epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Белавежскі алень

Ул. і 3. Калеснікам

 

За спакоем тваім сонца майскае радасна сочыць,

Над табою ў блакіце бязмежных лясоў палавень...

Дык чаму ж у тузе твае мудрыя сумныя вочы,

Белавежскі алень?

І адказваюць вочы, рахманыя, поўныя жалю:

— Як схаваць мне тугу, і пакорлівасць лёсу, і жах,

Калі тысячы год маіх продкаў падступна хапалі,

Калі сто пакаленняў канчалі жыццё на зубах?

Я ляжу ля кармушкі. Лагодны і радасны ранак

Сотні сонечных зайчыкаў сыпануў мне на бок.

Але сню я бязлітасны пошчак крывавых маланак

І — ў зеніце прыпынены — мой апошні скачок.

І ў вачах маіх, чорных персідскіх,

тужліва-бяздонных,

Ёсць вышэйшая мудрасць пяшчотных і ўпартых

істот,

Бо на гэтай няладнай зямлі мы ратуем ад вечнага

скону

І ўратуем наш добры, трывалы і моцны народ.

Ён ідзе да мяне і да друга, як сцішаны вецер,

Галаву падстаўляе, спадзяецца, што сэрца кране:

«Вы мяне не зачэпіце? Вы мяне зберажэце?

Пашкадуйце мяне!

Калі ласка...

Пашкадуйце мяне...»


09.05.1963

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая