epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Чорная балада Гаркушы

Распускалася сонца — ружовы цвет,

Зіхацелі лугі пад ім.

Як павіны хвост, разгортваўся свет

Пад уражаным зрокам людскім.

Наплывалі чароды ліловых хмар,

Залатыя злівы лілі,

І вясёлкі сямікаляровы пажар

Піў ваду з ізумруднай зямлі.

Серабрысты, густы вадзяны пасеў

Шумеў па цяжкіх садах,

Быў зялёны па-рознаму мох на страсе

І бляшаны замкавы дах.

І сівела, звінела ад кропель рака...

І ў гарачым святле плылі

Сінія песенькі жаўрука

Над карычневай песняй раллі.

Чырванеў, бялеў і ліўся кірмаш,

Цвіў і пахнуў, як бэз і язмін.

Сапяжанак сангіна, цыганак гуаш

І ракаў нясцерпны кармін.

Цьмянай меддзю дыхалі ў дзежках ліны,

І гарэлі ў руках людскіх

Паліваныя, як аліўкі, збаны

З палкім сонцам, што білася ў іх.

Над кадоўбцамі з сонечным мёдам дрыжаў

Ап’янелы пярэсты чмель,

Андаракаў хванды былі, як жар,

Як валошкі, як сонца, як хмель...

Вуснаў каханых вішнёвы агонь,

Белы хмель у тоўстай касе...

Шлях дамоў... Далёкі аранжавы звон...

Маладзік, што драбіцца ў расе...

Адышло ты, каханне, ў сівыя палі,

Прывід шчасця зіхоткага знік,

І пагаснулі, выцвілі фарбы зямлі,

Як стары сялянскі ручнік.

Бледны голад устаў і крыўда ўзрасла

Разлівам крывавых крушын.

Дзе вы, цёмныя кучары вішань сяла,

Дзе ты, сонца маёй душы?!

Свечкі воск. Агеньчык над ім, як лязо.

Жоўты воск каханай рукі.

Дымна-шызыя, плыткія рызы ксяндзоў,

Малінавыя бадзякі.

«На каго ж ты?!.» Марозна-зялёны палын,

Горкі верас ліловых палян.

Мірыяды помстаў. Нястрымная плынь.

Барвяны гнеўны вулкан.

Быццам белая лава, што з Этны цячэ,

Бруіла лава палкоў,

І ўцякала цемра ад сініх мячэй,

Ад блакітнага грому падкоў.

Потым барву зарніц глытала імгла,

І пад покрывам буры сухой

Беларусь, як макава поле, цвіла.

Кожны мак — пажар пад страхой...

Сіні спеў жаўрука... Аранжавы звон...

Мёд... Валошкі... Зіхоткі шлях...

Андаракаў хванды... Вясёлак агонь...

Сонца б’ецца ў зялёных збанах...

Згасае, згасае вясёлкавы плёс.

Памяць! Памяць! Малю! Малю!!!

Аднаві мне фарбы палёў і нябёс,

Аднаві мне маю зямлю.

Ад мяжы, над якой месяц дрыжыць,

Да мяжы ў заходняй крыві,

Ад сіняй мяжы да барвянай мяжы

Аднаві мой край! Аднаві!!!

Як махровая сажа ў хаце курной,

Чарнела навокал імгла.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Чалавек у цэлі сядзеў пад зямлёй,

Трэці год у цэлі сядзеў пад зямлёй,

Пажыццёва ў цэлі сядзеў пад зямлёй...

Пажыццёва.

Без іскры святла.




Беларуская Палічка: http://knihi.com