epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Бывай!

Хтось бязвіннай крывёю заліў зару

І стагі заінелыя лоз.

Мой цягнік пакідае цябе, Беларусь,—

Твой сівер і твой мароз.

 

Я шчаслівы, што знікну з гэтых палёў,

З гэтых пушчаў і берагоў.

Хай яны дранцвеюць, закутыя ў лёд,

Калі так ужо любяць яго.

 

О, даволі! Намерзся! Пусці з сябе

У мора добрае, ў іншы край...

Я ні ў чым, ні ў чым не віню цябе.

Калі можаш — даруй і бывай.

 

Сакавік — 4 ліпеня 1967 г. Мінск


04.07.1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан