epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Чашы слёз

Божа, мы гінем, галодныя, збітыя,

Гінем, як быдла, без слова, без мар.

Жыта чырвонае, чорнае жыта

Коле нам вочы і лезе у твар.

Ў небе ўздымаюцца скірдаў горы,

Пот залівае нам вочы і лоб,

Сілы няма, каб звязаць наша гора

Так, як звязалі мы тысячны сноп.

Рыга барона ў пашчу пустую

Цягне бясконца снапоў іржу.

Божа, дашлі нам цемру начную,

Божа, дашлі нам хоць кроплю дажджу.

О сонейка, зайдзі,

Спякоту адгані,

Не выпрастаць рукі,

Не разагнуць спіны.

Прамені паляць нас

І поле, бы ў агні.

Жні, жні, жні,

Да самай смерці жні.

Піць! Хоць глыточак! Смагаю скутыя,

Мы засыхаем, як семя ў зямлі.

Мала ім нашай бязмернай пакуты,—

Студні ў нас яны аднялі,

З нашых каменняў, на гора наша,

Каб над вадою асвер не крычаў,

Высеклі нам каменныя чашы:

— Піце адсюль. Не марнуйце час.

Гразь каля чашы заўжды адбівае

Нашых каленяў і рук сляды.

Людзі ваду да сябе ўздымаюць,

Быдла — схіляецца да вады.

З твараў пакутных, змарнелых, як цені.

Тыдзень за тыднем, за годам год,

Поўнячы з коптурам чашы каменныя,

Падаюць слёзы і падае пот.

Глытаючы слязу,

Ідзём, бы ў страшным сне.

Нас цівуна бізун

Ляскае па спіне.

Праменні паляць нас

І поле, бы ў агні.

Жні, жні, жні,

Да самай смерці жні.

У неба ўзвядзём мы гнеўныя вочы,

Страціўшы веру ў ласку нябёс,

Цёмнаю ноччу, зарнічнаю ноччу

Косы наточым аб чашы слёз.

Вострыя, хай яны лепей удараць

Сотнямі джал на нашу бяду...

Можа, равучыя замкаў пажары

Лепей, чым слёзы, да бога ідуць.

Каб аджыла наша ніва святая,

Каб у каменныя чашы слёз

Бралася толькі вада дажджавая,

Падалі толькі лісткі з бяроз.


11.12.1960

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая