Уладзімір Караткевіч

Беларуская Песьня

Дзе мой край? Там, дзе вечную песьню пяе Белавежа,

Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,

Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы

І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.

 

Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,

Дзе Сафія плыве над Дзьвіною, нібы карабель...

Там, дзе сэрца маё зь першым крокам, як молат, заб'ецца,

Калі б нават сьляпым і глухім я прыйшоў да цябе.

 

Што сьляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,

Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў,

Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,

І бары-акіяны, і неба - разьлівы ільноў.

 

Дзе мой край?

Там, дзе людзі ніколі ня будуць рабамі,

Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,

Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,

А мужчыны, як скалы, - ударыш, і зломіцца меч.

 

Дзе мой край?

Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,

Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,

А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,

Як жніўё з павуціньнем і добрае сонца ўгары.

 

Там зьвіняць неўміручыя песьні на поўныя грудзі,

Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.

Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,

Калі сонца зь зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.

 

Ты - наш край.

Ты - чырвоная груша над дзедаўскім домам,

Лістападаўскіх зьнічак густых фасфарычная раць,

Ты - наш сьцяг, што нікому, нікому на сьвеце, нікому

Не дамо абсьмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць.

 

Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі

І апошняй ральлёй, на якую ўпадзём у журбе.

Мы клянёмся табе, што ніколі,

Ніколі,

Ніколі,

Так,

Ніколі ня кінем,

Ня кінем,

Ня кінем цябе.



Падрыхтавана: Ксеня-Адэліна

Беларуская Палічка: http://knihi.com