epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Быў. Ёсць. Буду..."

Быў. Ёсць. Буду.

Таму, што заўжды, як пракляты,

Жыву бяздоннай трывогай,

Таму, што сэрца маё распята

За ўсе мільярды двухногіх.

 

За ўсіх, хто ўздымае цяжкія разоры,

Хто ў гарачым пекле металу,

За ўсіх, хто змагаецца з небам і морам,

За жывых і за тых, што сканалі.

 

За ўсіх, хто крывёю піша

Ў нязгодзе

З рабства подлай дарогай,

Хто за Край Свой Родны, за ўсе Народы

Паўстане нават на Бога.

 

За ўсіх, хто курчыцца ў полымі вёсак,

Хто ратуе краіну ад краху,

За ўсіх, хто бясстрашна глядзіць у нябёсы

З барыкады,

З пушчы

І з плахі.

 

Хто са смерцю гаворыць з вока на вока,

З яе усмешкаю ветлай,

І ўсё ж узводзіць — нясцерпна далёкі —

Храм наш агульны і светлы.

 

А калі ён горда заззяе ў зеніце —

Непарушны — ўзнясецца ў неба,

Вы з распятага сэрца кроплю вазьміце.

Апошнюю.

Болей не трэба.

 

І няхай яна збоку, недзе на ганку,

Дагарае й дзяцей не страшыць

На граніце любові,

На граніце світанку,

На граніце велічы вашай.


09.12.1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].-Мн.: Маст. літ., 1987.-431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан