галовы схіляць звяры...

І ўкраў ён з капішча ліру,

І ў лес уцёк на зары.

Нацяўшы срэбныя струны,

Лаўры паклаўшы ля ног,

Пачаў ён плесці карункі

Эпіліяў, од і эклог.

Пачуўшы Арфея ліру,

Прагнучы дзіўнай ігры,

З Атыкі, Спарты, Эпіра

На Лесбас плылі звяры.

Ліліся, схіліўшы галовы

І пашчы схаваўшы ў траве,—

Трагічна зламіўшы бровы,

Граў для іх чалавек.

Ў экстазе хмельным, прарочым

Вяшчаў ён волю багоў,

Спяваў, закаціўшы вочы,

І тыгры... з’елі яго.

. . . . . . . . . . . . . . . .

Павольна мяняюцца людзі:

Бывае і сёння, што зноў

Сыны Пітакоса судзяць

Арфея слаўных сыноў.

І вы меркавалі, напэўна,

Што крыкам аглушыце свет,

Што вас пакахаюць царэўны

За ваш казліны фальцэт,

Што досыць адняць у нас пер’і,

Каб ахнуў захоплена час,

Што досыць купіць паперу

Таго ж гатунку, што ў нас.

Купляйце... Хопіць чырвонцаў...

Не хопіць — абчысціце храм...

А дзе ж вы купіце сонца,

Што ўсё-ткі належыць нам?

А хто вам падорыць, цвярозым,

Лобныя мукі начэй,

А дзе вы купіце слёзы

З Цэрберавых вачэй?

Прыйдуць адплатаіі за ўцехі,

За ваш нікчэмны спакой

Звяры забыцця і смеху,

Звяры пагарды людской.

Нашчадкі Арфея, досыць!

Не вам ісці на крадзёж.

Не трэба жрацам зайздросціць.

Вам дрэнна будзе — і ўсё ж

За грозную літасць лёсу,

За змей, што нас абплялі,

За шчасце не быць Пітакосам —

Цалуйце ногі зямлі.




Беларуская Палічка: http://knihi.com