epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Цяга

Вясенні вечар на узлессі сінім.

Бярэзнічак. Іржавы мох балота.

За дальнімі халоднымі лясамі

Ірдзее сонным сонцам небакрай.

Зноў лужыны зацягвае лядок:

Зіма саслаблая шалёна хоча

Яшчэ хоць ноч падыхаць і пажыць.

Пад ботамі намокнуўшая глеба

Цалуе палка стомленыя ногі,

Бы кажа: «Любы, любы мой, каханы,

Не ўцякай. Пабудзь са мною трошкі».

Я не пайду. Са мною патранташ

І стрэльба на плячы. А ў сэрцы прага,

Што прашчура майго вяла калісьці

З сякераю на маманта.

Вядома,

Даўно заціхлі мамантавы крокі,

Што выгіналі пад сабою глебу...

Але у гэты час інстынкт крывавы

Зноў абуджаецца ў душы маёй,

І мне здаецца: вось пачую крокі,

Вось з-за бяроз на рыжую паляну

Праціснецца тупая галава,

І выйдзе ён, магутны, дзікі, рыжы,

Бы злеплены з балотных гэтых купін.

Як леташняя жоўклая трава,

Звісае поўсць. І я, ад захаплення

Не памятаючы сваіх пячор,

І вогнішча, і цяжкіх сківіц любай,—

Насустрач кінуся з вясёлым крыкам

І ў хобат кіну тручаную дзіду.

О, дзе ты, цяжкі мамантавы бег

Па сініх-сініх месячных раўнінах,

Дзе вогнішча ў закураных пячорах,

Малюнкі охрай на скляпеннях чорных

І дзіда у асілкавых руках?!

Мая здабыча — кулічок іржавы

З пярсцёнкам залатым каля вачэй

І з доўгай дзюбай, а сабой — з кулак.

Ляцець далёка, ледзь вяслуюць крыллі,

Ён бачыць лес, начны перапачынак,

І з радасці не можа утрымаць

Свой крык: «Цыр-цыр! Хор-хор!» Вядома, подласць

Страляць па слонках, стомленых вясной,

Але ж інстынкт і прага, прага, прага.

Вось ён ляціць на жоўтым фоне неба,

І рукі цвёрда стрэльбу узнімаюць,

І вока пільнае шукае мушку...

Стрэл, як пярун!..

Вальдшнэп шугае ўгору...

Ён проста падымаецца над лесам...

Прамазаў я. І радасна чамусьці,

І горка мне. Ляці сабе далей,

Мая крылатая, святая радасць,

Жыві і хоркай, і выводзь дзяцей,

І можа, я яшчэ цябе сустрэну

І будзе двойчы радасць у мяне.

Я, можа, мазануў зусім наўмысна,

(А мо брашу, няўмельства прыкрываю,—

Не ведаю.) Але нашто ён мне,

Вось гэты мой бізон, мядзведзь і мамант

З бяссільным і падвернутым крылом.

Люблю жыццё, і гэты лес вясенні,

І коцікі пушыстыя вярбы,

І «хорр» вальдшнэпа. О, дваякасць сэрца:

І прага ўбіць, і прага даць жыццё!

Не, я не прашчур. Можа, ў тыя дні

Я бараніў бы мамантаў ад згубы,

Хай на зямлі былі б яны і зараз

І скублі «сіні сон», нібы каровы,

На любых, весніх, залатых лугах.

Ляці ж далей, мая святая радасць,

Будзі лясы няўмелым, сціплым рыпам.

Не ўсім дамо ў жыцці спяваць прыгожа,

А славяць ўсё жыццё!

Сляпое сонца

Скацілася за пушчу. Цішыня,

І першы-першы шум жывога лесу

Азваўся мне. Даўно-даўно на небе

Ірдзее стужка жоўтая зары,

І толькі на найбольшай верхавіне

Яшчэ ляжыць яе адбітак жоўты,

На дзвюх сароках, што балбочуць жвава

Пра тое, што мядзведзя не баяцца,

Наверсе седзячы.

Зноў шум жывы

Азваўся ў лесе. Цёмны змрок і вільгаць,

І цьмяна свеціцца вада балотцаў.

І цішыня. І ў сэрцы песня шчасця

Зліваецца з пяшчотным і любоўным

Сінічым галаском непадалёку:

«Цы-віць, цы-віць...»


1954-1958?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан